157670.fb2
— Навошта такая спешка, княгіня! Хто ведае, можа, я памыляюся! Я ж сказаў: не ўпэўнены, што яна мёртвая! Не спяшайцеся, прашу вас! Мы можам стаць саўдзельнікамі страшэннага злачынства! Прашу вас!..
— Чаму ж вы марудзіце? Дайце канчатковае заключэнне! — раззлавалася княгіня. — Вы, мабыць, развучыліся адрозніваць жывога чалавека ад нябожчыка?
— Неверагодны выпадак! Я не ўпэўнены!
— Ах, вы не ўпэўнены!.. Паміж іншым, вы пераконваеце мяне ў гэтым ужо цэлыя суткі!
— Але што я магу!..
— Пра тое, што вы нерашучы, я ўжо ведаю! Таму гавару: усё, хопіць! Яна мёртвая, і яе трэба пахаваць! Мы не можам больш марудзіць!
Княгіня ўзышла на подыум. Наблізіўшыся да нябожчыцы, яна ўважліва паглядзела ў твар сваёй ненавісніцы. Вочы яе пры гэтым звузіліся, а вусны скрывіліся ў злоснай усмешцы, — нейкая радасная думка прыйшла ёй у галаву.
Доктар, які назіраў за княгіняй, перахрысціўся, — яму раптам зрабілася страшна ад таго, што ён знаходзіцца адзін на адзін з гэтай асобай. Напаўголасу ён зноў пачаў прасіць:
— Хоць бы да раніцы, ваша міласць…
Але княгіня, абдумваючы нешта сваё, не палічыла неабходным яму адказаць.
— Ну чаму? — з абурэннем спытаў немец. Гаспадыня замка асцярожна спусцілася з подыума
і прайшла цераз усю залу да дзвярэй. Пераканаўшыся, што за імі нікога няма, яна вярнулася да крэсла і нечакана спытала:
— Доктар, якую суму вы павінны атрымаць па кантракце, які быў заключаны з вамі панам Станіславам? Здаецца, вы былі наняты на тры гады?
Гюльсгаўзен збянтэжыўся, пытанні здзівілі яго.
— Так, — адказаў ён, — мой кантракт на тры гады. За гэты час я спадзяюся зарабіць шэсць тысяч.
— Вы атрымаеце дзесяць. І ўжо сягоння!
— Дзесяць тысяч? — Немец быў здзіўлены. Манокль зваліўся з яго пераносіцы, павіс на ланцужку. — Вы жартуеце?
— Гэтыя грошы вы атрымаеце… у замен на заключэнне, — сказала княгіня. — Спадзяюся, дыктаваць тэкст вам не трэба?.. Ужо заўтра вы зможаце адправіцца да сябе на радзіму.
Доктар прыціх. Ён зразумеў, якую злавесную здзелку прапаноўвала яму гаспадыня замка. Разам з яго сумленнем хацелі купіць жыццё няшчаснай, што ляжала цяпер у дамавіне, упрыгожанай кветкамі і агеньчыкамі свечак. Ён хацеў адразу адмовіцца — але штосьці ўтрымала яго. Ён раптам успомніў жонку, сваіх дзяцей. Яму ўспомніліся доўгія вечары, калі ён сумаваў у гэтым замку па радзіме. Успаміны прымусілі яго задумацца. Праз хвіліну яму ўжо здавалася, што вялікага злачынства ў тым, што ён дасць патрабуемае такое заключэнне, ён не зробіць. Колькі памылак дапускаюць яго калегі! Няправільныя дыягназы, памылкі на аперацыях. А колькі ў яго, Гюльсгаўзена, было памылак! Вось і ў дадзеным выпадку. Тут няма здзелкі з сумленнем. Ён, Гюльсгаўзен, не ўпэўнены ў тым, жывая панначка ці не. Больш таго, яшчэ ўчора ён быў упэўнены, што яна мёртвая! Неабходны час, каб устанавіць ісціну. Але ці вінаваты ён у тым, што яго просяць паспяшацца з вырашэннем гэтага пытання!..
Доктар маўчаў добрых пяць хвілін. Спачатку, вытарашчыўшы вочы, ён глядзеў на княгіню. Затым прызадумаўся, утаропіўся сабе пад ногі. Нарэшце, глуха і бясстрасна, ён сказаў:
— Грошы. — І нечакана ўсміхнуўся.
— Што? — спытала княгіня, не адгадаўшы прычыны яго ўсмешкі.
— Грошы. — Ужо цвёрда паўтарыў Гюльсгаўзен. І раптам крыкнуў: — І ў гэтую ж хвіліну!
Княгіню закрануў за жывое яго тон. Яна паглядзела на доктара пагардлівым позіркам і нават фыркнула ад гневу. Пакорпаўшыся ў рукаве сваёй сукенкі, яна дастала з патаемнай кішэні нейкі футаральчык, неахайна сунула яго ў руку немца. На твары яе пры гэтым мільгануў выраз гідлівасці.
Гюльсгаўзен не пакрыўдзіўся. Ён прыняў футарал — і адразу ж паглядзеў. На пунсовай аксамітнай падкладцы футарала зазіхацела жывымі агеньчыкамі вялікая брыльянтавая брошка. Убачыўшы яе, немец у той жа момант забыў і пра княгіню, і пра сваю здзелку. Не, ён не думаў пра тое, колькі можа каштаваць падараваная яму рэч, — ён проста залюбаваўся ёю, як любуюцца прыгожым тварыкам, цацкай або дарагой карцінай. На твары яго з'явілася шчаслівая ўсмешка.
— Гэта рэч варта добрай вёскі,— вярнула яго на зямлю княгіня.
Гюльсгаўзен зрабіў крок бліжэй да святла, надзеў манокль і ўважліва пачаў разглядваць камяні, каб пераканацца, ці не падробка гэта. Твар яго зноў прыняў сур'ёзны выраз. Ён пералічыў камяні, яшчэ раз палюбаваўся іх чысцінёй і, нарэшце, зачыніў крышку футарала. Азірнуўшыся на княгіню, ён сказаў:
— Вы атрымаеце тое, што просіце, праз гадзіну я прышлю свайго слугу.
Схаваўшы футарал у кішэнь сюртука, ён з гордым выглядам, быццам тарэадор, які выканаў сваю справу, пакрочыў да выхаду, аднак каля дзвярэй затрымаўся. Азірнуўшыся на княгіню, ён ціха і ўжо з нейкай яўнай пагардлівасцю ў голасе вымавіў:
— Бывайце, ваша міласць. Спадзяюся, больш ніколі не ўбачымся.
Княгіня нічога не адказала. Яна прасачыла за тым, як ён выйшаў, потым павярнулася да дамавіны.
Панна Марыя сапраўды не выглядала на памерлую. Бледны твар яе як бы свяціўся знутры. Здавалася, яшчэ хвіліна і нябожчыца адкрые вочы… Заглядзеўшыся, княгіня ўздрыгнула. «А раптам!» — мільганула ў яе свядомасці. Але страх гэты быў імгненным, як парыў ветру.
Вельмі ўжо многа нянавісці накапілася ў яе да панначкі. Цяпер, калі ў яе з'явіўся шанс разлічыцца, яна радавалася. Ёй не было шкада ні здароўя свайго мужа, ні брыльянтаў. Ёй хацелася адпомсціць. Дзеля гэтага яна і ішла на страшэнны грэх. Княгіня, як патрывожаная змяя, нацэлілася выліць свой яд — і ўжо нішто не магло спыніць яе. «Хутчэй бы, хутчэй!» — прашаптала яна, не адрываючыся ад ненавіснага ёй твару.
Лудзільшчык з'явіўся ў прызначаны час. Ён далажыў аб сваім прыездзе, пасля чаго асталяваўся ў лудзільні. Чакаючы загадаў, ён распаліў агонь у горане, праверыў кавальскі мех…
З надыходам ночы слугі ўнеслі ў лудзільню цела панначкі. Яны асцярожна знялі яго з насілак і палажылі ў цынкавы саркафаг, які быў выстаўлены пасярэдзіне памяшкання. Цырульнік прывёў у парадак прычоску панны Марыі, а прыслужніцы ўпрыгожылі яе сукенку штучнымі кветкамі. Калі ўсе выйшлі, майстар узяўся за сваю справу.
Ён падкінуў вугалю ў печ, паставіў на агонь гаршчок, напоўнены кавалкамі свінца, потым ён заняўся саркафагам. Ён узяў вечка, якое стаяла каля сцяны, і пачаў прымяраць яго на станіну. Сям-там вуглы давялося падагнуць малатком…
За акном лудзільні было цёмна. Снег, які выпаў мінулай ноччу, ужо растаў. У горане набіраў сілу агонь; яго гукі нагадвалі гул раззлаванага пчалінага рою. Іншы раз ні з таго ні з сяго пачынала трашчаць, распырскваючы воск, свечка, якая была ўстаноўлена на высокай падстаўцы пасярэдзіне памяшкання. Майстар працаваў, стараючыся не звяртаць увагі на нябожчыцу. Падагнаўшы вечка, ён зняў яго і спецыяльным каменем пачаў здымаць завусеніцы на яго краях. Пакончыўшы і з гэтым, ён зноў насадзіў вечка.
А тым часам свінец расплавіўся, пачаў напамінаць аб сабе ціхім бульканнем. Спрытна падхапіўшы гаршчок віламі і падтрымліваючы яго зверху абцугамі, лудзільшчык узяўся разліваць яго змесціва па канаўцы. Вадкі метал хутка заліў увесь памер канаўкі і даволі хутка ацвярдзеў. Майстар цярпліва прайшоўся яшчэ раз па ўсім контуры саркафага і запоўніў канаўку да краёў. На гэту работу ў яго пайшло не больш дзвюх хвілін.
Калі ўсё было скончана і гаршчок з лішкам свінца заняў сваё месца зноў на пліце, майстар не ўтрымаўся і паглядзеў на панначку. Ён здзівіўся… Панна Марыя паказалася яму ненатуральна прыгожай, — ніколі б ён не падумаў, што яна мёртвая. Нядобрае прадчуванне падказвала, быццам нейкі геній шапнуў майстру, што ён паспяшаўся. Паддаючыся волі прадчування, ён узяў сухі і чысты кавалачак тканіны і старанна працёр шкло саркафага.
Твар панны Марыі быў цудоўны. Лудзільшчык чуў пра яе прыгажосць. Але не яна абвастрыла яго цікаўнасць, — майстар яўна ўбачыў, як рукі панначкі паварушыліся, а па твары прабегла сутарга… Ён хацеў патлумачыць гэту дзіўную з'яву дрыжаннем агеньчыка пырскаючай свечкі, таму ён зняў свечку з падстаўкі і паднёс яго да самага шкла саркафага. Здзіўлены лудзільшчык убачыў, як панна Марыя раптам паварушылася ўсім целам, быццам хацела прыўзняцца. Галава яе схілілася ўбок — і ў той жа момант цёмны струменьчык крыві выбег у яе з рота. Вочы раптам раскрыліся, і няшчасны лудзільшчык убачыў у іх боль. Панна Марыя, быццам рыба, якую выкінулі на бераг, пачала хапаць ротам паветра. Твар яе перакрывіўся ў страшэннай грымасе…
Валасы лудзільшчыка ўсталі дыбам. Ён адскочыў ад саркафага і, за нешта зачапіўшыся, паваліўся на спіну. Свечка, якую ён трымаў, патухла. Некалькі імгненняў, якія паказаліся яму вечнасцю, ён ляжаў нерухома, прыслухоўваючыся да цішыні і прыглядваючыся да водбліскаў святла са шчылін печы: яму здавалася, што ў лудзільню пранік невідзімкаю сам д'ябал! Ён ляжаў і чакаў халоднага дотыку да шыі. Водбліск дагараючага святла ў печы рухалі па сцяне з бярвенняў павялічаныя чырвоныя цені,— лудзільшчыку здавалася, што гэта таньчыць нячыстая сіла…
Дрэнна ўсведамляючы, што робіць, майстар падняўся і, падышоўшы да печы, запаліў свечку. Затым ён зноў наблізіўся да саркафага. Дрыжачай рукою ён паднёс запаленую свечку да шкла. Панначка ляжала ўжо нерухома, абхапіўшы горла рукамі. Вочы яе былі адкрыты, а адна шчака і пасмачка валасоў з аднаго боку былі запэцканы густой чорнай крывёю…
Кінуўшы свечку, лудзільшчык падскочыў ад страху, як заяц, і з дзікім крыкам кінуўся наўцёкі з памяшкання.
Ён выбег на двор. На небе, дзесьці каля самага гарызонта, паблісквалі першыя ранішнія праменьчыкі. Звар'яцелы лудзільшчык перасек двор і чамусьці панёсся ўверх на бастыён. Забегшы туды, ён, не раздумваючы, кінуўся ўніз — пакаціўся па мокрай гнілой траве ў роў. Ледзяная вада, аднак, не вярнула яго да супакаення. Ён перабраўся праз роў і, бясконца азіраючыся, згінаючыся і штосьці выкрыкваючы, быццам хтосьці гнаўся за ім і лупцаваў бізуном, пабег па насыпной дарозе далей — у бок горада. Здалёк ён нагадваў чалавека, якога атакавалі восы…
Яго крык пачулі ахоўнікі. Адразу ж за бегляцом была выслана пагоня.
Прайшоў цэлы тыдзень з той страшэннай ночы. Па загадзе князя, які вярнуўся з Варшавы, саркафаг раскрылі. Было ўстаноўлена, што панна Марыя памерла ад разрыву сэрца… Забальзаміраваўшы цела, саркафаг зноў запаялі і паставілі ўсё ў той жа Развітальнай зале. Аднак візіцёраў у гэты раз не пусцілі. Гэта акалічнасць, а таксама нечаканае вар'яцтва лудзільшчыка хутка выклікалі ў горадзе неверагодныя чуткі, сярод якіх была і праўдзівая — гэта тое, што панну Марыю заплавілі ў саркафаг жывой… Усе вінавацілі княгіню. Яўных доказаў у яе дачыненні да смерці як быццам не знаходзілася. Тым не менш, народ не сумняваўся, што злачынства гэта на яе сумленні.
Пахавалі панну Марыю ў фамільным касцёле Эрдзівілаў. Цяжкую труну пранеслі на руках да самага храма.
Каля варот касцёла працэсію сустрэў натоўп гараджан. Людзей у той дзень сабралася столькі, што княжацкім дружыннікам давялося зрабіць жывы калідор…
На пахаванне прыйшлі маладыя садоўнікі, сябры Яна. Прыехала і няшчасная Люцыя.