157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Раптам звер адчайна затрос галавой: нейкая мошка трапіла ў вуха Ціхага Маўра, і ён злосна зарычаў. Яго валтузня выклікала яшчэ большае ажыўленне ў стане маладога князя: слугі не маглі стрымаць смеху. Нават на вечна хмурым твары Дземянцея вырысоўвалася нейкае падабенства ўсмешкі.

Між тым мядзведзь вызваліўся ад перашкоды, павярнуўся і мірна паплёўся ў бок паляўнічых. За час знаходжання ў яме ён прывык да людзей.

Дземянцей спахапіўся, паказаў князю на стрэльбу. Жэстам ён падказаў, каб той страляў мядзведзю ў вока. Князюшка адмахнуўся, даючы зразумець, што ведае сваю «навуку», падняў стрэльбу і стаў цэліцца.

Тым часам адлегласць скарачалася. Мядзведзь ужо падышоў да адмеціны, за якую падыходзіць зверу забаранялася. Гайдук, звычайна паважны і асцярожны, на гэты раз не вытрымаў, пачаў прыспешваць князя.

— Страляй, князюшка! Страляй! — крыкнуў ён. Якіх-небудзь дваццаць крокаў аддзяляла людзей ад звера. Князь Іржык марудзіў. Ён прывык атрымоўваць асалоду ад сваіх забаў. Ён адчуваў невыказнае задавальненне ад таго, што рызыкаваў. Звер знаходзіўся так блізка, што ён мог нават накінуцца на каго-небудзь са слуг. Рашэнне пальнуць у яго бачылася князю вельмі простым. Яму хацелася вывудзіць з моманту максімум задавальнення. Ён быў упэўнены, што яго стрэл калі не заб'е, то напужае звера. Да таго ж ён ведаў, што Дземянцей і слугі не дадуць яго ў крыўду.

Вясёлы галдзёж на паляне вельмі хутка змяніўся поўнай цішынёй. Стала чуваць, як шалясціць трава пад лапамі звера, які павольна плёўся. Потым усе раптам перапалохаліся. Чакаючы выстралу, слугі пачалі крычаць, стараючыся адпужаць мядзведзя. І сапраўды, гэты шум насцярожыў яго. Ціхі Маўр спыніўся. Ён узняўся на заднія лапы і моцна зароў. Позірк чорных вачэй бедалагі, здавалася, запытваў: «Што вы так расшумеліся? Няўжо напалохаліся мяне?» У той самы міг, калі ён выдаў сваё прывітанне, раздаўся стрэл. Іржык трапіў зверу ў самае вуха. Вырваўшы шматок поўсці і скрабануўшы па чэрапу, куля з шыпеннем адляцела ў траву.

Мядзведзь паваліўся на зямлю, гучна зароў. Ён абхапіў галаву пярэднімі лапамі і стаў качацца, быццам жадаў, але не мог зрабіць кульбіт. Калі ён зноў выпрастаўся і адняў лапы з морды, стала бачна, што кроў заліла яму вочы. Не маючы хвіліну таму злых намераў, звер пасля гэтага гатовы быў разарваць любога з тых, хто яму мог папасціся. Устаўшы на чатыры лапы, ён з незвычайным спрытам скокнуў на людзей…

Дземянцей зрабіў крок наперад, ускінуў стрэльбу. Ён цэліў мядзведзю ў сэрца. Але папасці ў яго было ўжо няпроста: звер, як заяц, падскокваў, імгненна набліжаўся. Гайдук стрэліў у той самы момант, калі лапа мядзведзя кранулася ствала стрэльбы. Куля папала ў зямлю. Другою лапай звер шкрабануў Дземянцея па твары, адкінуўшы бамбізу, як тое пёрка, убок. У той жа момант раздалося адразу некалькі стрэлаў. Слугі стралялі ва ўпор з блізкай адлегласці. Белым дымам зацягнула ўсю паляну…

Ціхі Маўр быў паранены. Але ні адна з куль не паваліла яго. Ён зноў накінуўся на людзей. Тыя рынуліся ўрассыпную… У два скачкі звер падскочыў да каляскі, на якой сядзеў зусім разгублены князюшка і скрабануў сваёй вялізнаю кіпцюрастаю лапай яму па галаве. Ён зняў з няшчаснага скальп… Ачмурэлы ад болю і паху свежай чалавечай крыві, ён пачаў рваць на кавалкі цела сваёй ахвяры. Затрашчаў кафтан, хруснулі косці, на траву вываліліся слізкія вантробы. Мядзведзь мясіў цела, рваў яго зубамі і кіпцюрамі, быццам помсціў ахвяры за нанесеную раней крыўду.

Раздалося яшчэ некалькі стрэлаў. Людзі стралялі з-за кустоў, з-за агароджы вальера. Мядзведзь, хістаючыся, увесь запырсканы сваёй і чужой крывёю, нарэшце адышоў убок ад разарванага на кавалкі князя і нечакана паваліўся на зямлю. Глыбокія сутаргі пачалі трэсці яго тулава і лапы. Нехта са слуг, больш смялейшы, падбег і выстраліў у звера з блізкай адлегласці. Ціхі Маўр перастаў біцца. Слугі мітусіліся. Яны былі ўсхваляваны і не ведалі, што рабіць. Адны галасілі, нібы звар'яцелыя, другія, уткнуўшыся галавой у зямлю, стагналі, трэція ціха плакалі. Былі сярод іх і такія, хто шукаў князя… А побач, у лагчынцы, закрыўшы далонямі твар, круціўся ваўчком на траве, храпучы ад болю, вялізны Дземянцей. Скрозь пальцы яго сачылася кроў. Калі да яго падышлі і аднялі ад яго твару далоні, то ўбачылі замест вачэй дзве акрываўленыя яміны. З іх і з глыбокіх рваных палос на яго лбе густа лілася кроў.

— Князюшка!.. — не сваім голасам лямантаваў гайдук. — Дзе ты?.. Не бачу!..

У гэты дзень шырокая пад'язная алея Летняга парка была вузкая для княжацкіх слуг. Егеры, леснікі, дружыннікі таўкліся, як пчолы вакол маткі, накіроўваліся да выхаду і са шкадаваннем стагналі на розныя галасы. Ім было шкада князюшку. Адначасова яны ўсведамлялі, што гэта бяда абяцае кожнаму з іх жорсткую кару. На паблажку яны не спадзяваліся, а таму аплаквалі загадзя і сябе. У цэнтры натоўпу чатыры чалавекі неслі на плячах шырокую драўляную бочачку для салення мяса. У пасудзіне знаходзіліся падабраныя з паляны астанкі маладога князя…

У ста кроках за натоўпам ішла яшчэ адна група людзей. Тут вялі аслеплага Дземянцея. Верх яго галавы быў закручаны белаю анучай, скрозь якую сачылася кроў. Ад страты крыві гайдук паслабеў, яго літаральна цягнулі пад рукі. Нібы скрозь сон, ён паўтараў і паўтараў бясконца, як звар'яцелы:

— Князюшка!.. Не бачу цябе!.. Не бачу!.. Падспудна, наколькі дазваляў невыносны боль, ён адчуваў, што не збярог князя. І гэта мучыла яго нават больш, чым сам боль. І калі б ён пачуў цяпер голас пана, ён, безумоўна, забыўся б пра сваю страшэнную муку! Цяпер ён гатовы быў памерці, бо ўжо ні на што не спадзяваўся… І тым не менш, ён зваў яго. Ён зваў князя да таго часу, пакуль яго вялі ў замак. Зваў потым, калі трызніў у сваёй каморцы. Зваў да той пары, пакуль свядомасць не пакінула яго цела разам з душой…

XXXIII

Нечаканая і страшная смерць князя Іржыка ўціхамірыла ў замку ўсіх. Панна Марыя вярнулася ў свае апартаменты. Слугі перасталі наракаць, — больш таго, сваімі паводзінамі яны імкнуліся выказаць старой княгіні шчырае спачуванне. Здарэнне ў Летнім парку як бы нагадала ўсім, што перад лёсам усе роўныя: і слугі, і іх паны.

У замку запанаваў такі спакой, якога, бадай, не было там з самага нараджэння князя Іржыка.

Бочачку з часткамі цела загінуўшага ўстанавілі ў Развітальнай зале на лакіраваным чорным стале. Яе накрылі сукном. З бакоў гэтага незвычайнага, хоць і часовага, прыстанішча нябожчыка запалілі свечы, размешчаныя ў форме крыжа. Недаверлівая княгіня вырашыла не чапаць знявечанае цела сына. Ужо адна думка пра тое, што нехта будзе капацца ў яго астанках, прыводзіла яе ў жах. Яна вырашыла так і пахаваць яго — не вымаючы з бочачкі. Неабходна толькі зрабіць адпаведнай формы саркафаг. З гэтай нагоды ў замак з горада быў выкліканы лудзільшчык…

У той жа дзень вестка пра смерць маладога Эрдзівіла была паслана эстафетай у Варшаву. Візіцёраў вырашана было прымаць з наступнага дня. Пахаванне назначылі правесці адразу ж пасля прыезду князя Станіслава.

Вечарам таго ж дня ў замку чакалі лудзільшчыка. Гэта асоба выклікала ва ўсіх павышаны інтарэс. Чалавек падобнай прафесіі запрашаўся ў замак у рэдкім выпадку. Ніхто не ўзяўся б прадказаць, калі ён з'явіцца туды ў наступны раз. Ён прыходзіў у дзень смерці аднаго з Эрдзівілаў — з тым, каб навечна захаваць забальзаміраванае цела памерлага ў цынкавы саркафаг. У гэты раз, калі ён нарэшце з'явіўся, княгіня не вытрымала — разрыдалася. У сваім чорным плашчы з капюшонам, высокі і барадаты, ён паказаўся ёй пасланцом з пекла. Праз слугу яна аб'явіла яму аб сваім жаданні: за ноч бочачка павінна быць захавана ў саркафаг. Выслухаўшы, майстар пакланіўся.

За акном было ўжо цёмна, калі ён размясціўся ў замкавай плавільні. Слугі ўнеслі бочачку. Майстар узяўся за справу.

Спачатку ён працаваў доўга малатком і спецыяльнай формай, выкарыстоўваючы саркафаг звычайных памераў, ён нарасціў яму бакавіны. Потым расплавіў у печы свінец і заліў канаўку па ўсяму шву. Пасля гэтага ён замацаваў на дне саркафага бочачку і прыпаяў века. Дзецішча яго атрымалася такім жа няўклюдным, якім быў пры жыцці сам нябожчык. Так воляй лёсу князю Іржыку было падрыхтавана здзіўляць людзей і пасля смерці… Лудзільшчык зашліфаваў месцы пайкі, затым выставіў саркафаг на сярэдзіну плавільні. Работа была закончана. Ён прысеў каля акенца, каб дачакацца разліку за сваю працу…

На працягу наступных некалькіх дзён замак даймалі візіцёры. Галоўным чынам гэта былі суседзі маёнтка. З'яўляліся там і прадстаўнікі мясцовай гарадской управы. Быў дапушчаны і просты люд. Усіх здзіўляла форма саркафага. Цынкавы гроб быў кароткі, быццам для малога дзіцяці, але высокі і нечым нагадваў прас. Простыя людзі, неасвядомленыя з тайнай гэтага захавання, тут жа выдумвалі тлумачэнні. З'явілася байка аб тым, быццам маладога князя пахавалі седзячы, паколькі мядзведзь пераламаў яму спіну. Гаварылі і пра д'ябальскі горб, які быццам бы вырас у самы момант смерці князя, калі з таго выходзіла д'ябальская сіла… Каб спыніць з'яўленне падобных небыліц, княгіня забараніла простым людзям наведваць замак. Аднак гэта ўжо нічога не магло змяніць. Сутыкнуўшыся з тайнай, а яшчэ і на забарону, цікавасць людзей вылівалася ў з'яўленне куды больш неверагодных чутак. У горадзе загаварылі раптам пра тое, што князь Іржык жывы і што замест яго ведзьма збіраецца пахаваць…мядзведзя.

— Гэты гроб распірае ад вялікай колькасці яе грахоў! — крычалі на вуліцы асабліва адчайныя галовы. — Не дзіва, што ён такі высокі і тоўсты!

Такіх крыкуноў лавілі і жорстка лупцавалі, адбіваючы ў іх жаданне фантазіраваць. Тым не менш, агульнае нараканне, звязанае з пахаваннем маладога князя, у горадзе не спынялася…

XXXIV

— Дзядзя, родненькі! — радасна ўсклікнула панна Марыя, калі князь Станіслаў з'явіўся на парозе яе пакоя.

Эрдзівіл стаяў перад ёю ў цяжкіх запыленых батфортах і доўгім плашчы. Бледны твар яго захоўваў выраз засяроджанасці і смутку, як у маршала, які вымушаны прыняць рашэнне аб адступленні.

Пляменніца падбегла да яго, палажыла яму на грудзі галаву.

— Дзядзя, — паўтарыла яна. І раптам заплакала. Дачакаўшыся свайго заступніка, яна тут жа ўспомніла пра нанесеную ёй, і неаднойчы, крыўду.

— Я ўсё ведаю, мая радасць, — адазваўся князь. Ён пяшчотна абняў пляменніцу, пацалаваў яе ў лоб і паўтарыў: — Усё ведаю.

Разумеючы, што няшчаснай неабходна выплакацца, ён не імкнуўся яе суцешыць — проста глядзеў ёй у твар, гладзіў па руцэ і чакаў, чакаў, калі яна супакоіцца. Нарэшце ён сказаў:

— Абяцаю, мая ненаглядная, што больш табе не давядзецца ліць слёзы. Ні адна істота на свеце нават не пасмее коса глянуць у твой бок. Я паеду ў Рым і развядуся!

— Не-не, не рабіце гэтага! — адказала панна Марыя.

— Я павінен адвесці цябе ад бяды!

Князь прайшоў да крэсла. Ён быў узбуджаны. Па ўсім было відаць, што ён вельмі стаміўся. Любая фізічная нязручнасць прыводзіла яго ў стан раздражнення.

— Я, безумоўна, мог бы ўзяць цябе з сабой, — усеўшыся, працягваў ён. — Але пагадзіся, табе трэба вучыцца.

І князь раптам загаварыў пра высокі аўтарытэт сваёй фаміліі. Ён зноў успомніў пра жаніха, якога шукае для панны Марыі, зноў прыняўся маляваць карціну таго будучага фурору, які павінна была выклікаць пляменніца, упершыню з'явіўшыся перад свецкай знаццю. Вельмі хутка летуценнік збіўся на абсалютную фантазію.

Панна Марыя вярнула яго на зямлю.

— Не пра тое хачу гаварыць з вамі, родны мой дзядзя, — сказала яна. — Не пра поспех у далёкіх сталіцах мару я, а пра спакой у сваім сэрцы. — Яна раптам папрасіла: — Выканайце маю просьбу. Запэўніваю вас, яе будзе дастаткова, каб супакоіць мяне на увесь тэрмін вашай адсутнасці.

— Прасі ўсяго, чаго толькі хочаш, — адказаў князь. Ён чакаў, што панна Марыя папросіцца ў Кляціху, і нават гатовы быў дазволіць ёй пабываць там. Але панначка нечакана сказала:

— Будзьце так ласкавы, дзядзя, дазвольце перасяліць ка мне з Кляціхі маю ранейшую служанку — Люцыю. Яна будзе для мяне і ўцехай і надзейнай заступніцай.

— Бачыць Бог, я буду толькі рады гэтаму, — адразу пагадзіўся князь. Яго здзівіла нязначнасць просьбы. — Дзеля ўсіх святых, мая радасць. Сягоння ж я вышлю за ёй экіпаж. Можа быць, у цябе ёсць яшчэ што-небудзь?

— Не, — адказала панначка.

— Захочаш, — сказаў князь, — прасі. Пакуль я дома, пастараюся выканаць тваю просьбу.

Ён памаўчаў, потым уздыхнуў і сказаў:

— Ну што ж, я пайду. Зайшоў прама з дарогі. Трэба пераапрануцца, прывесці сябе ў парадак. Сягоння будзе цяжкі дзень. — І, падняўшыся, выйшаў са скрыпам батфортаў з пакоя.

Гэта размова адбылася раніцой. А ў поўдзень гаспадары замка і іх набліжаныя адправіліся ў касцёл, дзе павінны былі адпяваць князя Іржыка.

Саркафаг паставілі ў дубовы, упрыгожаны пазалочанымі вензелямі гроб і на катафалку, у суправаджэнні світы духоўнікаў, сваякоў Эрдзівілаў і гасцей, перавезлі з замка ў касцёл. Невядома адкуль даведаўшыся пра пахаванне, народ запрудзіў плошчу каля брамы Фарнага. Княжацкім дружыннікам давялося рабіць жывы калідор. Катафалк спыніўся каля самых прыступак. Цяжкі гроб знялі і асцярожна перанеслі ў храм.

У хуткім часе пачалося адпяванне. Хор манашак з гарадскога жаночага манастыра заспяваў жалобную мелодыю. Галасам дапамагаў клавесін. Жалобнае песнапенне і музыка міжволі выклікалі ва ўсіх слёзы.

У час адпявання панна Марыя нечакана ўбачыла Гнезскага… Гледзячы на яе здалёк, ён, здавалася, прасіў у яе прабачэння. Пасля іх разлукі яна бачыла яго ўпершыню. Даючы зразумець, што не злуецца на яго, яна лёгенька пакланілася. Гнезскі адказаў ёй нізкім сардэчным паклонам.

Спеў манашак — то зусім ціхі, то моцны, як шум вадаспада, — выліваўся за межы храма. Народ, слухаючы, прыціх. Усе глядзелі ў бок адчыненых дзвярэй касцёла, быццам чакалі нейкага цуда — з'яўлення ў дзвярах князя Іржыка, самараскрыццё саркафага і іншага. Аднак нічога звышнатуральнага не адбывалася…