157670.fb2
У гэтую раніцу панначка не пайшла ў майстэрню Гнезскага. Пасыльнаму было сказана, што ёй не здаровіцца. Між тым яна папрасіла далажыць княгіне аб сваім жаданні сустрэцца з ёю.
Ужо ў хуткім часе яе запрасілі ў будуар гаспадыні замка. Магчыма, замкавыя калідоры і залы мелі «вушы». Як бы там ні было, аднак княгіня Ізабэла яшчэ да візіту панны Марыі ведала пра тое, што адбылося ўначы. У гэтую раніцу яна прыбралася ў сукенку з цёмна-карычневага аксаміту, якая была вышыта па ліфу золатам. Маршчыністы твар яе быў густа напудраны. Позірк жа выражаў стаічную ўпартасць і бясспрэчную ўпэўненасць. Здавалася, што яна не пані над сотнямі нявольнікаў, не гаспадыня багатага замка, а сам кат, які назірае з вышыні эшафота. Ёй не хапала толькі сякеры.
Панну Марыю пасадзілі насупраць княгіні. Бедалага хацела адразу выказаць прычыну свайго візіту. Але княгіня апярэдзіла яе.
— Мне ўсё вядома, — сказала яна. — Можаш не расказваць. Згодна, выпадак непрыемны. Аднак хвалявацца не варта. Падобная ліхаманка ў майго сына праходзіць хутка. Ну а я прыму меры. Больш таго, меры ўжо прыняты. Іржык, у пакаранне, пасаджаны ў замкавую башню. Ён даўно там не сядзеў. Яму варта паастыць. Упэўнена, уся справа ў бясконцай гарачыні.
Яна наўмысна спрашчала сітуацыю. Ёй хацелася выгарадзіць свавольніка і хутчэй замяць скандал.
— Ты павінна зразумець, мілачка, — працягвала яна, — мой сын — калека. На ім — Божая адмеціна. Не варта асуджаць істоту, якая паслана на зямлю для папярэджання грахоў.— Яна памаўчала, як бы даючы абдумаць значымасць сваіх слоў. Потым запэўніла: — Пераканана, што ён да цябе больш не заявіцца. Усё адбылося па чыстай выпадковасці. Проста заснуў гэты гультай Дземянцей. Заслугоўвае пакарання не хлопчык, а яго слуга. І ён атрымае яго! Пагэтаму і кажу: будзь спакойна, падобнае больш не здарыцца. — Яна раптам прагудзела басам, стрымліваючы смех: — Усё вельмі проста: ты яму прыглянулася. Ну што тут дрэннага!
Яна старалася надаць здарэнню нязначнасць. Адначасова ёй хацелася, каб агіда да яе сына змянілася ў панны Марыі на спачуванне.
— Іншы раз з ім можна і пафліртаваць, — падказала яна. — У жарт. Гэта пазабавіць хлопчыка. А табе гэта пойдзе ў залік за добрае дзеянне.
Княгіня закашлялася, паднялася з крэсла і адышла да акна.
З хвіліну суразмоўніцы захоўвалі маўчанне. Яны не бачылі таго краевугольнага каменя, на якім можна было б пабудаваць іх прымірэнне. Усведамленне нянавісці адно да аднаго звязвала ім язык. Ім хацелася як мага хутчэй разысціся.
— Я так хачу пагаварыць з табой канфідэнцыяльна. — Княгіня азірнулася на панначку. — У нас было дастаткова часу, аднак бяседы такой пакуль так і не атрымалася.
— Аб чым вы хацелі гаварыць са мной?
— Аб магчымасці навесці мост нашага ўзаемаразумення.
— Я ніколі не была супраць дружбы з вамі.
— Прыемна чуць, — адказала княгіня. Яна вярнулася, каб зноў заняць месца ў крэсле. — Павер, мая мілая, я жадаю табе таго ж, што і князь: багацця і знатнасці. Ён марыў зрабіць цябе першай у сваім княстве і жадае праславіць цябе на ўсю дзяржаву. Калі ласка! Некалі, многа год таму, ён марыў узняць на гэты трон мяне…
Панна Марыя паглядзела на суразмоўніцу са здзіўленнем. Упершыню яна падумала пра тое, што і княгіня калісьці была маладою. Ёй захацелася ўявіць яе твар такім, якім ён быў дваццаць год таму. Яна ўзіралася ў яе бясколерныя, з калючым выразам вочы, бачыла яе сівыя вусікі, вялізную валасатую радзімку на шчацэ — і чамусьці нічога, акрамя агіды і страху, пры гэтым не адчувала.
— Так-так! І не глядзі на мяне так, мілачка! — перахапіўшы позірк панны Марыі, сказала княгіня. — Некалі князь віўся каля мяне, як чмель вакол кветкі. Нават страляўся на дуэлі. Прызнаюся, я не кахала яго. Так! Аднак Госпаду было ўгодна нас злучыць. — Старуха задумалася. Праз хвіліну яна з сумам дадала: — Цяпер наступіла твая пара.
— Я не мару ні пра знатнасць, ні пра багацце, — шчыра прызналася панначка. — Як мне хочацца, каб вы зразумелі мяне! Мая доля — ціхае і сціплае шчасце.
— І адкуль у цябе гэта плебейскае ўяўленне, — нечакана груба адказала ёй княгіня. — Ты ўсміхаешся апошняму з халопаў, быццам пэру Францыі, і пры гэтым лічыш сябе яшчэ шчасліваю! — Падобныя пераходы, ад спакойнага тону да рэзкага і грубага, былі ўласцівы яе натуры. — Ты абавязана зразумець, што ў цябе іншае прызначэнне, — працягвала яна. — Ты падрыхтавана быць валадаркаю сваіх падданых і рабою знатнага і тытулаванага мужа, можа быць — самага знатнага з усіх вяльмож у каралеўстве. А ты мямліш пра нейкае ўбогае шчасце… Не думаю, што ты такая неразумная, як хочаш сябе паказаць. Проста ты сапсавана акаляючым асяроддзем, у якім ты знаходзілася да пераезду сюды. Табе ўнушылі светапогляд рабыні. Пакуль не позна, апамятайся, мілачка, і пачні новае жыццё. Я згодна дапамагчы табе ў гэтым.
— Дзякую, — адазвалася панна Марыя. — Спадзяюся, пытанне пра маё замужжа будзе вырашацца без прынукі.
— На ўсё воля Бога, — тут жа адказала ёй княгіня. — Не варта заракацца. Ды я кажу не пра гэта — я заклікаю цябе да разважнасці.
— Вось як. Аднак, здаецца, я не рабіла ўчынкаў, якія б ставілі пад сумненне маю разважнасць.
— Сапраўды, так. Але твая маці…
— Мая маці выйшла за беднага, але паважанага чалавека.
— Так, і атрымала навечна праклён ад патомкаў.
— Я не асуджаю яе.
— Затое асуджаюць людзі. Прабач, але любы паважаючы сябе вяльможа пры ўпамінанні яе імя проста смяецца.
— Вы не смееце так гаварыць!
— Я гавару тое, што ёсць, мілачка. Каб ты ведала, што чакае таго, хто не збіраецца захоўваць законаў свайго грамадства. І не трэба на мяне глядзець такім ваўчанём!
— У жыцці даводзіцца выбіраць, — не здавалася панна Марыя, — або пашану, або шчасце. Вы, здаецца, выбралі першае.
Гэта быў удар. І даволі такі адчувальны для княгіні. Апошняя маўчала добрую хвіліну, перш чым змагла адказаць.
— Ты, мілачка, проста заражана гэтай сваёй халопскай мараллю, — сказала яна. — Здаецца, ты засвоіла яе з малаком карміцелькі. Не гняві Бога! Твая маці прычыніла яму шмат клопату. За што і папакутавала. Не лезь у той жа вір! Будзь вышэй халопскіх уяўленняў аб жыцці! Падумай не пра сябе, а пра сваіх дзяцей, унукаў! Ці не стануць яны асуджаць цябе!
— Мая маці Бога не турбавала. Яна была анёльскай чысціні.
— Яна пайшла супраць волі бацькоў. Выйшла замуж за беднага. Няўжо гэта не грэх!
— Аднак жа пазней бацькі змірыліся з гэтым шлюбам і нават падарылі ёй Кляціху…
— Так, яны прабачылі ёй — але не Бог! У нябеснай канцылярыі ёй да таго часу ўжо быў выпісаны прыгавор! Вось таму яна і пакінула свет так рана.
Панна Марыя не адказала. Яна адчувала фальш у разважаннях княгіні. Але аргументаў даказаць гэты фальш у яе не знаходзілася.
Між тым старая княгіня вырашыла, што яе ўнушэнне дасягнула мэты, і, стараючыся замацаваць свой поспех, лісліва заўважыла:
— Усе мы пад Богам, як кураняты пад крыламі квактухі. І ўсе павінны падпарадкоўвацца яго волі. Калі табе наканавана быць над другімі, то выканай гэта прызначэнне. Не гняві неба. Бо калі не выканаеш, абавязкова будзе пакаранне. Падумай, падумай, мілачка, над тым, што я табе сказала!
Старая дагматка памылялася, яна не пераканала панначку. Панна Марыя не столькі разумела, колькі адчувала лжывасць яе разважанняў. Яна хацела жыць свабодна, без аглядкі на супрацьлеглыя догмы. Жывы прыклад маці, а галоўнае — упэўненасць, што тая была шчаслівая, падказвалі ёй, што яна мела правільнае ўяўленне аб жыцці і шчасці. Словы «усе мы пад Богам» яна разумела без агаворак. Яна хацела кахаць таго, каго кахала яе сэрца, і паводзіць сябе так, як гэта бачылася ёй натуральным…
Пакідаючы будуар княгіні, яна адчувала сябе нават больш упэўненай у сваіх перакананнях, чым раней.
Замкавы мастак не ведаў, што і падумаць. Другую раніцу падрад яму даводзілася бяздзейнічаць. Панна Марыя не з'яўлялася. Калі яму далажылі, што панначка нездарова, неўсвядомленая трывога пасялілася ў яго душы. Гнезскі зразумеў, што здарылася нешта нядобрае.
Некалькі год жыцця ў замку прывучылі яго да пэўнага распарадку. Ён вельмі цаніў час. Партрэтыст, сценапісец, рэзчык па мармуры, ён стараўся заняць свой дзень да апошняй хвіліны. Такі вобраз жыцця аберагаў яго, адзінокага чалавека, ад нуды і хандры. Але жыць і не мець свайго ідэалу ён не мог. У горадзе ён наведваў дом, дзе быў знаёмы з адной маладзенькай мяшчаначкаю, дачкой ганчара. Ён пісаў з яе некаторых багінь. Высокая, паўнагрудая, з вялікім румянцам на круглым твары, гэта дзяўчына вылучалася сярод равесніц сваёй прыгажосцю. Аднак нядаўна да яе пасватаўся адзін шляхціц, таму сябрам прыгажуні, у тым ліку і Гнезскаму, быў дадзены яе бацькамі паварот ад варот. З прыездам пляменніцы князя мастак забыў пра мяшчаначку. Прадметам яго захаплення стала панна Марыя. Рукі яе былі тонкія, як у дзіцяці, і на шчоках не зіхацеў такі багаты румянец — тым не менш, яна падабалася яму значна больш усіх ранейшых яго захапленняў. У апошніх сваіх работах — ці то роспіс сцен, ці то разьба па мармуры — ён абавязкова выкарыстоўваў штосьці ўзятае ў маладой панны: яе постаць, рысы твару, прычоску. Панна Марыя была больш жывой і разумнай за дачку ганчара. Яна трывожыла фантазію пана Гнезскага так, як ніхто раней. Упершыню, за ўвесь час жыцця ў замку, ён працаваў з асобым натхненнем. Яму не хапала дня, каб наталіць сваё жаданне працаваць. Ён працаваў раніцай, удзень, заседжваўся да позняга вечара. І адразу стала бачна выніковасць яго творчага ўзлёту. Нарэшце «запела і заіграла» яго «Святая Цыцылія», над якой ён працаваў з самай вясны; з'явіліся накіды да двух новых партрэтаў: князя Станіслава і панны Марыі. За тыя дні, што панначка жыла ў замку, у яго галаве нарадзілася столькі ідэй, колькі не ведаў ён за многія апошнія месяцы. Раніца, праведзеная з ёю ў майстэрні, даравала яму запал на цэлы дзень. Побач з панначкай яму хацелася жартаваць і смяяцца. Эмацыянальная натура яго была разбуджана прыгажосцю і сардэчнасцю панны Марыі. Трыццацісямігадовы чалавек па волі незразумелага чарадзейства ператвараўся ў яе кампаніі ў семнаццацігадовага юнака. Сустрэўшыся з жывой прыгажосцю, юнацтвам і шчырасцю, ён адчуў новае захапленне жыццём. Упершыню ён падумаў аб тым, што жыццё яму патрэбна не дзеля славы ў будучым, а цяпер дзеля такіх вось маленькіх імгненняў шчасця.
І што ж, вось ужо другі дзень ён не мог працаваць. Пэндзаль валіўся ў яго з рук. Справа, за якую ён узяўся з такім жаданнем, раптам спынілася. Панна Марыя не з'явілася ў першую раніцу. Не прыйшла яна і на другую… Здавалася, у мастака аднялі палатно і фарбы. Ён быў у адчаі. Седзячы ў майстэрні, ён глядзеў у акно і бяздзейнічаў. Ён адчуваў, што нічога не зможа рабіць, пакуль не ўбачыць панначку; ён адчуваў сябе сляпым і глухім.
На трэцюю раніцу ён паслаў ёй запіску. «Што здарылася? — пытаўся ён. І прасіў: — Адкажыце. Можа, неабходна дапамога?»
Запіска была перададзена Агнешцы. Праз некалькі хвілін пасля гэтага служанка прыйшла ў майстэрню і сказала, што яе гаспадыня жадае перагаварыць з ім. І ўжо праз чвэрць гадзіны Гнезскі і панна Марыя гулялі разам за межамі замка, у Старым парку…
Гнезскі быў усхваляваны, як юнак перад першым прызнаннем у каханні. З аднаго боку, ён быў рады, што зноў убачыў панну Марыю, з другога — пабойваўся адмовы панначкі ад ранішніх сустрэч.
— Губляюся ў здагадках, — шчыра прызнаўся ён. — Што здарылася? Мы так добра пачалі! Вы запалілі ўва мне такое жаданне працаваць! І што ж: мне тут дакладваюць, што вы нікога не прымаеце, нікуды не выходзіце… Што з вамі? Капрызы няпоўналетняй?.. Здаецца, вы заўсёды разумелі мяне. Зразумейце ж і цяпер! Вы мне патрэбны!
— А мне здавалася, што вы — не такі,— хітравата ўсміхаючыся, заўважыла яму ў адказ панна Марыя. — Мне здавалася, што вы — сталы, важны, як які-небудзь заможны шляхціц. Аказваецца, у вас столькі запалу! Вы — зусім юнак!