157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Гэтую раніцу панне Марыі азмрочыла сустрэча з княгіняй.

Панначка выйшла з апартаментаў мастака, і раптам пачуўся крык. Жадаючы даведацца, што адбываецца, яна заспяшала на голас і ўжо здалёк зразумела, што княгіня прабірае адну са служанак.

— Гэта княжацкі дом, а не канюшня! — гучна гаварыла тая. — Я не дазволю разводзіць тут гразь! Я прымушу цябе языком злізваць гэты пыл!

Раней панне Марыі не даводзілася чуць падобнае ад княгіні. Гаспадыня замка да ад'езду князя паводзіла сябе ціха. Панначка ўвайшла ў залу і, убачыўшы княгіню і служанку-дзяўчынку, звярнулася да раззлаванае пані:

— Чым вы так разгневаны, ваша міласць? Што здарылася?

Яе нечаканае з'яўленне на хвіліну ўціхамірыла княгіню. Тая разгублена азірнулася на панначку, быццам бы спытаўшы ў яе позіркам: «Што табе тут трэба?» Потым, трасучы падбародкам, грозна сказала:

— Не ўмешвайся. Гэта цябе не тычыцца.

— Я не ўмешваюся, — сама здзіўляючыся, адкуль у яе столькі смеласці, адказала панна Марыя, — проста хачу спыніць беспрадметную лаянку. Непрыстойна панне вашага ўзросту і становішча так паводзіць сябе ў прысутнасці прыслугі. Тым больш што ў суседніх пакоях дзесяткі іншых слуг, і яны добра чуюць кожнае ваша слова. Паверце, вашы дзеянні абражаюць вас у іх вачах.

— Абражаюць?.. — Княгіня была яўна здзіўлена. — Ты гаворыш пра знявагу да мяне?.. Хох, небарака, хто замуціў табе галаву падобнай лухтой? Дык гэта ж мая нявольніца! Мая рэч!

— Сапраўды, ваша нявольніца, — спакойна пагадзілася маладая панна. — І я ўпэўнена, што вы абражаеце сябе перад ёй.

Здзіўлены выраз на твары княгіні змяніўся зноў на гнеўны. Ёй не спадабалася тое, што заступніца двойчы паўтарыла адно і тое ж.

— Ну што ж, мілачка, — змрочна адазвалася яна, — прынамсі ты права ў адным — у тым, што тычыцца беспрадметнасці майго ўнушэння. Каб пакончыць з гэтым, я проста адпраўлю гэтую дрэнь на канюшню, каб ёй там добра ўсыпалі!

Яны не разумелі адно аднаго. Выхаваныя па-рознаму, яны былі такімі далёкімі адно ад аднаго, як паўночны і паўднёвы полюсы. Для панны Марыі слугі былі перш за ўсё людзьмі, як і яна сама, яна не грэбавала заводзіць з імі дружбу. І наадварот, старая княгіня прыраўноўвала слуг да быдла.

— Вы не зробіце гэтага! — горача заступілася за служанку панна Марыя.

— Не зраблю? — Княгіню шчыра здзівіла заступніцтва. — Па-твойму я не гаспадыня ў замку?

— Прашу вас, пашкадуйце гэтую малую, — папрасіла панначка.

— Што?! Хочаш быць добранькай перад імі? Бач ты, заступніца!.. Не ўмешвайся! Гэта мая справа! — У вачах княгіні замільгалі злавесныя іскаркі.— Калі ты яшчэ раз паспрабуеш пярэчыць мне, то я распараджуся, каб з табой абышліся менавіта так, як сягоння абыдуцца з гэтай дрэнню!..

Панна Марыя ўздрыгнула. Яна стаяла і амаль неўсвядомлена пазірала на старую княгіню, разлічваючы, што тая растлумачыць ёй сэнс сваіх слоў.

Але княгіня маўчала. Твар яе быў нерухомы, быццам мармуровая статуя, — толькі ў свіных яе вочках злосна бегалі чорныя зрэнкі. «Ведзьма!» — падумала панначка. І з упэўненасцю паўтарыла пра сябе: «Ведзьма! Ведзьма!» Ёй зрабілася жудасна.

Падпарадкоўваючыся гэтаму пачуццю, да таго яшчэ і пакрыўджаная, панначка павярнулася і кінулася прэч з залы.

Яна пабегла па параднай лесвіцы, выбралася ў двор і паспешліва пайшла да знаёмага ёй тунеля пад дварцовым будынкам.

Спынілася яна толькі тады, калі апынулася каля мядзведжай ямы. Ісці далей не было куды. Панначка абаперлася на парэнчы і заплакала… Яе кранула за жывое не столькі самалюбства, колькі безвыходнасць становішча. Яна крыўдавала на лёс, які падрыхтаваў ёй такія выпрабаванні.

Звер, пачуўшы незвычайныя гукі зверху, падняў галаву і ціха рыкнуў, як бы спытаў: «Чаго плачаш?» Ён стаяў і глядзеў на панначку, быццам спачуваў ёй.

Панна Марыя нарэшце заўважыла яго. Ёй захацелася прылашчыць звера. Яго фізіяномія выпраменьвала нявіннасць і зацікаўленасць, быццам гэта быў не цар лясоў, а малое дзіця. Гаркота амаль у той жа момант змянілася бесклапотнасцю. Панначка паказала далоні мядзведзю і, усміхнуўшыся, сказала:

— У мяне нічога няма.

Мядзведзь кіўнуў, рыкнуў у адказ і вяла паплёўся ў другі куток. Ён зразумеў яе.

Міжволі панне Марыі падумалася, што яе цяперашняе жыццё ў нечым падобна на жыццё гэтага звера. Яе кормяць, апранаюць, вучаць, каб у будучым, па жаданні гаспадароў, выпусціць у свет. Толькі кульмінацыяй тут павінна стаць яе замужжа.

XVIII

Стары парк спадабаўся панне Марыі з таго самага дня, калі яна ўпершыню пабыла там з князем Станіславам. Цяпер яна наведвала яго амаль кожны дзень. Прасторныя паляны, зіхаценне вады, птушыны гоман натхнялі яе на самыя светлыя надзеі. Ёй падабаліся гарбатыя паркавыя мосцікі, зробленыя з каменя, з парэнчамі з жалезных пруткоў. Узышоўшы на які-небудзь з іх, яна магла гадзінамі ўглядацца ў сваё адлюстраванне: назіраць, як гайдаюцца яе белакурыя валасы, развяваецца сукенка. Пры гэтым зусім не самалюбства займала яе, — гледзячы на адлюстраванне, яна забывала пра адзіноту. Ёй падабалася назіраць за жыццём у гэтым райскім куточку прыроды: тое, як капошацца ў зямлі краты, прыгаюць на галінках вавёркі, збіраюцца чародамі, падымаючы гоман, птушкі. Яна любіла прайсціся па зацененым біндажы, дзе ёй заўсёды чамусьці ўспамінаўся родны дом… Не падабалася ёй гуляць толькі па цэнтральнай алеі. Там яна неаднойчы сустракала князя Іржыка са сваім гайдуком. Акрамя таго, на алеі яе бянтэжылі мармуровыя бюсты старажытных знакамітасцей: ёй здавалася, што яны падглядваюць за ёй і нават… чытаюць яе думкі.

Звычайна, пахадзіўшы па парку, панна Марыя пераходзіла навясны мосцік і выбіралася на паляну, у цэнтры якой, на ўзвышэнні, стаяла закінутая каплічка. Папова горка адначасова і трывожыла яе і вабіла. Яе палохалі людзі, якія часцютка з'яўляліся каля сцен прытулку. Як правіла, яны былі бедна апрануты, непаголеныя і непадстрыжаныя. Часам было чуваць, як на горцы нехта граў на дудачцы. А іншы раз адтуль даносіўся спеў… Панначку цягнула на горку яе дапытлівасць. І ўсё-такі страх пераадольваў,— так ніводнага разу і не асмелілася яна туды падняцца.

Дні па-ранейшаму стаялі пагодлівыя, цёплыя, хоць па календары ўжо і наступіла восень. Прагулкі за межамі замка дапамагалі бавіць час. Пасля візіту да Гнезскага і кароткага сняданку, панна Марыя адпраўлялася ў Стары парк і там гуляла, у адзіноце, да самага абеду… Аднак неўзабаве здарылася так, што прагулкі гэтыя ёй давялося спыніць.

У гэты дзень, вяртаючыся ў замак, яна ішла па цэнтральнай паркавай дарожцы. Нечакана з-за кустоў прама на яе выкаціў на калясцы князь Іржык. Адразу ж адтуль з'явіўся і яго неразлучны слуга Дземянцей… З некаторага часу любая сустрэча з маладым князем прыносіла панне Марыі сапраўдныя пакуты. Князь тарашчыў на яе вочы, усміхаўся, працягваў да яе свае рукі. Сімпатыя ідыёта прыгнятала панначку. Апошняя не ведала, чым адказаць яму; сустракаючы яго, яна заўсёды старалася як мага хутчэй пайсці. На гэты ж раз звярнуць не было куды: з абодвух бакоў шчыльна акружалі яе хмызняковыя зараснікі, а таму панна Марыя направілася насустрач панічу.

Іржык утаропіўся на яе, як бездар на геніяльнае тварэнне. Здавалася, ён быў чымсьці напалоханы. Твар яго наліўся крывёю, а на вуснах блішчэла сліна…

Панначка паспрабавала абысці яго. Але Іржык зрушыў каляску — і зноў перагарадзіў ёй дарогу. Затым, выбраўшы самае важкае слова, адразу ж растлумачыў свой стан.

— Хачу!.. — тэнарам прапеў ён і раптам учэпіста схапіў панначку за руку вышэй локця.

Маленькі букецік палявых кветак, які сабрала яна каля падножжа Паповай горкі, выпаў у яе з рук, трапіў пад кола.

Панна Марыя застыла на месцы ні жывая ні мёртвая. Яна адчула, які моцны малады князь. І ўсё ж такі, сабраўшыся з духам, яна змагла крыкнуць:

— Адпусціце! Што вы робіце!..

Гучнае патрабаванне яе, аднак, аказалася толькі пустым ваганнем паветра. Паніч не тое, каб не зразумеў яе слоў,— ён проста не палічыў неабходным услухоўвацца ў іх! Ён прыцягнуў панначку да сябе, абхапіў яе і, млеючы, стаў церціся аб яе грудзі сваёй шчаціністай шчакой. Дотык прыдурка выклікала ў небаракі шок. Задыхаючыся, яна, тым не менш, змагла крыкнуць:

— Князь!.. О Божа!.. Адпусціце! Адпусціце ж!..

Аднак Іржык толькі яшчэ больш даходзіў да шаленства. Ён мацней абхапіў панначку і стаў цалаваць яе сукенку. Гэта былі не звычайныя, у прывычным разуменні, пацалункі,— Іржык прыціскаўся вуснамі да жывата і грудзей панначкі, імкнучыся скрозь тканіну сукенкі адгадаць яе скуру, удыхнуць пах яе цела. Панна Марыя разгубілася зусім. Валасы яе раскідаліся, сукенка задралася і пакамечылася. Дзіка азіраючыся ў бакі, яна пракрычала не сваім голасам:

— Дапамажыце, дапамажыце ж хто-небудзь!..

Дземянцей, да якога нарэшце дайшло, што гэтае свавольства паніча можа яму дорага каштаваць, шагнуў да каляскі і вызваліў панначку. Аднак ад Іржыка не вельмі проста было пазбавіцца. Рашуча развярнуўшыся, той зноў абхапіў небараку. Дземянцею давялося зноў заступіцца. Прытрымліваючы каляску, ён штурхануў панначку, даючы ёй гэтым зразумець, каб тая хутчэй ішла прэч. Між тым паніч распачаў з ім бойку. Учэпісты і моцны, ён наводмаш ударыў бамбізу далонню па плячы. Апошні пахіснуўся, як малады дубок ад рэзкага парыву ветру, потым павярнуўся і палажыў свае цяжкія рукі на плечы задзіры, прыціснуў яго да сядзення. У адказ Іржык укусіў яго за локаць… Тым часам панна Марыя выбегла з парка і кінулася да замкавай аркі.

Неўзабаве яна была ў сваім пакоі. Як і пасля сустрэчы з княгіняй, яна адчувала сябе зняважанай. З залітым слязамі тварам, яна хадзіла ад акна да ложка, і наадварот, і спрабавала даць тлумачэнне таму, што толькі што адбылося. Учынак маладога князя бачыўся ёй дзікім, неверагодным, злачынным. Між тым ёй было зразумела, што гэта не выпадковасць і што з гэтага часу ідыёт не дасць ёй спакойнага жыцця. Яго позірк за сталом у Сталовай зале, страшныя ўсмешкі пры сустрэчы з ёй, нарэшце сённяшняя жудасная сцэна — усё гэта гаварыла пра тое, што над ёй навісла бяда. Панначцы хацелася схавацца, збегчы з замка. Яна хадзіла па пакоі і спрабавала прыдумаць якое-небудзь выратаванне. Але дарэмна. Ёй не было нават каму паскардзіцца!.. У душы яна адчувала сябе дзікай птушкай, якая трапіла ў клетку па волі лёсу.

XIX

— Які ж ты бязглузды, Дземянцей! — выгаворвала ў сваім будуары гайдуку старая княгіня. — Хлопчыку захацелася пазабаўляцца. Ну і няхай сабе! Невялікая персона!

Навіна аб тым, што яе сын з некаторага часу дамагаецца панны Марыі, зусім не расхвалявала княгіню. Наадварот, яна яе абрадавала. Хітрая, яна ўбачыла ў гэтым магчымасць для сябе займець уладу над пляменніцаю мужа. Сапраўды, цяпер, калі ў яе руках была такая «зброя», як захапленне Іржыка, яна атрымала магчымасць паступіць з упартаю паннай Марыяй так, як ёй уздумаецца.

— Заступнік знайшоўся, — працягвала бурчаць яна на Дземянцея. — Ніколі надалей не сунься ў іх адносіны! Няхай сама з'явіцца да мяне. Няхай пакачаецца каля маіх ножак, папросіць! А я яшчэ пагляджу, як мне паступіць з ёю!

Гайдук, не разумеючы, глядзеў на пані. Ведаючы яе характар, ён адгадаў з усяго таго, што было ёю сказана, толькі адно — тое, што панну Марыю чакаюць у бліжэйшы час сур'ёзныя непрыемнасці.

— Як жа так? — спытаў ён у яе. — Панначка ж знатнага роду! — Перш за ўсё яму хацелася высветліць, як яму паводзіць сябе ў будучым пры сітуацыі, падобнай учарашняй.

— Я, здаецца, сказала ясна, — груба адказала княгіня. — Не сунься не ў свае справы! Твой клопат аберагаць князя, а не дзявоцкасць панны Марыі. Гэта выскачка павінна быць удзячная за тое, што яе прыгледзелі. Кожны дзень па тры нарады зменіць. Трымаецца, быццам нейкая прынцэса. Калі-небудзь гэта ўсё роўна б здарылася.

Па-сапраўднаму, княгіне не было ў чым папракнуць панну Марыю. Але менавіта гэта і раздражняла яе. Да таго ж яна ненавідзела вартасці праціўніцы: яе маладосць, уменне апранацца. Яна зайздросціла ёй. Зайздрасць у сваю чаргу параджала жаданне зняважыць, зрабіць праціўніцы балюча. Не, не таму злавала яна на панну Марыю, што тая быццам бы не выконвала нейкіх там умоўнасцей свайго прадстаўнічага роду, — ненавісць княгіні разрасталася з адкрыццём новых і новых вартасцей маладой панны. Княгіне здавалася, што іх, гэтых вартасцей, празмерна многа.