157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Сустракаліся яны не так часта. На тое былі свае прычыны. Але чаканне сустрэч і асабліва тайна, якою былі ахутаны гэтыя сустрэчы, рабілі іх каханне па-сапраўднаму ўзнёслым. Кожны з іх рызыкаваў. І калі панна Марыя рызыкавала гонарам, то Ян — сваім жыццём. Тым не менш, яны радаваліся жыццю, як двое матылькоў, якія толькі што пакінулі кукалку і адправіліся ў свой палёт да жаданага і ўсёпажыральнага агню. Блаславенне старога псаломшчыка бачылася ім важкай і дастатковай абаронай ад боскага гневу. Па сутнасці, яны будавалі сваё апраўданне на эфемерным, не маючым ніякай законнай сілы, падмане.

Сувязь іх варта было б назваць трагічнай. Калі б даведаліся пра іх сувязь князь і ўжо тым больш княгіня, то ніколі не даравалі б гэта нікому: ні ёй, ні яму. Але ўсё пакуль неяк абыходзілася. Аддадзеная Люцыя была прадбачлівая і асцярожная. Яна пільнавала, каб ніхто не даведаўся ў замку пра тое, што з некаторага часу адбываецца тут. Нават усёведныя слугі, фантазія якіх працавала лепш, чым іх вочы або слых, не здагадваліся ні аб чым.

Так прайшоў іх першы месяц. З надыходам сапраўднага цяпла панна Марыя зачасціла на Папову горку. Гэта было неасцярожна. Але і гэта не выклікала падазрэнняў, бо князь таксама штодзень бываў у парку, што будаваўся.

На пустэчы вакол Паповай горкі былі распачаты грандыёзныя земляныя работы. Сюды сагналі людзей з навакольных вёсак. Капалі канал, у асобных месцах рыхтавалі пад дрэвы ямы…

Будаўніцтва пачалося стыхійна. Ужо ў першы дзень садоўнікі выявілі, што не ўсё падрыхтавана да пачатку работы. Але з цягам часу праблемы вырашаліся. Мужыкі падвозілі і ўкладвалі камень. У тым месцы, дзе павінен быць вадаспад, — садзілі дрэвы. Ян ад усходу да заходу сонца знаходзіўся ў полі. Ён хадзіў з разгорнутым лістом праекта і падказваў, што і як рабіць. Часам яго суправаджала панна Марыя. Пры гэтым яна была перапоўнена гордасцю за любага. Ян заўсёды, яшчэ з дзяцінства, бачыўся ёй не такім, як усе. Яго адрознівала захопленасць. Ён заўсёды быў нечым заняты: рамонтам механізмаў млына, чытаннем ці ігрой на скрыпцы. У гэтым сэнсе ён зусім не змяніўся. Панна Марыя гатова была раўнаваць яго да ўсяго, нават да парка, што будаваўся. Асабліва яна раўнавала яго да ліста праекта, з якога яе каханы літаральна не зводзіў вачэй. Ёй хацелася, каб ён гаварыў з ёю не пра дрэнаж і выкід вады, а пра вясну, якая бушавала навокал, лашчыла сваёй цеплынёй, цвіценнем і араматамі, пра каханне, якое штодзень расло і квітнела. Але Ян быў непапраўны. І, дзіўна, за гэта яна кахала яго яшчэ мацней. Гэта быў перыяд яе поўнага шчасця.

Суправаджаючы Яна, панна Марыя часам забывала пра асцярожнасць. Міжволі яна пяшчотна ўсміхалася свайму каханаму. Калі ў Кляцісе падобныя ўсмешкі нікога не здзіўлялі, бо там ведалі сардэчнасць панначкі, то тут, на вачах ва ўсіх, яны выклікалі здзіўленне і, безумоўна, садзейнічалі нараджэнню розных слухаў.

Ян, які не губляў галавы пры любой сітуацыі, хутка заўважыў, што рабочыя паглядваюць на яго з недаразуменнем. І тады ён вырашыў пагаварыць з панначкай. Аднойчы, калі яны ішлі ўздоўж канала, што будаваўся, і панна Марыя на вачах ва ўсіх узяла яго пад руку, ён запрасіў яе ў дом:

— Зойдзем. Мне трэба нешта сказаць вам.

Неўзабаве яны апынуліся пад дахам старога прытулку. У доме нікога не было. З-за акна даносіліся ўдары кірак аб зямлю, людская гамана і ржанне рабочых коней. Ян шчыльней прычыніў дзверы. Надышоўшы да панначкі, ён сказаў:

— Любая, зразумейце, нам варта быць асцярожнымі, асабліва сярод такога натоўпу людзей. Як бы ні былі заняты рабочыя, аднак краем вока яны абавязкова косяцца на нас з вамі. І ўсе яны, калі ёсць вольны час, прасякнуты жаданнем папляткарыць пра тое, што бачылі. Людзі бачаць адно, думаюць другое, а гавораць часам зусім трэцяе. І фантазія іх бязмежная. Сярод тутэйшага люду не ўсе добразычліўцы. Нехта можа ўджаліць нас.

Панна Марыя слухала, але наўрад ці разумела яго. Яна раптам загаварыла пра сваё:

— Ты так заняты сваім паркам… Каторы ўжо дзень ты не наведваеш мяне. Скажы, я табе надакучыла?

— Ну што вы, панначка! Няўжо я магу разлюбіць вас! Проста аблыталі справы. Вясна, трэба наспець пасадзіць сотні дрэў, закончыць канал, дамбу.

— Калі малюся за наша каханне, — працягвала сваё панна Марыя, — Гасподзь падказвае мне адно і тое ж: нам трэба паехаць.

Гэта ідэя — паехаць у Амерыку — прыйшла ёй у галаву не так даўно; яна як быццам рашала іх праблему. Але што было толку ў голай ідэі! Трэба былі дакументы, грошы, хаўруснікі. Акрамя таго, Ян неахвотна гаварыў на гэту тэму, бо быў захоплены сваёй новай работай.

Ян марудзіў, не адказваў. Ён глядзеў у акно — туды, дзе капалі канал давераныя яму ў падначаленыя халопы Эрдзівіла.

— Чаму ты маўчыш? — спытала панна Марыя. — Ты хвалюешся пра асцярожнасць, ты працуеш, як катаржнік, між тым мы маглі б жыць спакойна і кахаць адно аднаго шчыра.

Кожны з іх думаў пра сваё. І не дзіўна. Вядома, маладых хутчэй збліжае ўзаемнае пачуццё, чым думкі і мары. Падабенства пазіцый прыходзіць намнога пазней, пасля доўгіх гадоў сумеснага жыцця, — калі прыходзіць увогуле.

— Хачу пабудаваць свой парк, — зноў загаварыў пра тое, што яго хвалюе, Ян. — Каб вы толькі ведалі, панна Марыя, як захапіла мяне гэтая справа. Хачу ажыццявіць свае замыслы. Хачу калі-небудзь прайсціся па сваёй «Вечнай алеі», пахадзіць па лабірынтах біндажоў, хачу паслухаць голас вадаспада, шэлест секвой. Хачу, каб усё гэта было ў нас, тут, каля гэтай горкі,— а не дзесьці…

— Значыць, ты ніколі не паедзеш?

— Дайце тэрмін. Дайце мне дабудаваць мой парк. Гэта мая мара, мае надзеі, бяссонныя ночы. — Ён павярнуўся да панначкі і абняў яе. — Панна Марыя, дазвольце падарыць вам мой парк. І не адказвайцеся ад падарунка. Я хачу назваць яго вашым імем. Дазвольце матэрыялізаваць маё каханне да вас. Няхай нават і такім чынам. Дазвольце! Калі я жыў у Варшаве, я пастаянна думаў пра вас. Пра вас і пра родную старонку. Адно і другое для мяне было звязана ў адзінае цэлае. Я люблю вас таксама, як любіў свайго бацьку, сваю маці, як любіў свой дом і сваю вёску. Цяпер мне прадаставілася магчымасць выказаць гэта пачуццё. Няўжо я магу адмовіцца ад гэтага?

Позірк яго пытаўся: «Ці разумееш ты мяне?» Панначка маўчала. Убачыўшы яе збянтэжанасць, ён прызнаўся:

— Я не проста кахаю вас, панна Марыя. Вы для мяне — бажаство. У сваіх малітвах я часта звяртаюся да вас, а не да Бога. Можа, гэта і грэшна. Але што я магу зрабіць! Мая мэта — служыць толькі вам. Але няўжо служэнне і сапраўдная любоў заключаюцца толькі ў сляпым паслушэнстве?.. Так, мы можам паехаць, што б там ні было. Але што мы будзем там без сапраўднага спакою? Наша ўзаемнае пачуццё завяне, калі не будзе мець пад сабой той глебы, на якой яно вырасла. Ці не асудзім мы тады адно аднаго за тое, што аднойчы адказалі сабе ў магчымасці даказаць сваю сапраўдную любоў!.. Давайце пачакаем! Хоць бы год! Давайце пабудуем гэты парк! Наш парк!

Палымяныя словы Яна засмуцілі панну Марыю. Інстынкт асцярожнасці падказваў ёй, што ім варта паехаць. Яна марыла аб сціплым і ціхім шчасці. Адначасова яна разумела Яна. І таму ёй было балюча ўдвайне… Схаваўшы твар далонямі, яна заплакала. Першы раз яна выразна адчула, што шчасце яе будзе нядоўгім.

IX

Прайшло яшчэ пяць месяцаў. Наступіла восень. Князь Станіслаў зноў паехаў па справах сейма. Будаўніцтва новага парка набліжалася да завяршэння; заставалася пасадзіць некалькі рэдкіх дрэў, якія князь збіраўся выслаць асабіста.

Панна Марыя прыкметна папаўнела. Яна ведала пра сваю цяжарнасць, але старанна хавала яе.

Па-ранейшаму княгіня і панначка сустракаліся толькі ў Сталовай зале. За год абедзве не абмовіліся ні словам. Аднак неяк за снеданнем старая княгіня звярнулася да панны Марыі:

— Дала зарок не размаўляць з табой, але, відаць, давядзецца яго парушыць.

Панначка ні жывая ні мёртвая глядзела перад сабой у талерку. Нічога, акрамя непрыемнасці, ёй гэта новая ўвага не абяцала.

— Нешта ты ўжо занадта тоўстая стала, мілачка, — працягвала княгіня. — Што з табой? Такое пачуццё, быццам цябе сурочылі: распаўнела, падурнела. З станістай прынцэсы зрабілася… як матрошка. Ці не звярнуцца да доктара Гюльсгаўзена?

За год княгіня не змянілася: тая ж упэўненасць у тоне, той жа драпежны і, здавалася, прабіраючы да самай глыбіні душы позірк. Панна Марыя навучылася не заўважаць яе. Тую рану, якую нанесла ёй княгіня, нельга было, па перакананні панначкі, загладзіць ніякай дабрадзейнасцю. Тым не менш, яна ні разу за ўвесь час не папракнула яе. Часам ёй нават здавалася, што княгіня сама раскайваецца ва ўчыненым. І што ж, варта было зноў панначцы пачуць яе голас, як да яе вярнулася ранейшая непрыязь да гаспадыні замка…

— Не! — Яна нават уздрыгнула, быццам нехта дакрануўся яе спіны халоднай рукой. — Я здарова і не маю патрэбы ў дапамозе доктара!

— Зразумела, зразумела, — паспрабавала супакоіць яе княгіня. — Я не настойваю. Проста хачу дапамагчы.

За сталом усталявалася маўчанне. Але па тым, як працягвала паглядваць на яе княгіня, панна Марыя здагадалася, што сумненні старой не развеяліся.

Гэтая размова выклікала ў душы панначкі трывогу. У той дзень яна не выйшла да абеду. А вечарам паслала за Янам…

Апошнія месяцы яна і садоўнік сустракаліся амаль кожны дзень. Панна Марыя адчувала патрэбу ў такіх сустрэчах. Ян валодаў нейкай невытлумачальнай здольнасцю ўздзейнічаць на яе. Ці то яго голас, ці то разважанні былі для яе сапраўдным цудатворным бальзамам. У гэты раз Ян з'явіўся, калі на дварэ сцямнела. Люцыя запаліла ў пакоі пані свечкі і выйшла.

— Мне ўсё цяжэй хаваць цяжарнасць, — паскардзілася панна Марыя. — Княгіня, здаецца, здагадваецца. Сягоння яна нават параіла звярнуцца да доктара… Што рабіць? Не далёка той дзень, калі я павінна буду нешта сказаць ёй.

— Папрасіце, каб яна адпусціла вас на некаторы час у Кляціху, — параіў садоўнік. — Там вам будзе спакайней. Па нейкай прычыне затрымайцеся там. А калі народзіцца дзіця, я прыму меры, каб схаваць немаўлятку.

Ён сказаў гэта так упэўнена, як быццам ужо не раз сутыкаўся з падобнымі цяжкасцямі. Панна Марыя са здзіўленнем паглядзела на яго і адказала:

— Згоды на ад'езд яна не дасць. Аднак нават калі здарыцца, што я і паеду, ад чутак мне не схавацца.

Ян не адказаў. Ён быў згодзен з яе довадам. Яны даўно разважалі над тым, як вырашыць гэту праблему, але выйсця пакуль не знаходзілі.

— Я павінен пайсці і ва ўсім прызнацца, — раптам паўтарыў ён ужо знаёмае.

Гэта ідэя заўсёды нервавала панначку. Вось і на гэты раз у яе вачах у той жа момант задрыжэлі слёзы.

— Ад цябе, Ян, я менш за ўсё чакала такога глупства, — заўважыла яна. І дадала: — Няўжо дапаможыш ты мне тым, што дазволіш адсячы сабе галаву?

— Не думаю, каб у княгіні Ізабэлы зусім не было сэрца, — адказаў Ян.

— Я таксама некалі так думала. І памылілася. Яна здзекавалася з мяне, як хацела. Каварным чынам выдала замуж за сына-вырадка. Потым патурала яго нячыстым дзівацтвам, учыніўшы нада мной страшэннае насілле. Ты яе не ведаеш! Яе самаўпэўненасць, каварства прачынаюцца на другі дзень пасля ад'езду князя. Загадаўшы забіць цябе, а потым і мяне, яна прыдумае тлумачэнне, па якому мы самі ж будзем вінаватымі ў сваёй смерці! З ёй нельга з адкрытым сэрцам. І калі ўжо мы змаглі быць асцярожнымі да сённяшняга дня, то павінны прыдумаць нешта, каб трымацца так і надалей. Бо на карту пастаўлена наша жыццё.

Ян падняўся і, прыпаўшы на калена перад панначкай, пацалаваў руку любай.

— Не думайце пра мяне, панна Марыя, — сказаў ён. — Падумайце пра сябе і пра таго, хто народзіцца ад вас. Пагаварыце з княгіняй. Дамагайцеся таго, каб паехаць у Кляціху. Там на час родаў я знайду вам надзейнае сховішча.

— Трэба ўсё абдумаць, — паддаючыся яго ўпэўненаму тону, адазвалася панна Марыя. — Куды схаваць немаўлятку, як знайсці карміцельку…

— Бяру гэта на сябе. Галоўнае цяпер — паехаць. Паехаць!