157670.fb2
Думка іх была адзінай. Ян падзякаваў ім. І хто ведае, як бы паступіў ён, будзь у яго ў запасе лішняя хвіліна. Але як раз у момант усеагульнага гвалту раптам пад акном пачуліся шпаркія і частыя нечыя крокі. Дзверы зарыпелі, і ў памяшканне, адзін за другім, увайшлі княжацкія дружыннікі.
— Позна, — глуха сказала Люцыя, — і ўткнулася тварам у далоні.
У аднаго з дружыннікаў на баку вісела доўгая шабля. Гэта быў сам капітан аховы пан Халепа. Ён пазнаў Яна і ў сваёй звычайнай, стрыманай манеры звярнуўся да яго:
— Пан садоўнік, вы пойдзеце з намі.— Ён патлумачыў: — Нам загадана арыштаваць вас і заперці ў каплічцы. Там вы будзеце знаходзіцца да новых распараджэнняў. Загад аддадзены асабіста княгіняй Ізабэлай Эрдзівіл.
Ян, не спяшаючыся, зняў са сцяны плашч, пачаў апранацца. На яго твары чыталася ўпэўненасць. Ён верыў у справядлівасць і спадзяваўся, што княгіня зменіць гнеў на міласць. Апрануўшыся, ён развітаўся позіркам з кожным, з кім жыў пад дахам гэтага дома, і, азірнуўшыся на капітана, сказаў:
— Я гатовы.
— Пойдзем, — загадаў Халепа.
У кутку заварушылася цень Лагафета. Пахомій нязграбна, як мядзведзь, споўз з нараў і прагудзеў:
— Пачакайце…
Ён накінуў на сябе сёе-тое з вопраткі і, як быў, босы прашлёпаў да дружыннікаў.
— Не будзе парушэннем, калі я, духоўная асоба, вазьмуся суправаджаць гэтага маладога пана? — спытаў ён.
Капітан аховы не меў нічога супраць. Ён моўчкі кіўнуў старому і павярнуўся да дзвярэй. Ян, Пахомій і экскорт дружыннікаў неўзабаве пакінулі дом. За імі, не звяртаючы ўвагі на неміласэрны дождж, выйшлі ўсе насельнікі прытулку на Паповай горцы.
Стары нездарма папрасіўся суправаджаць Яна. Як там атрымалася і што менавіта сказаў ён капітану аховы — невядома. Толькі ў каплічцы Яна зачынілі не аднаго, а разам з Лагафетам… Магчыма, стары здагадаўся пра намер княгіні. Ведаючы яе незгаворлівасць і жорсткасць, ён зразумеў, што міласці яму не будзе. Любячы хлопца ўсім сэрцам, ён вырашыў застацца з ім да канца, каб хоць неяк згладзіць яго адчай.
Дружыннікі па двое дзяжурылі каля дзвярэй каплічкі, мяняючыся кожныя тры гадзіны. У гэтую ноч у доме на Паповай горцы ніхто не звёў вачэй.
Наступіла раніца. Але і яна не ўнесла якіх-небудзь змен у падзею, што адбылася на Паповай горцы ўчора ўвечары. Толькі ў поўдзень замянілі шасцёрку дружыннікаў, якія неслі ахову каля каплічкі. Пазней на горку прыбыло некалькі павозак, і пан Халепа, які зноў з'явіўся сюды, спасылаючыся на загад княгіні, выправадзіў з тэрыторыі новага парка ўсіх будаўнікоў. Увечары таго ж дня на Паповай горцы засталіся толькі дружыннікі. Ды і тыя «ажывалі» толькі ў тыя рэдкія хвіліны, калі мяняўся каравул.
У гэты дзень Люцыя з'яўлялася на горцы двойчы. Яна была ўпэўнена, што Яна звязуць. Але таго працягвалі трымаць пад замком у каплічцы. Гэтая акалічнасць трывожыла яе. Яна ўсё яшчэ не рашалася данесці да сваёй пані вестку пра яго зняволенне.
У самой каплічцы было ціха, быццам у сутарэнні. Ян і псаломшчык сядзелі ў розных кутках і думалі кожны сваю думу. Іншы раз Лагафет прымаўся за малітву. Яго неразборлівы шэпт закалыхваў Яна. Тым не менш, заснуць хлопец не мог. Было халодна. Пазней ён адчуў смагу. Гэтае пачуццё мучыла яго асабліва востра па той прычыне, што на дварэ ішоў дождж. Некалькі разоў Ян уставаў і, падцягваючыся на кратах вузкага акна, спрабаваў намачыць далонь вадой, якая сцякала з даху каплічкі. Але дарэмна. Рука не даставала да безупыннага патоку. Некалькі разоў ён браўся калаціць у дзверы. Пры гэтым ён крычаў:
— Душагубы! Дайце вады! Не мучце!
Але ахоўнікі не адказвалі яму. Ім не дазвалялася размаўляць з нявольнікамі. У рэшце рэшт Ян зразумеў: княгіня вырашыла расправіцца з ім. Калі ён гэта ўсвядоміў, валасы заварушыліся ў яго на галаве… Ён азірнуўся ў той бок, дзе сядзеў Лагафет. Пахомій трымаўся спакойна. У прыцемках ён нагадваў прарока з іконы. У чорных бліскучых вачах яго чыталася ўпэўненасць. Яна здзівіў выраз яго твару.
— Стары! — крыкнуў ён. — Няўжо не халодна тваім касцям? Няўжо не раздзірае цябе жаданне прыгубіць хоць бы ўласнай крыві? Табе не здаецца, што нас проста пахавалі тут жывымі?..
У яго голасе гучаў адчай. Хлопца мучыла смага. І ён закрыў далонямі твар. Пры гэтым з яго грудзей вырваўся стогн. Упершыню даводзілася яму так пакутваць. Ён апусціўся перад Пахоміем на калені і залямантаваў:
— Скажы, скажы ж што-небудзь! Не маўчы! Толькі на адно імгненне ў вачах духоўніка мільганулі праменьчыкі папроку, — ён са шкадаваннем паглядзеў на Яна, — але тут жа твар яго прыняў ранейшы паважны выраз.
— Вытры твар, — уладарным тонам сказаў ён. — Не прыніжай сябе. Усім дрэнна: і нам, і тым, хто за гэтымі сценамі. Каму раскоша — той паратунку не атрымае. Смерць забярэ ўсіх, рана ці позна. Трэба толькі з годнасцю яе сустрэць.
— Смерць? — абазваўся Ян.
Выказаўшы меркаванне пра тое, дзеля чаго іх зачынілі, ён пры слове «смерць» схамянуўся, быццам яго ўдарылі. Ён не хацеў мірыцца з думкаю пра тое, што яму давядзецца хутка памерці.
— Мукі страшэнныя спасціглі нас, — працягваў Лагафет, — пякельныя дзеці вакол нас. Мы сустрэлі цеснату і скруху. Але выйсце ёсць!
— Выйсце? Якое? — з надзеяй усклікнуў Ян. — Гавары, стары!
— Тады клікну я імя Гасподняе, — адказаў Пахомій. І, перахрысціўшыся з пачуццём, ён пачаў маліцца: — Госпадзі! Уратуй душы нашы. Ты літасцівы, Гасподзь, і справядлівы, і міласэрны. Дапамажы нам.
Убачыўшы расчараванне на твары Яна, Пахомій сказаў раптам так гнеўна, так, што Ян спалохаўся яго голасу:
— Глядзі на мяне! Глядзі і паўтарай!
З хвіліну ён маўчаў, быццам унушаў позіркам Яну свой загад. Потым пачаў чытаць:
— Уратуй, Госпадзі, душы нашыя ад смерці, вочы — ад слёз і ногі — ад спатыкання. Будзем хадзіць перад абліччам Гасподнім па зямлі жывых. Хай вернуцца душы нашы ў спакой твой…
Усёй сваёй існасцю, усёй душою жадаючы выбрацца з гэтай ненавіснай яму каменнай клеткі, Ян спачатку аднымі вуснамі, а потым і на ўвесь голас стаў паўтараць за Лагафетам:
— Агарнулі мяне хваробы смяротныя, пакуты пякельныя спасціглі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі. Тады клікнуў я імя Гасподняе. Госпадзі! Уратуй душу маю. Гасподзь літасцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш. Хай беражэ Гасподзь прастадушных: я ўвесь знямог, і ён дапамог мне.
Знаёмыя словы напаўнялі яго душу, а разам з ёю і цела дзіўным цяплом. Ён паўтараў за Лагафетам — і адчуваў, што дрыжыкі яго паступова праходзяць і пакутлівыя спазмы — як вынік смагі — паволі заціхаюць. Словы, больш дакладна, сэнс, які яны неслі ў сабе, — станавіліся для яго хлебам, вадою і цяплом. Ён яўна адчуваў, як яны вылечваюць яго. Жадаючы не адстаць ад старога, ён паўтараў і паўтараў:
— Вярніся, душа мая, у спакой твой, бо Гасподзь умілажаліўся за цябе. Ты збавіў душу маю ад смерці, вочы мае — ад слёз і ногі мае — ад спатыкання. Буду хадзіць перад абліччам Гасподнім па зямлі жывых…
Толькі на другую ноч іх зняволення яны змаглі заснуць. Яны спалі, прыціснуўшыся адно да аднаго. Сон іх быў чуткім: трывожыў страшэнны холад. Часам ім здавалася, што і душа іх вось-вось пакіне адубелае цела. Розум мутнеў, сон чаргаваўся з непрытомнасцю. У сне Яну бачылася мора. Абодва яны плылі кудысьці на лодцы — і вада была паўсюль, як вясной у разводдзе. Яна шумела высокім вадаспадам, пенілася, бурліла і распырсквала мірыяды кропель у паветры. Здавалася, вада была зусім блізка. Шурпатым языком яны лізалі ў сне парэпаныя вусны — і былі ўпэўнены, што п'юць яе…
На наступны дзень Ян заставаўся ляжаць на каменнай падлозе ў паўзабыцці. Ён жыў толькі сваім унутраным святлом. Здані, што паўставалі перад яго вачамі, набылі для яго матэрыяльнасць і нават колер. Ён не думаў пра княгіню, бо паспеў дараваць ёй. Ён думаў толькі пра панну Марыю. Думка пра яе давала яму дзіўнае супакаенне і радасць. Толькі яны, гэтыя думкі, і звязвалі яго са светам жывых. Ён думаў, што ў яго ўсё добра і што, адпачыўшы, ён неўзабаве адправіцца да каханай.
Лагафет жыў малітвай. Холад і смага хутка падарвалі яго здароўе; зняволенне ў капліцы стала для яго тым апошнім подыхам, які так лёгка гасіць агеньчык свечкі. Чытаючы малітвы, ён не думаў пра тое, праведна ці няправедна пражыў сваё жыццё. Псаломшчык даўно засвоіў, што нікому не дадзена жыць без памылак. Ён маліўся, жадаючы даказаць Госпаду сваю шчырую веру. Ён ганьбіў ворагаў, якія акружалі яго «цямніцу», славіў Госпада. Часам ён гаварыў моцна, як бы губляючы самавалоданне. І тады голас яго выразна чулі дружыннікі, якія стаялі на варце за дзвярамі. Міжволі ім рабілася не па сабе. Яны адчувалі сябе вінаватымі ў пакутах гэтага старца. У такія хвіліны яны ў адчаі хрысціліся. Але страх іх пры гэтым не змяншаўся.
— …Сабакі атачылі мяне, — хрыпеў даведзены да адчаю Лагафет, — хеўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае. Можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць з мяне відовішча, дзеляць рызы мае між сабой і за адзежу маю кідаюць жэрабя.
На вуліцы, быццам узмацняючы агонію зняволеных, па-ранейшаму ішоў праліўны дождж. Лілося з чарапічнага даху. Вецер шалясцеў у галінках дрэў, скідваў лістоту, шапацеў у кустах, быццам штосьці шукаў. Аднак нішто не магло заглушыць хрыплага голасу звар'яцелага старца.
— Узнясіся, Госпадзі, сілаю тваёю, — паўтараў ён з вечнай кнігі,— мы будзем апяваць і ўслаўляць тваю магутнасць!
Увечары таго ж дня Лагафет заціх. Ян спачатку не звярнуў на гэта ніякай увагі. Потым усхваляваўся. Змрок паглынуў усе прадметы каплічкі; не стала бачна нават парапета на хорах. Вокны і тыя ўгадваліся толькі па подыху халоднага ветру. Прадчуванне падказала Яну, што нешта здарылася. Яму падалося, што Лагафет… знік. Кінуўшыся ў той бок, адкуль апошні раз даносіўся голас старога, Ян нечакана наткнуўся на штосьці халоднае і нерухомае, быццам камень. Гэта было цела Пахомія, які не падаваў прыкмет жыцця.
— Айцец!.. — моцна закрычаў ён і здзівіўся, як аслаб яго голас. — Айцец Пахомій, — паўтарыў Ян і пачаў адчайна трэсці ляжачага. — Прачніся, скажы што-небудзь! Айцец, гэта я, Ян!
Відаць, Лагафет страціў прытомнасць. Энергічнае ўстрэсванне і крыкі Яна прывялі ўсе-такі яго ў пачуццё. Ён пашавяліў рукой.
— Пахомій, дружа, не памірай. Не пакідай мяне! Бог дасць, раніцой адчыняць дзверы, і мы выйдзем. Пра нас, відаць, забылі! Не памірай, дружа!
Лагафет не адказваў. Ян лёг, моцна прыціснуўся да яго. Так праляжалі яны нейкі час. Нечакана Ян адчуў, што стары жадае штосьці сказаць. Вусны Пахомія варухнуліся, ён штосьці шапнуў… Схіліўшыся над паміраючым, Ян прыслухаўся…
Было зразумела, што душа бедалагі была гатова расстацца з целам. Ян мацней абняў Пахомія. Яму вельмі захацелася пачуць яго апошняе слова. Ён лічыў, што яно, гэта слова, стане яго выратаваннем. І, сапраўды, неўзабаве ён пачуў з вуснаў паміраючага ціхі шэпт, ледзь выразны выдых. Стары спрабаваў гаварыць:
— Я знікаю… як адыходзячы цень… Дапамажы мне… Госпадзі Божа мой… Уратуй мяне…