157670.fb2
Яна крыху хітравала. Усё-такі галоўнай прычынай яе інтарэсу да новай справы з'яўлялася дачыненне да яе самога Яна. Ёй хацелася вярнуць усё тое, што калісьці так ап'яняла…
Замест адказу малады садоўнік жэстам запрасіў яе да стала. Вялікі ліст, які быў раскладзены на стале, быў увесь спярэшчаны малюнкамі. Убачыўшы ў цэнтры яго малюнак каплічкі, панначка здагадалася, што перад ёй той самы праект, пра які ёй гаварыў князь. Прысеўшы на край стула, яна ўважліва пачала разглядваць твор свайго сябра.
— Праект гатовы, — не без хвалявання стаў гаварыць Ян. — Заўтра я павінен вынесці яго на суд князя.
— Дык вось які ён, гэты новы парк, — заглядзеўшыся на малюнкі, сказала панна Марыя. — Гэта месца проста немагчыма пазнаць!
— Гэта будзе сентыментальны парк, — пачаў свае тлумачэнні Ян. — Справа ў тым, што каплічка на Паповай горцы звязана з адной сумнай гісторыяй…
— Так, я чула, — прызналася панначка.
— Парк рассячэ канал, на якім будзе пабудаваны вадаспад.
— Падобны на тыя, якія бываюць на вадзяных млынах?
— Так. Акрамя таго, па ўсім яго контуры пройдзе пешаходная алея. Некалькі яе адгалінаванняў сыдуцца каля каплічкі.
— Іншымі словамі, на горку можна будзе трапіць з любой часткі парка.
— Так.
— Ну, добра. А што гэта за такія кружкі?
— Так абазначаюцца дрэвы. У добрым парку павінна быць шмат прасторы, а таму кожнае дрэва павінна несці пэўны сэнс і быць індывідуальным. Чым больш вольнага месца, перспектывы, тым больш асновы для фантазіі. Прастора вырашае загадкі, усяляе добрыя пачуцці, упэўненасць, надзею. Я знарок не збіраюся рабіць частых пасадак.
Ян раптам прыціх. Здавалася, ён жадаў, але не асмельваўся прызнацца панначцы ў чымсьці патаемным. Панна Марыя адчула гэта і здзіўлена паглядзела на Яна. І тут ён раптам прызнаўся:
— Панна Марыя, не стану ўтойваць, скажу, што, працуючы над гэтым праектам, я думаў перш за ўсё пра вас. Мне хацелася, каб менавіта вам прыйшоўся па душы гэты новы парк. Думка пра вас заўсёды ўсяляе ў мяне цудадзейную лёгкасць. Вось і на гэты раз мне было лёгка працаваць. Я маляваў дарожкі і думаў пра тое, што менавіта вы будзеце па іх гуляць. Маляваў дрэвы, каб іх прыгажосць радавала менавіта вас, а пошум лістоты бараніў ад трывог і хваляванняў. Я мару, каб кожная прагулка ў гэтым новым парку дадавала вам не толькі сілы і здароўя, але і пяшчоты. Хачу, каб вы палюбілі яго. За перыяд вучобы я бачыў некалькі прыватных паркаў. Кожны з іх быў па-свойму цудоўным. У сваім праекце я не мог сёе-тое не запазычыць у іх. Вось, напрыклад, вадаспад. Шум вады ўносіць разнастайнасць у гучанне парка. Гэта, як званочак у аркестры скрыпак. Або, скажам, секвойі. Гэтыя дрэвы — як бы сімвал вечнасці. Па маім перакананні, яны павінны расці недзе на краі паляны, удалечыні ад сцяжынак. І той, хто будзе гуляць тут, будзе бачыць іх, але ніколі да іх не наблізіцца. Гэта ж так, як і ў жыцці. Колькі людзі імкнуцца да чагосьці, на іх думку, запаветнага. Аднак ці дасягаюць яны таго, да чаго так імкнуліся?.. Лёс, у большай частцы сваёй, падманвае іх або перашкаджае іх намерам.
Здзіўленая, панна Марыя паднялася са стула. Ніколі не думала яна, што словы валодаюць такою чароўнай сілаю. Ёй хацелася, каб Ян працягваў: логіка, тон яго мовы выклікалі ў яе асалоду, захапленне! Адначасова яе перапаўняла гордасць за тое, што Яну, таму самаму Яну, якога яна ведала амаль з дзяцінства, даверылі такую значную і мастацкую працу. Хто з яе знаёмых мог пахваліцца тым жа?!.
— Ян!.. — з цяжкасцю вымавіла яна. Панна Марыя хацела сказаць пра сваё здзіўленне, пра тое, што задаволена сваім любым. Яна хацела прызнацца ў тым пачуцці болю, якое мучыла яе з першага дня разлукі. Прывабнасць сябра выклікала ў ёй жаданне прылашчыцца да яго, як да маці ў дзяцінстве. Яна адчувала, што толькі праз яго, гэтага вялікага і моцнага чалавека, зможа пазнаць сапраўдную радасць і сапраўднае шчасце.
— Ян!.. — быццам зачараваная, паўтарыла яна і з дрыготкай у голасе сціснула яму руку. Яна не магла знайсці словы, каб выказаць тое вялікае, што перапаўняла яе сэрца.
— Марыся, — адазваўся хлопец, які зразумеў яе, — ведай, з гэтага часу ўсё, што б я ні рабіў, буду прысвячаць толькі табе і называць тваім імем. Сягоння я дару табе гэты парк…
— Ён ужо мне падабаецца, Ян, — адказала панна Марыя.
Яе словы дадалі смеласці маладому садоўніку. Рукі яго пацягнуліся да панначкі, ён абняў яе.
У вялізнай двухпавярховай зале яны былі зусім адны. На іх глядзелі, мабыць, толькі анёлы са сцен ды гіпсавыя галовы мудрацоў са сваіх падставак. Глядзелі і, здавалася, зайздросцілі…
Не праходзіла і дня, каб панна Марыя і Ян не бачыліся. Сустракаліся яны раніцамі ў бібліятэчнай зале.
Між тым вясна ўвайшла ў свае правы. З палёў сышоў снег. Дні ўсталяваліся сонечныя, цёплыя.
Аднойчы, гуляючы з Люцыяй у парку, панна Марыя вырашыла зайсці ў госці да садоўнікаў. Служанка ўзрадавалася яе задуме. Яшчэ б! Яна памятала цудоўныя вечары ў Кляцісе, калі збіралася моладзь. Абедзве адправіліся на Папову горку.
Прынялі іх сардэчна, як даўніх знаёмых. Пасадзілі на лаўку перад запаленай печкай, у якой трашчалі дровы. Ян узяў скрыпачку і сыграў вясёлую мелодыю. Гэтае ўступленне дадало смеласці нават самым нясмелым. Кожнаму з насельнікаў прытулку захацелася пахваліцца перад панначкай і яе служанкай нейкім сваім талентам. Заварушыліся нават старцы. Адзін з іх пусціўся ў пляс і пры гэтым паказаў незвычайнае майстэрства. Другі прадэманстраваў уменне жангліраваць драўлянымі лыжкамі. Нехта сівабароды сыграў на гуслях і спеў тужлівую старадаўнюю песню. Дровы між тым ужо згарэлі, і ад печы павеяла гарачынёй. Твары ўсіх прысутных расчырванеліся. Задаволіўшы першы ўсплеск эмоцый, неяк прыціхлі, быццам яны ўсе разам задумаліся аб нечым вельмі важным… Аднак нехта з маладых раптам гучна зацягнуў:
Жадаючы дапамагчы спеваку, Ян узяўся падыгрываць. Высокі голас, здавалася, акунуўся ў гукі скрыпкі. І спявак і музыкант былі перапоўнены натхненнем і адчувалі сябе натуральна.
Жартоўная і адначасова лірычная песня дадала ўсім настрою. Скрыпка зайграла польку. Да захаплення маладых, з маўклівай згоды панначкі, на сярэдзіну памяшкання выбегла непаседлівая Люцыя — застукала абцасікамі…
Дадому ў гэты дзень панна Марыя і яе служанка адправіліся тады, калі на дварэ былі прыцемкі. Ян выйшаў іх праводзіць.
У цемры старая каплічка выглядала белым воблачкам, якое, здавалася, апусцілася на зямлю. На полі здалёк сям-там паблісквалі лужыны. Сцяжынка была слізкай ад гразі.
Люцыя, стараючыся не замінаць парачцы, пайшла паперадзе. Яна захоўвала як раз тую адлегласць, пры якой Ян і панначка маглі весці патаемную размову. Белая пляма каплічкі паступова аддалялася. Затое ўсё выразней вырысоўваліся на ўзвышшы сцены і вежы велічнага замка. На паўдарозе панна Марыя спынілася.
— Янка!.. — з хваляваннем прамовіла яна.
Яна не магла стрымаць слёз. З той пары, як яна зноў стала бачыцца з Янам, яе пачуццё да яго значна вырасла. Гэта было ўжо не тое дзіцячае захапленне. Гэта было ўжо жаданне блізкасці, сапраўдная патрэба ў ёй, патрэба болю. Здавалася, калі стрымліваць у сабе гэтае жаданне, то ўзбунтаваная плоць здольна была памуціць розум. Панна Марыя адчувала патрэбу пастаянна быць побач з Янам. Расстанне з ім хоць бы на ноч, да наступнай раніцы, азначала для яе зноў зведаць мукі. Менавіта немагчымасць паступіць так, як яна таго хацела, і выклікала ў яе горкія слёзы. Яна адчувала, што не можа жыць без Яна.
— Не плачце, панначка, — заўважыўшы бляск у яе вачах, ціха сказаў Ян. — Не плачце, вашы слёзы мучаць мяне. Няўжо Бог зблізіў нас, каб мы маркоціліся. Я жадаю прысвяціць вам жыццё. Гэта думка акрыляе мяне. І няхай здарыцца тое, што ўжо прадказана лёсам, — галоўнае — паспець зрабіць вам прыемнае, паспець парадаваць вас. Калі я ў гэтым дасягну поспеху, то што мне маё жыццё, я і на нябёсах буду шчаслівы.
Аднак яго словы не супакоілі панну Марыю, — наадварот, яны адклікнуліся ў ёй нядобрым прадчуваннем.
— Навошта ты гаворыш пра нябёсы і халоднае замагільнае шчасце! — са страхам прамовіла яна. — Не! Не! Мы жывыя! І мы будзем шчаслівымі пры жыцці! Я так хачу! Я прашу гэтага ў Бога кожны дзень!..
— Вы будзеце шчаслівая, панна Марыя, — адказаў Ян. — А пра мяне… пра мяне не думайце.
Панна Марыя са здзіўленнем паглядзела на суразмоўца.
— Што з табой, Ян? — спытала яна. — А як жа наша блаславенне?
— З той самай ночы ніхто з нашых не чуў пра псаломшчыка. Дзе ён і што з ім? Можа, косці яго даўно знаходзяцца ўжо ў зямлі.
— Нас блаславіў не псаломшчык — а неба! Не пазнаю цябе, Ян!
— Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — ціха адазваўся ён. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік…
Яны нарэшце рассталіся. Панна Марыя была яўна расхвалявана. Калі б не Люцыя, якая ўзяла яе пад руку, ёй было ўсё роўна куды ісці. «Каб я мог хоць што-небудзь змяніць, — гучаў у яе вушах засмучаны голас Яна. — Я ж — усяго толькі сын млынара, просты садоўнік». У гэтых словах ёй чулася заклінанне. Яны адчынялі ёй новую, дагэтуль невядомую старонку ў яе ўяўленні аб гэтым свеце і сваім прызначэнні ў ім. Раней яна была ўпэўнена, што Ян кахае яе і будзе заўсёды побач з ёй. Цяпер яна пачынала разумець, што нават блаславенне Лагафета не дапаможа ёй ажыццявіць сваю мару! Гэтае адкрыццё ўсяляла ў яе поўную разгубленасць, якая была на мяжы вар'яцтва. Яна адчувала, што Ян гаварыў правільна, і што аднаго блаславення для таго, каб яны былі разам, яўна недастаткова.
У гэту ноч панна Марыя доўга не магла заснуць. Яна ляжала і напружана ўзіралася ў вялікае акно сваёй спальні. Ёй чамусьці здавалася, што ў гэты чорны прамавугольнік можа заляцець адказ на хвалюючае яе пытанне. Але адказ не залятаў. А таму адчай яе не змяншаўся.
Нарэшце яна паднялася і падышла да акна. Возера адгадвалася па шматлікіх белых льдзінках. Моцнае пацяпленне раскідала іх і значна зменшыла. Панна Марыя нечакана падумала: «Калі ён не будзе маім, утаплюся!» І тут жа нечы голас гучна і ўладарна запярэчыў ёй: «Гэта чаму ж ён не будзе тваім! Ён — ужо твой!»
Панна Марыя, спалохаўшыся, адскочыла ад акна, азірнулася, быццам нехта сапраўды мог знаходзіцца ў яе спальні. Амаль не валодаючы сабой, яна расчыніла дзверы ў суседні пакой і паклікала:
— Люцыя, ідзі сюды!..
Босыя ножкі служанкі прашлёпалі па паркетнай падлозе, прашоргалі па дывану спальні. Люцыя ўнесла запаленую свечку. Заспаны твар служанкі не хаваў здзіўлення.
— Што-небудзь здарылася, панначка? — спытала яна.