157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Ён быў крыху дзіваком, гэты Штэрн. Ён мог, напрыклад, нечакана перапыніць сваё тлумачэнне і, ткнуўшы пальцам на каго-небудзь з вучняў, спытаць:

— Што я сказаў? Паўтарыце.

Ян, у якога быў абсалютны музыкальны слых і добрая памяць, запамінаў не столькі сэнс сухіх фраз лектара, колькі інтанацыю яго голасу. На ёй ён потым дакладна ўзнаўляў сказанае, здзіўляючы не толькі сяброў, але і, галоўнае, немца.

Вельмі часта, у вольны ад заняткаў час, Ян успамінаў дом, родную вёску. Іншы раз яму раптам бачыўся палымнеючы касцёр, пры гэтым заўсёды ён адчуваў побач панну Марыю. Тая сядзела на траве, падагнуўшы ногі і прыціснуўшыся спіной да яго грудзей, і глядзела на язычкі полымя. Ён дыхаў ёй у патыліцу і млеў ад жадання пагладзіць яе светлыя валасы.

З асабліваю сілай падобнае бачанне ахоплівала яго вечарамі, калі ён заставаўся ў пакоі адзін. Калі яму рабілася вельмі сумна, ён браў скрыпачку і пачынаў іграць. Іграў, не запальваючы святла, у цемры. Спачатку для размінкі выконваў лявоніху або польку. Потым спрабаваў іграць пачутыя аднойчы на канцэрце, куды вадзіў іх князь, менуэты і паланезы. І толькі пасля гэтага пераходзіў да асабістых сачыненняў. Пачуўшы музыку, у пакой уваходзілі сябры. Музыка Яна гаварыла іх сэрцу пра многае. Слухаючы, яны ўспаміналі знаёмае ім з дзяцінства: галасы птушак, шэлест ліствы, завыванне ветра за акном у зімовы час. У такія хвіліны гэты вялікі і мнагалюдны горад пачынаў казацца ім чужбінай, і ўсе яны, быццам згаварыўшыся, пачыналі марыць аб адным і тым жа: як бы хутчэй вярнуцца дамоў.

Падобныя вечары збліжалі хлопцаў. А гэта ў сваю чаргу не магло дадатна не ўплываць на іх вучобу. Маладыя юнакі стараліся вучыцца не толькі дзеля таго, каб не прагнявіць князя, але і па ўласнай ахвоце. Ім хацелася ведаць асновы сваёй будучай прафесіі, каб, вярнуўшыся, дабавіць славы сваёй радзіме. Яны ўжо цяпер думалі пра славу сваіх будучых паркаў.

На экзаменах, якія праходзілі напярэдадні Калядаў, князя ніхто не падвёў. Самым лепшым аказаўся Ян. Адказваючы, ён нават пераймаў акцэнт лектараў.

Асабліва паспяхова адказваў ён па прадмету пана Штэрна:

— Для рэгулярнага парка характэрна строгая геаметрычнасць пасадак, газоны, фігурная стрыжка дрэў і кустарнікаў,— без запінкі адказваў ён на экзаменах. — Асаблівае месца ў такім парку займаюць скульптуры. Іх белыя сілуэты адцяняюць сакавітасць лістоты. За шпалерамі хаваюць ліхтары, каб у вячэрні час падсвяціць скульптуры…

У пана Штэрна нават загарэліся шчокі. Яшчэ б! Яго вучань паўтараў сказанае ім слова ў слова! Пасля такога бліскучага адказу немец не сумняваўся, што з гэтага вучня атрымаецца сапраўдны садоўнік і што, калі прадаставіцца такая магчымасць, ён, гэты садоўнік, створыць парк, пра які загаворыць уся Еўропа!

Выдатна адказаў Ян і па батаніцы. Па лісцях гербарыя яму трэба было назваць дрэвы. Экзаменуемы ні разу не памыліўся. Пан Штэрн адклаў убок указку, сказаў з захапленнем:

— Карашо, ошэнь карашо. Вы падгатовлен на самый высокій баль. І я сам скажу аб этом ваш кнейзе.

Ян пакланіўся пану Штэрну.

Перад ад'ездам князь распарадзіўся выдаць кожнаму з вучняў па невялікай суме грошай. Сабраўшы ўсіх у зале свайго варшаўскага дома, ён сказаў:

— Удзячны вам за старанне. Спадзяюся, у вас хопіць яго, каб паспяхова завяршыць вучобу. — І, перадаўшы грошы, дадаў: — А гэта вам на свята.

Напярэдадні Калядаў грошы былі вельмі дарэчы. Моладзь наладзіла на іх гулянку.

У той вечар у сталовай іх флігеля, дзе яны жылі, гарэла мноства свечак. Стол быў застаўлены рознымі стравамі, бутэлькамі… За акном завывала, нібы воўк на месяц, снежаньская завіруха, а ў флігелі Эрдзівіла, дзе было цёпла і ўтульна, гучалі песні. Моладзь пела пра тое, што было вядома ім з дзяцінства. Сумныя песні змяняліся вясёлымі. І наадварот. Кожны куплет паўтаралі па некалькі разоў. Перавага аддавалася ўсё-такі сумным песням. Кожная з іх была патаемная і доўгая, як і зімовая ноч. Пелі і ўспаміналі родную старонку:

Прыехалі тры казакі ў госці…Першы кажа: «Я Марусю люблю!»Другі кажа: «Я Марусю вазьму!»Трэці кажа: «Зеллейка дастану,Я з Марусяй… на ручнічку стану!Белым канём поле пераеду,…Сівым канём за мора даеду,Чорным канём зеллейка дастану».Адзін конік, як лебедзь бяленькі,Другі конік, як голуб сівенькі.Трэці конік, як воран чарненькі…

Напамінак пра каня, які недзе чакае іх, пра дзяўчыну, якая, можа, і не ведае, што пра яе думаюць і сумуюць, абуджала ў юнакоў шчымлівае пачуццё настальгіі. Іх цягнула да маці, братоў, сяброў. Гэтае жаданне, узмоцненае ўздзеяннем выпітага перарастала ў патрабаванне. Маладыя хлопцы гатовы былі адправіцца ў дарогу дамоў у гэты ж час, пешшу па снезе. І толькі музыка Яна ўціхамірыла іх гарачыя галовы. Яна валодала дзіўнай, амаль чарадзейнай уласцівасцю ўсяляць цярпенне. У гэты вечар Ян іграў доўга: іграў знаёмае і зусім новенькае, штосьці падслуханае на вуліцы ў катрыншчыка або з акенца якой-небудзь спявачкі-служанкі. Нарэшце ён зайграў сваю мелодыю — тую, што іграў летам, каля кастра, напярэдадні ад'езду панны Марыі. За гэтыя гады ён ускладніў яе, упрыгожыў пераходамі і імправізацыямі. Мелодыя гучала сапраўдным аркестрам, гучала ўпэўнена і ўрачыста. Здавалася, у ёй была сканцэнтравана цэлая гама пачуццяў: туга па радзіме, любоў, пяшчота. Адначасова яна падкупляла нейкай загадкай: яна, як песня салаўя, то гучала, то раптам перарывалася. Яе хацелася слухаць і слухаць. І юнакі слухалі да самазабыцця. Ім здавалася, што гэта натхнёная музыка гучыць не толькі ў іх флігелі, але і за яго межамі, гучыць над усім Божым светам. Гэтыя хвіліны давалі ім запас энергіі на доўгі час вучобы ў чужым горадзе.

IV

Прайшло тры месяцы. Наступіла вясна. На палях яшчэ ляжаў снег, рэкі і сажалкі былі скаваны льдом, але ўсё ж адчувалася набліжэнне цяпла: прыгравала сонца, раставаў снег і маленькія ручайкі цяклі па дарогах.

З Варшавы вярнуўся князь.

Неяк раніцай панна Марыя адправілася ў парк. Пайшла адна. Снег на палянах, друзлы і пацямнелы, быў неглыбокі. Пад дрэвамі, высока ўзняўшы дзюбы, пахаджалі гракі. Сваім крыкам яны перапалохалі ўсё наваколле. Панна Марыя ішла і глядзела ва ўсе бакі вачамі здзіўленага дзіцяці. Ад ствалоў зыходзіў ледзь прыкметны пар. Блішчэлі то там, то сям валуны. Снег, што ляжаў вакол іх, растаў, і таму здавалася, быццам яны стаяць у ямінах. На галоўнай алеі працавалі слугі: прыбіралі драўляныя каркасы з мармуровых скульптур.

Панначка дабралася да мосціка праз адводны роў і раптам пачула недзе ўдалечыні гукі скрыпкі. Гучала да болю знаёмая ёй мелодыя!.. Панначка паспешліва перайшла мосцік, мінула старожку і, нарэшце, спынілася.

Перад ёй распасціралася бязмежнае заснежанае поле. Праз яго ў бок капліцы праходзіла вузкая сцяжынка. Тонкія гукі скрыпкі даносіліся аднекуль з боку дома, які знаходзіўся побач з каплічкай. Да панны Марыі падышоў вартаўнік і, зняўшы шапку, нізка пакланіўся. Панначка не адказала яму. Душа яе цягнулася туды, на Папову горку. Яе клікала мелодыя, што гучала. Менавіта так сірэны зазываюць да сябе на востраў прывязанага да мачты Адысея… Паразважаўшы з хвілінку, яна пабегла па сцяжынцы да каплічкі.

Знаёмая мелодыя гучала ўсё мацней і мацней. Панна Марыя была ўпэўнена, што гэта іграе Ян. Яна не задавала сабе пытання, чаму ён апынуўся тут, і бегла, больш паддаючыся інстынкту, чым розуму. З коміна старога прытулку валіў чорны дым. І тады, калі сюды заходзілі людзі, праз адчыненыя дзверы мелодыя гучала больш выразна. У такія імгненні панна Марыя паскарала свае крокі…

Нарэшце яна падышла да дзвярэй прытулку. Упершыню ёй трэба было пераступіць парог гэтага жытла. З хвіліну яна стаяла на ганку, потым штурханула дзверы — і ўвайшла. Дом не меў ні прыхожай, ні сенцаў. Пераступіўшы парог, панна Марыя апынулася ў вялікім змрочным памяшканні, сярэдзіну якога, быццам гэта была масіўная падпора, займала печ. Каля сцен у два паверхі былі зроблены нары, а па абодва бакі печы — лаўкі. Акрамя таго, пасярэдзіне стаялі доўгія сталы з адкіднымі лаўкамі. У тую хвіліну, калі ўвайшла панначка, тут было поўна людзей. Прыціснуўшыся спінамі да цёплай печы, сядзелі старыя ў зрэбным адзенні. Сёй-той ляжаў на нарах. Густы і даўкі дым выклікаў у панначкі ваніты. Гукі музыкі абарваліся, з паўзмроку да дзвярэй раптам зрабіў крок высокі бялявы хлопец…

Гэта быў Ян! Панна Марыя ледзь пазнала яго. Здавалася, Ян стаў вышэй ростам і шырэй у плячах. Іншым быў і выраз яго твару. Дзе падзелася тая баязлівасць у позірку?! Ён падышоў да панначкі і з хвіліну глядзеў на яе, жадаючы пераканацца, што гэта сапраўды яна. Потым, схамянуўшыся, запрасіў яе сесці. І тут жа прысеў побач. Усе прысутныя азірнуліся на панначку і, пазнаўшы яе, нізка пакланіліся.

Паводзіны Яна з'явіліся нечаканасцю для насельнікаў гэтага жытла. Усе здзівіліся, калі ўбачылі, што юнак не выказаў перад вельмі высакароднай асобай ніякай баязлівасці. Здавалася, ён сустрэў сваю даўнюю сяброўку. Усе, хто быў тут, — і маладыя, часова паселеныя садоўнікі, і жабракі, якія чакалі цёплых дзён, каб пасля разысціся па сваіх дарогах, — пранізліва ўтаропіліся на панначку, як на дзіва. Самі ж яны, панна Марыя і Ян, здаецца, забылі, дзе знаходзяцца, і моўчкі ўзіраліся адно ў аднаго. «Прыехаў?» — чыталася ў позірку панначкі. «Так, і цяпер заўсёды буду побач з табой», — адказваў ёй упэўнены позірк Яна. Так, моўчкі, сядзелі яны да таго часу, пакуль не пачулі перашэптванне і говар людзей. Нарэшце яны пакінулі жытло і «схаваліся» за сцяной каплічкі.

— Князь выкупіў-такі Папову горку, — патлумачыў Ян. — Пасяліў нас у гэтым старым прытулку. Але ў нас не хапае духу выгнаць на вуліцу гэтых людзей. Тут ёсць зусім старыя і нават інваліды. Калі пацяплее, яны самі пойдуць. А пакуль будзем жыць разам. Я гаварыў з князем. Яны нам не перашкаджаюць… Цяпер рыхтуем праект новага парка. Для гэтага мне і некаторым маім сябрам дазволена карыстацца замкавай бібліятэкай.

Панна Марыя была перапоўнена гордасцю. Яна ніколі не сумнявалася ў даравітасці Яна. Ёй раптам захацелася прыхіліцца да яго, як у тую ноч каля сажалкі. Аднак, скоса паглядзеўшы на акенца таго прытулку, што стаяў непадалёк, яна заглушыла сваё жаданне.

— Як толькі сыдзе снег, — працягваў Ян, — развернем земляныя работы. Вось тут, — ён паказаў на паляну ў нізіне перад сабой, — выкапаем вялікі канал і зробім па берагах пасадкі. Потым разаб'ем алеі, пабудуем мосцікі. Апрача таго, падрамантуем каплічку.

— А як жа прытулак? — спытала панначка. — Ён застанецца?

— Пасля заканчэння ўсіх работ яго давядзецца знесці,— адказаў Ян.

Хлопец быў яўна захоплены даручанай яму справай. Здаецца, цяпер ён і думаць не мог ні аб чым іншым. Панна Марыя адчула гэта. І яшчэ яна ўгадала, што перад ёй ужо не той закаханы юнак, сэнс жыцця каторага быў заключаны толькі ў пакорнасці ёй. Ён ужо не гаварыў з ёй, як раней пра каханне, не глядзеў на яе з такім замілаваннем. У яго вачах можна было прачытаць думкі пра штосьці такое, што яна ніяк не магла зразумець. Гэта перамена, здавалася, павінна была крануць яе самалюбства. Але дзіўна, панначка адчувала, што такі Ян, захоплены і крыху раўнадушны да яе, падабаецца ёй значна больш. Яна, як дзіця, ужо чакала ад яго нейкага дзіва. Нечакана яна зразумела, што жыццё не стаіць на месцы і што за гэтыя шэсць-сем месяцаў Ян пайшоў далёка наперад. Ёй не хацелася адставаць. Яна хацела быць такой жа граматнай, такой жа захопленай. Ёй хацелася браць прыклад з любага і… цягнуцца за ім, як павой, абвіваючы сцябло якой-небудзь расліны. Яна адчувала, што павінна часцей бачыцца з Янам.

V

З гэтага часу, чым бы ні займалася панна Марыя, яна думала толькі пра Яна. Ёй было прыемна ад думкі, што ён недзе недалёка і што яго адзначыў і прыблізіў да сябе сам князь. Ёй хацелася бачыцца з Янам. Але пачалася бездараж. Аб прагулках у парку няма чаго і думаць. Неўзабаве яна даведалася, што, бываючы ў бібліятэцы, Ян абавязкова наведвае князя. Пасля гэтага яна зачасціла на палавіну гаспадара замка. Эрдзівіл быў толькі рады яе візітам. Яго захоплівала тэма новага парка, і ён спадзяваўся пачуць пажаданні і падказкі пляменніцы. У сваю чаргу панну Марыю размова пра парк цікавіла таму, што мела адносіны да Яна…

— Хачу пераўтварыць пустыню ў квітнеючы сад, — прызнаўся ёй князь. — Даўно мару стварыць парк, дзе маглі б паспрачацца мастацтва і прырода і дзе б я мог быць арбітрам у гэтай спрэчцы. Папова горка — самае прыдатнае для гэтай задумы месца.

Князь марыў як мага хутчэй ажыццявіць сваю ідэю. Ён гаварыў:

— Грошай не пашкадую. На вечнае грошай не шкада. Я праслаўлю сябе гэтым паркам. Калі-небудзь, гадоў праз дзвесце, пра мяне ўспомняць з удзячнасцю. Цяпер ёсць каму ажыццявіць маю мару. Вярнуліся з-за граніцы панове садоўнікі. Лепшаму з іх я ўжо даручыў зрабіць праект.

Панна Марыя не магла стрымацца, спытала:

— А хто гэты лепшы? — Пры гэтым яна зрабіла выгляд, быццам і сапраўды не ведае, пра каго ідзе гаворка.

— Гэта як раз той, каго рэкамендавала ты, — адказаў князь. — Сын млынара з Кляціхі. Павінен падзякаваць табе за падказку. Юнак аказаўся кемлівым.

Твар панначкі расчырванеўся. Хоць яна і чакала адпаведны адказ, перамагчы хваляванне ёй не ўдалося.

— Выкладчыкі быццам дамовіліся, — працягваў князь, — прасілі аддаць яго вучыцца ва універсітэт. Але я не пагадзіўся. Талент гэтага юнака патрэбен мне ўжо сягоння, бо я не вечны і хачу ажыццявіць сваю ідэю. Упэўнены, што ў яго хопіць розуму і фантазіі, каб здзейснілася мая мара.

— А якім вы ўяўляеце сабе гэты парк? — спытала панначка.

Відаць, князю было ўсё роўна, якім будзе яго новы парк, абы толькі падабалася яму. Ён давяраў маладым садоўнікам. У іх прапановах, старанні, захопленасці ён бачыў залог поспеху сваёй задумкі. А таму адказаў:

— Поўнасцю давяраю моладзі, іх ведам і густу. Хутка гэты Ян прадставіць праект. Вось тады і даведаемся, якая будзе аснова майго цуда-парка, якім я збіраюся здзівіць усіх. А пакуль я распарадзіўся выпісаць пятнаццаць дзесяткаў дрэў з Варшавы і з прыватнага гадавальніка Замойскага. Як мне вядома, дрэвы ўжо ў дарозе…

Ад князя панна Марыя яшчэ даведалася, што малады садоўнік бывае зранку ў замкавай бібліятэцы. І таму ўжо на наступны дзень яна адправілася туды.

Ян сядзеў за сталом. Ён быў так заняты сваімі думкамі, што і не заўважыў, як увайшла панна Марыя. Стоячы каля дзвярэй, яна бачыла, што перад Янам разгорнуты вялікі, размаляваны ліст паперы. На тым жа стале стосікамі ляжалі тоўстыя кнігі ў чорных скураных пераплётах. Ян глядзеў на ліст, але было відаць, што думкі яго носяцца недзе за межамі залы. Ён марыў.

Пад нагой панны Марыі скрыпнуў паркет — Ян азірнуўся. Убачыўшы панначку, ён падняўся і выйшаў з-за стала. Паўза, якая настала за гэтым, камусьці чужому магла б здацца сапраўднай вечнасцю. Камусьці — толькі не гэтым дваім. Абодва на некаторы час забыліся пра ўсё на свеце.

Так, яны былі ўжо не тыя. Ян і панна Марыя — не дзеці, што пералазілі ўначы цераз агароджу і разважалі каля сажалкі пра зоркі. Гэта былі ўмудроныя першым вопытам жыцця дарослыя людзі. Акрамя пачуццяў, імі цяпер кіраваў і розум.

Не дамаўляючыся, яны рушылі насустрач адно аднаму і хутка сышліся ў цэнтры бібліятэчнай залы. Аднак яшчэ добрую хвіліну пасля гэтага яны моўчкі глядзелі адно на аднаго.