157670.fb2
Але яго мукі на гэтым не скончыліся. У нейкі момант нос раптам узвіўся ўгару — узняў смельчака высока над палянаю. Потым ён кінуў няшчаснага на зямлю і зноў узняў. Скарлоцы шалёна дрыгаў нагамі, хрыпеў, але нічога не дапамагала яму. Нечакана яго пацягнула да возера. У адным месцы ён зачапіўся за голле і парваў камізэльку, ды ў рэшце рэшт апынуўся над вадою. Вось тут сіла чарадзейства і паказала сябе. Відаць, вырашыла адплаціць Скарлоцы за ўсе яго грахі: яна то апускала яго ў ваду, то ўзнімала, звар'яцелага ад страху, як вялізную страказу, угару. Здалёк было чутно, як ён хрыпата кашляў і клікаў на дапамогу.
Нарэшце шар зачапіўся за галіну аднаго з прыбярэжных паркавых дрэў і марудна здзьмуўся. Смяльчак так і застаўся вісець на галіне, перагнуўшыся, бы гэта быў не чалавек, а доўгі рыцарскі плашч. Ён маўчаў. Вада сцякала з яго ручаём. Шадурскі і Бока з усіх ног кінуліся да яго.
Тут жа паклікалі лёкаяў. Адзін з іх прынёс драбіны. Неўзабаве нашчадка цудоўнай Італіі спусцілі на зямлю. Яго нос паспеў зрабіцца гэткім жа, як і раней. Затое шчокі былі падрапаныя, а камізэлька парвалася так, што ўжо наўрад была на што-небудзь годная. Цэлы ды некрануты застаўся адзін ягоны капялюш.
— А хай яна згарыць, гэтая ваша яблыня! — з цяжкасцю трымаючыся на нагах, сярдзіта сказаў Скарлоцы Шадурскаму. Ён быў падобны на няшчаснага Дон Кіхота пасля сутычкі з ветракамі.— Жарты жартамі, але ж калі так, то трэба хоць папярэджваць, што гэтыя жарты небяспечныя для жыцця!
— Як магу прабачаюся, пан Скарлоцы! Тысячу разоў перапрашаю! — таптаўся вакол госця гаспадар маёнтка. — Хто ж думаў пра такое! — Ён дапамог вусачу ўсесціся пад дрэвам. — Вынікі чарадзейства непрадказальныя. Я ж казаў. Гэта можа быць звычайнае свавольства…
— Няўжо ж! — прабурчаў Скарлоцы.
— Ці як у вашым выпадку… Гэткае здарэнне вельмі рэдкае. Паверце! Боскія сілы за нешта крыўдуюць на вас.
— На мяне? — Скарлоцы пільна зірнуў на Шадурскага. — За што?
Гаспадар яблыні паціснуў плячыма.
— О, святая Марыя, — перахрысціўся італьянчык, — няўжо я так саграшыў перад табою і тваім сынам? За што ты гэтак караеш мяне? За што? — І ён зноў зморшчыўся ад болю.
— Усё мінулася, пан Скарлоцы, усё прайшло, — заспакойваў, пагладжваючы італьянчыка па мокрай камізэльцы, Шадурскі,— дзякуйце Богу, што ўсё скончылася гэтак хутка…
— Дзе пан Сліва? — запытаўся Скарлоцы. Шадурскі хацеў адказаць. Але таўсмач сам нагадаў пра сябе.
— Я тут, — пачуўся яго тэнар.
Сябры азірнуліся. Сліва цяжкаю ступою кіраваўся да іх. Лёкаі кінуліся яму на дапамогу.
— Я з такім задавальненнем з'еў ваш яблык, пан Шадурскі,— раптам прызнаўся таўсмач, — што пакаштаваў бы і яшчэ адзін. Не пярэчыце?
Напружанасць, выкліканая нядаўнімі падзеямі, мінулася, сябры — апрача, вядома ж, угневанага Скарлоцы — гучна зарагаталі. Тым часам Сліва працягваў:
— Ці не маглі б вы, пан Шадурскі, ахвяраваць мне хоць колькі вашых яблыкаў? Я пачаставаў бы імі сваіх шаноўных суседзяў…
— Ды хоць поўны воз! — адказаў яму гаспадар Асвеі. У нашага героя ад смеху каціліся слёзы.
— Вось так, пан Вальдэмар, — звярнуўся да яго таўсмач. — Мусіць, у вас у Берберыі не здараецца нічога падобнага.
Бока пагадзіўся з ім.
— Сапраўды, — адказаў ён, — у нас усё на шмат прасцей.
— А што вы скажаце пра маю дачку?! Ну як яна?! Ах свавольніца, ах дурасліўка! — не мог суцішыцца, ляпаў сябе па калене Шадурскі.— Вось яна — уся яе сутнасць. Як ёсць!
Скарлоцы змрочна пазіраў на вясёлую кампанію. У тым, што здарылася, ён не бачыў нічога смешнага. Панурыўшыся, ён ківаў галавою і гундосіў:
— Тое, што адбылося, панове, падобнае на прывідны сон. Напачатку мяне ўзняло — як на шыбеніцу інквізіцыі.
Потым кінула. А калі я апынуўся ў вадзе і зусім быў паверыў, што ўтапіўся, мяне раптам, як неразумнага галаўня, выкінула на паветра… Якая ганьба! Не-е, панове, цяпер я за вярсту абыду вашую яблыню!..
На возеры дзьмуў моцны вецер. Доўгая лодка з высокім белым ветразем бясшумна кіравала ўздоўж берага. Адзін лёкай стаяў каля мачты, другі — каля стырна. А на карме, трымаючыся за драўляныя парэнчы, тоўпіліся знаёмыя нам сябры. Адважыўшыся на гэтую прагулянку, кожны з іх зведаў адрозныя пачуцці. Панна Яніна была задаволена, — яе твар ажно ззяў ад радасці. Ціхамірнасць ды супакаенне можна было прачытаць і на твары ў яе бацькі. А твары гасцей, у тым ліку і нашага героя, былі як бы разгубленыя. Здавалася, што гэтыя людзі згадзіліся на прагулку па возеры адно з павагі да гаспадароў. І ўсё ж, іх не маглі не п'яніць свежы вецер і халодныя пырскі, якія выляталі з-пад носа лодкі. Нарэшце, яны таксама не маглі не зведаць на гэтым імклівым карабліку, што нёсся па хвалях, пачуцця палёту…
Першыя хвіліны падарожжа ўсе, у тым ліку і двое лёкаяў, маўчалі,— кожны прызвычайваўся да новых пачуццяў. Але неўзабаве напружанасць мінулася. Першая загаварыла панна. Яна сказала:
— Святая Марыя! Які сягоння вецер!.. — У яе голасе чулася захапленне.
Калі адплылі далекавата ад берага, месца каля стырна заняў Шадурскі. З гэтае хвіліны лодка перастала плысці плаўна. Мабыць, яе гаспадару падабалася казытаць сабе нервы. Пачаліся рэзкія тармажэнні, стромыя нахілы; некалькі разоў хвалі з ног да галавы залівалі ўсіх, хто стаяў на палубе. Панна Яніна агучвала гэтыя дурыкі вясёлым піскам.
— Ахвотна веру, што вы нядрэнны марак, — нарэшце не вытрымаў — заўважыў Шадурскаму Сліва, калі ў чарговы раз усіх абліў шквал пырскаў.— А ці нельга кіраваць вашаю лодкаю больш плаўна?
— На возеры нямала плыткіх мясцін, — азваўся гаспадар лодкі.— Я абмінаю іх. Інакш мы запынімся дзе-небудзь на сярэдзіне.
Гэтае тлумачэнне не задаволіла даверлівага таўсмача. Яго вочы расшырыліся, а твар спалатнеў. Ён хацеў нешта сказаць, але яго апярэдзіў Скарлоцы.
— Мель — гэта не страшна, — кінуў ён. — Але калі вы будзеце так кіраваць, то мы перавернемся!
За бацьку заступілася панна Яніна.
— Не разумею, — сказала яна, — перад прагулкаю ўсе былі аднадушныя. Цяпер жа, калі аддаліліся ад берага, пачалі бубніць. Вышэй насы, панове! Калі вы будзеце казаць адно пра тое, што можа здарыцца, то яно абавязкова здарыцца. Не наклічце бяды!.. Дарэчы, тата забыўся вас папярэдзіць: у нашай лодкі кароткі кіль. Таму стойце кожны на сваім месцы, не хадзіце па палубе.
Гэтыя словы суправаджала працяглае маўчанне. Як па камандзе, Сліва, Скарлоцы і наш студэнт павярнуліся да берага. Адлегласць да яго ўжо не радавала. Першы парушыў маўчанне таўсмач.
— Сказаўшы пра кароткі кіль, вы мелі на ўвазе, што можна перакуліцца? — прадэманстраваў ён свае веды ў майстэрстве мараплавання.
— Не, я мела на ўвазе магчымасць усім нам пакупацца, — бесклапотна аджартавалася панна. І тут жа захоплена дадала: — Уявіце сабе: мы топімся — а нас выратоўваюць!
Шадурскі ацаніў гэтыя словы саркастычным смехам.
— Я столькі марыла, каб мяне хто-небудзь выратаваў,— прызналася панна і ўздыхнула.
Сліва мацней ухапіўся за парэнчы. Саслабелым голасам ён запытаўся ў панны:
— Чаму ж вы адразу не папярэдзілі?.. Я ж не ўмею плаваць…
— Не бойцеся, пан Сліва! — усклікнула маленькая панна. — Мы дадзім вам выратавальны круг!
Аднак шчырасць, з якой гэта прамаўлялася, не дадала таўсмачу смеласці.
— Я намачу адзенне, — працягваў ён канькаць. — Я ўжо намачыў свой капшук.
Але не толькі яму пачынала не падабацца гэтая прагулянка. Да енку далучыўся Скарлоцы.
— Пра тое, што ў вашай лодкі кароткі кіль, — рэзка, як пракурор на судзе, кінуў ён, — трэба было папярэдзіць на беразе!
— За апошнія некалькі гадоў возера значна абмялела, — растлумачыў Шадурскі.— У рэшце рэшт я вымушаны быў загадаць, каб кіль падрэзалі.
— Для таго, каб прагулкі лягчэй было перанесці на дно, — змрочна пажартаваў даўганогі.