157670.fb2
Паводле легенды, яшчэ ў часы Гедыміна адзін з продкаў Эрдзівілаў праславіў сябе тым, што параіў пры пераправе літоўскага войска цераз раку завязаць коням хвасты і, трымаючыся за іх, дасягнуць мэты. Рэйд аказаўся ўдалым. Гедымін распарадзіўся выдзеліць дарадцу зямлю ў пажыццёвае карыстанне, — яе адмяралі пры дапамозе гуку адразу трох паляўнічых рагоў. Верагодна, у тыя далёкія часы паляўнічыя рагі гучалі мацней за цяперашнія, і ўсё ж той першы маёнтак Эрдзівілаў быў не такі ўжо вялікі. З цягам часу Эрдзівілы разбагацелі і нават атрымалі тытул князёў. Ну а тыя тры легендарныя рагі апынуліся на іх гербе.
Князь Станіслаў жыў у замку з жонкай княгіняй Ізабэлай і сынам Іржыкам. Князь быў дэпутатам сойма і даволі часта адлучаўся з замка. У такія перыяды ён жыў у сваім каменным доме ў Варшаве. А калі папраўдзе, то трэба сказаць, што з роднага гнязда яго гналі не толькі справы сойма. Князь не ладзіў з жонкаю: не размаўляў, нікуды не выходзіў і не выязджаў з ёю. Прычынай таму, як ні дзіўна, быў Іржык. Ад любога намёку на тое, што ў яго ёсць прыдуркаваты сын, князь па-сапраўднаму пакутаваў.
Аднак жыць зусім без надзеі ён не мог. Спачатку яго ўвагу прыцягвала палітычная дзейнасць. У апошні ж год яго надзеяй стала… пляменніца. Неяк, год таму, ён наведаў Кляціху, маёнтак рана памерлай сваёй сястры, і ўбачыў там панну Марыю. Увесь дзень яны правялі разам. Пляменніца яму вельмі спадабалася, і ён загарэўся жаданнем зрабіць яе дзяцей сваімі нашчадкамі, выдаўшы яе замуж за аднаго са спадкаемцаў свайго знакамітага роду. Гэта ідэя захапіла яго. І ён не бачыў асаблівых перашкод да яе ажыццяўлення. Сапраўды, Эрдзівілы розных ліній былі раскіданы па ўсёй Еўропе. Яму заставалася толькі спыніць свой выбар на кімсьці з іх і звесці маладых. Першым крокам да ажыццяўлення гэтай ідэі і было перасяленне пляменніцы ў замак. У пачатку верасня князь збіраўся ў Варшаву. Там ён меў намер сустрэцца з адным са сваіх супляменнікаў і, можа, нават запрасіць да сябе ў госці… Гэтыя планы, якія больш падыходзілі якой-небудзь свацці, і натхнялі цяпер князя Станіслава. Ён строіў іх далёка наперад. Сын панны Марыі павінен быў унаследаваць яго тытул. Яму ж ён збіраўся адпісаць і ўсю сваю маёмасць. Князь, вядома, ні з кім не дзяліўся гэтай сваёй задумай. Недаверлівы, ён асцерагаўся, што якая-небудзь выпадковасць можа нашкодзіць яму.
Як толькі паведамілі аб прыездзе панны Марыі, яго агарнула хваляванне. Слёзы паказаліся на яго вачах, — князь зразумеў, якое вялікае значэнне для яго мела гэта дзяўчынка. Ён заспяшаўся да яе.
Панна Марыя чакала яго ў адной з залаў другога паверха. Гэта быў Рыцарскі зал. Тут сустракалі гасцей. Чакаючы выхаду гаспадароў, прыезджыя павінны былі пераканацца ў багацці Эрдзівілаў і ў іх беражлівых адносінах да гістарычных рэліквій. Тут захоўвалася калекцыя рыцарскіх даспехаў і зброі. Столь залы была ўпрыгожана каляроваю лепкаю, а сцены — старадаўнім вялізным дываном, на якім была выткана выява бітвы. Ля дзвярэй стаялі дзве муміі ў даспехах і з бердышамі. Галоўнай жа славутасцю залы быў высокі, аздоблены белым мармурам камін. Ён прыцягваў да сябе ўвагу адмысловай разьбою. На ім была адлюстравана бітва. Камін меў свой «сакрэт». Калі ў ім запальвалі агонь, разьбяныя чалавечкі ажывалі: яны пачыналі «рухаць» мячамі, палашамі, дзідамі. Водбліскі святла і гул полымя стваралі ілюзію сапраўднай бітвы: здавалася, нібыта бразгае метал, іржуць коні, страляюць гарматы, хрыпяць раненыя… Панначка сядзела ў мяккім крэсле, абабітым ярка-чырвонай парчою. Вочы яе былі заплюшчаныя. Ёй было прыемна вось так, у адзіноце, у халадку, пасядзець пасля стамляльнай дарогі.
Спачатку ў зале з'явіўся лакей і застыў ля дзвярэй. У сваёй доўгай ярка-зялёнай ліўрэі, з цвёрдымі, як жалезныя лісты, фалдамі, вузкіх панталонах, туга напятых канарэечных панчохах з падвязкамі, цяжкіх чаравіках, у доўгім парыку і пальчатках, ён нагадваў шыкоўна апранутага манекена. Твар яго, аж занадта напудраны, захоўваў веліч, нібы гэта быў сам кароль Польскі. Панну Марыю здзівіла яго прысутнасць…
І вось да яе данесліся ажыўленыя галасы, — у залу ўвайшлі двое. Гэта былі пан Чаляднік і князь Станіслаў. Раней панначка рэдка бачыла князя і таму здзівілася. Сваяк, здалося ёй, быў зусім маленькім, — ён быў амаль на галаву ніжэй яе. Яго мініяцюрнасць падкрэслівалася яшчэ і тым, што ён не насіў парыка. Над верхняй губой яго тапырыліся рэдзенькія рыжыя вусікі; вочы яго былі крыху выпуклыя, а таму здавалася, нібыта яны захоўваюць у сабе пачуццё страху. Князь быў апрануты ў багаты кафтан з ярка-чырвонага аксаміту, аздоблены асляпляльнымі белымі карункамі, у шаўковыя панталоны і чорныя панчохі. Ногі яго былі ўпрыгожаны лакавымі туфлямі на высокіх абцасах.
Панна Марыя паднялася і зрабіла некалькі крокаў яму насустрач.
— Дзядзечка… — змагла вымавіць яна і заплакала. Так патрэбна была ёй падтрымка роднага чалавека.
— Радасць мая! — усклікнуў князь і працягнуў рукі, каб хутчэй абняць пляменніцу. — Сірацінка мая! Прыехала нарэшце, радасць мая! Колькі я чакаў, не мог дачакацца гэтай хвіліны! Прыехала!.. — І князь тройчы пацалаваў панну Марыю.
Яго ласкавы голас, пацалункі хутка супакоілі панначку. Твар яе засвяціўся ўсмешкай.
Князь быў на вяршыні шчасця. І ў той жа час ён быў здзіўлены. Ён адчуваў сябе няёмка, калі цалаваў пляменніцу. Ён нават і ўявіць сабе не мог, што ўбачыць у асобе панны Марыі такую прыгажуню. Наведваючы Кляціху, ён глядзеў на бедную сірацінку, як на няўдачніцу; сапраўднага спачування ён не адчуваў. І толькі цяпер, нібы прарвала плаціну і вылілася на паверхню тое, што вось ужо больш дваццаці гадоў ён свядома хаваў у глыбіні душы. Здавалася, адкуль было ўзяцца ў ім, чэрствым сухары, такому фантану пяшчоты? Не разумеючы, што з ім адбываецца, князь разгубіўся. Ён адчуваў толькі адно: тое, што ён шчаслівы. Пацалаваўшы панначку, ён пасадзіў яе зноў у крэсла, прысеў насупраць і з цікаўнасцю пачаў разглядваць яе.
— Цяпер я ведаю, што прыгожыя дзеці бываюць толькі ад саюза, які змацаваны непадробным, шчырым каханнем, — сказаў ён упэўнена. — Твая маці была вельмі закаханая. Што толькі не рабілі бацькі, каб «вылечыць яе ад гэтай «хваробы»!.. І запіралі ў вежы, і марылі голадам… Яна не падпарадкавалася. Употай выйшла замуж. А пасля памерла — з гора, пасля дачаснай смерці твайго бацькі. Можна нават сказаць, што яна прынесла сябе ў ахвяру кахання, бо адмяла ўсе тыя выгоды, якія абяцала ёй яе становішча. І вось ты — плод таго кахання. Чыстая, цудоўная, як кветка німфеі. Я першы хачу схіліць перад табой сваю галаву.
Сказаўшы гэта, князь устаў і нізка пакланіўся пляменніцы…
Панна Марыя сядзела ні жывая ні мёртвая. Яна не чакала такога прыёму. Нават пан Чаляднік вытарашчыў ад здзіўлення вочы. Ён ужо ведаў, што князь не дазваляе сабе адвешваць паклоны нават высокапастаўленым асобам.
— Дзядзечка! — ускочыла з крэсла панна Марыя, імкнучыся спыніць сваяка.
Але князь Станіслаў ужо выпрастаўся. На яго расчырванелым твары блукала нешта падобнае на ўсмешку. Князь забыў, што такое шчасце, а таму наводзіў сябе, як юнак.
— Твая маці была зусім маленькаю, калі я наведваў школу, — працягваў ён. — Іншы раз мне даводзілася быць ёй за няньку. Маленькая, яна незвычайна была падобна на ляльку: светлыя валасы, блакітныя круглыя вочы, вусны банцікам. Яе заўсёды прыбіралі ў ружовае. Тут, у замку, яна і жыла. Помню такі выпадак. Яна бегла і спатыкнулася на парозе. Пасля доўга плакала. Нянька ніяк не магла яе супакоіць. А калі з'явіўся я і паабяцаў паказаць Вялікага Маўра, яе гэта вельмі зацікавіла. У адно імгненне яна забылася пра сваю няўдачу, усміхнулася і працягнула мне свае ручкі. Гэта трэба было бачыць!..
Успаміны ўсхвалявалі апавядальніка. Ён раптам пачаў хадзіць па зале… Яго твар прыняў звычайны выраз засяроджанасці і аскетызму. Тое, што хвілінай таму ўскалыхнула яго душу, з'явілася хоць нейкімі рэшткамі надзеі на шчасце. Усё радзей прыадчыняючы ў сабе дзверцы радасці, суровы аскет, які здавён прысвяціў сябе падрыхтоўцы да вечнага свету, міжволі ачарсцвеў, а таму за любой успышкай радасці на яго находзіла дэпрэсія.
— Вялікім Маўрам мы называлі мядзведзя, які жыў у нашай яме, — патлумачыў апавядальнік як мага хутчэй.
Ён спыніўся, зірнуў на пляменніцу. Яго позірк быў зусім бязрадасным. Так стомлены хворы глядзіць раніцай у акно на зялёную траўку і птушак, якія пераскокваюць з галінкі на галінку. Вочы яго свяціліся, але ўсё ж было відаць засмучэнне.
— Ты вельмі падобная на сваю маці,— сказаў ён, потым задумаўся і працягваў: — Я распарадзіўся перавесці цябе ў замак не дзеля настальгічных пачуццяў. І пакуль жывы, я павінен паклапаціцца аб нашчадку, прадаўжальніку роду. Я хацеў бы, каб менавіта ты дапамагла мне ў гэтым, супакоіла мяне, перш чым я пакіну гэты мітуслівы свет. Гэта прыцішыць маю віну ў адносінах да цябе. Хто, як ні я, бліжэйшы сваяк, абавязаны паклапаціцца пра тваю будучыню. Табе ўжо семнаццаць. Ты — дзяўчына дарослая. І хопіць табе сядзець з нянькамі. Надышоў час спасцігаць навукі, якія патрабуе свет. Нарэшце, варта ўжо і паказаць сябе. Нельга ўвесь час сядзець пад замком, у вёсцы. Я хачу выпісаць для твайго навучання самых прыстойных настаўнікаў. Прывязу іх восенню з Еўропы. Прабач, што шчырую, не пытаючыся тваёй згоды. Але даверся мне, маё сонейка, я жадаю табе дабра. Я ведаю законы нашага роду і зраблю ўсё сумленна. Цябе не пакрыўдзяць мае прапановы. Адразу скажу, што ты можаш рабіць так, як пажадаеш. Адзінае, пра што цябе папрашу: дапамажы мне. Ты павінна стаць гаспадыняй і духам гэтага старога замка. І калі людзі даведаюцца, што тут, у Эрдзівілаў, з'явілася маладая, прыгожая і выхаваная фея, замак будзе нібы ў асадзе. О, як ён ажыве! Сюды пададуцца самыя вядомыя людзі. Ужо не па запрашэнні паедуць яны сюды, а па ўласнай волі! І калі ў твой «палон» трапіць самы прыстойны з іх, я буду шчаслівы, што не дарэмна пражыў жыццё і што род мой будзе прадаўжацца. Думка аб гэтым дапаможа мне памерці спакойна…
Князь хадзіў па зале, гаварыў і размахваў рукамі. Здавалася, ён сапраўды верыў у магчымасць ажыццяўлення сваіх планаў.
— Разумею, — працягваў ён, — табе няпроста адарвацца ад роднага дому, забыць акаляючае цябе асяроддзе, пакінуць забавы і звычкі. Тут у цябе будзе зусім іншае жыццё. Ты павінна прызнаць, што тваё дзяцінства скончылася. Дзе ж ты дзенешся, калі нам, Эрдзівілам, даводзіцца несці такі нялёгкі крыж. Гэта — лёс. Тут нам нікуды не дзецца.
Нарэшце князь дарэшты выгаварыўся і прыціх. Ён працягваў пахаджваць па зале, але яго позірк прыняў выраз звычайнай засяроджанасці, паступова пачало знікаць хваляванне. Князь сказаў тое, што хацеў, і супакоіўся, палічыўшы справу, якую ён задумаў, скончанай. Больш нічога са сваіх задумак ён пакуль што скрываць не збіраўся.
Паддаючыся логіцы яго разважанняў і ўпэўненасці ў голасе, які не церпіць пярэчанняў, панна Марыя ў душы была ўдзячная яму. Яна адчула ў разважаннях князя галоўнае — цеплыню і клопат у адносінах да яе і адказала:
— Абяцаю, што буду слухацца вас. Вам не будзе за мяне сорамна — ні перад настаўнікамі маімі, ні перад кім іншым. Абяцаю таксама, што буду любіць вас, як любіла сваіх бацьку і маці.
Голас і абяцанне панны Марыі прагучалі для князя, як цудоўная музыка. Ніколі ніхто не гаварыў яму нічога падобнага. На імгненне ён нават падумаў, што гэта сам нябесны анёл адказаў яму.
— Ты, радасць мая, можаш разлічваць на мяне, — сказаў ён. — Усе мае слугі з гэтага часу — твае рабы. Усё, што спатрэбіцца табе, ты можаш патрабаваць. Я ўсё выканаю. Хутка я наеду па справах сойма. Але не думаю, што разлука наша будзе доўгаю. Ты пачнеш вучыцца. І табе не будзе калі сумаваць. Ну а пасля цэлую зіму мы будзем разам!
На гэтую скупую ласку панна Марыя адказала ўсмешкай. Падспудна яна адчувала, што жыццё ў замку для яе не будзе вясёлым. А таму нават такая маленькая светлая перспектыва выклікала ў яе радасць.
Князь Станіслаў нечакана прапанаваў:
— Заўтра мы можам адправіцца ў якое-небудзь маленькае падарожжа. Не пярэчыш?
— О не! — шчыра прызналася панна Марыя і на імгненне нават захліпнулася ад шчаслівага пачуцця.
— Пан Чаляднік, — звярнуўся да прыказчыка князь Станіслаў.— Што ў вас заўтра?
— Замір'е, ваша міласць, — тут жа адрапартаваў вусач.
— Выдатна. Заўтра раніцай не забудзьце папярэдзіць маладую панну.
Варлампій моўчкі пакланіўся.
— Вы такі добры, дзядзечка! — міжволі ў вачах панны Марыі паказаліся слёзы. Яна не чакала, што князь Станіслаў, якога да сённяшняга дня ўяўляла не інакш, як буркуном, будзе такі спагадлівы да яе. — Такі добры! — паўтарыла яна і нечакана апусцілася перад ім на калені.
— Што ты, што ты, радасць мая! — усклікнуў князь і, абдымаючы, падняў яе. Дастаўшы хусцінку, ён пачаў выціраць ёй слёзы.
— Што падумаюць слугі! Ніколі так больш не рабі! Помні, мы з табой аднае крыві. Ты — моцная і павінна быць каралевай у сваім каралеўстве.
Ён узяў яе за руку і сказаў:
— Пайшлі, я пакажу табе твае апартаменты. Гэтыя пакоі загадзя прыбралі. Спадзяюся, яны табе спадабаюцца. Да таго ж табе трэба адпачыць. З жонкаю маёй пазнаёмішся ў час абеду.
Яны павярнуліся да дзвярэй, дзе стаяў усё той жа важны лёкай. Той раптам развярнуўся і пайшоў паперадзе…
Яны пайшлі па калідоры другога паверха. У адным месцы шырокая парадная лесвіца вяла да выхаду. Але князь і яго суправаджэнне падаліся па калідоры далей. Паперадзе важна крочыў усё той жа, зачараваны сваёй важнасцю, лёкай. Замыкаў шэсце пан Чаляднік. Нечакана адчыніліся адны з дзвярэй, і ў калідоры з'явіўся высокі, гарбаносы чалавек у залацістым, ускудлачаным парыку. У першую хвіліну панне Марыі прыйшло ў галаву параўнаць яго з ільвом. Убачыўшы князя і яго світу, незнаёмец пакланіўся. Нягледзячы на тое, што яго адзенне было не надта ўжо вытанчаным, штосьці падказала панне Марыі, што гэты чалавек — не з простых і ўжо тым больш не слуга.
Князь Станіслаў усміхнуўся незнаёмцу. Спыніўшыся, ён сказаў:
— Дазволь, маё сонейка, прадставіць табе майго мастака. Пан Гнезскі. Прашу любіць і шанаваць. Гэта менавіта той, хто зрабіў роспісы ў нашым касцёле…
Пакуль князь гаварыў, твар мастака мяняўся. Ён глянуў на панну Марыю — і з таго імгнення ўжо не мог адарваць ад яе позірку. Здавалася, ён збянтэжыўся ад нечаканасці, ва ўсякім разе было зразумела, што князя ён не чуе. Замест таго каб пакланіцца панначцы пасля прадстаўлення, пан Гнезскі па-ранейшаму тарашчыў на яе свае вочы. Ён ужо чуў аб прыездзе госці, але не ўяўляў сабе, што панна Марыя незвычайнай прыгажосці. Адчуўшы нарэшце, што сваім позіркам бянтэжыць панначку, ён нізка пакланіўся і ледзь чутна вымавіў:
— Рады пазнаёміцца з вамі, яснавяльможная панна. — І тут жа шчыра прызнаўся: — Прабачце, аслеплены…
— А-а, папаўся, — паціраючы рукі, усміхнуўся князь. — Вось і злавіўся першы карась на нашу вуду! — І самазадаволена дадаў: — Ужо хто-хто, а пан Гнезскі ў прыгажосці толк ведае!