157670.fb2
ўбок.
Панна зірнула на хлопца. Ёй захацелася даведацца: а ці не баіцца пан Вальдэмар ветру і вады?.. Знешне ён быў спакойны. Яго перапаўняў не гэтулькі страх, як злосць. Замест таго каб пазавіхацца ды выбрацца адсюль, ён апынуўся ці не на сярэдзіне Асвейскага возера. Наш герой з горыччу ўсведамляў, што цяпер няхутка здзейсніць свой, што стала ўжо для яго запаветнаю мараю, замысел… Панна Яніна ацаніла яго задумнасць як смеласць і міжволі прытулілася да яго.
Але гэта было неасцярожна з яе боку. Заўважыўшы яе пяшчоту да госця, Скарлоцы адразу ж забыўся пра сапраўдныя прычыны сваёй незадаволенасці. Кроў прыліла да яго галавы. Зноў яму падалося, што прычынаю яго няшчасця з'яўляецца берберыец. Ён нават заскрыгатаў зубамі ад злосці.
Перасцерагаючыся, Бока ветліва вызваліўся з абдымкаў панны і адступіўся на крок, — ён не хацеў паўтарэння сцэны, якая здарылася сёння па дарозе ў Сар'інскі лес. Але тут у падзеі ўварвалася стыхія. Моцны парыў ветру нахіліў лодку — якраз у. той бок, куды ступіў хлопец. Усе, як па камандзе, пападалі на палубу і скаціліся на адзін бок. Утрымаўся адзін Шадурскі,— здавалася, ён адно для гэтага і выкарыстоўваў стырно.
— Вас жа прасілі, панове! — раўнуў ён тонам сапраўднага марскога льва. — Стойце кожны на сваіх месцах і не хадзіце па палубе! Лодка няўстойлівая!
Госці падняліся, паслухмяна пасталі на свае месцы. Аднак новы нахіл зноў пакаціў іх на палубу.
— Лёгка сказаць — «стойце»! — агрызнуўся Скарлоцы. — Палуба не стаіць пад нагамі!..
Ён хацеў нешта дадаць. Але тут у борт ударыла вялікая хваля, абліўшы ўсіх буйнымі халоднымі пырскамі. Лодку развярнула і моцна нахіліла. Здавалася, яшчэ крыху — і ветразі палягуць на ваду. Але адзін з лёкаяў, кінуўшыся да стырна, паспеў выправіць становішча…
І пакарочаны кіль, і задужа высокая мачта напраўду рабілі лодку вельмі няўстойліваю. Да таго ж у гэты дзень вецер рэзка мяняў напрамак. Трэба быць майстрам, каб у такое надвор'е ўмела кіраваць лодкаю. Шадурскі, мяркуючы па ўсім, быў не з такіх. Лёкаям даводзілася раз-пораз «чараваць» над ветразем. Часам гэтых людзей качала па палубе, як пустыя скрынкі; пан Сліва паспеў згубіць свой парык. Ды гаспадара лодкі не кранала ўсё гэта, наадварот, штораз, калі пасажыры ўзнімалі галас, ён адно моцна рагатаў. І тады здавалася, што суднам кіруе сам дэман…
— Тата! — нарэшце, пасля чарговага падзення, не стрывала, крыкнула панна. — Не забаўляйся! Бо будзе, як мінулы раз!
Гэты намёк на мінулы раз прымусіў усіх прыціхнуць.
— Але ты павінна прызнацца, — адазваўся Шадурскі,— што тым разам было весела.
Пры слове «весела» Сліва здрыгануўся. Ён баязліва папрасіў:
— Можа, вы высадзіце мяне. Сённяшні дзень быў задужа стомны. — І тут жа дадаў: — Нават на моры я не адчуваў такой гайданкі.
Няшчасны, ён ажно спалатнеў. Яго круглыя вочкі пазіралі, не міргаючы, у бок запаветнага берага. Відаць, апынуцца на сушы ў гэтую хвіліну было для яго адзінаю марай.
Шадурскі аніяк не адрэагаваў на яго просьбу. З філасофскім спакоем ён працягваў пра сваё:
— Заўважу, панове, нішто гэтак не ачышчае душу, як прагулянкі пад ветразем.
— Вы хацелі сказаць — «вантробы», — паправіў яго Сліва і перагнуўся за парэнчы.
Шадурскі ў адказ адно зарагатаў.
— Не, сапраўды, вы маглі б крыху сцішыць хуткасць лодкі,— падтрымаў таўсмача Скарлоцы. — Зрэшты, сярод нас панна…
Гэтае лжэджэнтльменства ўгневала панну Яніну.
— Вы гляньце, які клопат! — усклікнула яна. — Яшчэ невядома, хто каго будзе ратаваць, калі мы перакулімся!
— Перакулімся?.. — азваўся таўсмач.
Маленькая панна зноў прытулілася да хлопца, прашаптала яму на вуха:
— Спадзяюся, вы не дасце мне ўтапіцца, пан Вальдэмар?
Боку тым часам нядобрылася. І, відаць, таму ў ім выспявала незадаволенасць. «Ну й жыццё! — ацаніў ён сам для сябе паводзіны панства. — Толькі й клопату, як пазабаўляцца! Віно, паляванне, гэтае дзікунскае плаванне… Няўжо не надакучае?!»
— Пацалуйце мяне, — перапыніў ягоныя думкі ціхі голас панны. Мабыць, свежы вецер, халодныя пырскі і гайданка дарэшты закружылі ёй галаву. — Калі вы сапраўдны рыцар… — выкарыстоўваючы свой стары козыр, пачала яна.
Але Бока не даў ёй скончыць. Усміхнуўшыся, ён нечакана чмокнуў яе ў вусны. У яго становішчы нічога не заставалася, як толькі падпарадкавацца.
І, вядома ж, гэты пацалунак заўважыў Скарлоцы. Раўнівец ажно падскочыў на месцы.
— Адыдзіцеся ад яе! Я сказаў — прэч!.. — раўнуў ён, звяртаючыся да нашага героя. Пры гэтым яго вусы ледзь не зляцелі са свайго прывычнага месца. — Вы нікчэмны Дон Жуан у адзенні плебея, — працадзіў ён праз зубы, — я з вамі буду біцца!
Усмешка ўмомант зляцела з твару ў хлопца. На ўсялякі выпадак ён мацней ухапіўся за парэнчы.
Скарлоцы рашуча ступіў туды, дзе стаялі Бока і панна Яніна. І тут, не то ад таго, што зноў парушылася раўнавага, не то ад таго, што Шадурскі быў няўважлівы каля стырна, лодку моцна пахіснула. Але, магчыма, яна б не перавярнулася, калі б не зрэагаваў на гэта таўсмач, — той не ўтрымаўся і перакаціўся на той бок, дзе знаходзілася ўжо большая частка экіпажа. Шадурскі, замест таго каб зменшыць нахіл, павярнуў стырно так, што лодка лягла ветразем на бок. Усе, хто знаходзіўся на палубе, з крыкам наляцелі ў ваду.
Лёкаі похапкам сарвалі некалькі замацаваных на борце выратавальных кругоў і перадалі іх панам, што валтузіліся ў вадзе.
Апынуўшыся за бортам, Бока адразу падумаў, што гэтае здарэнне можа прынесці яму жаданае вызваленне. Выдатны плывец, ён надумаўся як хутчэй дабрацца да берага. Але ягонай задуме зноў перашкодзіла панна. Кінуўшыся да хлопца, яна абхапіла яго за шыю. Відаць, усё ж яго яна выбрала сваім выратавальнікам.
— Дапамажыце мне, пан Вальдэмар, дапамажыце! — закрычала яна.
— Вы з глузду з'ехалі! — скідваючы яе рукі з сваёй шыі, адазваўся Бока. — Вы ўтопіце і мяне, і сябе! — Ён перадаў ёй круг, што плаваў побач, сказаў: — Трымайцеся.
— Не трэба, — адказала панна і ўзлавана адкінула круг як мага далей. — Мяне выратуеце вы! Вы! Калі вы не зробіце гэтага, то я ўтаплюся ва ўсіх на вачах!
Бока хацеў быў угаворваць яе, — ён заўважыў, што панна выдатна плавае і дапамога ёй не патрэбна, — але яму не далі. Ён убачыў, што да яго, на ўсю моц працуючы рукамі, плыве Скарлоцы. Раўніўцаў пагляд не абяцаў нічога добрага. Доўга маракаваць нашаму герою не было калі. Як толькі італьянец наблізіўся, Бока штурхнуў да яго панну, а сам што ёсць сілы паплыў да берага. Некалькі хвілін ён вытрымліваў імклівы тэмп. Потым, убачыўшы, што бераг блізка, нырнуў і, расплюшчыўшы вочы, паплыў пад вадою.
Неўзабаве ён заўважыў паглыбленне, падобнае да ўваходу ў пячору. Яно вяло кудысьці ў бок палаца. Не марудзячы, Бока шмыгнуў у яго. Нейкі час ён плыў у поўнай цемрадзі, чапляючыся за выступы каменнай сцяны. Ды вось над галавою з'явіліся пробліскі святла. Хлопец пачаў усплываць.
Вынырнуўшы, Бока агледзеўся. Ён убачыў, што знаходзіцца ў палацавым склепе, якраз у той самай студні, якую сёння раніцою палічыў за басейн. Выйшаўшы з вады, хлопец адразу ж падаўся да ўваходу ў тунель.
На яго парозе ён запыніўся. Яму захацелася апошні раз аглядзець склеп. Было ціха. Толькі недзе каля акна білася ў шкло пчала. Косыя промні заходзячага сонца высвечвалі сцены і столь. Наверсе, у палацы — ні гуку, усё як вымерла. Хлопец раптам падумаў, што ён не развітаўся з гаспадарамі маёнтка і іх гасцямі. Дзіўна, але гэтая думка выклікала ў ім жаль. Усё ж ён крыху прызвычаіўся да гэтых людзей. Яму захацелася ўбачыць панну Яніну, захацелася, каб яна зноў у апошнюю хвіліну не дала яму ўцячы. Гэта было дзівацкае жаданне, — жаданне чалавека, упэўненага, што ён назаўсёды пакідае гэтую мясціну і гэтых людзей. Ён згадаў, што так і не знайшоў выпадку, каб распавесці ім пра тое, хто ён і адкуль…
За акном пачуўся шум: гэта лёкаі пабеглі да берага. Шум прымусіў Боку заспяшацца. Хлопец павярнуўся і нарэшце схаваўся ў чорнай дзіры тунеля.
Нейкі час Бока рухаўся ў поўнай цемрадзі. Ды вось наперадзе замігцела святло. Хлопец увайшоў у невялікае памяшканне. Святло прабівалася сюды праз праём адчыненых дзвярэй. Па такіх-сякіх адзнаках — цаглянай муроўцы, бетанаванай падлозе, масіўнай драўлянай лесвіцы — Бока здагадаўся, што знаходзіцца ў тым самым склепе, куды зусім нядаўна, учора ўначы, яго вадзіў глуханямы.
Ён выйшаў на вуліцу. І адразу ж быў асветлены сонечным святлом. Ён нават мусіў спыніцца і затуліць далонямі вочы. Спявалі пеўні, чулася гучнае рыканне. Хлопец здагадаўся, што настала раніца. Міжволі яму гэтаксама захацелася крычаць, вітаючы новы дзень і сваё вяртанне. Жмурачыся, ён нарэшце агледзеўся. Вялікі статак нетаропка, як святочнае шэсце, тупацеў па вясковай вуліцы. Чуліся ляскат бізуна і незразумелыя, дзікаватыя — як з даўняга лексікона — выкрыкі пастуха. Зеляніна на дрэвах іскрылася расою. Было ядрана, хоць сонца пачало ўжо прыграваць.
Бока пакіраваў да хаты, куды яшчэ ўчора ўвечары ўладкоўваўся на кватэру. Аднак, ступіўшы ўсяго некалькі крокаў, вымушаны быў зноў спыніцца: ён убачыў у нізіне, у нейкіх ста метрах ад сябе, вялізнае блакітнае возера. Яно здавалася двайніком неба. Промні, якія адбіваліся ад яго паверхні, гулялі водбліскамі на сценах вясковых хат і ствалах дрэў. «Калі і ёсць якаясьці таямніца ў гэтай вёскі — як бы казалі гэтыя водбліскі,— то шукайце яе на дне тутэйшага возера…»
Прымусіўшы сябе адарвацца ад жывога малюнка раніцы, хлопец наблізіўся да расчыненага акна. Ён прыслухаўся. У хаце, як і ўчора ўвечары, грымела радыё. Бока ўзлез на падаконнік і забраў з канапы сваю сумку.
Да адпраўлення аўтобуса было яшчэ шмат часу. Хлопец вырашыў наведаць стары парк. Трэба ж прывесці ў парадак адзенне. Але галоўным чынам яго вабіла туды цікаўнасць: хацелася ўведаць, якую гэта камедыю разыграў з ім глуханямы. Неўзабаве, мінуўшы ўсяго некалькі хат, ён апынуўся на тэрыторыі старое сядзібы.
Не, не гэтага чакаў ён. Пасярод вялікай паркавай паляны ззялі на сонцы велічныя руіны — тыя самыя, што ён бачыў учора. У гэтую раніцу малюнак, які бачыў ён перад сабою, быў асабліва журботны. Здавалася, руіны крывянілі. Такое адчуванне стваралася дзякуючы таму, што там, дзе на сценах абсыпалася тынкоўка, агалілася чырвоная цэгла. Яна была пакрыта расою. Лішкі святла і ранішняе выпарэнне захіналі рэшткі гэтай былой раскошы ў смугу. Бока застыў на месцы як зачараваны. Ён пазнаў у гэтым каменным нагрувашчанні той велічны будынак — падобны на птушку з распасцёртымі крыламі,— які ўсяго колькі гадзін таму бачыў цэлым і населеным.
Непадалёку ад руінаў паблісквала знаёмая сажалка. Хлопец пакіраваў да яе.