157670.fb2
Аднак адпачыць госцю не давялося. Праз нейкі час ён раптам адчуў, што ў зале нехта з'явіўся. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на парозе высокую, стройную і зусім не старую пані ў шырокім, з прэтэнзіяй на галантнасць, сарафане. Гэта была нянька панны Марыі — пані Кацярына. Густы румянец, пышныя, цёмныя, без адзінай сівінкі валасы, а таксама спакойны і крышачку насмешлівы пагляд нянькі выдавалі яе здароўе і ўраўнаважаны характар. У госця варухнуліся вусы. Ён вытрашчыў вочы на прыгажуню і на некаторы час як анямеў. Раптам яго шчокі ўспыхнулі і выдалі даволі сур'ёзную яго сардэчную тайну.
— Пан Варлампій! — вельмі прыязна, хоць і збянтэжана, бо перад ёй усё ж быў любімец самога князя Эрдзівіла, усклікнула пані Кацярына. — Каго я бачу? Я нават была ўпэўнена, што вы забыліся пра наш дом!
Пан Чаляднік падняўся, па-маладзецку выгнуў прыгожыя грудзі, выдыхнуў:
— Ніколі!
Тым часам пані Кацярына наблізілася да яго. Нейкі час яны пільна глядзелі адзін на аднаго. Нарэшце пані Кацярына ўсміхнулася. Выраз твару госця, аднак, не змяніўся, ён, як і раней, быў сур'ёзны і засяроджаны, як салдат перад генералам. І толькі вусы злёгку варушыліся, выдаючы хваляванне гаспадара.
— Хутчэй імя сваё забудзеш, чым ваш дом, — лісліва адказаў госць. — Тут жыве такая птушачка! — Пан Чаляднік схіліўся і пацалаваў няньчыну руку, потым дадаў: — Прымай госця, пані Кацярына. Прыехаў забраць панначку. Да самай раніцы ўвесь у тваёй уладзе… — І ён тут жа расшаркаўся.
Нянька засмяялася. Пацалунак і прыязны тон госця адразу ж узбадзёрылі яе.
— Такі ж, як і раней, — упэўнена сказала яна.
— Ды дзе там, — адмахнуўся госць. І тут жа дадаў: — А вось над табой, матухна, час не падуладны. Ружа набралася моцы, расквітнела.
— Памыляецеся, — адказала нянька. — Ружа адцвітае. — Твар яе раптам зрабіўся строгім. Ноткі ўпартасці і цвёрдасці загучалі ў яе голасе: — Усё, чым можна было ганарыцца, неяк зблякла. Засталася, мабыць, толькі памяць аб шчаслівых дзяньках.
— Ужо нямала, — жадаючы падбадзёрыць суразмоўніцу, адказаў госць. — Відаць, былі яны ў цябе, шчаслівыя дзянькі.
— Былі,— шчыра прызналася нянька і засаромелася зноў. Гэта яе збянтэжанасць, якая выяўлялася ў тым, што яна часам апускала або адводзіла вочы ўбок і адначасова чырванела, вельмі пасавала ёй. — Не так ужо і шмат, але былі. І вы ведаеце, каму я павінна быць удзячна за гэта…
Рукі пана Чалядніка былі такімі ж смелымі, як і яго позірк і думкі. Не паспела пані Кацярына ўздыхнуць, як умомант апынулася ў моцных абдымках госця. Намагаючыся пацалаваць яе, той дакрануўся губамі да яе вуснаў. Але пані, адкінуўшы галаву, не паддалася.
— Не, не, — ціха, але рашуча адказала яна. — Адпусціце.
Пан Чаляднік паслухмяна адпусціў. Нянька адышла на два крокі і абцягнула складкі свайго сарафана.
— Пакідаць вас нанач у нашым доме проста небяспечна, — хітравата заўважыла яна. — Усіх курэй перапалохаеце. Як быў кот, так і застаўся.
— Што рабіць, калі яшчэ не ўся дурная кроў выйшла, — самазадаволена прызнаўся госць і пераступіў з нагі на нагу, нібыта выказваючы нецярпенне.
Пані Кацярына адступіла яшчэ на некалькі крокаў, далей ад граху. Яна добра ведала пана Варлампія. Ведала яго майстэрства ўсё пераводзіць у жарт, ведала яго шчодрую пяшчоту. Яна нават баялася, што можа паддацца яму. Пан Чаляднік быў халасты. З гэтай прычыны пані Кацярына вось ужо больш дзесяці год пасля смерці свайго першага мужа не выходзіла замуж. Яна адхіляла самыя выгодныя прапановы, бо любіла пана Варлампія… Яна замілавана глядзела на госця і паўтарала:
— Усё той жа. — Ёй хацелася пакпіць з яго, так, як рабіла яна гэта яшчэ семнаццацігадовай. Ёй хацелася падакараць яго за доўгую адсутнасць, за абыякавасць да яе.
Першы княжы слуга, калі б захацеў, мог бы ўжо даўно ажаніцца з ёю. Аднак замест таго каб сказаць што-небудзь вясёлае, яна нечакана, са смуткам, заўважыла:
— Здаецца, і адлегласць невялікая, а бачымся так рэдка.
— Што рабіць, матухна, пані Кацярына. Я — слуга. А слугі самім сабе не належаць. Я — як тая панчоха на назе: куды гаспадар, туды і я. Большую частку года і ўвогуле не бываю дома — усё з князем у раз'ездах. А як вярнуся, патанаю ў клопатах: справы, справы. Ніякага спакою, кручуся, як вавёрка ў коле. Ды ці магчымы спакой на гэтым свеце!
— Ну, не заўсёды ж князь глядзіць на вас. Здараецца, што і засне.
— Хо, ды ён і ў сне мною круціць: ці то пісьмо пашле, ці то загадае раптам збірацца ў дарогу…
— Ён па-ранейшаму ездзіць у Варшаву?
— Калі больш правільна сказаць, то не выбіраецца адтуль. Дома мы бываем толькі ў вялікія святы.
— А жонку сваю, княгіню Ізабэлу, з сабой бярэ?
— Такога цуду пры мне не здаралася. — Варлампій азірнуўся на дзверы, нібы жадаючы ўпэўніцца, ці не падслухоўвае хто, і, перайшоўшы раптам на паўшэпт, працягваў: — Здаецца мне, што частыя яго ад'езды якраз і звязаны з тым, каб радзей бачыцца з княгіняй. Ці не жартачкі, іншым разам з'язджаем на паўгода!..
— Кажуць, лютая яна вельмі.
— Так, слугі скардзяцца. Карае іх за ўсякую драбязу. Прыязджаю — мора слёз! І ўсё адно і тое ж: княгіня, княгіня… А чым я ім дапамагу!.. Спачатку скардзіўся князю. Дарэмна. Ён, гаротны, усё бачыць, ды толькі, здаецца мне, і сам пабойваецца яе. І, скажу табе, нездарма! — Тут прыказчык загаварыў зусім ужо ціха, амаль што на вуха пані Кацярыне: — Кажуць, знюхалася старая з нячысцікамі. Так-так. Слугі бажыліся, казалі, быццам неаднойчы ўначы выццё чулі: як зацягне яна, што той воўк на месяц!.. А то раптам трашчаць пачне: бегае па пакоях, залах і калідорах, шуміць трашчоткай, як той прывід касцямі. А пасля як зарагоча! Быццам сам чорт яе казыча!.. Як князь паедзе, дык яна, кажуць, і пачынае дзівачыць.
Пані Кацярына, слухаючы, хрысцілася. А калі пан Чаляднік скончыў, яна сказала:
— У благое месца павезяце маю панначку. Хай бы яна жыла лепш тут, у родным гняздзечку. Жыла б — і гора не ведала. Знайшла б сабе добрага жаніха, нарадзіла б дзетак. Яна ж у нас, як анёл нябесны: чыстая, лагодная. А якая разумніца! А добрая!.. Цяжка ёй будзе ў замку. Цяжка прывыкаць і нялёгка жыць. Вядома ж, якія там правілы. Не будзе там маёй птушачцы свабоды.
— Што зробіш, пані Кацярына, кожнаму свая доля. Тое, чаго хоча Бог, пярэчанню не падлягае. Калісьці ёй усё роўна давядзецца ад'язджаць адсюль.
— А чаму менавіта цяпер князь вырашыў яе забраць? Ён жа абяцаў дачакацца восені.
— Ад'язджае. У верасні — сойм. Таму хоча пасяліць панначку да свайго ад'езду, каб абвыклася. Любіць ён яе, як родную дачку. Заўсёды з такой ласкай аб ёй адзываецца. Дый надакучыла яму чакаць. І сапраўды, ужо дарослая, семнаццаць мінула. Як бачыш, у няньках няма патрэбы.
Апошняя фраза, выказаная хутчэй за ўсё як жарт, тым не менш не развесяліла пані Кацярыну. Яе радасны настрой, выкліканы сустрэчай з даўнім сваім кавалерам, змяніўся на засмучэнне адразу, як толькі размова перайшла на пераезд яе выхаванкі. Нянька нібы прадчувала бяду. Трапіць у замак да Эрдзівілаў лічылася сярод вяскоўцаў вялікай бядою. Колькі слёз пралілося, калі каго-небудзь адпраўлялі туды на службу. Слугам замка было забаронена ўступаць у шлюб; яны павінны былі забыцца і пра святы. Абяздоленыя, трапіўшы ў замак, людзі ператвараліся ў палонных. Там глухлі страсці і пачуцці. З цягам часу яны рабіліся маўклівымі і запалоханымі.
— Яно то і праўда: не маленькая, ды і князь любіць яе, — пагадзілася пані Кацярына. — Але хай бы яна засталася ў родным доме. Князь, самі ж кажаце, часта бывае ў раз'ездах… Ох і растрывожылі вы маё сэрца, пан Варлампій!..
— Хопіць, пані Кацярына, ты ж ведаеш, тут мы нічога не зробім. Заўтра да паўдня панначка павінна быць у замку. Князь чакае. Ды і чаго так хвалявацца! Не на той жа свет яе перасяляюць!
Нянька, пратэстуючы, замахала рукамі.
— Маўчыце! Ну і сказалі!.. — з дакорам кінула яна. — Язык без касцей! — Нянька сярдзіта паглядзела на госця. Потым дадала: — Яна для мяне раднейшая за дачку, і я хачу, каб у замку ёй было спакойна.
— Пры мне ёй будзе спакойна, — абнадзеіў пан Чаляднік.
— Не сумняваюся, — адазвалася суразмоўніца. — Аднак вы так часта бываеце ў раз'ездах!.. І каб маё сэрца не мучылася, будзьце ласкавы, пан Варлампій, паабяцайце, што побач з ёй вы паселіце ангела-ахоўніка.
Пан Чаляднік паківаў галавою, задумаўся.
— Гэта будзе не так проста, — нарэшце прамовіў ён. — Анёльскія душы ў замку не ў пашане. — Ён падумаў яшчэ хвілю-другую, потым дадаў: — А ўсё ж паспрабую. Ёсць у мяне на прыкмеце адна дзяўчына. Спадзяюся, яна будзе добрай служанкай.
Пані Кацярына з удзячнасцю паглядзела на Варлампія.
— Значыць, заўтра раніцай? — спытала яна.
— Так. Папесцімся ночку на вашых пярынах — і назад. — Госць зноў азірнуўся на абразы. Перахрысціўшыся, ён дадаў: — Дай Божа… — І пачаў маліцца: — Прызры, Госпадзі, на пакуту і знямогу нашу і даруй грахі нашыя…
Пані Кацярына павярнулася ўслед яго пагляду і таксама некалькі разоў перахрысцілася…
Княжацкі прыказчык і нянька зноў вярнуліся да размовы пра маючы адбыцца пераезд — аднак у гасцінай нечакана з'явілася панна Марыя. Гэта была танклявая і высокая дзяўчына. Доўгія, гладка прычасаныя валасы ў яе былі светлыя, нібы салома ў сонечны дзень, а ў блакітных вачах чытаўся выраз яскравай зацікаўленасці да ўсяго, што яна бачыла. Маленькія вушы і прамы носік з ледзь прыкметнай гарбінкай выдавалі ў ёй прадстаўніцу роду Эрдзівілаў. Панна Марыя здагадвалася, чаму прыехаў княжы слуга, аднак яшчэ не ведала, як аднесціся да гэтай навіны. Ёй хацелася выглядаць засмучанай. А пазнаўшы пана Варлампія, яна засаромелася і ўсміхнулася. Твар яе так і засвяціўся ад шчасця, як у дзіцяці, якому паказалі любімую цацку. Пачуццяў сваіх яна хаваць не ўмела. Панна ўзрадавалася госцю, як заўсёды была рада ўсім, хто выпадкова або спецыяльна трапляў у яе дом: ці то ганец, ці то сам князь, ці то простая жабрачка з дарогі.