157670.fb2
— Прашу прабачэння, — сказаў ён. — Вы ведаеце мае адносіны да вас. Вы такая цудоўная! Гледзячы на вас, прызнанні злятаюць з вуснаў самі сабой.
— Нічога, я не віню вас.
Жадаючы адцягнуць увагу на іншае, яна павярнулася да акна. Гаворка з разумным і далікатным чалавекам чамусьці заўсёды «вяртала» яе ў Кляціху. Яна ўспомніла Яна. Той быў таксама пачцівы, аднак не дазваляў сабе хваліць яе і захапляцца яе прыгажосцю. Яна адчувала пахвалу ў яго позірках, рухах, голасе.
— Спадзяюся, да вяртання князя Станіслава партрэт будзе гатовы, — заўважыў Гнезскі.— Буду старацца.
Але панна Марыя ўжо не слухала яго. Яна ўбачыла праз акно групу маладых людзей. Усе яны былі ў аднолькавых, доўгіх да пят, цёмных світках і ў саламяных капелюшах. У гэтым убранні яны нагадвалі сельскіх святароў. Сярод іх панавала ажыўленне: хлопцы перагаворваліся, азіраліся. Відавочна, яны ўпершыню папалі ў замкавы двор. Якое ж было яе здзіўленне, калі яна пазнала Яна!.. Той, прыціскаючы да грудзей футарал са скрыпкаю, нясмела паглядваў на вокны палаца.
Некалькі імгненняў панна Марыя баялася нават дыхаць. Гнезскі, не заўважаючы яе стану, прадаўжаў гаварыць — яна ж у думках перанеслася туды, на замкавую плошчу…
— Што здарылася? — адчуўшы яе ўсхваляванасць, — спытаў мастак.
Панна Марыя азірнулася, — яна не пачула пытання. З хвіліну пра нешта разважала. Затым стрымгалоў кінулася да дзвярэй…
Ніколі раней не бегала яна так хутка. Здавалася, яе ногі апярэджвалі сам час. Там, дзе трапляліся ступенькі, яна прыгала, рызыкуючы расцягнуцца на гладкім паркеце… Гнезскі выскачыў за ёю ў калідор, крыкнуў:
— Панна Марыя, вы куды? Што з вамі?
Аднак яму адказалі толькі калідорнае рэха ды частыя крокі панначкі. Даганяць бяглянку ён палічыў справаю безнадзейнай.
Між іншым панна Марыя дабегла да параднай лесвіцы. Яна ўбачыла, як у прыхожую ўвайшла, нешта выгаворваючы служанцы, княгіня. Паспешліва спусціўшыся, панна Марыя спынілася перад гаспадыняй замка і, пакланіўшыся, сказала:
— Добрая раніца, ваша міласць.
— Добрая, добрая, — незадаволеным тонам адказала княгіня.
На мужападобным яе твары, нібы вытачаным з белага мармуру, чытаўся выраз непераможнай пагарды. «Куды гэта ты так ляціш?» — як бы пытаўся яе позірк.
Адчуваючы, што сваёю паспешлівасцю яна можа выклікаць у княгіні гнеў, панна Марыя, тым не менш, прабегла міма яе. Расчыніўшы дзверы, яна выскачыла Ў двор…
Ян па-ранейшаму глядзеў на вокны. Разумеючы, што паедзе надоўга, ён хацеў развітацца з панначкаю. З самага першага дня расстання з ёю ён пакутаваў. Ведаючы характар панначкі, ён быў упэўнены, што ёй цяпер адзінока. Ён абдумваў свае планы, каб пабачыцца з ёю. Аднак нечаканыя ўказанні князя разбурылі ўсе яго задумкі. Цяпер ён спадзяваўся хоць бы здалёк паглядзець на прадмет сваёй мары.
Моладзь, заўважыўшы панну Марыю, прыціхла. Даволі рэдка выпадала ім бачыць такую прыгажуню, да таго ж так багата апранутую.
Іх маўчанне і дапытлівыя позіркі збянтэжылі панначку. Толькі цяпер яна зразумела, што яе шчырасць можа аказаць ёй нядобрую паслугу. Яна не столькі бачыла, колькі адчувала, што з-за шкляных дзвярэй за ёю назірае княгіня. Успомніўшы пра этыкет свайго паважанага роду, яна застыла на месцы. Але ўжо ў наступнае імгненне пачуццё, якім яна была перапоўнена, падштурхнула яе далей.
Заўважыўшы панначку, Ян зрабіў крок насустрач. Абодва, не скрываючы радасці, адышлі ўбок… Панна Марыя, жадаючы хутчэй зменшыць хваляванне, якое яе мучыла, загаварыла першая:
— Гэта я падказала князю ўзяць цябе ў Варшаву. Ян не адказаў. Не, не хваляванне за тое, што яны размаўлялі ва ўсіх на віду, абцяжарвала яго. Наадварот, яго перапаўняла пачуццё захаплення. Ён так хацеў пабачыць панначку!.. І вось мара збылася. Ён любаваўся ёю.
— Ты ведаеш, навошта вас вязуць? — спытала панна Марыя.
Позірк юнака, такі знаёмы, нарэшце вярнуў ёй спакой. Ёй хацелася зноў, як і раней, замілавана гаварыць, смяяцца, жартаваць.
Але Ян як быццам і не слухаў яе. Ён загаварыў неяк зусім пра іншае:
— Ведаеце, панна Марыя, пра што я думаў усе гэтыя дні? Калі не здзейсніцца пры жыцці тое, на што блаславіла нас неба, яно абавязкова здзейсніцца пасля…
— Цішэй, цішэй! — у той жа момант паспрабавала спыніць яго панначка. — Ты з глузду з'ехаў!
Але Ян не мог маўчаць пра тое, што ўсе гэтыя дні хвалявала яго сэрца.
— І чым больш я сталею, — працягваў ён, — тым больш упэўнены ў сваім пачуцці да вас. Гэтае пачуццё вырасла разам са мною. Цяпер яно такое вялікае, што нават сама смерць не зможа перамагчы яго. Яно будзе жыць і пасля мяне. Я буду з вамі заўсёды, мая панна. І я шчаслівы, што Гасподзь паслаў на мяне гэтакую раскошу.
Панна Марыя некалькі разоў спрабавала спыніць яго. Але жаданне выслухаць было вышэй яе сілы. І яна слухала менавіта так, як некалі слухала яго музыку і яго песні.
…Знікнуць цывілізацыя, людзі, забудуцца словы, аднак навекі застанецца маё пачуццё да вас. Лятаючы пад нябёсамі, яно дасць жыццё новаму свету: запаліць новае сонца, ачысціць ад попелу зямлю. О панна, мая панна!..
Панне Марыі хацелася падарыць Яну хоць кроплю надзеі. Але яна разумела, што перш-наперш ёй трэба вярнуць яго з аблокаў на зямлю.
— Абяцай, што сумленна выканаеш волю князя, — папрасіла яна. — Абяцай.
— Ні князю, ні вам, мая пані, чырванець за мяне не давядзецца, — упэўнена адказаў Ян.
А цяпер выслухай. Кожны божы дзень я буду ў думках пасылаць табе прывітанне і пажаданне ўдачы. — Гледзячы Яну ў вочы, панна Марыя ўсяляла ў яго свае абяцанні.— На ўсё астатняе хай будзе воля Госпада. Не будзем даваць клятвы і зараканні. Час праверыць нас. І дапаможа нам. — І яна тройчы перахрысціла каханага: — Дапамажы табе Госпадзі! Дапамажы табе Госпадзі! Дапамажы табе Госпадзі!
Так сваёю стрыманасцю адорвала яна надзеяй на лепшае як Яна, так і самаё сябе.
Перад заезнай замкавай аркаю, на плошчы, выстраіўся цэлы ланцуг экіпажаў. Тут жа сабраўся вялікі натоўп слуг. Праводзілі князя і яго світу. Падобныя провады адбываліся, звычайна, два разы ў год: восенню і ранняю вясною, калі князь ад'язджаў у Варшаву. Слугі плакалі.
А на тое была прычына: паўнапраўнаю гаспадыняю ў замку на час ад'езду была княгіня. Ужо сягоння няшчасныя прасілі Бога, каб князь вярнуўся хутчэй.
Галоўны экіпаж, запрэжаны, як звычайна, чацвёркаю адборных жарабцоў, стаяў каля моста праз роў. Пакуль сваё месца займаў толькі фурман. Іншыя экіпажы былі ўжо гатовы да адпраўкі. У экіпажах размясціліся кухары, слугі і моладзь, якую князь вёз на вучобу. У адным з іх знаходзіўся Ян. Акрамя таго, на плошчы гарцавалі, выхваляючыся сваім абмундзіраваннем, дзесяткі два коннікаў. Гэта былі княжацкія дружыннікі. У кожнага на касцюме красавалася пярэстая вышыўка герба Эрдзівілаў. Усе чакалі сігналу адпраўкі.
У цэнтры плошчы стаяў князь Станіслаў, яго жонка, панна Марыя і пан Чаляднік. Прыйшлі развітацца пан Гнезскі і пан Кржыш. Выканаўчая, што тычылася этыкету, княгіня Ізабэла гаварыла князю:
— Успамінайце сваю жонку. Паведамляйце аб сабе. — Пры гэтым выраз яе твару заставаўся суровым, быццам яна судзіла.
Князь глядзеў кудысьці міма яе, у бок замка. Здавалася, ён пытаўся: «А ці так неабходна яму некуды ехаць? А можа, лепш застацца?» Цяпер, калі ў замку пасялілася пляменніца, ён ужо не так рваўся з дому. Яму здавалася, што жыццё яго змянілася. Пасля доўгай спячкі ўпершыню прачнулася і засвяціла цёплымі промнямі надзея… Ён перавёў позірк на пляменніцу. Усмешка кранула яго хударлявы твар. Панна Марыя глядзела на яго шырока адкрытымі вачамі і як бы прасіла: «Застаньцеся». Эрдзівіл зрабіў крок і, узяўшы яе руку, пацалаваў кончыкі пальцаў. Панна Марыя ўсміхнулася, і ў той жа момант на яе вейках заблішчэлі слязінкі.
— Я буду лічыць кожны дзень, — ціха сказала яна. — Вяртайцеся як найхутчэй.
Князь не адказаў; было сумна да болю. Сягоння ўпершыню яму падумалася, што можна было б узяць пляменніцу з сабою. Жадаючы хутчэй скончыць сумны рытуал, ён раптам павярнуўся, звякнуў шпорамі і пакрочыў да карэты. Слуга адчыніў перад ім дзверку.
Пан Чаляднік, хаваючы ўсмешку ў пышных вусах, прагудзеў, звяртаючыся да праважатых:
— Ну, брація, пажадайце нам таго, чаго і сабе жадаеце! Поспеху, здароўя! І да хуткай сустрэчы! — Ён пакланіўся княгіне: — Да пабачэння, ваша міласць. — Потым павярнуўся да панначкі: — Пажадайце нам што-небудзь на развітанне. Як скажаце, так яно і будзе. Панна Марыя з усмешкаю адказала:
— Хай у дарозе будзе ў вас усё добра! Прыказчык азірнуўся на слуг, якія высунуліся з акон экіпажаў.
— Чулі? — самазадаволена гаркнуў ён. — Панначка жадае нам шчаслівай дарогі!
— Здароўя і шчасця яснавяльможнай панне!.. — чуліся развітальныя словы. — Цяпер ужо нам, бясспрэчна, будзе ўдача!
Здаецца, нібы хто крануў нейкую жывую струну: навокал загаварылі, заківалі, заўсміхаліся. У словах панны людзі адчулі шчырае спачуванне.