157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

— Цікава, колькі спатрэбіцца часу, каб мы апаражнілі ўсе гэтыя бочкі? — глыбакадумна запытаўся Сліва.

— Усё жыццё, — упэўнена адгукнуўся на пытанне Шадурскі.

— То давайце сядзець тут усё жыццё, — падрахаваў свае развагі таўсмач.

Бока, які стараўся і тут прапускаць тосты, праз нейкі час заўважыў, што вочы ў яго сяброў пачалі зліпацца. Паны яшчэ бадзёрыліся, крычалі: «Вып'ем!», але іхні запал ужо прыкметна атухаў. Сліва першы пачаў паціху храпці. Неўзабаве да яго далучыўся Шадурскі. Апошні завёў сваю мелодыю Скарлоцы. Наш герой нарэшце паставіў свой келіх, падняўся і скіраваўся да запаветнай аркі. Нячутна прайшоў ён праз усё памяшканне і неўзабаве апынуўся перад уваходам у тунель, які быў неасветлены і нагадваў каміннае паглыбленне. Ён непакоіўся, што хто-небудзь з паноў прачнецца і ўвяжацца за ім, а таму азіраўся і прыслухоўваўся. Але ў склепе было спакойна; мернае пахрапванне захмялелых ягамосцяў падмацоўвала гэты спакой.

Бока ступіў у тунель. У тую ж хвіліну ён пачуў дзесьці наўздалёк ледзь чутны брэх. Ён азірнуўся, намагаючыся зразумець прычыну пачутага. Але пад скляпеннямі было ціха. І тады хлопец зразумеў, што брэх далятае з глыбіні тунеля. Апрача брэху, выразна было чуваць екатанне, — гэта былі галасы некалькіх, можа, нават цэлага дзесятка сабак. Бока згадаў, што чуў падобнае сугучча сёння ў лесе, калі сабакі даганялі зайца. Між тым брэх і екатанне ўсё мацнелі. Праз хвіліну сталі чутны скавытанне і нават хрыплае частае дыханне. Гэтыя гукі імкліва набліжаліся.

Бока адно толькі паспеў выйсці з тунеля і адступіцца ўбок, як з цемрыва выскачыў напачатку заяц, а за ім, з брэхам і віскатам, выбег цэлы тузін ганчакоў. Хлопец адразу ж пазнаў, што гэта тыя самыя харты, якіх паляўнічыя згубілі сёння ў Сар'інскім лесе. Памеркаваць пра тое, якім чынам зграя трапіла сюды, у гэты склеп, яму не ўдалося, — заяц і яго даганятыя ўчынілі ў памяшканні сапраўдны вэрхал. Сабакі бегалі паміж бочак і па лесвіцы, яны рассыпаліся па ўсім склепе. Адзін з іх умудрыўся трапіць нават у студню.

А заяц скакаў, быцам замест ног у яго былі спружыны. Сабакі хоць і стараліся, аднак ніяк не маглі схапіць яго. Той быў спрытнейшы. Шум і валтузня пабудзілі задрамалую каля бочак тройцу. Добра начаркаваўшыся, не разумеючы, што адбылося, паны паўскоквалі на ногі і прыціснуліся да бочак, — відаць, ім падалося, што гэта новыя Садом і Гамора. Шадурскі першы ўскараскаўся на бочку. З незвычайным спрытам тое ж самае зрабіў і Скарлоцы. Не дзіва, што цяжэй за ўсіх было Сліву, — яму замінаў жывот. Да таго ж здарылася непрадбачанае: перапалоханы заяц раптам заскочыў таўсмачу на спіну, а са спіны пераскочыў на бочку, пакінуўшы такім чынам сваіх даганятых, як той казаў, з носам. Сабакі, брэшучы яшчэ мацней, чым колькі хвілін таму, скупіліся вакол таўсмача і бочкі, на якую ён намагаўся ўзлезці, а адзін, найбольш раз'юшаны, схапіў яго за панталоны. Спачатку пачуўся крык, а потым — трэск парванай матэрыі.

Бока кінуўся памагаць няшчаснаму, пачаў разганяць раз'юшаных сабак. У памяшканне ўбеглі лёкаі…

Хвілін праз пяць у склепе зноў запанаваў спакой, сабак пратурылі. Усе пагляды тым часам былі скіраваныя на пакутніка. Сліву трасло як у ліхаманцы. Апрача ўсяго, ён страціў асноўную частку свайго ўбрання. Гэтая няўпраўка, здавалася, засмуціла нават зайца, які ўсеўся на бочцы і здзіўлена вытарашчыў на таўсмача свае вочы.

Нечакана і вельмі недарэчы на ўзвышэнні з'явілася панна Яніна. Яна была дужа ўгневаная.

— Дык вось вы дзе! — каб усе пачулі, сказала яна. — Ну вядома, дзе ж яшчэ вы можаце быць! Гэтае месца акурат для вас — другая Мекка!

— Ды што ты, дачка, не кажы так, — стомленым голасам азваўся Шадурскі і пачаў асцярожна спускацца са свайго «п'едэстала». — Трохі пацешыліся. Спакойна, ціха.

— Мы тут апынуліся зусім выпадкова, — паспрабаваў зманіць Сліва.

— І ўбранне сваё вы таксама згубілі зусім выпадкова? — не стрымалася панна. Скарыстаўшы разгубленасць, якую выклікала гэтая прыгода, яна вырашыла прыструніць гулякаў: — Брыдка! Вашы паводзіны ганьбяць вас!.. Што скажуць пра гэта вашы падданыя?

Панна сапраўды дужа ўгневалася, бо, праказаўшы гэта, раптам з годнасцю павярнулася і пайшла.

Цэлую хвіліну пасля гэтага ў склепе панавала цяжкае маўчанне. Усе вінавата адчувалі, што гэтым разам схібілі. Шадурскі, разумеючы, што завінаваціўся больш за ўсіх, першы парушыў маўчанне.

— Ну давайце, панове, — сказаў ён, — пойдзем наверх, няўжо мы не прыдумаем забаў, што вартыя нас.

Уся кампанія без пярэчанняў пацягнулася за ім. Каля лесвіцы Шадурскі затрымаўся, паклікаў да сябе аднаго з лёкаяў. Паказаўшы пальцам у бок прыціхлага на бочцы зайца, ён сказаў:

— Аднясі на кухню. Скажы, што пан загадаў згатаваць на вячэру.

Лёкай пакланіўся. Здаецца, ён адно таму і з'явіўся сюды, каб выканаць гэты загад. У руках ён трымаў палатняны мех. Падышоўшы да зайца, лёкай падняў яго за вушы і кінуў у мех. Паназіраўшы за гэтым, Шадурскі, Скарлоцы і Сліва рушылі далей.

Дачакаўшыся, калі ўсе выйдуць, Бока зачыніў дзверы ў склеп і як не пабег да аркі падземнага хода. У яго ўзнікла моцнае жаданне як мага хутчэй выбрацца са становішча, у якім ён апынуўся. Яму ўсё здавалася, што, загасцяваўшыся тут, ён спозніцца на свой аўтобус.

Аднак на гэты раз ён здолеў дайсці адно да студні. Яго спыніў шум за спіною. Хлопец абярнуўся і ўбачыў, што на пляцоўцы, трымаючыся за парэнчы, стаіць панна Яніна.

Панна разгублена глядзела ў яго бок. Мабыць, ёй было незразумела імкненне маладога госця пазбягаць яе.

— Бедны пан Вальдэмар, — са спачуваннем сказала яна. У яе яшчэ ставала літасці не сердаваць на госця. — Усе яго пакінулі, забылі. Няма каму яго прылашчыць. — Яна спусцілася па лесвіцы, падышла да Бокі.— Чаму вы ўцяклі? Няўжо я такая брыдкая?.. Ці вас завабіла сюды змесціва гэтых бочак?

— Панна, даруйце мне, — адказаў Бока. — Калі б вы ведалі ўсю праўду… Калі б я сам ведаў і мог спасцігнуць усё тое, што адбылося са мною сёння і, увогуле, што адбываецца…

— Што я павінна ведаць? Пра якую праўду вы кажаце? — перабіла яго панна. — Пакуль што я бачу толькі адну праўду — тое, што вы ўпадабалі нашае віно. Вы адно тым і займаецеся, што п'яце!.. Дзеля гэтага вы ад мяне і ўцякалі!

— Я вінаваты, прызнаю. — Бока адчуў, што яму варта пагаджацца, інакш ён заблытае сваю суразмоўніцу і яна зусім перастане яму верыць. — Я рады быць з вамі столькі, колькі вам зажадаецца, — сказаў ён, спрабуючы заспакоіць дзяўчыну.

— Але мне гэтага мала, — парыравала панна. — Я хачу, каб вам самаму зажадалася быць са мною!

У гэтую хвіліну ў склеп увайшоў ужо знаёмы Боку лёкай з вёдрамі. Ён моўчкі пакланіўся панне, пасля чаго падаўся да студні.

— Пайшлі, пан Вальдэмар, — запрасіла панна. — Склеп — не лепшае месца для гутаркі такіх, як мы з вамі.

Яны скіраваліся да выхаду. Падняўшыся на пляцоўку, Бока азірнуўся. Прыцемнены ўваход у тунель так і вабіў яго да сябе. Хлопец уздыхнуў. На жаль, вызваліцца з гэтага дзіўнага палону яму зноў не выпадала.

IX

Хвілін праз дзесяць пасля падзей, што адбыліся ў склепе, Бока апынуўся ў будуары панны Яніны. Паркетная падлога тут была ў шашачкі, а сцены і столь аздаблялі ляпныя гірлянды. У кутку, каля канапы, стаяла шырма. Панна, як сама царыца Саўская, раскашавала ў вялікім малінавым крэсле каля акна.

— Усаджвайцеся, — паказала яна на крэсла насупраць сябе. — Памятаеце, у сталоўцы наша гутарка перапынілася на самым цікавым месцы. Здаецца, вы хацелі тое-сёе распавесці.

— Распавесці? — Бока здзіўлена ўзіраўся на панну.

— Але, пра свой сон. Вы яшчэ прызналіся: «…Ён такі прыемны, асабліва калі побач вы…» — Яна памаўчала, дапытліва гледзячы на хлопца, потым дадала: — Пачатак мяне заінтрыгаваў…

Бока не адказаў. Калі б ён быў хоць на каліва больш прадбачлівы, то пазіраў бы на гэтыя дамаганні прасцей і паводзіў бы сябе як звычайна. Яму адно й трэба было зразумець панну. Сапраўды, каго бачыла яна, гэтакая маладая ды багатая, у сваім атачэнні? Марнатраўцаў ды гультаёў, фантазія якіх абмяжоўвалася таннымі забавамі. Цяпер, калі яна сустрэла чалавека, не падобнага да ўсіх астатніх, яе мучыла цікаўнасць, і яна, асоба знаная ды ганарыстая, гатовая была нават прыніжацца, абы спатоліць гэтую сваю цікаўнасць.

— Не маўчыце, пан Вальдэмар, кажыце, — заклікала панна, — я слухаю.

Бока ажно заірдзеўся.

— Так, мне сапраўды хацелася тое-сёе сказаць вам, — нарэшце адважыўся ён. — Між іншым, што такое слова? Ці паверыце вы хоць аднаму з іх? Ці паверу я ім сам?..

— Як, вы збіраецеся мне маніць?

— Не-не, — паспяшаўся заспакоіць яе наш герой. — Справа не ў гэтым.

— Дык у чым жа?

— Выслухайце мяне, панна… Магчыма, штосьці ў маім аповедзе падасца вам дзіўным, нават неверагодным. Але гэта значыць усяго толькі, што я сам не магу дапетрыць, што адбылося са мною…

Такі ўступ адно заінтрыгаваў панну.

— Кажыце, я слухаю, — паўтарыла яна. — І прашу вас, сядайце. Гэтак вам будзе зручней.

Бока паслухмяна апусціўся ў крэсла насупраць.

— У мяне такое адчуванне, — працягваў ён, — бы ўсё, што адбываецца вакол мяне ў гэты дзень, — нейкае ашуканства, розыгрыш. Мне здаецца, што вы, ваш бацька, вашы госці, нядаўняе паляванне, нават той заяц — ці ўдала разыграная камедыя, ці сон, галюцынацыі, і што сам я патрапіў сюды… памыліўшыся, як увайшоў не ў тыя дзверы… Ах, ды як вам гэта растлумачыць!..

Бока адчуў, што яшчэ больш заблытвае і сябе, і панну. Яму хацелася выказаць усё без хітрыкаў, але ён не ведаў, як гэта зрабіць.

Між тым цікаўнасць у панны ўсё расла. Фантазія і тэмперамент абяцалі ёй забаву, якая ніколі нават і не снілася.

— Са мною было падобнае, — раптам шчыра прызналася яна. Пры гэтым яе вочы заіскрыліся.