157670.fb2
— Твая справа. Калі я за тыдзень не дамоўлюся з ёю, то пакатаешся яшчэ тыдзень… Нічога, — заўважыўшы здзіўленне ў вачах слугі, сказала княгіня, — дзянькі стаяць пагодлівыя, бабіна лета. Можна і пагуляць. Запамятай толькі адно: пасля таго, што здарылася, усе мы звязаны адною ніткай. Або Іржык і гэта ўпартая знойдуць агульную мову, або князь Станіслаў здыме табе і мне галаву.
Даючы зразумець, што размова закончана, яна ўзяла са стала званочак і пазваніла. Увайшла служанка. Дземянцей моўчкі развітаўся.
Адзіны, каго дапускала да сябе ў пакой пустэльніца, быў пан Кржыш. Яшчэ раніцою ён прынёс сёй-той яе скарб. Рашучая госця заявіла, што не выйдзе з кабінета да таго часу, пакуль не вернецца князь Станіслаў.
Каля поўдня пан Кржыш прынёс ёй снеданне. Панначка з'ела гарачы піражок, выпіла чашачку кавы. Хваляванне, якое пачало мучыць яе яшчэ з учарашняй раніцы, не адпускала яе ні на хвіліну. Панна Марыя не магла ні спаць, ні плакаць. Яна ўздрыгвала ад нязначнага шоргату.
Чуламу пану Кржышу было балюча на яе глядзець. Ён разумеў, як яна пакутуе, і расстройваўся сам. Не ведаючы, як супакоіць панначку, ён проста стараўся менш знаходзіцца ў яе пакоі.
І ўсё ж, роўна ў поўдзень ён вымушаны быў увайсці да яе і сказаць:
— З вамі жадае гаварыць княгіня…
Панна Марыя ўскочыла, быццам яе нечакана ўкалолі.
— Не пускайце, не пускайце! крыкнула яна і задрыжэла ад страху.
— Будзьце разважлівымі,— адказваў бібліятэкар. — Размова непазбежна. Пастарайцеся супакоіцца.
Выказаўшыся, ён выйшаў. Відавочна, княгіня настойвала на сустрэчы і пан Кржыш не мог не пусціць яе ў кабінет.
Панна Марыя пачала кідацца з кутка ў куток. Першай яе думкай было пабегчы ў бібліятэчную залу. Яна зрабіла некалькі крокаў да дзвярэй, потым спынілася. Нечакана яна зразумела, што пан Кржыш гаворыць праўду і што размовы з гаспадыняй замка ёй не пазбегнуць. Так, пасярэдзіне кабінета, яе і засцігла старая княгіня.
Прама з парога пасыпаліся пытанні:
— Што такое, мілачка? Узбударажыла слуг! Вакол амаль што загавор! Чаму пазбягаеш мяне? Навошта заперлася? Ты што, маеш намер перасяліцца сюды?
Выгаворваючы, яна прыбліжалася да панны Марыі. Нечаканы немы крык панначкі спыніў яе.
— Не набліжайцеся да мяне! — не сваім голасам крыкнула яна.
Княгіня Ізабэла, якая збіралася прачытаць ёй доўгую натацыю, уздрыгнула, спынілася ў разгубленасці. Ніхто ніколі не павышаў на яе голасу. Ёй нават здалося, што панна Марыя звяртаецца да некага трэцяга ў гэтым пакоі. Яна была па-сапраўднаму здзіўлена.
— Як гэта… Як? Што такое? — Княгіня азірнулася. Але позірк пана Кржыша, які стаяў у дзвярах, нічога не праясніў ёй. — Не разумею, — прызналася яна.
— Я сказала: не падыходзьце да мяне! — паўтарыла панна Марыя. У яе голасе гучаў бязмежны адчай. Вось так, калі перацягваюць струну, пачынае здавацца, што дастаткова нязначнага намагання — і тая лопне.
Цэлую хвіліну ў кабінеце панавала цяжкае маўчанне. За гэты час твар княгіні зрабіўся барвовым. У яе вачах зайгралі агеньчыкі гневу. Яна хацела нешта сказаць, ды прамаўчала. Толькі было чуваць, як яна адсопваецца. Відавочна, словы — а галоўнае тон пустэльніцы закранулі яе.
— Што такое, мілачка? — збіраючы рэшткі спагады, спытала старая княгіня. — Хто так пакрыўдзіў цябе?
Яна дакранулася рукой да пляча панны Марыі. Маладая панна адрэагавала на гэты дотык, як на ўдар бізуном: яна адхіснулася, падбегла да акна і расчыніла яго насцеж. Азірнуўшыся, яна ўсклікнула:
— Яшчэ крок — і я выкінуся з акна! Ідзіце адсюль! Пан Кржыш зняў акуляры, стаў старанна праціраць іх насоўкаю.
Ён глядзеў некуды ўбок. Рукі яго дрыжэлі, а вочы слязіліся. Між тым ён ужо ведаў, што калі княгіня будзе працягваць наступ, яму давядзецца спыніць яе…
— Дзівачка, — усміхнуўшыся, сказала княгіня. — Ніхто не збіраецца прычыніць табе боль. Не разумею прычын непаслухмянасці. З учарашняга дня ў цябе з'явілася ўсё: тытул, знатнасць, багацце! Адным узмахам ты атрымала тое, аб чым некаторыя мараць усё жыццё!
— Вяртаю ўсё гэта вам, — адказала панна Марыя. — Пакіньце мне толькі адно: волю. Хачу сама распараджацца сабой. Пакіньце мяне ў спакоі. І не падыходзьце!
— Дзікунка, — адказала княгіня. — Ну як мне з табой згаварыцца! — І яна міжволі зрабіла крок наперад.
Панна Марыя закрычала:
— Прэч! Прэч! — Яна раптам ускочыла на падаконнік і сутаргава схапілася за раму.
Княгіня перахрысцілася, усклікнула:
— Божа, ды яна проста страціла розум! — І тут жа нечакана злосна спытала: — Нячысты ў цябе ўсяліўся, ці што? Што з табой? Дык я ж па-добраму!
Пан Кржыш, якому гэты дыялог разрываў сэрца, не вытрымаў нарэшце, ціха сказаў:
— Ваша міласць, княгіня, вам лепей пайсці. Прабачце мяне. Вы ж бачыце, у якім панначка стане. Цяпер не той час, калі з ёй можна размаўляць. Ёй неабходна супакоіцца.
— Добра-добра, — адказала старая княгіня. — Я пайду. Проста мяне абурае яе тон. І паводзіны. Вы павінны зразумець мяне, пан Кржыш. Яна не хоча слухаць маіх добрых парад! Яна выганяе мяне! Як быццам я ёй чужая. Ужо месяц, як мы жывём пад адным дахам.
Пара ўжо зразумець мяне і быць памяркоўнай. Хоць бы з павагі да майго ўзросту. — І яна зноў звярнулася да панначкі:— Калі б князь Станіслаў чуў цябе, ён быў бы незадаволены.
Даючы зразумець, што яе абразілі, княгіня павярнулася і направілася да выхаду.
Калі яна выйшла, панна Марыя апусцілася на кукішкі. Упершыню за гэтыя два дні яна заплакала. Яна ўсхліпвала, як пакінутае ўсімі дзіця. Пан Кржыш падышоў да яе, дапамог злезці з падаконніка. Потым ён выцер ёй слязінкі. Націснуўшы пальцам на яе пачырванеўшы носік, ён сказаў:
— Паглядзіце, куды вы маглі зваліцца.
Панна Марыя выглянула ў акно. Прама пад ёй знаходзілася тая самая, знаёмая ёй, яма з мядзведзем. Ціхі Маўр стаяў на задніх лапах пасярод ямы і са здзіўленнем пазіраў уверх. У тое самае імгненне, калі панна Марыя звярнула на яго ўвагу, ён грозна зарычаў, як бы зрабіў заўвагу. Панначка ўскрыкнула, адштурхнулася ад акна…
— Прашу вас, — звярнуўся да яе пан Кржыш, — паберажыце сябе. Ваша жыццё намнога даражэй, чым вы думаеце. Яно неабходна тым, хто побач з вамі: мне, пану Гнезскаму, слугам, усім, хто вас ведае. Так-так, не здзіўляйцеся! Ваша сэрца — скарб для ўсіх нас! Падумайце, калі б вы вырашылі прыгнуць, што было б са мной, з астатнімі? Навошта жангліраваць тым, што дорага для большасці. За гэты месяц мы, жыхары гэтага старога замка, добра вас спазналі і палюбілі. Абяцайце, што ў далейшым не станеце так рызыкаваць сабой, будзеце асцярожнай і мудрай.
Упершыню за гэтыя два цяжкія для яе дні панна Марыя адчула сябе крыху лепей. Нейкая ўнутраная ласкавая цеплыня прабегла па яе жылах. Ад слоў бібліятэкара ёй зрабілася значна лягчэй. Здзіўляючыся гэтай перамене ў сабе, панначка ўсміхнулася і ціха адказала:
— Абяцаю. Абяцаю, мілы пан Кржыш.
У гэты ж дзень, выконваючы волю княгіні, Дземянцей павёз князюшку ў Летні парк. Каб угаварыць на гэта свайго капрызнага пана, яму давялося паабяцаць паляванне на мядзведзя.
Калі яны паехалі, слугі заняліся адпраўкай у Летні парк Ціхага Маўра. У яму спусцілі вялікую клетку, на дно якой папярэдне палажылі кавалак мяса. Дзверы клеткі прыўзнялі. Звер кінуўся да прыманкі. Захлопнуўшы дзверы, клетку выцягнулі і пагрузілі на павозку. Незадаволены тым, што яго падманулі, Ціхі Маўр падняў такі роў, што перапалашыў усіх коней у замкавай канюшні…
Дземянцей, князюшка і ўсе тыя, хто звычайна суправаджаў іх у час палявання, у гэты дзень размясціліся на звычайным сваім месцы — на паляне перад загонам. Быў выпушчаны заяц — і князюшка пазабавіўся першым выстралам. На гэты раз Дземянцей не спяшаўся. Ён разлічваў адцягнуць увагу князя ад яго думак пра панну Марыю. Наступнай ахвярай павінен быў стаць малады воўк. Але, выпушчаны з загону, той, падціснуўшы хвост, адразу кінуўся наўцёкі. Яго не напаткала ні адна куля. Дымам ад стрэльбы завалакло ўсю пляцоўку. Князюшка даходзіў да шаленства.
Кульмінацыя забавы наступіла гадзіны праз дзве, калі на паляну нарэшце выпусцілі Ціхага Маўра. Апынуўшыся на волі, мядзведзь быццам разгубіўся. Застыўшы на месцы, ён пацягнуў носам, — выбіраў, у які бок падацца, затым пайшоў назад, у загон, але слугі адагналі яго адразу ж.
Незвычайна вялікі звер і тое, як ён паводзіў сябе, — гэтыя абставіны расслабілі паляўнічых. Людзі апусцілі стрэльбы, утаропіліся на ахвяру, быццам на клоуна, з'яўленне якога доўга чакалі. У хуткім часе засяроджанасць іх змянілася на стан звычайнай весялосці.
— Гы-гы-гы, — лыбіўся, гледзячы на касалапага, малады князь.
Дземянцей ад здзіўлення разявіў рот. На нейкі час ён забыў пра свайго гаспадара, як і пра ўсіх тых, хто стаяў побач.