157670.fb2
— Так-так, — пацвердзіла панна. — І вінаватыя былі… нашы чарадзейныя яблыкі. Відаць, вы таксама пакаштавалі адзін з іх.
— Чарадзейныя яблыкі?
— Ну але. Не здзіўляйцеся. Я сама не верыла. Пакуль не вызнала іх сілу. Яны здольныя вычварыць што хочаш, нават самае неверагоднае. Здаецца, іх сокі падпарадкаваныя нейкаму невядомаму розуму… Ну як, напрыклад, вытлумачыць такі факт. Я не раз выпытвала ў нянькі пра сваю бабулю, якая памерла, калі мяне яшчэ не было на свеце. Больш таго, я ведала, што прах маёй прашчуркі спачывае ў Асвейскім касцёле. І вось, што б вы думалі, аднойчы я сустракаю яе ў нас у палацы!.. Так-так! Уявіце сабе! Гэта здарылася пасля таго, як я з'ела адзін яблык з нашай чарадзейнай яблыні… Бабуля была маладою і такою вабнаю. Я ўсё пыталася ў яе: «Скажыце, пані, хто вы?» А яна замест адказу выпытвала ў мяне: «А ты, дзіцятка, хто такая? Адкуль?» Мне дапамог… бабулін партрэт, — я раптам узгадала, што бачыла яе твар на партрэце ў нашай галерэі… Мы разгаманіліся. Мне было няёмка называць яе «бабуляю»… Потым калі мы развіталіся, я падумала, што ўсё гэта насланнё, сон. Тым не менш, доўга памятала кожнае слова з той нашай размовы… А іншым разам, — працягвала панна, — пакаштуеш гэтых яблыкаў — і адбываецца нешта зусім інакшае, хоць і не менш неверагоднае: раптам на табе задыміцца сукенка ці балюча сцебане па спіне якая-небудзь галінка. І ўсё, як быццам незнарок… Аднойчы, гуляючы па парку, я пачула жахлівыя крыкі. Крычалі лёкаі. Яны былі нечым дужа ўсхваляваныя. Я выбегла на адкрытую мясціну і ўбачыла, што яны, стоячы на ганках, хрысцяцца ў бок чарадзейнай яблыні. Падалося, што ў тым баку па галоўнай паркавай дарожцы коціцца нейкае кола. Я прыгледзелася і згледзела, што гэта куляецца адзін з нашых маладых лёкаяў, які зусім нядаўна пачаў працаваць у нас. Заходзячыся ад крыку, ён перасёк тэрыторыю парка і выкаціўся за браму ў бок вёскі… Мы дазналіся, што няшчасны, не паслухаўшыся, захацеў паспытаць нашых чарадзейных яблыкаў. І атрымаў…
— Няўжо гэта праўда? Няўжо вы верыце, што яны чарадзейныя?
— Паверыш, калі з малых гадоў бачыш усё гэта… Казалі, што некалі тут, на беразе гэтага возера, стаяў хутар аднаго пустэльніка, які ведаў таямніцы магіі. Пустэльнік памёр, так нікому і не паспеўшы перадаць свайго ўмельства. Яго пахавалі пад маладою яблынькаю. Потым пабудавалі гэты палац, пасадзілі парк. Вось тады ўсе і даведаліся пра дзівосныя ўласцівасці яблыні. Відаць, сіла таго пустэльніка пасля яго смерці перадалася дрэўцу. А ад яго штогод перадаецца пладам.
— Так, — усміхнуўся Бока, — прыгожая казка.
— Казка?.. — здзівілася панна. — Казкаю яе называюць тыя, хто не пакаштаваў гэтых яблыкаў.
— Вы хочаце спакусіць мяне на ўдзел у паказе цудаў? — запытаўся Бока. — Ох і пракачуся колам!
Панна, застаючыся сур'ёзнаю, сказала:
— Я ведала, што вы адважны пан.
— Адважны? — здзівіўся Бока. — Для таго каб з'есці яблык, адвага не патрэбна.
— Сапраўды?! — ці то запыталася, ці пацвердзіла панна.
Бока перастаў усміхацца.
— Вы штосьці недагаворваеце, панна Яніна, — заўважыў ён.
Маленькая панна адказала не адразу. Ёй хацелася прымусіць хлопца паверыць у свой аповед. Адначасова ёй падабалася, калі ён глядзеў ёй проста ў вочы. Пагляд маладога чалавека распаляў яе.
— Скажыце, пан Вальдэмар, я вам падабаюся? — нечакана запыталася яна.
Чырвань, што нахапілася ад збянтэжанасці, заліла юнакоў твар. Ён не чакаў такога павароту. Аднак вачэй не апусціў, адказаў:
— Вы, панна, з тых, хто проста не можа не падабацца. Я ўпэўнены, што ў вас шмат заляцаяў.
Гэтым разам настала чарга збянтэжыцца панне. Але і яна не зажадала апусціць вачэй.
— Магчыма, — няпэўна адказала яна. — Затое ніводнага вартага.
— А якога ж гэта? — пацікавіўся хлопец.
— Ну, скажам, гэтакага ж, як вы, — без усялякіх хітрыкаў адказала панна.
Толькі цяпер Бока заўважыў, што панна ўзіраецца на яго не проста з цікаўнасцю. Было відно, што яна чакала і жадала ад свайго госця ўчынку. З хвіліну хлопец маракаваў, як быць. Маленькая панна падабалася яму, — гэта было бясспрэчна. Адначасова тое недарэчнае становішча, у якое ён трапіў тут, стрымлівала яго пажадлівасць. Нашага героя варта было зразумець. Усё ж ён быў у палоне, — хоць і прыемны, але той пазбаўляў яго сапраўднага разняволення. Да таго ж ён не ведаў ні законаў, ні нораваў людзей, да якіх трапіў. А раптам, думаў ён, камусьці з іх узгарыцца павесіць яго на дыбе, — дастаткова аднаго слова лёкаям. Хлопец быў асцярожны ды ўсё яшчэ памятаў ранішнюю сутычку…
— Калі я пачну заляцацца да вас, пан Скарлоцы выкліча мяне на двубой, — паспрабаваў аджартавацца ён. — Між тым у маёй краіне не ведаюць ні шпагаў, ні пісталетаў.
— Я ўпэўнена, што да вечара пан Скарлоцы тут наўрад ці з'явіцца, — адказала панна. — Ён спіць. І яго не пабудзіць нават гарматны стрэл. — Жадаючы дарэшты заспакоіць юнака, яна дадала: — Не бойцеся, у маім пакоі вам ніхто не адважыцца пагражаць.
Красуня заклікала госця быць рашучым. Яе сердавала тое, што даводзіцца амаль што ўпрошваць яго. «Няўжо ў іх, у Берберыі, усе такія цюхцяі?» — незадаволеная, думала яна.
— У вас безліч часу, — між тым сказала яна. — Не бойцеся. У гэтым пакоі мы можам заставацца столькі, колькі пажадаем…
Было прыкметна, што яна хвалявалася. Адчуўшы, нарэшце, злачыннасць сваіх паводзінаў, Бока вырашыў, што з дзвюх бед выбіраюць меншую.
— Панна, — ціха сказаў ён і падняўся. Потым падышоў да крэсла суразмоўніцы, укленчыў і абняў яе за ногі.— Даруйце мне, — прашаптаў ён.
Яна адразу ж абхапіла яго за шыю і пацалавала ў вусны.
— Нарэшце, — праказала яна, працягваючы палка абдымаць хлопца.
Пасля новага працяглага пацалунка яна раптам адштурхнула Боку і, падскочыўшы з месца, хуценька прашаптала:
— Пачакайце, я зараз!
Спярша яна падбегла да акна і захінула шторы. Пасля гэтага схавалася за шырмаю.
Бока падняўся. Падалося, што хмель з новай сілаю ўдарыў у галаву. Ён чуў шамаценне за шырмаю, — панна спяшалася скінуць з сябе сукенку. Жадаючы супакоіцца, хлопец прашпацыраваў па пакоі. Міжволі ён апынуўся каля дзвярэй. І тут нечаканая думка прыйшла яму ў галаву: з'явіўся спрыяльны момант для таго, каб уцячы. Спачатку ён адхіліў гэтую ідэю баязліўцы. Але праз хвіліну, калі яна зноў патурбавала яго, задумаўся. Супярэчлівыя жадункі перапаўнялі хлопца. З аднаго боку, яму хацелася застацца, з другога — насуперак самому сабе — вабіла як хутчэй выбрацца з гэтага дома, каб выблытацца з сітуацыі, у якой ён апынуўся.
За шырмаю нешта грукнула аб падлогу. Бока здрыгануўся, — падумаў, што панна ўжо распранулася. І тады ён разважліва заключыў, што настаў самы час даць драпака. Гэтая думка сама падштурхнула яго да выхаду. Ён адчыніў дзверы і нячутна выслізнуў у калідор…
Бока прабег па калідоры і, адчыніўшы канцавыя дзверы, убачыў, што перад ім доўгая светлая галерэя-пераход, што злучае адзін палацавы будынак з другім. Ён пайшоў па ёй і апынуўся ў калідоры суседняга будынка. Там згледзеў лесвіцу і спусціўся на ніжні паверх. Толькі тады ён зразумеў, што з гэтага будынка трапіць у склеп яму не ўдасца.
І ўсё ж, паблукаўшы па ўсім палацы, ён выбраўся нарэшце да дзвярэй, што вялі ў склеп. Аднак варта яму было адно наблізіцца да іх, як з дальняга канца калідора хтосьці паклікаў:
— Пан Вальдэмар!
Па голасе Бока пазнаў, што гэта панна Яніна. Зрабіўшы выгляд, што нічога не пачуў, хлопец адчыніў бліжэйшыя дзверы і ўвайшоў у якоесьці памяшканне.
Ён апынуўся на кухні. Пасярод прасторнае залы стаяла некалькі пліт і цэлы шыхт сталоў. Апрача таго, уздоўж сцен тут былі змайстраваны шырокія шафы, дзе захоўвалася рознае кухоннае начынне, посуд ды харчы. Каля аднаго са сталоў завіхаліся двое. Абодва былі ў фартухах і ў каўпаках. Бока здагадаўся, што гэта кухары. Адзін з іх, сівы, лядашчы, быў стары; затое другі, смуглявы, чорнавалосы, — зусім малады, юны. Абодва так былі захоплены сваёю справаю, што нават не заўважылі, хто ўвайшоў. Бока прыгнуўся і, хаваючыся за плітамі, падбег да адной з шафаў. Адчыніўшы дзверы, ён похапкам узлез на ёмкую паліцу.
На парозе кухні з'явілася панна Яніна. І адразу ж за ёю ў памяшканне ўбег сабака. Кухары ўзнялі галовы ад шыкоўнага торта, — а гэта над ім яны так завіхаліся, — пакланіліся панне. Яны былі збянтэжаны, — гаспадарова дачка мала калі заходзіла сюды. Але ганарыстая панна нават не зірнула на іх.
— Ці не бачылі, як сюды заходзіў… адзін малады пан? — аглядваючы памяшканне, спыталася яна ў кухараў.
— Ды як быццам ніхто не ўваходзіў, ваша міласць, — хуценька адказаў стары і зноў пакланіўся.
— Як быццам ці не ўваходзіў? — строга запыталася панна.
— Не, ваша міласць, тут нікога не было, — адказаў за старога малады. — Мы б заўважылі.
Панна прайшлася па кухні. Яна скіравала да шафаў і нават адчыніла адну. Нарэшце яе зацікавілі дзверы ў дальнім канцы памяшкання. Госця наблізілася да іх і тузанула за ручку. Дзверы лёгка адчыніліся.
— Куды гэты выхад? — пацікавілася панна ў кухараў, якія паслухмяна валачыліся за ёю.
— Там лесвіца, што вядзе на другі паверх у сталоўку, — адказаў стары.