157670.fb2
Княгіня, якая не прывыкла чуць падобнае, гаркнула ў адказ:
— Хопіць затыкаць мне рот, мілейшая! Ты не слухалася мяне і вось атрымала!.. А цяпер, калі ласка, запомні: я табе гэтага не дарую! Я пастараюся зрабіць так, каб табе было балюча і каб ты ўсё жыццё, кожную хвіліну адчувала гэты боль! Я буду піць з цябе кроў маленькімі кроплямі! І вып'ю яе ўсю!
— Мяне няма ў чым вініць, — упэўнена адказала панна Марыя. Дзіўна, але чым больш страшнейшымі былі пагрозы княгіні, тым больш спакойна рабілася на сэрцы панны Марыі.— Я чыстая перад небам.
— Пра якую чысціню ты гаворыш, бессаромніца! — істэрычна ўсклікнула княгіня. — З такім жыватом! Адумайся!.. Ты запляміла чэсць Эрдзівілаў! Ты проста не разумееш, што натварыла! Ніхто за трыста гадоў не ганьбіў так гэту фамілію!
Панна Марыя хацела было прызнацца пра свае заручыны з Янам. Але тут нечаканая думка спыніла яе: панначка падумала, што як бы яна ні старалася апраўдацца, княгіня не зразумее яе. Упершыню яна ўсвядоміла, што нікому ў цэлым свеце няма справы да яе шчасця і што любы можа пасмяяцца з яе і нават назваць яе ўчынак «сорамам». Яна апусціла галаву.
Княгіня прыняла яе маўчанне за раскаянне. Жадаючы выкарыстаць момант, яна пагрозліва спытала:
— Ад каго забрухаціла? Ад садоўніка? Адказвай, хутчэй!
Адчуваючы, якую бяду можа прынесці яе шчырае прызнанне, панна Марыя сабралася з духам і, гледзячы ў вочы ненавіснай старой, адказала:
— Я не скажу вам нічога.
— Не скажаш? — Княгіня здзівілася. З хвіліну яна глядзела ў твар суразмоўніцы, потым злосна працадзіла скрозь зубы: — Ну што ж, мілачка, за цябе скажуць іншыя. Хутка я даведаюся пра ўсё. І загадзя папярэджваю: хто б ён ні быў, я разлічуся з ім. Я загадаю чвартаваць яго — на плошчы, пры народзе. Я ўпэўнена, што гэта той чарвяк, нявольнік. А таму гавару табе: яму не здабраваць. Жывым закапаю! Клянуся, я гэта зраблю!
Сказаўшы гэта, яна раптам павярнулася і выйшла з пакоя. Дзверы за ёю зачыніліся так гучна, быццам стрэлілі з пушкі. Панна Марыя, усхваляваная пагрозамі і страшным прадчуваннем, пахіснулася. Люцыя кінулася да яе, абняла.
— Мацней, — папрасіла панначка. Ёй здавалася, што яна правальваецца ў глыбокую чорную яму…
Падтрымка служанкі дадала ёй сілы, праз хвіліну панна Марыя разрыдалася.
— Гора, гора мне, — стала жаліцца яна. — Жыццё толькі пачалося. Будучыня паманіла такой надзеяй — і вось усё рушыцца, як картачны дамок. Божа, чаму ты адварочваешся ад мяне? Чым я прагневала цябе? Усё было па волі тваёй. Ці не твае ўказанні я выконвала? Ці не табе я падпарадкоўвалася, як рабыня? Навучы, накіруй мяне на ісціну тваю. Ты Бог паратунку майго. На цябе спадзяюся кожны дзень…
Яна плакала, хрысцілася і прасіла ў Бога паратунку. Люцыя, моцна абдымаючы яе, адчувала, як уздрыгвае яе вялікі жывот і як дрыжаць яе худзенькія плечы…
Гэты дзень выдаўся хмарным, панурым. З самай раніцы ішоў дождж, было ветрана і халодна. Восень, якая ўжо даўно ўступіла ў свае правы, паказвала сябе з самага непрывабнага боку. Каля замкавай брамы Яна затрымаў ахоўнік.
— Пускаць не дазволена, — сказаў ён.
— Як жа так, брацец? — здзівіўся Ян. — Гэта ж я. Няўжо не бачыш?
— Бачу, пан садоўнік, — адказаў брамнік. — Як раз менавіта вас і не дазволена. Асобае распараджэнне княгіні.
Яму прыйшлося вярнуцца на Папову горку. Ён здагадаўся, што цяжарнасць панны Марыі перастала быць тайнай, і захваляваўся. Так чулая маці раптам пачынае клапаціцца пра сваё дзіцяці, пакінутае на нейкі час у сваіх родзічаў.
Сустрэўшы яго, уважлівы Лагафет здагадаўся, што здарылася штосьці нядобрае… Але распытваць не стаў.
Увечары сабраліся ўсе пастаяльцы. За акном па-ранейшаму ліў нудны дождж, было сыра, затое пад дахам было цёпла і ўтульна. Ярка-чырвоныя агеньчыкі, што выскоквалі з прыадчыненай топкі печы, ажыўлялі змрок памяшкання. Нехта з пастаяльцаў, лежачы на лаўках, ужо драмаў. Нехта каля печы сушыў адзенне. Астатнія ціха гаманілі. Адзін, узяўшы на сябе абавязкі апальшчыка, зрэдку варушыў у топцы качаргой. Калі ён за гэта браўся, у памяшканні пачынала пахнуць дымком…
Калі зусім пацямнела і запалілі свечку, Ян узяў скрыпачку. Ён паднастроіў яе і паспрабаваў сыграць нешта знаёмае. Іграючы то адно, то другое, ён, нарэшце, спыніўся на сваёй мелодыі — той самай, якую сачыніў у роднай Кляцісе і якую не раз маркотнымі сумнымі вечарамі іграў на чужбіне. Маладыя адразу пазналі яе. Сціхла гамонка. Нават печ, здавалася, прыціхла, — прыслухалася. У музыцы Яна гучала штосьці такое, што можна было пачуць у тутэйшых мясцінах з маленства: заліваўся жаўрук, шапацелі лісты асіны, крычала на балоце кнігаўка. У мелодыі ўгадвалася мацярынская песня, песня касцоў, рыпенне калодзежнага жураўля. Гукі магічна дзейнічалі на слухачоў: яскрава, быццам на далоні, тыя ўяўлялі сабе родны дом, сад, знаёмае поле. Ян іграў, а слухачы сядзелі, як зачараваныя, баючыся нават дыхаць. Іх ахапіла салодкая млявасць. Усім хацелася, каб скрыпка іграла і іграла…
Але ў гэты вечар мелодыя Яна недагучала да канца. Спачатку за акном пачуліся паспешныя крокі. Потым адчыніліся дзверы і на парозе з'явілася Люцыя. Ян апусціў скрыпку. Усе азірнуліся на дзяўчыну.
Твар служанкі пабялеў, вочы расшырыліся, як у перапалоханай кошкі. З яе сукенкі сцякала вада.
— Люцыйка! — усклікнуў Ян. Адчуваючы нядобрую вестку, ён тут жа спытаў: — Што-небудзь здарылася?
Дзяўчына цяжка дыхала. Відаць, ёй давялося бегчы ўсю дарогу. Яна перавяла дыханне і трывожна сказала:
— Пан Ян… хутчэй бяжыце! Толькі што княгіня аддала загад схапіць вас!.. Ні пра што не пытайцеся! Бяжыце! Дружыннікі будуць тут з хвіліны на хвіліну!
Ян як быццам не здзівіўся навіне. Ён падышоў бліжэй да Люцыі, узяў яе за плечы і, гледзячы ёй у вочы, спытаў з хваляваннем:
— Што з панначкай? Чаму мяне не пусцілі ў замак? Што здарылася?
Лагафет строга зірнуў на яго са свайго кутка. Паведамленне пра тое, што яго хрэсніка не пусцілі ў замак, насцярожыла старога.
Люцыя, безупынна аглядваючыся на вокны, пачала блытана расказваць:
— Княгіня ўсё ведае. Яна аб'явіла, што панначка страціла розум, і трымае яе пад замком. Мяне ж хацела выгнаць. Ды панначка прыгразіла, што выкінецца з акна…
— Ёй дрэнна, я адчуваю гэта. Я павінен быць з ёй. Павінен!
— Гэта немагчыма, пан Ян, адумайцеся, — амаль не плачучы, адказала яму Люцыя. — Панначка прасіла перадаць, што калі вы хоць крышачку яе кахаеце, вы адразу ж пойдзеце, схаваецеся… Вас не памілуюць, пан Ян. Княгіня пагражала, абяцала расправіцца з вамі. Бяжыце!
Усе, хто знаходзіўся ў гэты вечар на Паповай горцы, азірнуліся на Яна. Кожны чакаў, што той вырашыць. Загад княгіні для любога з іх з'яўляўся законам. Ніхто нават думкі не дапускаў, што можна не паслухацца гаспадыні замка. Але Ян быў іх таварышам, а таму ўсе яны жадалі, каб ён пайшоў. Людзі ведалі жорсткасць княгіні… Але Ян марудзіў. Нечакана ён сказаў, здзівіўшы сяброў:
— Пайду і ўсё растлумачу. Мне няма чаго хавацца. Нават калі княгіня і гневаецца на мяне, — не страшна. Галоўнае, каб панначка была ў міласці і здаровая. Я іду!
Ян накіраваўся да сцяны, дзе вісеў яго плашч. Але Люцыя спыніла яго.
— Паслухай, бязглузды, — раптам звярнулася яна да яго на ты, як і раней. — Ты хочаш дапамагчы панначцы або — забіць яе?.. Панначка не перажыве, калі з табой нешта здарыцца. Няўжо ты не разумееш! Не лезь у пастку д'яблу! Паберажыся!.. У цябе адно выйсце — бегчы. Калі ты схаваешся ў надзейным месцы і будзеш, хоць зрэдку падаваць пра сябе вестку, гэта выратуе маю пані. Яна просіць Бога аб тым, каб з табою ўсё было добра! Паклапаціся ж пра сябе!
Разумныя разважанні Люцыі прымусілі Яна задумацца. Сумненні мучылі яго. Спадзеючыся пачуць падказку, ён азірнуўся туды, дзе стаяў Лагафет.
Твар хроснага ўразіў яго. Ён выказваў адчай. Упершыню Ян убачыў на яго вачах слёзы.
— Айцец Пахомій, — звярнуўся ён да старца, — як мне быць? Дай параду. Ты ж бачыш маё становішча. Што рабіць?
Лагафет, заўсёды такі багаты на парады, на гэты раз неяк стрымліваўся. І сапраўды, што мог сказаць ён юнаку, якога лічыў сваім сынам?
Разумеючы, што ўсе чакаюць ад яго адказу, ён нарэшце ціха прамовіў:
— Паступай, як загадвае сэрца.
Сказаўшы так, стары ўздрыгнуў — спахапіўся, што падпісаў тым самым смяротны прыгавор хрэсніку.
Нейкую долю хвіліны сярод насельнікаў прытулку ўсталявалася цішыня. Затым Ян парушыў яе, ён абвясціў:
— Ну што ж, іду да княгіні. Сэрца не загадвае мне бегчы і хавацца. Якая б ні страшэнная была гаспадыня замка, а я павінен ёй падпарадкоўвацца.
Пануючая цішыня раптам парушылася. Сябры, адчуваючы, якая небяспека навісла над галавой іх таварыша, загаварылі ўсе разам: