157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

— Што гэта так узрушыла небараку? Чаму яна расплакалася?.. Што ў вас тут адбылося?

— Гэта я, старая дурніца, вінавата, — прызналася пані Кацярына. — Каркнула пра замужжа. — Тут яна ўважліва паглядзела на прыказчыка, прыцэньваючыся: ці можна даверыць яму тайну. — Нават не ведаю, як і сказаць, — нечакана ціха прамовіла яна. І адразу ж папрасіла: — Толькі вы, пан Варлампій, нікому ані слова.

Прыказчык надзьмуў шчокі, як пакрыўджанае дзіця, паглядзеў з дакорам на суразмоўніцу.

— Прабачце, — сказала нянька, — справа, калі прызнацца, зусім незвычайная. Можна нават сказаць, злачынная справа. Калі б даведаўся пра гэта князь, не зберагчы нам сваёй галоўкі.

— Хутчэй, — папрасіў прыказчык, — расказвай.

— Ну, дык вось. Справа ў тым… — Тут нянька азірнулася на дзверы і, дзеля перасцярогі, перайшла на шэпт. — Справа ў тым, што ў нашай панначкі ўжо ёсць адзін любы…

— Што-о! — Пан Чаляднік раскрыў рот ад здзіўлення. — Адкуль ён узяўся?

— З простых, з халопаў…

Пан Чаляднік добрую хвіліну глядзеў на няньку так, быццам яго моцна выцялі нечым па галаве. Ён быў ашаломлены.

— Карамба!.. — Ён нават захліпнуўся ад гневу. Як жа так! На карту быў пастаўлены гонар яго пана. — Як вы маглі дапусціць такое!

Што-што, а злавацца прыказчык не ўмеў. Можа, нават менавіта па гэтай прычыне ён і выбіўся ў галоўныя распарадчыкі. Ён быў незвычайна добрым. Слугі любілі яго. А таму і падпарадкоўваліся, прычым з першага слова, і стараліся. Гэты рэдкі талент — умець кіраваць людзьмі — і цаніў у Варлампія яго галоўны і, відаць, адзіны над ім пан — князь Станіслаў.

— Хто ён? Хто гэты выскачка?.. Я сам разбяруся з ім!..

— Ды не, супакойцеся, пан Варлампій, выслухайце мяне, — жадаючы змякчыць гарачнасць госця, ласкава загаварыла пані Кацярына. — Справа ў тым, што яны, панначка і гэты хлопец, сябруюць з маленства, можна сказаць — з пялёнак. Усё здарылася само сабой. Вы ж ведаеце, як мы песцім нашу панначку. Мы ні ў чым ёй не адмаўляем. Папросіцца да вясковых на вячоркі — пускаем. Здаралася, што і на Купалле на ўсю ноч адпускалі. І, як на тое, пачала яна сустракацца з гэтым хлопцам. Заўсёды з ім. Мабыць, таму, што абое сіроты, раслі без маці і бацькі. Такія, вядома, лепей разумеюць адно аднаго. Хлопцавы бацькі згарэлі, як загарэўся млын. Узяў яго да сябе дзядзька, таксама млынар. Нічога благога пра гэтага хлопца нельга сказаць. Стрыманы, сардэчны. А які музыкант! На скрыпцы грае… Вось ужо сапраўды дзіўна: у нас, у Кляцісе, ад стварэння свету ніякіх інструментаў не ведалі, а тут раптам скрыпка! Калі ні праедзеш каля гэтага ветрака, абавязкова пачуеш, як ён завіхаецца. А музыка такая прывабная! Так і хочацца слухаць! Усе нашы дзяўчаты ў захапленні ад гэтага хлопца.

— Ты халопак з нашай прынцэсай не параўноўвай, — адказаў прыказчык. — І гэты млынар ёй не пара. Наша — птушка высокага палёту. Хто ведае, можа, да яе сапраўдны каралевіч пасватаецца. А што, у родзе Эрдзівілаў былі такія прыклады!

— Ды я і не раўняю. Вы спыталі — я адказала. Ну што яшчэ! Кажу: сябруюць яны. З дзяцінства. Сябруюць, як брат і сястра. Ёй будзе цяжка з ім развітацца.

— Ох, нядобрая гэта справа, — даводзіў сваё пан Чаляднік. — Тое, што панначка не цураецца сялян, гонару Эрдзівілам не дабавіць! — Ён памаўчаў, жадаючы надаць пэўную вагу сваім словам, потым сказаў: — І ўсё гэта тваё неразумнае выхаванне! Ні ў чым ты ёй не адмаўляла, ніколі не забараняла!

— Лёгка табе гаварыць, — адказала пані Кацярына. — Ні ў доме, ні ў вёсцы не было і няма такой душы, якая б асмелілася забараніць або хоць у чым-небудзь адмовіць маёй панначцы. І няма чаго называць маё выхаванне «неразумным»! І перад князем, і перад Богам магу шчыра прызнацца: ніхто не будзе чырванець за маю панначку!

Пан Чаляднік нічога не адказаў, толькі зморшчыўся.

— Простая, сардэчная, — хваліла пані Кацярына. — Усе яе любяць, паважаюць. Ідзе іншым разам па вёсцы — толькі і чуваць: «Сонейка наша, дай Бог табе шчасця, здароўя!» А яна ў адказ усміхнецца, нібы сама нявіннасць… Я то ўжо ведаю, адкуль у яе столькі годнасці. Ад бацькі. Небагаты быў чалавек — затое рэдкай, чыстай душы. За яе, гэтую душу, і пакахала яго мая гаспадыня, маці панначкі. Без згоды бацькоў і брата свайго — князя Станіслава — павянчалася. Адраклася ад усяго: ад радзіны, багацця, свету…

— Даўнія справы, вядома, — заўважыў пан Чаляднік. — А ты вось скажы, што ж здарылася тады з княжной, ад чаго яна памерла? У нас, у замку, ніхто дакладна і не ведае.

— А што здарылася… Здарылася тое, за што людзі толькі асудзіць могуць. Праз некалькі дзён пасля пахавання мужа бедалага наклала на сябе рукі. Знайшлі яе на яго магіле. А сказалі, памерла па сваёй волі — замерзла… Як вы думаеце, пан Варлампій, ці магла яна распараджацца так сваім жыццём, маючы на руках дзіця?.. Толькі Бога прагнявіла!

— Сама, значыцца, — абазваўся пан Чаляднік і, не адабраючы, паківаў галавой.

Пані Кацярына не адказала. Яна дастала насоўку і пачала выціраць слёзы на вачах.

— Грэх, так, грэх… — пан Чаляднік, было відаць, па-сапраўднаму быў засмучаны тым, што паведаміла яму нянька. — Пакінуць свет па ўласным жаданні — вялікі грэх! І пад крыжам такім ляжаць непрыстойна, — зазначыў ён. І тут набажна перахрысціўся: — Прабач, Божа, аблудных дзяцей тваіх.

Тым часам пані Кацярына адмахнулася:

— Ды што ўжо гаварыць пра мінулае! Увесь мой клопат цяпер, усе малітвы мае — пра яе, пра майго анёла! Малюся, каб не зняважыў які ліхадзей, каб не сурочыў нядобры чалавек.

Княжы прыказчык, разумеючы яе, сказаў:

— Ці ж я супраць? — І адразу ж сур'ёзна дадаў: — Калі гаварыць папраўдзе, то ў замку твайму анёлу соладка наўрад ці будзе.

VI

На ганку з'явілася панна Марыя. Яна заспяшалася ў парк. Ёй хацелася як мага хутчэй падзяліцца навіною.

З задняга дварцовага ганку, што выходзіў у бок парку, пралягала доўгая і прамая, як страла, шпалерная алея. Яна выводзіла да невялікага стаўка. Па абодва бакі алеі раскінуўся агромністы кветнік. Часам у спякотныя дні яго водар выклікаў асаблівае пачуццё. І той, хто быў каля яго, адчуваў сябе так, што нібыта знаходзіцца ў накураным памяшканні. У гэты дзень на кветніку працавалі дзяўчаты. Пан Золтан, галоўны садоўнік маёнтка, заняты быў падстрыганнем шпалераў. Некалькі работніц шкрэблі дарожку, ачышчаючы яе ад парасткаў травы. Яны ж падбіралі за панам зрэзаныя сцябліны і зносілі іх на невялікую ручную каляску.

Панна Марыя параўнялася з садоўнікам. У гэты дзень яны ўжо бачыліся — тым не менш пан Золтан пакланіўся ёй. Панначка адказала яму ўсмешкай. Яна падышла да адной з работніц.

— Люцыя, — звярнулася яна да яе, — адпачні, любая. У мяне да цябе ёсць адна справа. — Яна азірнулася на старога, які не зводзіў з яе вачэй, спытала: — Пан Золтан, не пярэчыце?

— Не-не, ваша міласць, — адказаў садоўнік, — няхай ідзе. — І з яшчэ большым замілаваннем залюбаваўся ёю.

Панна Марыя і Люцыйка накіраваліся ў бок круглай сажалкі. Яны спусціліся да самай вады, прыселі ў цяньку, на лавачцы, пад старой разлапістай лістоўніцай, якая разлівала густы смалісты водар. Каля вады было ціха і бязлюдна. Два белыя лебедзі, чакаючы пачастунку, у той жа момант паплылі з супрацьлеглага канца сажалкі на той, дзе прыселі дзяўчаты. Некаторы час служанка і гаспадыня маўчалі, глядзелі на птушак, што падплывалі да іх. Першай загаварыла Люцыя, — яна прачытала трывогу на твары гаспадыні.

— Нешта здарылася, панначка? — запытала яна. — Вы нечым усхваляваныя.

Панна Марыя ўздыхнула. Гэтай раніцай у яе жыцці вырашалася многае. Яна ніяк не магла звыкнуцца з думкаю, што ёй давядзецца пакінуць дом, развітацца з сябрамі. Хоць і чакала яна гэтага моманту, тым не менш прыезд княжацкага слугі з'явіўся для яе поўнай нечаканасцю. У яе быў усяго толькі дзень, больш дакладна, астатак дня і ноч, каб паспець развітацца з усімі.

— Збяры вечарам дзяўчат каля млына, — загаварыла яна нарэшце. — Скажы ўсім, што заўтра ад'язджаю. Скажы, жадаю развітацца…

Тут панна Марыя не вытрымала: прыпаўшы галавой да грудзей Люцыі, яна горка заплакала.

— Як гэта?.. — усклікнула здзіўлена дзяўчына. — Вы нас пакідаеце?..

Панна Марыя не адказала. Ды і наўрад ці пачула гэтае пытанне, — яна рыдала, як дзіця. Люцыя пяшчотна пагладзіла яе на тонкай белай руцэ. Яна таксама была моцна засмучаная і не змагла стрымаць шчырага прызнання:

— Ах, Божа мой, Божа мой. Якое няшчасце! — І таксама заплакала.

Гэты ўзаемны іхні плач, аднак, ужо нічога не мог змяніць. Панна Марыя не магла не падпарадкавацца рашэнню князя. А плакала яна таму, што не хацела ніякіх змен у сваім жыцці. Будучае яе палохала.

— Бывай, воля. Бывай, родны дом. Бывайце, мае сябровачкі,— бясконца ўсхліпваючы, гаварыла яна.

— Бяда, бяда, — паўтарала Люцыя, наклікаючы міжвольна сапраўдную бяду.

— Скажаш яму… — нагадала панна Марыя і ўважліва паглядзела дзяўчыне ў вочы.

— Не хвалюйцеся, панначка, — адазвалася тая. — Зраблю, як загадалі.

Доўга яшчэ сядзелі яны і шчыра гаманілі. Лебедзі, расчараваныя няўдачай, вымушаны былі вярнуцца да свайго берага. Дзвюх сябровак з розных саслоўяў збліжала не столькі тое, што яны былі равесніцамі, а нешта большае: яны з дзяцінства дзялілі паміж сабой і горыч, і радасць. Да сягонняшняга дня яны яшчэ жылі ў тым свеце, дзе паміж людзьмі няма ніякай розніцы. Гэта быў Божы мір — той самы, з якога некалі выйшлі мы

ўсе.

VII

У гэтую ноч княжацкі прыказчык не мог заснуць. У пакоі, дзе яго пасялілі, было ўжо цёмна — аднак святла не запальваў. Ён хадзіў з кутка ў куток, паліў люльку і цешыўся ўспамінамі. А ўспамінаў ён той час, калі бываў у гэтым доме прыватным візіцёрам. Нарэшце, паклаўшы люльку, прыказчык падышоў да акна. На небе ззялі зоркі, свяціў месяц. Яго дыск адлюстроўваўся ў паркавай сажалцы. Удалечыні, за агароджаю, на вялікім пагорку, дзе яшчэ днём ён заўважыў ветраны млын, мігцеў агеньчык вогнішча. Княжацкі слуга міжвольна пазайздросціў тым, хто ў гэты час знаходзіўся каля агню. Яму адразу ж успомнілася дзяцінства і падумалася, што менавіта тады, у дзяцінстве, ён быў па-сапраўднаму вольным — не залежным ні ад князя, ні ад бацькоў. Ён пасвіў коней, ніколі не адыходзіў далей, чым за аколіцу сваёй вёскі,— аднак адчуваў сябе вольным, бо быў часткаю акаляючай яго прыроды. Пазней, калі ён трапіў у княжацкую дружыну, радаснае пачуццё свабоды прытупілася. Ён амаль і забыўся пра яго. Часам яно ўваскрасала, калі ён знаходзіўся ў касцёле. У такія хвіліны ягонаму сэрцу зноў рабілася лёгка; яму хацелася выказвацца высокімі словамі, гучна і ад усёй душы спяваць; і ён спяваў, паўтараў за ксяндзом святыя словы, адчуваючы пры гэтым амаль ранейшае пачуццё асалоды…

Пан Чаляднік уздыхнуў. Ён высунуўся ў расчыненае насцеж акно. Гарачыня спала. Аднак было яшчэ цёпла, і думка пра тое, што пара класціся адпачываць, не задавальняла яго. Крэкчучы ад болю ў паясніцы, ён пайшоў да выхаду. Яму ўздумалася пагаварыць з пані Кацярынай.