157670.fb2
— Валасы на вашым парыку так зблытаны, — заўважыла яна. — Вы нагадваеце гарэзу, які толькі што пабіўся. Ён яшчэ кіпіць страсцю бітвы, але ўжо атрымаў першы гузак.
— Панна Марыя, вы так мне патрэбны! — шчыра паўтарыў мастак. — Прашу вас, прыходзьце ў майстэрню! Ну хоць бы некалькі хвілін у дзень!.. Гэта неабходна мне, як паветра!
Панначка не адказала. Яна павярнулася і пакрочыла па сцяжынцы далей. Мастак рушыў следам за ёю.
— Пан Гнезскі,— праз хвіліну звярнулася яна да яго, — ці не маглі б вы зрабіць мне адну паслугу?
— Безумоўна, — адказаў майстар. — Прасіце што хочаце. Усё для вас выканаю. Хочаце, скокну з замкавай вежы?..
Панна Марыя ўсміхнулася, даючы зразумець, што ацаніла жарт. Ёй падабаўся гэты энергічны і ўражлівы чалавек.
— Збіраюся прасіць вас вось аб чым, — сказала яна. — Я прашу вас суправаджаць мяне толькі ў час маіх прагулак. — Яна патлумачыла: — З некаторага часу, так ужо здарылася, выходзіць адна, куды б там ні было, я не рашаюся…
Гнезскі здзіўлена паглядзеў на суразмоўніцу. Ён адгадаў штосьці страшэннае ў тым, што яна недагаворвала.
— Нехта зрабіў вам балюча?.. — спытаў ён. — Ах, ну вядома ж, — здагадаўся ён, — княгіня Ізабэла!
— Гэта не так важна, не пытайцеся, — адазвалася панна Марыя. — Толькі скажыце: вы згодны?
— Без усялякіх адгаворак! Вы можаце разлічваць на мяне ў любой справе. Я ваш!..
— Дзякую… Ведаю, як мала ў вас часу. Паўгадзіны ў дзень. І толькі тады, калі добрае надвор'е. Проста прайсціся. І, калі ласка, не запытвайцеся ў мяне больш пра прычыны…
— Пагаджаюся выконваць любую вашу просьбу, — адказаў Гнезскі. Ён быў шчыра рады прапанове. — І не хвалюйцеся за мяне. Для работы я знайду час. Гэтыя прагулкі дадуць мне значна больш. Адна хвіліна размовы з вамі ўзнагародзіць мяне натхненнем на некалькі гадзін. Ды што мой час! Я згодзен сядзець каля вашых ног днямі! Толькі загадайце!.. О, каб толькі вы ведалі, панна Марыя, колькі сілы вы даяце мне, якія крыніцы адкрываюцца ў маёй фантазіі!.. Я працую па загаду сэрца! Такі ўжо мой лёс!.. Князь і настаяцелі манастыра, дзе я раблю цяпер роспісы, добра мне плоцяць. Здавалася, я павінен быць усім задаволены. Але задавальнення няма! Справа ў тым, што я павінен не проста намаляваць, — я павінен паказаць характары персанажаў. У звычайным, сумным, як зацяжны дождж, жыцці падобнага не ажыццявіць. Варта запаліць агеньчык у сэрцы. А як гэта зрабіць?.. Вось, прыкладна, месяц таму вы сваім з'яўленнем і дапамаглі мне ў гэтым!
Панне Марыі было прыемна чуць гэтыя словы.
— Дзякую, — паўтарыла яна. — Ніхто ніколі не ўзводзіў мяне на такія п'едэсталы. Вы ставіце мяне занадта высока.
— Вы нават лепш, — адразу ж адказаў Гнезскі.— Запэўніваю вас. Уся справа ў тым, што ў вас чыстыя карані: вы добрая, сціплая, цнатлівая. Дабрачыннасці даволі рэдкія ў вашым становішчы.
— Проста я не звяртаю ўвагі на гэта сваё становішча. Для мяне значна важней само жыццё, а не яго ўмоўнасці. Вось вы: жывяце на натхненні, і гэта прыносіць вам радасць. Так і я. Я хачу жыць па загаду сэрца. Яно загадвае мне кахаць — і я кахаю. Загадвае плакаць — і я плачу. Я не ўмею прытварацца, ілгаць, асуджаць іншых за іх спіною. Я хачу гаварыць так, як думаю, а не так, як гэта камусьці хацелася б. Я хачу быць вольнай ад усіх ланцугоў.
Размова Іх працягвалася, час ляцеў імгненна. Яны нібы хацелі дапоўніць тое, што не сказалі адно аднаму за апошнія дні. І калі нарэшце самае важнае, на іх погляд, было выказана, яны перайшлі да больш празаічнай тэмы.
— Адчуваю, што вам адзінока, — сказаў Гнезскі.— Прапаную калі-небудзь наведаць са мною касцёл. Мая праца падышла да завяршэння. Цяпер я заканчваю апошнюю тамашнюю фрэску «Святая Цыцылія». Хачу, каб мая вапна загучала! Яркіх фарбаў і майстэрства для гэтага мала. Сваёй прысутнасцю вы маглі б дадаць мне сілы і натхнення.
Панна Марыя пагадзілася. Ёй хацелася дагадзіць Гнезскаму. Адначасова яна адчувала, што гэты чалавек гатовы заступіцца за яе. З ім ёй было спакойна.
З некаторай пары жыццё ў замку зноў стала трывожным. Часам у самы нечаканы момант замкавую цішыню мог парушыць які-небудзь гук: то разбівалася аконнае шкло, то чуліся крыкі і глухія ўдары аб сцяну, быццам нехта знутры спрабаваў знішчыць замак.
Вельмі хутка высветлілася, што прычынай гэтага шума, які звяртаў на сябе ўвагу, было зняволенне ў вежы маладога князя. Ён быў не згодны з паланеннем і, як мог, выказваў сваё незадавальненне. Ён наводзіў сябе так, як толькі што адлоўлены і пасаджаны ў клетку дзікі звер. Ён вырываўся на волю. Спачатку ён выбіў усе чатыры шклы вежавых акон. Затым умудрыўся ўзламаць драўляную столь. Нарэшце, пераканаўшыся, што праз верх яму не выбрацца, ён пачаў раскідваць падлогу… Каб неяк яго супакоіць, яму засылалі слуг — з пачастункамі. Але кожны раз тыя выбіраліся з вежы жорстка пабітымі.
Дземянцей, седзячы паверхам ніжэй, уважліва прыслухоўваўся да таго, што вычварае князюшка. Ён хмурыўся і незадаволена круціў галавой. Ён нават падумваў звязаць яго. Але не зрабіў гэтага, бо ведаў, што спачатку яму неабходна спытаць на гэта дазвол. Калі ж у вежы затрашчэлі дошкі з падлогі, ён не вытрымаў і адправіўся да гаспадыні замка.
Княгіня Ізабэла ведала пра свавольствы свайго сынка і была заклапочана не менш Дземянцея. Яна разумела, што выпусціць Іржыка нельга. Разгарачаны сваёй страсцю, той быў здольны натварыць сапраўдную бяду. Упершыню ў жыцці старая княгіня спалохалася.
— Ён не супакоіцца, ваша міласць, — упэўнена заўважыў ёй Дземянцей. — Хоць бы не ўздумаў выскачыць з акна.
— Ён можа выбрацца з вежы?
— Не, — адказаў слуга. — Але ён можа пакалечыцца. Я прыйшоў спытаць: ці не загадае ваша міласць звязаць яго?
— Звяжы, калі не ведаеш іншага спосабу, — суха адказала княгіня. — Спадзяюся, твае вузлы не пашкодзяць яго здароўю?
— Ніяк не пашкодзяць, ваша міласць, ніяк, — адказаў Дземянцей. І тут жа дадаў: — Асмелюся, аднак, заўважыць, што гэта не выйсце. Нельга ж вечна трымаць яго ў вежы.
— Дык адвязі яго ў Летні парк, — раптам прапанавала княгіня.
— Гэта не дапаможа, — адказаў Дземянцей. — Пры першай жа магчымасці ён збяжыць.
— Адвязі далей.
— І адтуль збяжыць. Як не раз здаралася…
— Дык што ж рабіць? Прыдумай што-небудзь, Дземянцей. Няўжо няма выйсця?
— А што прыдумваць. Усё і так зразумела, ваша міласць: пакуль князюшка свайго не даб'ецца, ён не супакоіцца. І нічога тут не прыдумаеш. У ім сама прырода загаварыла!
— Можа, яго забавіць паляваннем?
— Ідэя добрая. Але часовая. Паўмера. Не, ваша міласць, відаць, ужо панначцы давядзецца ўступіць. Не ведаю, па-мойму, дык няхай хоць каралеўская дачка — толькі б князюшка быў задаволены.
— Нешта падобнае ўжо было ў нас, — успомніла княгіня. — Калі прыязджаў пан Ліпскі са сваёю дачкою. Малышка амаль не памерла ад страху…
Княгіня падышла да акна, задумалася. Трэба было неяк рашыць праблему. Яна ахапіла позіркам замкавы роў, затым паглядзела ўдалечыню, на горад. За возерам у зеляніне галінак старых дрэў добра быў відаць вялікі пазалочаны купал фамільнага касцёла Эрдзівілаў. Здалёк ён нагадваў купал галоўнага ватыканскага храма. Лёгкая смуга дрыжала над ім і вянчала яго высокім серабрыстым крыжам. У княгіні расшырыліся вочы. Нейкая неверагодная думка прыйшла ёй у галаву. Гаспадыня замка ўздрыганулася і азірнулася на Дземянцея. Яе жывот раптам затросся, а вочы прыжмурыліся, быццам яна нюхнула нейкай гаркоты, — старуха засмяялася…
Дземянцей, які баяўся яе не менш, чым іншыя слугі, адступіў на некалькі крокаў. Хто-хто, а ўжо ён добра ведаў, што калі княгіня смяецца, нічога добрага чакаць не давядзецца. На ўсякі выпадак ён азірнуўся на дзверы.
— Вось яно! — між іншым пераможна заўважыла княгіня. — Усё! Цяпер я ведаю, што рабіць! Ведаю! Усё проста, Дземянцей! — І яна зноў засмяялася.
— Вы нешта прыдумалі, ваша міласць? — нясмела спытаў гайдук.
Княгіня скончыла смяяцца, зморшчыны яе разгладзіліся, радзімка з'ехала ўніз. Звычайны, фанабэрысты і незадаволены, выраз з'явіўся ў яе на твары.
— Прыдумала, — сцвярджаючы адказала яна. — Дзейнічаць давядзецца хутка і рашуча. Трэба зрабіць так, каб да вяртання князя сёй-той ужо прымірыўся са сваім лёсам.
— Не разумею, ваша міласць.
— Хутка зразумееш, дурань. Задумка простая, хоць і не пазбаўлена мудрасці. Варта толькі вельмі добра падумаць, як трэба дзейнічаць. Ад цябе, неразумнага цельпука, патрабуецца дакладнае выкананне маіх загадаў.
Дземянцей так і пайшоў, не даведаўшыся, што менавіта яна задумала…
Між тым старой княгіні спатрэбілася яшчэ цэлая гадзіна, каб абмазгаваць свой план. Пасля гэтага яна адразу пачала яго ажыццяўляць. Першай у яе апартаменты была вызвана Агнешка.
— Скажы, мілая, — звярнулася яна да служанкі,— ці ёсць у тваёй гаспадыні парадная белая сукенка?