157670.fb2
Апошняя фраза была кінута ёю хутчэй за ўсё выпадкова. Аднак, вылецеўшы з вуснаў, яна вярнулася ў свядомасць княгіні ўжо ў другой якасці. Старуха задала сабе пытанне: «А чаму б і не?» Чорная радзімка на яе вялым твары задрыжэла, нібы муха, якая сабралася ўзляцець, — моцнае хваляванне ахапіла гаспадыню замка.
— А чаму б і не? — паўтарыла яна ўжо ўслых, забыўшы пра слугу, які стаяў перад ёю. Яна падышла да адчыненага акна і выглянула на двор. Іржык раз'язджаў па двары, азіраўся, нібы дзікі звярок. Мусіць, ён спадзяваўся сустрэць панну Марыю. — Гэта будзе цудоўная пара! — сказала княгіня, і страшная ўсмешка перакрывіла ёй твар. — Ды яны ж проста створаны адно для аднаго!
Ёй хацелася засмяяцца. Але, даўно развучыўшыся гэтаму, яна змагла толькі затрэсці жыватом.
Гайдук працягваў тупа глядзець на яе, затым асмеліўся спытаць:
— Вы хочаце ажаніць князюшку на панначцы? — Відаць, ён слаба верыў у тое, што гэта магчыма.
— А чаму б і не! — адазвалася княгіня. — Прынамсі, гэта можа суняць яго.
Дземянцей акругліў вочы ад здзіўлення. Яму здалося, што гаспадыня жартуе.
— Аднак ці пагадзіцца яго міласць князь Станіслаў? — зноў з сумненнем пацікавіўся ён.
— Не кажы глупства, Дземянцей, — паварочваючыся да слугі, паўтарыла княгіня. — Як жа не пагадзіцца, калі дакумент аб шлюбе яму прад'явіць сама царква!
Гайдук больш не задаваў пытанняў. Ён ведаў усемагутнасць сваіх гаспадароў. Ведаў, што калі яны чаго-небудзь захочуць, то на іх шляху не будзе перашкод, — нават калі ім прыйдзе ў галаву апусціць з неба Месяц.
Даўгарукі, каратканогі, з маленькай стрыжанай галавою і вялікімі вушамі, якія тырчалі ў розныя бакі, князь Іржык нагадваў шымпанзэ. У круглых чорных вочках яго ўсё часцей стала свяціцца пачуццё радаснага ўзбуджэння, як у дзіцяці, якое толькі што разгулялася. Ён быў вельмі рухавы, хоць з выгляду і нязграбны. Яго непаседлівасць не мела межаў: то яго цягнула на паляванне, то — пакатацца на паруснай лодцы. Начамі ён спаў усяго па дзве-тры гадзіны. Небарака Дземянцей так вымотваўся за дзень, што нават стагнаў у сне…
У тую ноч, пасля выпадку ў парку, Іржык зусім не мог заснуць. Ноч была душная. З акна, як з печы, павявала гарачынёю. На вуліцы гучна стракаталі конікі, крычалі совы. Здавалася, прырода не збіралася спаць аж да раніцы. Паніча цягнула да панны Марыі. Ён ляжаў на ложку і млеў ад жаданняў. Колькі не хапала ў яго разумнага, столькі, нават з лішкам, было плоцкага. Грэшны інстынкт даводзіў яго да галюцынацый. Аднойчы дакрануўшыся да панны Марыі, адчуўшы ўпругасць яе цела, ён ні аб чым, акрамя як аб жаданні паўтарыць гэты дотык, цяпер не думаў. Ён ляжаў у ложку і ўспамінаў да дробязей дэталі сустрэчы ў парку. Ён успамінаў, якой лёгкай, амаль бязважкай, паказалася яму панначка; успомніў яе румянец, яе светлыя валасы, арамат якіх ён адчуваў да гэтага часу. Пажадлівасць мучыла яго. Нарэшце ён саскочыў на падлогу, прыгнуў у сваю каляску і, як быў, у сподняй бялізне, пакаціў вон са спальні. Моцна заснуўшы, Дземянцей не пачуў шуму колаў…
Іржык даўно выглядзеў пакой панначкі. Ён не мог не разумець, што панна Марыя — даволі дарагая «штучка» і што не так проста, аднымі капрызамі, яму яе дамагчыся. Але, не здольны валодаць сабою, яго міжволі па-ранейшаму цягнула да яе… Стараючыся як мага менш шумець, ён праехаў па замкавым калідоры і неўзабаве апынуўся каля дзвярэй панначкі. З асцярожнасцю, на якую толькі быў здольны, ён пацягнуў за ручку. Дзверы былі зачынены. Гэта акалічнасць раззлавала Іржыка. Намагаючыся, ён штурхануў дзверы. Але яны не паддаліся. І тады нецярплівы Дон Жуан саскочыў з каляскі і прыняўся высаджваць яе плячом…
Панна Марыя прачнулася, пачуўшы першы ж удар. Спрасонку ёй здалося, што ў пакой ломіцца нячыстая сіла. Яна села на ложку і старанна перахрысціла дверы тры разы… Але гэта не дапамагло. Хтосьці настойліва спрабаваў збіць засаўку. У паўцемры панна ўбачыла, як нехта ўздрыгвае ад кожнага ўдару. І тут яна чамусьці падумала, што гэта свавольствы княгіні! Гэтая думка напалохала яе страшэнна. Панна Марыя ўявіла сабе, як княгіня пераўтвараецца то ў дзіка, то ў воўка, то ў мядзведзя… І яна крыкнула не сваім голасам:
— Хто там?
Удары ў той жа час сціхлі, быццам іх і не было. У пакоі ўсталявалася поўная цішыня. Панначка нават падумала: ці не прысніўся ёй гэты перапалох. Але тут засаўка зноў здрыганулася… З гэтай хвіліны ўдары ў дзверы сталі больш гучнымі і патрабавальнымі.
Панначка саскочыла з ложку і кінулася ў пакой служанкі.
— Агнешка! Агнешка!.. Сюды, хутчэй!
Агнешка, таксама разбуджаная незразумелым шумам, ужо спяшалася ў спальню з вялікім падсвечнікам.
— Я тут, ваша міласць, — сказала яна. — Што здарылася?..
Панна Марыя не адказала, яна застыла на месцы прыслухалася да начных гукаў. Служанка паставіла падсвечнік на стол. Адбіткі святла асвяцілі пакой… Іржык за дзвярамі зноў прытаіўся. Відаць, яго ўвагу адцягнулі галасы.
— Нехта — там, за дзвярыма, — нарэшце вымавіла панначка. Яе калаціла. — Госпадзі,— яна раптам разрыдалася. — Заступіся! Прашу цябе!.. Ды што гэта за дом такі! Куды ты мяне пасяліў!..
— Супакойцеся, панначка, — адчуваючы адчай у голасе панначкі, ласкава сказала Агнешка. — Я зараз пайду і даведаюся. Можа, там нікога і няма.
Зняўшы адну свечку, служанка павярнулася, каб выйсці праз свой пакой. Але панна Марыя спыніла яе.
— Не хадзі,— ціха папрасіла яна. — Застанься, мне страшна.
Але Агнешка была настроена рашуча. Яна гатова была даць адпор любому, хто б там ні стаяў за дзвярыма спальні.
— Хто б ён ні быў,— адказала яна. — Я змагу яго справадзіць. Не мядзведзь жа гэта з нашай ямы.
Між тым Іржык, выламаўшы драўляную спіцу з кола, вырашыў паспрабаваць з яе дапамогаю адсунуць засаўку. Там, дзе справа тычылася яго жаданняў, ён праяўляў неверагодную кемлівасць. Але ў гэтыя начныя хвіліны пераважала нецярпенне. І таму ў яго нічога не атрымалася. Жаданне яго ўсё разрасталася — між тым у яго ўжо балела плячо і кроватачылі наабдзіраныя пальцы. Ён нерваваўся, мітусіўся і бурчаў, як малады, узвар'яваны блыхамі сабака.
За гэтым заняткам — спробай адчыніць дзверы з дапамогаю спіцы — захапіла яго Агнешка. Яна выйшла з суседняга пакоя і, ад здзіўлення, акамянела на парозе.
Заўважыўшы святло, Іржык кінуў спіцу і, развярнуўшы каляску, рашуча рушыў на служанку. Яго нападзенне было настолькі імгненным, што няшчасная нават не паспела адысці ўбок. Іржык штурхануў яе так, што тая ўдарылася аб вушак галавой і, паваліўшыся на падлогу, страціла прытомнасць. Паніч уехаў у пакой. Драўляныя абручы яго колаў застукалі па паркетнай падлозе. Заўважыўшы яркае святло, ён накіраваў каляску да адчыненых дзвярэй спальні…
Дрыжучы ад страху, панна Марыя запаліла ўсе свечкі. У спальні было светла, як удзень. Яна чакала вяртання Агнешкі. Як жа была яна здзіўлена, калі ўбачыла на парозе… князя Іржыка.
Яна заўважыла яго ў люстэрку. Ён сядзеў на калясцы і тарашчыў на яе здзіўленыя вочы. Панна Марыя была ні жывая ні мёртвая. Вочы яе закрыліся самі сабой, як ад непрытомнасці. Не ўсведамляючы, што робіць, яна выхапіла адну свечку з падсвечніка і, развярнуўшыся, запусціла ёю ў нязванага госця. Потым адбегла ў дальні куток і прыціснулася да сцяны спіной.
Іржык не варушыўся, працягваў здзіўлена глядзець на панначку. Ноздры яго раздзімаліся, а вочы блішчэлі. Страсць, якая прывяла яго сюды праз усе перашкоды, страсць, якая не давала яму пакоя вось ужо некалькі апошніх дзён, завалодала ім настолькі, што ён забыў аб усім на свеце. Ён гатовы быў сядзець вось так, насупраць панначкі, хоць цэлую ноч… Апрытомнеўшы ад першага ўражання, нарэшце ён асцярожна падкаціў да яе — і нечакана вываліўся з каляскі. Абхапіўшы ногі сваёй багіні, ён, стогнучы, стаў церціся аб іх шчакой. Дотык да яе даваў яму незвычайную, невыказаную асалоду.
Няшчасная панна Марыя, бледная, страціўшы голас і здольнасць разумець, дзе яна і што з ёй, не магла нават зварухнуцца з месца. Яна знаходзілася ў тым напаўзабытым стане, калі ўжо няма сілы змагацца і калі хочацца толькі аднаго: каб хутчэй скончыўся ўвесь гэты кашмар. Яе ванітавала ад страху і агіды.
Агнешка нарэшце прыйшла ў сябе. Яна паднялася і, хістаючыся, пайшла ў пакой сваёй пані. На парозе яна прыпынілася. Убачыўшы нямую сцэну, служанка прыйшла ў лютасць.
— Пайшоў! — закрычала яна не сваім голасам. — Прэч! — І кінулася на князя.
Іржык лёгка, адным рухам пляча, паваліў яе на падлогу. Але Агнешка не думала здавацца. Як курыца аберагае сваіх куранят, забываючы аб сабе, так і яна, рашуча і з лютасцю заступілася за панначку. Некалькі разоў Іржык адпіхваў яе. Служанка хапала яго за валасы, лупіла далонню па спіне, плячах, спрабуючы справадзіць нязванага госця.
Барацьба адцягвала ўвагу Іржыка, збівала яго пажадлівасць. Ён, нарэшце, адступіў. Азіраючыся навокал, нібы звярок, які трапіў у пастку, ён, падцягваючы, як шымпанзэ, свае ногі, няспешна папоўз да каляскі. Падцягнуўшыся на руках, ён лёгка залез на сядзенне і развярнуўся.
— Прэч! Прэч! — па-ранейшаму гнала яго Агнешка, быццам гэта быў не чалавек, а воўк, які прывалокся на двор.
Іржык нешта бурчаў і, азіраючыся, пакаціў прэч…
Агнешка праводзіла яго да самага калідора. Потым заперла дзверы і вярнулася.
Няшчасная панна Марыя стаяла ў кутку ўсё ў той жа паставе. Рукі яе былі сагнутыя ў локцях і прыціснуты да грудзей. Агнешку напалохаў яе выраз — на твары панны Марыі чыталася адлучанасць.
— Панначка! — ускрыкнула служанка і кінулася да яе. — Не трэба так! Не трэба! Усё скончылася! Ён пайшоў!.. Паглядзіце на мяне! Ён пайшоў!
Яна раптам разрыдалася, як дзіця. Але панна Марыя не адрэагавала на гэта. Яна стаяла і здзіўлена глядзела кудысьці перад сабой — у чорны прамавугольнік акна. Здавалася, ёю авалодала нейкая неверагодная думка. Агнешка абняла яе і пачала цалаваць у шчокі, у вочы, у лоб. Ласкаю яна спрабавала абудзіць у пані замерлыя пачуцці. Нарэшце яна свайго дасягнула. У панны Марыі пабеглі слёзы. Спачатку выкацілася адна вялікая сляза. За ёю паліліся другія. Кап-кап-кап — цяклі яны ручайком па яе шчоках. Панначка захлопала вейкамі. У той жа час да яе вярнуўся голас. Яна зарыдала.
— Божа, — вырвалася ў яе, — за што ты гневаешся на мяне? За што? У чым мой грэх? Ці я не верная твая раба?!. Навошта пасылаеш на мяне гэта выпрабаванне? Божа, злітуйся! Не гневайся на мяне! Прабач!
Ёй захацелася сесці. І Агнешка дапамагла ёй. Абедзве ўселіся прама на падлозе. Служанка абняла пані, прыціснулася шчакой да яе падбародка.
— Нічога, панначка, усё прайшло, усё добра. Мы больш нікога ніколі не пусцім сюды… Усё прайшло. Усё прайшло… Вы — самая харошая, самая добрая. Больш ніхто і ніколі не пасмее вас пакрыўдзіць. Паплачце, панначка. Паплачце…
Іх мокрыя твары блішчэлі ў святле свечак, якія ярка разгарэліся. Дастаткова было паварушыць рукой або галавой, як ім здавалася, што рухаецца ўвесь пакой. Яшчэ нядаўна гэта іх забаўляла, цяпер жа — насцярожвала. І таму яны стараліся сядзець спакойна. Абедзве плакалі і адчувалі, што слёзы прыносяць ім палёгку.
Так, абняўшыся, яны прасядзелі ў кутку да самай раніцы.