157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

— Так, ёсць, — ахвотна прызналася Агнешка. — Яна збіралася пазіраваць у ім пану Гнезскаму.

— Вось як, цікава…

Адказ служанкі поўнасцю задаволіў інтрыганку. Белая сукенка, адна з умоў ажыццяўлення яе каварнай задумы, была. Заставалася, калі спатрэбіцца, прымусіць панну Марыю апрануць яе… Адпусціўшы Агнешку, яна загадала закладваць экіпаж. Ёй трэба было з'ездзіць у касцёл, каб пагаварыць з ксяндзом, — даць яму сякія-такія загады. Размова, якая павінна адбыцца, таксама тычылася яе задумы. Яна не сумнявалася ў тым, што галоўны служка храма падтрымае яе ідэю, бо лічыла сябе гаспадыняю не толькі над сваімі халопамі.

XXIV

Касцёл — той самы, дзе заканчваў свае роспісы Гнезскі,— з'яўляўся адначасова магільным склепам Эрдзівілаў. У яго шырокім сутарэнным памяшканні стаяла ўздоўж сцен больш за паўсотню дубовых дамавін, у якіх змяшчаліся цынкавыя саркафагі з прахам прадстаўнікоў гэтага знатнага роду. Запаяныя саркафагі мелі невялікае шкляное акенца, зробленае над галавою нябожчыка. Некалі ў гэтым жа сутарэнні знаходзіліся і дамавіны з целам верных слуг Эрдзівілаў. Аднак пазней смердаў вынеслі і перазахавалі на гарадскіх могілках.

Два гады таму ў касцёле распачалі рамонт. Князь Станіслаў прывёз з Варшавы Гнезскага. І вось тытанічная праца майстра і яго памочнікаў падыходзіла да свайго завяршэння. Гнезскаму засталося толькі зрабіць апошнюю фрэску на столі. Кожная лінія абноўленага храма была выведзена яго рукою. Майстар нікому не давяраў гэту работу. Яго падначаленыя займаліся толькі замешваннем вапны і размешваннем фарбаў…

У гэты дзень панна Марыя і пан Гнезскі не разлучаліся. Раніцой яны гулялі ў Старым парку; пасля абеду адправіліся ў касцёл. Гнезскі адчуваў, што панначку па-ранейшаму нешта турбуе. Ён стараўся яе развесяліць, гаварыў пра жывапіс, музыку і пра сваю паездку, якая хутка павінна была адбыцца. Яны ішлі па насыпной дарозе праз княжацкую сажалку. Наперадзе маячыў, заклікаючы, пазалочаны купал Фарнага.

— Атрымаю ўзнагароджанне, адпраўлюся ў Італію, — летуценна гаварыў мастак.

Яму хацелася ўбачыць двухметровае пяро на адной з вядомых фрэсак Леанарда да Вінчы. Ён марыў убачыць скульптуры Мікеланджэла. Аб маючай адбыцца паездцы ён гаварыў натхнёна, выказваючы ў сабе столькі дзіўнага для яго ўзросту юнацкага запалу. Слухаючы яго, панна Марыя ўспомніла Яна. Таму таксама выпадала знаёмства з новымі мясцінамі. Задумаўшыся пра каханага, яна забыла пра мастака. Свядомасць яе панеслася ўслед за Янам: яна гуляла з ім па незнаёмай ёй Варшаве, бачыла тое, што бачыў ён, чула яго голас… З некаторай пары яна часта ўспамінала свайго сябра. Яна нават і не падразумявала, што ў яе выспела да яго такое глыбокае і ўпэўненае пачуццё. Думкі аб ім служылі для яе своеасаблівым шчытом: яны выратоўвалі яе ад ціхага вар'яцтва, якое навявалася страхам і сумам замкавага жыцця. Нават шчырыя і натхнёныя выказванні Гнезскага не давалі ёй столькі прыемнага, колькі гэтыя думкі пра каханага.

Перахрысціўшыся на прыступках, яны ўвайшлі ў храм. Позірку панны Марыі адкрыліся зробленыя майстрам роспісы. Яна бачыла іх упершыню. У малюнках, якія прадстаўлялі тую ці іншую сцэну нябеснага жыцця, пераважалі блакітныя і пунсовыя фарбы. Здавалася, вялікі рух ахапіў той свет: у промнях, што прабіваліся скрозь аконнае шкло, лёталі анёлы, ківалі галавой, размаўляючы, суровыя апосталы, рухаліся цені, паблісквалі і варушыліся сукенкі… Не хапала толькі галасоў. Непарушная цішыня ахапіла гэты фантастычны мір!

— Ну як, падабаецца? — самазадаволена ўсміхаючыся, спытаў Гнезскі.

Ён быў прывучаны да таго, што яго мастацтва прыводзіла ўсіх у захапленне. — Іншы раз мне нават самому не верыцца, што ўсё гэта рабіў я сам.

Зала была прыбрана. Раніцою тут ужо праводзілі службу. Рыштаванні стаялі толькі ў адной яго частцы — бліжэй да дзвярэй. Там жа чаляднікі рабілі замес вапнавага раствору. Убачыўшы пана Гнезскага і панну Марыю, працаўнікі пакланіліся ім.

Гнезскі адказаў кіўком. Сягоння ён быў поўны гордасці за тое, што прыйшоў сюды з такой прыгожай і знатнай асобай. Пасля таго як госця ўсё агледзела, ён зноў звярнуўся да яе:

— Я абяцаў паказаць вам сваю «Цыцылію».

Ён падвёў панначку бліжэй да рыштаванняў і, паказаўшы на паўкруг на столі, сказаў:

— Вось яна!.. «Святая Цыцылія», багіня музычных чараў!.. Адзін старажытны філосаф назваў яе «самай прывабнай з святых».

Панна Марыя паглядзела ўверх — і ўбачыла вялікую яркую фрэску. Тая зіхацела свежасцю фарбаў. Спачатку госця рашыла, што гэта зіхацяць каляровыя кропелькі вады. Разгледзеўшы фігуру маладой панны ў чырвонай сукенцы, яна падумала аб Божым анёле, які пераўвасобіўся ў жывую цудоўную істоту. Ёй ніяк не прыходзіла ў галаву, што перад ёй просты малюнак… Фрэска адлюстроўвала дзяўчыну, якая сядзела за арганам. Рукі яе былі аголены, а светлыя кучары раскіданы па плячах. Пальцы ляжалі на клавішах. Яе твар, звернуты да слухача, выказваў самазабыццё. Багіня іграла, не гледзячы на інструмент, яна нібы ўнушала сваю музыку: унушала выразам твару, жывымі рукамі, усімі складкамі сваёй сукенкі. Яна сама была музыкай!

Адчуўшы, што фрэска ўразіла панначку, Гнезскі прызнаўся:

— Я спрабаваў прымусіць сябе, каб фарбы загучалі. Хацеў, каб вапна разам з імі здабыла свой голас.

Панна Марыя ўзіралася ў адлюстраванне напалову націснутых пальцамі святой клавішаў, і ёй здавалася, што яна сапраўды чуе музыку. Густыя гукі аргана адбіваліся ў яе сэрцы і трывожылі яго. Яна чула хрып басавых труб, які прымушаў яе дрыжаць, чула выразныя пералівы высокіх гукаў. Ёй здавалася, што хісталіся рыштаванні і бразгацела шкло ў вокнах. У музыцы, якую яна чула, хаваліся таінствы жыцця: яго першапрычыны, непазбежнасць існавання, духоўнасць, бясконцасць. Панна Марыя слухала, і гэтыя таінствы былі ёй зразумелымі — раскрываліся, як пялёсткі кветкі раніцой, — свет адкрываў перад ёю сваю існасць.

Яе маўчанне спачатку азмрочыла Гнезскага. Але калі ён прачытаў у вачах госці самазабыццё, то зразумеў, што яго праца ўразіла яе. У той жа момант радасць ахапіла яго! Твар яго засвяціўся.

— Яна такая цудоўная, — нарэшце выказалася панна Марыя пасля доўгага маўчання. — Кажуць, нельга палюбіць камень. Глупства! Я закахалася ў яе адразу!

Гнезскі не адказаў. Рэдка хто гаварыў яму пра яго працы вось так — ад сэрца. Знатакі проста хвалілі яго. Вывады іх бачыліся яму крывадушнымі, быццам яны былі выказаны зайздроснікамі. Панна Марыя сказала толькі аб пачуцці, якое варухнулася ў ёй. Але мастак бачыў у яе словах сапраўднае адлюстраванне свайго майстэрства. Ён зразумеў, што чыстыя душы прымуць яго творчасць… Самая вялікая пахвала не абрадавала б яго так, як гэты сціплы і шчыры водгук панны Марыі.

XXV

Здавалася, раніца наступнага дня не павінна была прадказваць ніякіх узрушэнняў. Як заўсёды, рана распачалі мітусню замкавыя слугі. Яны падмяталі і палівалі двор, выскрабалі дарожкі ад травы, якая сям-там паспела падняцца за ноч, чысцілі клеткі. Ціхі Маўр прачнуўся раней за ўсіх і прасіў ужо есці. Яго роў разбудзіў панну Марыю…

Прачнуўшыся, яна доўга ляжала ў ложку, глядзела ў акно на блакітнае возера. Мітусня слуг на двары і ў калідорах закалыхвала яе, выклікала салодкую дрымоту. Ёй хацелася думаць пра што-небудзь прыемнае. Яе цягнула прагуляцца ў парк, зноў наведаць касцёл. Яна ўспомніла, што пасля снедання за ёй павінен быў зайсці пан Гнезскі. Але да снедання было яшчэ далёка. І таму яна не спяшалася ўставаць. Ведаючы звычку пані рана прачынацца, у спальню ўвайшла Агнешка. Заўважыўшы ўпершыню, пасля нядаўняй жудаснай ночы, спакой у яе вачах, яна сказала:

— Рада бачыць вас пры добрым здароўі і настроі. Спадзяюся, вам сніліся салодкія сны.

Замест адказу панна Марыя пацягнулася. І адразу ж на яе твары ўспыхнуў румянец. Яна адкінула коўдру і, саскочыўшы з ложка, нечакана пачала прытанцоўваць. Яшчэ два дні таму яна сядзела ў тым жа самым пакоі і ўздрыгвала ад нязначнага шораху, — цяпер жа крызіс мінуў, страшнае забылася, сэрца яе пацягнулася да жыцця. Яна ўзяла за руку Агнешку і зрабіла некалькі грацыёзных «па», паказваючы, як быццам яна танцуе з кавалерам, потым раптам рассмяялася над сваім крыўляннем. Служанка, вызваліўшы руку, сказала строгім тонам:

— Паводзіце сябе, як маленькая дзяўчынка!

— Хопіць хандрыць, Агнешка. Хачу весяліцца!

— Разумею, ваша міласць. Толькі не варта рабіць гэта зранку. Дрэнная прыкмета.

— Што?.. — Панначка апусцілася ў крэсла, утаропілася збянтэжана на суразмоўніцу. — Што гэта за новыя прыкметы?

Сур'ёзнасць служанкі крыху ўціхамірыла яе весялосць. Выхаваная ў вёсцы, у асяроддзі састарэлых людзей, яна не магла не зведваць да прымхаў пэўнай боязі і павагі.

— Зусім не новыя, — папраўляючы белы карункавы каўнерык на сваёй сукенцы, адказала Агнешка. — Усім вядома: хто рана смяецца, вечарам абавязкова будзе плакаць.

Гэты напамінак быццам бы аглушыў панну Марыю. Тая прыціхла. У яе зноў прачнулася непрыемнае прадчуванне. Шчокі яе па-ранейшаму палыхалі румянцам, аднак весялосць яе як рукой зняло.

Здагадаўшыся, што менавіта засмуціла панну Марыю, Агнешка паспешліва папрасіла прабачэння:

— Ваша міласць, панначка, я не хацела. Не звяртайце ўвагі на мае бяздумныя словы.

Працягваючы аб нечым разважаць, панна Марыя адказала:

— Не-не, нічога. Ідзі.

Усплеск яе радасці лёгка перайшоў у смутак. Яна думала пра будучае. Хто ведае, што можа здарыцца з ёй у гэтыя два-тры месяцы, пакуль князь Станіслаў будзе ў ад'ездзе. Без яго яна адчувала сябе ў замку бяспраўнай, залежнай ад яго міласці выпадку. Куды вецер лёсу пагоніць яе бездапаможны караблік жыцця?.. Агнешка пайшла, а панна Марыя засталася са сваімі невясёлымі думкамі. Яна нават і не заўважыла, як падышоў час снедання…

У сталовай зале княгіня завязала з ёю размову.

— Спадзяюся, ты ўжо супакоілася? — яна запытальна зазірнула ў вочы панны Марыі.

Не жадаючы гаварыць на непрыемную ёй тэму, панначка змушана ўсміхнулася і адказала:

— Так.

Княгіня працягвала:

— Не варта прымаць блізка да сэрца тое, што адбылося. На тое мы і слабы пол, каб цярпець. — І дадала: — Калі ты выйдзеш замуж, то на ўсё ты будзеш глядзець зусім інакш.

Панна Марыя здзіўлена паглядзела на яе: вельмі незвычайным паказаўся спакой княгіні і тое, як яна вымавіла апошнія словы. Панна Марыя адчула, што яе праціўніца штосьці задумала.

— Не разумею, — шчыра прызналася панначка. — Пра што вы хочаце сказаць?

— Я хачу сказаць, — ахвотна адгукнулася княгіня, — што кола свайго лёсу круцім не мы самі — а сілы, якія стаяць вышэй нас. А таму да зменлівасці лёсу варта адносіцца спакойна і нават у некаторай ступені раўнадушна. Ім мы павінны падпарадкоўвацца. Разумею, ты яшчэ такая маладая. Табе цяжка змірыцца. Аднак часам на дарозе жыцця здараюцца павароты, калі рашэнне неабходна прымаць вельмі хутка…

— З чым гэта мне «цяжка змірыцца»? — насцярожылася панна Марыя. Ёй не спадабалася напышлівая размова княгіні.— Прабачце, ваша міласць, я бачу, што вы хочаце штосьці паведаміць мне. Скажыце тады мне прама пра гэта.

— О Божа, — зрабіўшы выгляд, што незадаволена нездагадлівасцю суразмоўніцы, прамовіла княгіня. — Проста я хачу цябе супакоіць! Усяліць у цябе смеласць і ўпэўненасць! — Адчувалася, што яна паддражнівае панначку, што яшчэ адна-дзве хвіліны — і яна сапраўды паведаміць ёй аб нечым незвычайным. — І папярэдзіць!.. Я вучу цябе! Маю я права цябе павучаць?