157670.fb2
— Значыць, вы адмаўляеце мне ў маёй просьбе? — панура запытала панна Марыя.
— Ты пра што? — здзівіўся князь. І адразу ж успомніў: — Ах, пра гэтага халопа… Чаму ж, прапанова слушная. У бліжэйшы час я выклікаю яго і пагавару з ім. Не сумнявайся.
Алея вывела іх да мяжы парка, туды, дзе знаходзіўся мост праз абводны канал. Далей рассцілалася прасторная зялёная паляна, у цэнтры якой, на пагорку, узвышалася белакаменная капліца. Побач з капліцаю стаяў убогі зруб з адзінаю трубою над страхою. На схіле пагорку густа ляпіліся перакошаныя драўляныя крыжы. Да капліцы, праз поле, нібы працяг цэнтральнай паркавай алеі, вяла звілістая вузенькая сцяжынка.
— А вось і Папова горка, — сказаў князь, паказваючы рукою ў той бок, куды глядзела панначка, — тая самая, пра якую я табе казаў. Ну, скажы, ці не займальная мая ідэя? Алею падоўжыць да падножжа горкі, а там раздвоіць, абхапіўшы горку ў колца. — Фантазіруючы, ён праводзіў рукою ў паветры лініі і кругі.
Тым часам яны мінулі мосцік. Іх сустрэў паклонам стары вартаўнік. Але князь нават не звярнуў на яго ніякай увагі.
У хуткім часе ён і панна Марыя наблізіліся да падножжа горкі. Некалі на гэтым пагорку былі звычайныя праваслаўныя могілкі. Невялікая капліца на ім уяўляла сабою чатырохкутны ў аснове будынак з купалам у выглядзе цыбуліны. Сцены яе былі тоўстыя і дастаткова добра захаваліся. Толькі купалу быў патрэбны рамонт: ён трэснуў і прыкметна нахіліўся. Побач з капліцаю стаяла несамавітая хатка з двума акенцамі. З коміна струменіўся ледзь прыкметны дымок. Узнімаючыся на горку, князь і панна Марыя прайшлі скрозь лес драўляных крыжоў. Дзверы каплічкі былі расчынены. Можа, таму князь рашыў зайсці туды…
Адзіным упрыгожаннем закінутай залы каплічкі былі масіўныя круглыя пілястры. Яны захавалі пабелку. Адразу каля ўвахода стромкая драўляная лесвіца вяла на хоры. Два вельмі вузкія праёмы, размешчаныя на сцяне, былі застаўлены крыжападобнымі жалезнымі кратамі.
— З гэтаю капліцаю звязана адна сумная гісторыя. — Густы голас князя гучна раздаваўся ў пустой зале і хутка знік пад купалам. — Некалі адзін мой продак, яры вораг кальвінізму, зачыніў тут і пакінуў без яды і вады некалькі пратэстанцкіх святароў. Ён патрабаваў, каб тыя адракліся ад сваёй ілжывай рэлігіі. Але выйшла не так, як ён хацеў. Ні адзін са святароў не адрокся. Тыдзень чакалі ад іх адказу. Нарэшце, калі капліцу адчынілі, выявілася, што з усіх палонных у жывых застаўся толькі адзін. Яму хацелі дапамагчы, але дарэмна, ён таксама хутка памёр. Усіх пахавалі тут жа, на могілках. А горку з таго часу сталі называць Паповай…
Пасля гэтага панне Марыі захацелася як мага хутчэй пакінуць капліцу. Яна азірнулася на дзверы. Здагадаўшыся, якое ўражанне зрабіў на яе гэты расказ, князь вырашыў апраўдаць свайго прашчура.
— Цяпер сцвярджаюць, быццам мой сваяк быў жорсткім, — казаў ён. — А я разважаю так: гаворачы пра ўчынак, трэба браць пад увагу час, калі ён быў здзейснены.
Так, мой сваяк паступіў бязлітасна. Аднак ці мог ён у той час паступіць інакш! Ён бараніў ад распаду, які несла ў сабе лжывая рэлігія, сваіх падданых!
Але панну Марыю не пераконвалі гэтыя апраўданні. У любым насіллі, дзеля якіх бы то ні было высакародных мэт яно ні здзяйснялася, яна бачыла найцяжэйшы грэх. Людзей знішчылі за іх перакананні. Хто ён, гэты ўсемагутны, які ўзяў на сябе смеласць распараджацца іх душамі?.. Панна Марыя бачыла свайго далёкага сваяка не інакш, як у абліччы д'ябла: з мячом у руках і ў заплямленым крывёю адзенні. І яна асуджала яго, нават не пацікавіўшыся тым, дзеля якой мэты ён стараўся. Душа яго бачылася ёй праклятаю і мітусліваю ў дарэмным пошуку спакою і жадання апраўдаць сябе. Таму панна Марыя не адказала, — яна проста павярнулася і выйшла з каплічкі.
Здзіўлены, князь Станіслаў быў вымушаны пайсці за ёю…
У той жа дзень і ў той жа самы час на супрацьлеглым баку гарадской аколіцы, менавіта ў Летнім парку Эрдзівілаў, адбываліся падзеі іншага характару. Тут весяліўся князь Іржык.
Яшчэ раніцою яго пасадзілі ў экіпаж і ў суправаджэнні дзесятка слуг і такой жа колькасці коннікаў пераправілі ў сваю любімую рэзідэнцыю.
На паляўнічай паляне яго чакалі егеры і іх памагатыя. Стрэльбы былі начышчаны да бляску і зараджаны; у спецыяльным загоне пакутаваў у пошуках выхаду статак дзікіх свіней.
Паляўнічая паляна ўяўляла сабою размежаваную глыбокімі каналамі дзялянку, куды з бліжэйшых лясоў заганялі або прывозілі звяроў. Калі іх збіралася дастаткова, аб гэтым паведамлялі ў замак. І князю наладжвалі забаву…
Падобнае больш правільна было б назваць «вынішчэннем жывёлы». Іншы раз ад куляў прыдурка гінулі дзесяткі жывёлін. Князь Іржык і яго падначаленыя былі бязлітасныя. На паляўнічай паляне забівалі аленяў, мядзведзяў, нават зуброў. Распусніку бачыць кроў і чуць стагнанне сваіх ахвяр было вялікім задавальненнем. Ён прывык да гэтага, як воўк да сырога мяса, і ўжо не мог жыць без такіх забаў.
Невук, непаседа, князь Іржык знаходзіў сам сабе забаву. Кожны пражыты дзень яго быў не падобны адзін на другі. Князь то паляваў, то катаўся на парусніку, забаўляючыся тым, што скідваў у ваду слуг, то выязджаў верхам. Жывучы адною гульнёю, ён усё больш і больш дэградаваў. Яго недаразвітасць пераходзіла ў звычайную жывёльную тупасць.
Асобную частку яго жыцця складалі інтымныя справы. Тут таксама пераважала жорсткасць. Калі яму часам прыглянулася якая-небудзь дзяўчына-служанка, ён патрабаваў яе, як капрызлівае дзіця патрабуе цацку, якая яму спадабалася. Па гэтай прычыне ў замку іншы раз здараліся шумныя спрэчкі. Іржык аб'яўляў вайну ўсім, хто ішоў насуперак яго волі. У рэшце рэшт, з маўклівай згоды старой княгіні, усе гэтыя войны заканчваліся тым, што паніч атрымоўваў тое, што хацеў, і, задаволены, заціхаў на некаторы час, — пераключаўся на больш нявінныя забавы.
Адзіны, хто быў здольны хоць неяк уплываць на безразважлівага Іржыка, — гэта яго верны гайдук Дземянцей. Гэты хлапчына, добрых два аршыны ростам, па дзіўнай выпадковасці таксама не выдзяляўся асаблівымі разумовымі здольнасцямі. Тым не менш, менавіта ён мог спыніць маладога князя, калі той заходзіў у сваёй безразважлівасці занадта далёка. Маючы самае скажонае ўяўленне пра рэлігію і пра Бога, Дземянцей быў упэўнены, што яго пан і ёсць тое бажаство, якому неабходна пакланяцца. Ён не адыходзіў ад князя ні на крок. Спаў каля яго ложка на падлозе, харчаваўся аб'едкамі з яго стала і гатовы быў пры выпадку расправіцца з любым, хто асмеліўся б яму пагражаць. Ён быў анёлам-ахоўнікам дэмана.
У гэты дзень на паляўнічай паляне ўсё адбывалася па даўно ўжо заведзеным тут сцэнарыі. Іржык сядзеў у калясцы, якая была ўстаноўлена на невялікім грудку, — углядаўся на скошаную паляну, куды вось-вось павінны былі выгнаць звера. Твар яго выказваў прадчуванне асалоды. Ён азіраўся на кожны гук, і на ніжняй губе яго паблісквала сліна. З загону даносілася павіскванне. Там, у цеснаце, мітусілася цэлае сямейства дзікоў. Іх мітусня ўзмацняла нецярпенне прыдурка. Па абодва бакі князя стаялі людзі. Яны абавязаны былі падаваць зараджаныя стрэльбы. Егеры стаялі асобна. Яны павінны былі сцерагчы князя ад выпадковага нападу звера. Некалькі слуг чакалі адмашкі княжацкага гайдука каля варот загону.
Дземянцей не спяшаўся. Ён абышоў усіх слуг, якія стаялі ланцугом. Потым узяў адну са стрэльбаў і, жадаючы праверыць падрыхтоўку да палявання, пальнуў у неба. Выстрал узрушыў статак: дзікі замітусіліся, гучна завішчэлі. З глыбіні парку крыкам адазвалася перапалоханая зграя варон… Адначасова выстрал раздражніў і маладога князя. Іржык так і закруціўся на сваім сядзенні.
— Давай! — закрычаў ён. — Давай! — І хацеў выхапіць у бліжэйшага да яго слугі стрэльбу.
Па знаку Дземянцея стрэльбу далі… У тую ж хвіліну з загону выгналі першага дзіка. Той выбег на сярэдзіну паляны і спыніўся. Мабыць, яго здзівіла тое, што за ім не пабеглі астатнія. Гэта быў стары сякач, важак статку. Над белымі клыкамі ў яго звісалі рэдзенькія сівыя вусы. Яго доўгая турэцкая бародка была перапэцкана гразёю і зліплася, а ў вузенькіх чырванаватых вачах свяціўся гнеў. Сякач павярнуўся і затрусіў назад да загону. У гэты ж момант князь выстраліў. Куля трапіла кабану ў клык, — амаль адначасова з выстралам пачуўся гук, падобны на лязгат зубоў. Клык і яшчэ некалькі зубоў секача адляцелі, як пры ўдары сякеры адлятаюць трэскі ад дрэва. Дзік узвізгнуў і прысеў ад болю, потым заматляў галавою, быццам хацеў скінуць нейкі цяжар. Пырскі крыві паляцелі на траву і на яго бакі. Азірнуўшыся на людзей, ён рвануў з месца і панёсся на сваіх ворагаў. У тую ж хвіліну егер і Дземянцей паднялі стрэльбы і нацэліліся. Князю — пацеха, людзям — пагібель. Дзік, як камень са скалы, набліжаўся да егера. Раздалося адразу некалькі выстралаў. Ногі секача раптам падкасіліся, і ён ссунуўся на траву… Слугі кінуліся яго дабіваць. Але ў гэтым не было патрэбы — дзік быў мёртвы, яго не мучыла нават сударга.
Князь Іржык радаваўся. Ён падпрыгваў і размахваў рукамі.
— Хвала! — крычаў ён тонкім пісклявым голасам. — Хвала!
Яму здавалася, што гэта ён зваліў страшэннага вепрука. Дземянцей, між тым, важна прайшоў да таго месца, адкуль пачынаў сваю атаку кабан, знайшоў там адбіты клык і, вярнуўшыся, уручыў трафей панічу. Той адразу прыставіў клык да губы і, скорчыўшы грымасу, зарычаў.
Слугі засмяяліся. Напружанне, якое было выклікана нядаўнім пагражальным нападзеннем звера, уляглося…
Тым часам па ланцугу падавалі ўжо новыя стрэльбы. Позіркі ўсіх, хто стаяў каля варот загону, зноў накіраваліся на Дземянцея. Той у сваю чаргу флегматычна паглядваў на Іржыка.
Князь нарэшце кінуў адбіты клык і патрабаваў стрэльбу. Дземянцей даў знак — і вароты загону адчыніліся. На гэты раз на паляну выбегла парасё. Яго памер, а таксама пятністая, зеленавата-рыжая афарбоўка сведчылі пра тое, што бедалазе было два-тры тыдні ад роду. Ён піскнуў, але на паляну не пабег, застаўся каля драўлянай агароджы. Хлопчык-слуга выйшаў на адкрытае месца, каб адагнаць яго. Нечакана над палянаю ўсхапілася воблачка парахавога дыму — пачуўся выстрал. Хлопчык-слуга, так і не ажыццявіўшы сваёй задумы, раптам паваліўся вобзем. Спалоханае парасё завішчэла і недзе знікла. Гайдук кінуўся да варот загону…
Слугі, якія вартавалі вароты, адразу ж перавярнулі бедалагу. Яго жывот быў заліты крывёю… Хлопчык ціха стагнаў. Да каляскі Іржыка падбег Дземянцей. Яго твар быў, што чорная хмара.
Іржык, адчуваючы яго настрой, круціў галавою, злаваўся:
— Ах д'ябал, уцёк… Ну, я яму! — І ён пагразіў услед парсючку кулаком.
Але Дземянцей не слухаў яго. Ён падняў паніча загрудкі і, страсянуўшы, крыкнуў у адчаі:
— Што ж ты натварыў, князюшка!.. Што ж ты натварыў!..
Слуга, здавалася, душыў яго. Князь хапаў ротам паветра, стараўся вызваліцца ад жалезнай хваткі. Але Дземянцей не звяртаў на гэта ніякай увагі. Ён працягваў трэсці князя і крычаць яму ў самае вуха: «Што ж ты натварыў!..» Нарэшце ён насадзіў Іржыка і з усяе сілы піхнуў каляску. Тая стрымгалоў панеслася з пагорка, падскокваючы, нібы жывая, на купінах. Дземянцей падняў стрэльбу, з якой толькі што страляў яго гаспадар, і так грамыхнуў яе на зямлю, што пераламаў папалам. Ярасць гайдука — такая рэдкая з'ява — падказала ўдзельнікам палявання, што на сягоння ўсё закончана. Удзельнікі палявання пачалі разыходзіцца без каманды.
Між тым Дземянцей падышоў да канала, падняў за фалды свайго анямелага ад страху паніча і, пасадзіўшы яго зноў у каляску, павёз да экіпажа. Здавалася, што ён ужо забыўся і пра няшчаснага хлопчыка-слугу і пра свой нечаканы прыступ гневу — на твары яго зноў панаваў выраз раўнадушша і панурасці.
У замак слугі вярталіся павольным крокам, нібы баючыся чагосьці. Наперадзе два коннікі везлі прывязанага да доўгай жэрдкі забітага дзіка. За імі ішлі ўсе астатнія. У цэнтры натоўпу каціла ўбогая аднаколка. На дне звычайнай павозкі, якая прызначалася для перавозу корму для звяроў і птушак Летняга парку, ляжаў ранены хлопчык-слуга. Шырока раскрытымі, пачырванелымі ад мукі вачыма ён глядзеў у неба. Ён быў яшчэ жывы, але ўжо наўрад ці што-небудзь бачыў і разумеў. Стары слуга, сваяк бедалагі, стаяў над ім на каленях і, узняўшы рукі ў неба, без слёз, глуха прычытваў:
— Вазьмі мяне, Госпадзі! Вазьмі мяне ўзамен! Ты выпрабаваў мяне і ўсё ведаеш! Вазьмі лепш мяне!..
Усе астатнія ў натоўпе хмура маўчалі…
Дні праходзілі за днямі. Панна Марыя пачала прывыкаць да замкавага жыцця. Пэўны час да сняданку яна праводзіла ў майстэрні мастака, які рабіў эскізы да яе будучага партрэта. Сняданак, абед і вячэра яе праходзілі ў кампаніі гаспадароў.
Княгіня, адчуваючы асаблівую прыхільнасць мужа да пляменніцы, старалася трымаць сябе з паннай Марыяй ветліва. Але гэта не вельмі ў яе атрымлівалася. Панна Марыя адчувала сябе ў яе кампаніі зняважанаю і таму пазбягала яе. Да таго ж яе стрымліваў той арэол тайны, які лунаў над гаспадыняй замка. Панначка адчувала, што слугі невыпадкова называлі яе «вядзьмаркаю». За самую дробязную правіннасць княгіня жорстка карала іх. Слугі баяліся яе, як моравай хваробы.
Акрамя таго панну Марыю прыгнятала яшчэ і прысутнасць маладога князя. Пястун, здавалася, быў сатканы з недахопаў. Панначка прымала ўсе яго выхадкі блізка да сэрца. Ужо толькі адзін яго выгляд выклікаў у яе агіду. Як ні стараліся глядзець за ім слугі, ён больш нагадваў пудзіла гарохавае, чым знакамітага князя. Панна Марыя была вельмі здзіўлена, калі ўпершыню пачула пра амурныя справы Іржыка. Ведала яна і пра забойства хлопчыка-слугі. Яе мучыла тое, што вісус не адчувае згрызот сумлення за свае ўчынкі! За яго неасцярожнасць на апошнім паляванні пацярпеў… Дземянцей. Па распараджэнні княгіні той атрымаў дванаццаць удараў бізуноў — роўна столькі, колькі было гадоў няшчаснаму хлопчыку-слузе, — ды яшчэ на тры дні быў пасаджаны ў башню на хлеб і ваду. Нейкі час здарэнне ў Летнім парку трымала ўсіх жыльцоў замка ў трауры. Нават гаспадары, здавалася, былі прыгнечаны. І толькі Іржык паводзіў сябе так, быццам нічога не здарылася.
З некаторага часу Панну Марыю пачаў палохаць яго позірк. Пястун заўважыў яе. Спачатку ён проста пяліў на яе свае вочы, забыўшы пра ўсё на свеце: пра абед, які астываў на стале, пра тых, хто яго акружае. Ён глядзеў на панначку і міжволі пераймаў яе звычкі: распрамляў плечы, стараўся акуратна трымаць лыжку… Ёй здавалася, што гэты пястун дражніць яе.
Аднак усё складвалася значна горш: няшчасны закахаўся ў панну Марыю. Калі ён звыкся з пачуццём здзіўлення ад таго, што з ім адбылося, ён пажадаў зблізіцца з панначкаю… Звычайна, пакуль госця знаходзілася за сталом, ён не спускаў з яе вачэй, але варта было ёй толькі ўзняцца, як ён разварочваў каляску і адпраўляўся за ёю. У рэшце рэшт, па распараджэнні князя Станіслава, Іржыка сталі пускаць у Сталовую залу толькі пасля таго, як адтуль выходзіла панна Марыя. Супакаенне як быццам бы аднавілася. Аднак страсць у сэрцы вісуса ўжо разгарэлася. Варта было яму ўбачыць панначку, як ён ляцеў да яе, працягваючы пры гэтым рукі, быццам бы молячы аб паблажцы. Калі яму даводзілася да яе наблізіцца, ён асцярожна кранаў пальцамі яе сукенку, жадаючы ўпэўніцца, што перад ім не здань, сатканая з промняў і вільгаці, а жывая істота. Пры гэтым панна Марыя заходзілася ад страху і хвалявання. Яна пачала пазбягаць сустрэч з ім. Але гэта ўжо не магло ёй дапамагчы. Грэшнае насенне ў душы вырадка прарасло і цяпер пагражала выспець у неверагодны, брыдкі колас.
Звычайна пасля снядання панначка ішла гуляць з князем Станіславам у парк. А калі гаспадар замка быў заняты, яна адпраўлялася туды ў суправаджэнні маўчуна пана Кржыша. Адзіноты яна не выносіла. Пра паездку ў Варшаву князь гаворку не заводзіў. Менавіта жаданне пабыць з пляменніцаю прымушала яго адкласці ад'езд. Хутка панна Марыя даведалася, што ён быў у Кляцісе і бачыўся з Янам. Хлопец яму спадабаўся. Князь загадаў занесці яго ў спіс тых, хто павінен адправіцца з ім у Варшаву.
Асабліва сумнымі здаваліся панначцы пасляабедзенныя і вячэрнія гадзіны. Пасля абеду замак быццам выміраў. Кожны з гаспадароў запіраўся на сваёй палове, слугі хаваліся ў каморкі. Знікаў нават пан Кржыш. Тым часам панначка адпраўлялася гуляць па залах. Міжволі ёй даводзілася звыкацца з адзінотаю. Гэта было няпроста. Ёй бачылася неверагодным тое, што агромністы замак выглядае зусім бязлюдным…
З некаторага часу яе любімым заняткам стала сядзець каля акна. Яе забаўляла назіранне за княжацкай флатыліяй. Калі на вуліцы быў вецер, караблі з паднятымі ветразямі трымаліся пасярэдзіне возера. Маленькія чалавечкі мітусіліся на палубах, карабкаліся па рэях, падавалі флажкамі сігналы. У іх мурашынай мітусні бачыліся сэнс, значэнне і страсць. Панначка міжволі зайздросціла ім.