157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

— Цішэй, цішэй, Х'ю! — звярнулася да яе гаспадыня. — Напалохаеш чалавека.

Паслухмяная лупатка нарэшце прыціхла, уселася на версе шафы.

— Х'ю? — праспявала яна, нібыта аб нечым спытала. Старая растлумачыла:

— Як убачыць незнаёмца — адразу крычыць. Як шчанюк… — І яна паставіла талерку з яблыкамі на стол. — Вось, частуйцеся. Свежанькія, прама з дрэва.

Бока падзякаваў, узяў яблык. У гэты ж момант на спінку яго крэсла ўселася Х'ю, — стала чутно, як заскрэблі яе кіпцюркі аб лакіраванае дрэва. Убачыўшы птушку зблізку, Бока здагадаўся, што гэта маленькая сава. Х'ю глядзела яму ў вочы не адрываючыся. Круглыя і чорныя, нібы ноч, вочы яе хавалі дапытлівасць і… ганьбаванне. Працуючы валляком, птушка, здавалася, стрымлівала жаданне крыкнуць, што вось-вось магло вырвацца.

— Вось яна якая, мая Х'ю, — ласкава прамовіла гаспадыня, заўважыўшы, што «госць» з цікаўнасцю разглядвае саву. — З-за яе і святла не запальваю, — вельмі не любіць. Усе лямпачкі ў мяне перабіла.

Сава працягвала ўзірацца на «госця». Часам яна міргала: па чарзе то адным, то другім вокам.

— Добрая птушка, — шчыра прызнаўся хлопец.

— Дзіва што, — пацвердзіла гаспадыня. — Асабліва калі ловіць пацукоў і мышэй… Ды вы ешце, — нагадала яна пра яблыкі. І, убачыўшы, што госць узяў адзін, пачала хваліцца: — Яблыкі ў мяне смачныя. Калісьці на гэтым месцы, дзе стаіць мая хата, быў вялікі панскі сад. Ён межаваўся з паркам. А ў парку стаяў палац…

— Я бачыў нейкія разваліны, — прызнаўся Бока.

— Так-так. Гэта быў палац паноў Шадурскіх… Гэтым Шадурскім належала тут усё: і сад, і парк, і вёска, і нават возера. Багатыя былі памешчыкі… Легенда кажа, што ў іхнім садзе расла яблыня, якая давала… чароўныя плады. Так-так, не здзіўляйцеся! Казалі, хто такі яблык еў, з тым абавязкова адбывалася штосьці дзіўнае…

— Як гэта — «дзіўнае»?

— Сама не ведаю. Так старыя людзі казалі. Штосьці неверагоднае, невытлумачальнае. Потым гэты чалавек распавядаў — а яму не верылі, толькі насміхаліся з яго…

— І вы лічыце, што гэта праўда?

— Што — я! Я перадаю тое, што чула!.. А калі вас цікавіць мая думка, дык скажу, што за сваё жыццё я на такое наглядзелася, што цяпер любы цуд мне як ні дробяззю падасца.

Заўважыўшы, што заінтрыгавала «госця», жанчына раптам засмяялася, усклікнула:

— Ды вы, бачу, уражлівы!.. Не верце, ці мала што людзі пляткараць. Ды і тую панскую яблыню, відаць, даўно ссеклі. Яна ж не можа дзвесце гадоў расці! А калі нават і ацалела, дык не родзіць. У нас гэтакіх старых дрэў уга колькі.

Бока захацеў пакаштаваць яблык, паднёс яго да рота. Але тут адбылося штосьці неверагоднае: Х'ю раптам падляцела да яго, схапіла кіпцюрамі яблык і кінула яго долу. Яблык, стукнуўшыся аб драўляную падлогу, пакаціўся ў куток…

— Ах ты свавольніца! — замахнулася на саву жанчына. — Ану пайшла! Бач ты яе!..

Птушка ўзнялася над галавою «госця», моцна закрычала. Яна нібы хацела папярэдзіць яго аб чымсьці. Потым уладкавалася на паліцы, пад самай столлю, і зноў прыціхла.

— Не зважайце, — прамовіла старая. — Яна ў мяне дзівачка, любіць, каб на яе звярнулі ўвагу. Бярыце яшчэ адзін. Вось, калі ласка. — І яна падсунула талерку з яблыкамі бліжэй да «госця».

Бока працягнуў руку да пачастунка — але ў гэты ж момант Х'ю падляцела да стала і перакуліла талерку. Яблыкі пакаціліся на падлогу… Бока ўзняўся, выйшаў з-за стала, — гэтыя свавольствы птушкі падаліся яму дзіўнымі.

— Ну, я табе! — прыгразіла саве гаспадыня. — Разгарэзілася! Бач ты!.. Ану, пайшла! Пайшла!

Жанчына пачыкільгала ад стала. Яна адчыніла дзверы ў пакой і, махаючы рукой, пачала выганяць саву з сенцаў. Нема крычучы, птушка нарэшце знікла ў пакоі. Жанчына зачыніла дзверы.

— Выбачайце, — сказала яна, вяртаючыся назад. — Такая ў яе звычка — лезці куды не трэба і замінаць.

— Нічога-нічога, — адмахнуўся хлопец, хаця і быў устрывожаны. Ён раптам успомніў пра мэту свайго наведвання. — Але што ж з начлегам?

— Ах, канечне, — таксама ўспомніла старая і пачала збіраць яблыкі.— Ёсць тут адзін чалавек, — прамовіла яна. — Не хацела казаць… Справа ў тым, што ён — глуханямы. Вас гэта задаволіць?

— Якая розніца, — адказаў хлопец. — Абы ўзяў.

— Возьме, дзе ён дзенецца. Ён адзінокі. А аднаму, самі ведаеце, — сумна. Ён усіх бярэ.

— А дзе ён жыве?

— Тут побач. Пройдзеце дзве хаты пасля маёй, а трэцяя — будзе яго.

— Ну дык дзякую, — сказаў Бока. Ён павярнуўся, каб пайсці.

— Пачакайце, — спыніла яго жанчына. Яна паспела падняць некалькі яблыкаў, прапанавала іх «госцю». — Вось, вазьміце на дарогу.

Узяўшы яблыкі, Бока параспіхаў іх па кішэнях.

— Яшчэ раз дзякую, — сказаў ён. — Пайду. А то ўжо позна.

— Будзьце здаровыя, — адказала гаспадыня і паспяшалася да дзвярэй, каб адчыніць іх перад «госцем». — Дабранач.

— Вам таксама, — азваўся хлопец і нарэшце выйшаў.

III

Ужо змерклася. У вокнах гарэла святло. Згаданы дом Бока знайшоў хутка. Расчыненыя веснічкі быццам самі запрашалі на двор; да ганкаў вяла дарожка з бетонных плітаў. Падняўшыся па прыступках, Бока ўвайшоў У дом.

Яркае святло залівала сенцы. Колькі хвілін Бока стаяў, прыплюшчыўшы вочы, прывыкаў да святла. У доме выразна гучалі два галасы: гэта працавалі трансляцыйны прыёмнік і тэлевізар. Галасы перамешваліся: «Народная акадэмія выяўленчага мастацтва…» — прамаўляў голас з сенцаў. «З'яўляецца псіхічным захворваннем…» — дадаваў другі — з пакоя. «Навучанне завочнае…» — працягвалася мешаніна. «Яго прычынаю з'яўляецца поўная адсутнасць умоў для асабістай гігіены…»

Бока мінуў сенцы, увайшоў у пакой — туды, дзе працаваў тэлевізар. Ён убачыў чалавека, які сядзеў у крэсле. Той утаропіўся на экран. Першае, што кінулася ў вочы хлопцу, гэта прычоска: чорная шавялюра гаспадара нагадвала завіты парык часоў імператрыцы Кацярыны Вялікай. «Такія шыкоўныя валасы могуць належаць чалавеку з выключным здароўем», — чамусьці падумалася Боку. Ён з хвілінку разглядваў прыгажуна, потым, жадаючы выдаць сваю прысутнасць, падышоў да тэлевізара. Уладальнік цудоўнай шавялюры ўтаропіўся на яго блакітнымі вачамі.

Гаспадару было гадоў сорак. У яго паглядзе можна было прачытаць здзіўленне і… насмешку. Гэта быў пагляд веселуна, аматара жартаў і розыгрышаў. Да таго ж яго шырокая, як бы падзеленая напалам сківіца падказвала, што ён чалавек страсці і характару. Гэта быў герой і жартаўнік у адной асобе. Ягоная ўсмешка міжволі прымушала ўсміхацца і таго, хто яе бачыў. Здавалася, што гаспадар зараз падымецца і скажа што-небудзь прыветнае і ўзнёслае: «Ну, вось дык нечаканасць! Як я рады бачыць вас!» — ды яшчэ паклоніцца, бы той блазан.

Але нічога падобнага не адбылося. Ён проста ўстаў з крэсла і пачаў казаць на мігі. Бока не зразумеў яго. Здагадаўшыся, той паўтарыў усё яшчэ раз. І тады хлопец вырашыў, што будзе прасцей, калі ён сам паспрабуе растлумачыць прычыну свайго з'яўлення ў гэтым доме. Ён паказаў на сябе, паказаў, што ехаў і вось зараз завітаў прасіць начлегу (пры гэтым заплюшчыў вочы і паклаў галаву на далонь). Глуханямы адразу здагадаўся, пра што ідзе гаворка, і ўслед паўтарыў «госцю» ўсё, што той паведаў яму.

— Так-так! — зачараваны кемлівасцю няшчаснага, усклікнуў Бока. — Усяго адну ноч! — І паказаў адзін палец. — А заўтра паеду. — Ён махнуў рукою кудысьці ўбок.

Гаспадар узрадаваўся гэтаму візіту, здаецца, мацней, чым «госць» таму, што яго зразумелі. Ён павёў хлопца ў пакой — туды, дзе гучна гаварыла радыё, — і паказаў, што той можа месціцца на канапе (ён, як і нядаўна Бока, схіліў галаву сабе на далонь). Потым ён паказаў кухню і прыбіральню. І не пераставаў тым часам зазіраць хлопцу ў вочы, нібы чытаў па іх, ці разумее той яго. І калі бачыў разуменне, то ўсміхаўся і ўхвальна гуў, як бы жадаючы прамовіць: «Я рады, я рады…»

Потым ён прывёў Боку назад у свой пакой і паказаў на ложак. Пры гэтым ён тыцнуў сябе пальцам у грудзіну і нават прапішчаў:

— Я!.. Я!..

Пасля агляду дома ён распачаў доўгі аповед, сэнсу якога хлопец аніяк не мог спасцігнуць. Гаворка ішла, здавалася, пра паляванне і нейкую там выпіўку. Гаспадар старанна жэстыкуляваў перад носам у хлопца. А той утаропіўся на яго вочы і чакаў, калі ж ён уціхамірыцца. Глуханямы дужа стамляў яго. Боку хацелася хоць прысесці. Ён разуўся і прылёг на канапу, папярэдне падклаўшы сваю сумку пад галаву. Толькі пасля гэтага гаспадар падаўся ў свой пакой.

Застаўшыся адзін, Бока адразу ж выключыў радыётранслятар. Потым адшукаў у сумцы зубную шчотку і пашыбаваў да ўмывальніка.

Калі ён вярнуўся, тэлевізар ужо маўчаў, з пакоя чутно было пасопванне гаспадара, які рассцілаў ложак. Гэта заспакоіла хлопца. Ён патушыў святло і пачаў распранацца. Зняўшы куртку, ён раптам агледзеў у яе кішэнях яблыкі. Бока выклаў іх на стол і, выбраўшы адзін, самы буйны, пачаў есці. Яблык на смак быў такі ж, як і той, што каштаваў ён нядаўна ў парку. Жуючы, хлопец згадаў саву, а найперш тое, як яна спрытна выхапіла ў яго пачастунак, а ўслед перакуліла талерку. Згадаў ён, як яму падалося тады, нібыта птушка папярэджвае пра нешта. Даеўшы яблык, Бока зноў накінуў куртку. Яму захацелася выйсці на двор — пацікаваць на зіхоткі маладзічок, што вісеў проста над дахамі.

На дварэ што ёсць моцы цвіркалі конікі. Здавалася, што гэта завіхаюцца гномікі, каб паспець да світання выканаць якісьці тэрміновы заказ. Наводдаль, у суседніх дварах, брахалі сабакі. Месячны серп, як той ліхтар, асвятляў дахі хат і верхавіны дрэў. А за імі ляжала возера. Пра гэта можна было здагадацца па рэдзенькіх водблісках — адбітках месяцавага святла. Здавалася, быццам на вялізнай раўніне ззяе парассыпанае каштоўнае каменне…