157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Гарбуз паставіў каністры ў багажнік машыны, адамкнуў дзверцы, апусціўся на сядзенне і толькі тады заўважыў, што ў машыне ён не адзін. Першым жаданнем было выскачыць, але на плячо легла рука.

— Чаго так, дзядзя? Заводзь матор, і паехалі. Чаго ты так спужаўся? — голас нічога добрага не абяцаў. Побач з Гарбузом сядзеў чалавек у цёмных акулярах, у белай веласіпедысцкай шапачцы.

Выехалі за горад завулкамі і вулачкамі. Прымусілі спыніцца збоч дарогі, у нейкай лагчыне. Смярдзела звалкаю. З машыны не вылазілі.

— Нельга, дзядзя, браць чужое. Вас так мама некалі вучыла?

Гаварыў той, што сядзеў ззаду. У Гарбуза заняло мову. Спачатку падумаў, што міліцыя. Пасля таго як везлі за горад, здагадаўся, што гэта не міліцыя, а тыя. І ад гэтага стала яшчэ страшней.

— Я ж, хлопцы, — пачаў быў Гарбуз, але ў роце перасыхала.

— Ты краў, дзядзя. Не толькі ў дзяржавы, а і ў нас.

— Я аддам вам, хлопцы, грошы, аддам. Я ўсяго чатыры каністры.

— Сем, дзядзя. І хлусіць мама не вучыла. Гарбуз вывез пятнаццаць каністраў.

— Я заплачу, колькі скажаце.

— Не трэба нам грошы, Андрэй Дзям'янавіч, не трэба. Мы не пра грошы прывезлі вас сюды гаварыць!

«Усё ж міліцыя!» — абарвалася душа ў Гарбуза.

— Мы багатыя людзі. Слухайце і запамінайце. Мы там у машыне паклалі вам наклеечкі і пробачкі. Тару дастанеце самі. Паслязаўтра вы на работу на машыне пад'едзеце. Малады чалавек у шапачцы, яго так вы і зваць можаце, малады чалавек, падсядзе ў яе. Правядзе куды трэба. Усё вам раскажа.

— Хлопцы, я не… Я заплачу вам!

— Мы багатыя, дзядзя. Нам з табою па дарозе. Можаш ехаць дадому.

Ля дома той, што сядзеў ззаду, загадаў спыніць машыну так, каб цень ад дрэва падаў на яе.

— Не ўздумай, дзядзя, хоць што зрабіць не так, як мы сказалі табе. Ці схадзіць, паказаць кранік, каб там засаду ўстроілі. Цяпер ты ў нас Кранікам будзеш. Глядзі, а то чаго не бывае… Ці аварыя, ці правады ў доме замкнуць могуць, пасыплюцца іскры. А тавар у сумкі пастаў. І не бойся, за работу заплоцім. Не паўстаўкі, стаўку яшчэ адну адвалім табе!

Маладзейшы рагатнуў хрыплаватым і кароткім рогатам. За ўсю дарогу не сказаў ён ні слова, але праз два дні Гарбуз угледзеў, калі выйшаў з работы, яго ў сваёй машыне.

Камандаваў ён коратка: направа, налева, прама. У двары прымусіў падагнаць машыну да старой, некалі фарбаванай іржавай скрыні, у якой звычайна дворнікі хаваюць сваё начыненне, адамкнуў яе, азірнуўся, паставіў туды сумкі, замкнуў замок, аддаў ключ Гарбузу:

— Вось так, Кранік, — ён знарок гаварыў хрыпла, каб змяніць голас. — Два разы на тыдзень. Усё зробіш так, як я табе паказаў. За кожную ездку табе… І не ўздумай дурыць!..

Ён яўна паўтараў не свае словы. Узяць бы гэтага шчанюка за шкірку і завезці куды трэба! На імгненне Гарбузу здалося, што ён гэтак і зробіць, нават нагнуўся, каб памацаць, ці ляжыць пад дыванком манціроўка.

Хлопец ляпнуў дзверцамі і пайшоў прэч ад машыны, ні разу не азірнуўся.

Гарбуз ад'ехаўся квартал, пералічыў грошы, якія хлопец сунуў яму.

Даклад следчага здзівіў і начальніка раённага аддзела. Усё было нічога, але «водаправод», які дзейнічаў не тыдзень, не месяц…

— Праверылі паказанні?

— Праверылі. Ёсць кран і працуе.

— Назіранне?

— Назіранне ўстаноўлена.

— Не чапаць нікога, толькі назіранне! Што яшчэ вамі зроблена?

— Дадзена каманда на праверку кафэ і бара, у двары якіх разгружаўся Гарбуз…

— Дарэмна. Пакуль што назіранне, і без майго дазволу нічога не рабіць.

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

дзе старэйшая дачка Міхаля Рудога вырашае пытанне наконт адпачынку.

Раіса Міхайлаўна прачнулася як звычайна — пад пазыўныя з дынаміка, які заставаўся ўключаным на ноч. Пацягнулася, прыслухалася, як смачна і здорава пахрустваюць суставы. У начной сарочцы падышла да балконных дзвярэй, адчыніла іх насцеж, яшчэ раз пацягнулася, удыхнула ранішняе халаднаватае паветра. Потым выйшла ў прыхожую, кінула вокам у трумо: яна любіла сябе — рослую, прыгожую, ведала, што сяброўкі зайздросцяць ёй. На рабоце яе ўжо называлі Раіса Міхайлаўна, і яна не пярэчыла, але па-за работай называлася, знаёмячыся, па-дзявочы — Рая.

Потым Раіса Міхайлаўна вярнулася ў спальню, разаслала на дыване прасціну. Гімнастыку яна рабіла на сваёй сістэме, з элементамі ёгаў, рабіла старанна, з поўнай аддачай. Пасля гімнастыкі — масаж. І гэтак кожны дзень.

Сёння яна не спяшалася — першы дзень адпачынку. Дачка паехала на лета да мужавых бацькоў — яна прывыкла там бываць змалку. Рая не пярэчыла. Развялася яна з мужам нечакана для ўсіх знаёмых і для самога Івана. Ён не заўважаў, што першая закаханасць да яго, армейскага капітана, даўно прайшла і Раіса Міхайлаўна стала не той вясковай дзяўчынкай. Яна адчувала сябе гараджанкай, скончыла гандлёвы тэхнікум, спазнала толк у прыгожым адзенні, адчула смак прыгожага, святочнага жыцця. І пасада — намеснік дырэктара мэблевага магазіна — вагу мела немалую, знаёмых завялося рознага ўзроўню і ў розных сферах. Прыйшла пара выхаду «на людзі». І тады аказалася, што Іван зусім не пара ёй — ні па інтарэсах, ні з выгляду, ні ўменнем быць у людзях. Дачасна палыселы маёр, заняты цэлы дзень на службе сваімі машынамі, ён далёкі быў ад таго жыцця, якім цяпер жыла Раіса Міхайлаўна, не разумеў і не хацеў разумець яго. Раіса Міхайлаўна перастала звяртаць на яго ўвагу і не спрабавала перавучваць на свой капыл — яна жыла сваім жыццём, такім, якое падабалася ёй. І мужчыны ў яе былі не раўня Івану… Так бы, можа, і жылося, каб Іван раптам не пачаў раўнаваць. Гэтага цярпець яна не хацела. Развялася лёгка і проста, ёй амаль што адразу пасля суда далі кватэру за межамі ваеннага гарадка, у горадзе, двухпакаёвую. Сабе яна забрала легкавую машыну — куплялі за грошы, падараваныя яе бацькамі. У кругу знаёмых Раіса Міхайлаўна гаварыла, што з маёрам сваім яны разышліся па-добраму, зразумелі, што не падыходзяць адно аднаму. У пацвярджэнне гэтага расказвала, што дачка кожнага года адпачывае ў Іванавых бацькоў…

Раіса Міхайлаўна жыла пакуль што вольна, пра новага мужа не думала. І цяпер у яе быў наперадзе цікавы адпачынак — з мастаком, на беразе возера, дзе ён кватараваў у маленькай вёсачцы, пісаў эцюды. Малады мужчына, рослы, з ранняю сівізною і насмешлівымі чарнявымі вачыма. Рая пазнаёмілася з ім, калі ён памагаў афармляць у магазіне вітрыну.

Пасля гімнастыкі Раіса Міхайлаўна мылася пад душам, таксама па сваёй методзе, чаргуючы гарачую ваду з халоднай.

Сёння ў запасе ў яе вольны час, не трэба спяшаць. Прыехаць да мастака яна планавала пасля абеду, не раней.

Раіса Міхайлаўна піла каву, калі пазваніў тэлефон. Жаночы голас па-дзелавому папытаўся, ці не выйшла памылкі, ці званок па адрасу.

— А што такое? — нецярпліва папыталася Раіса Міхайлаўна.

Ніякі званок, нішто, акрамя сённяшняга ад'езду на возера, не ўваходзіла ў яе планы.

— Вам тэлеграма. Калі не супраць, я прачытаю?

— Прачытайце.

— Рая, прыязджай. Бацька цяжка хворы ў бальніцы. Адна дома не магу, сама хворая. Мама. Усё разабралі? — перапытала паштальёнка на тым канцы провада.

— Усё.

— Можна адзначыць, што тэлеграму вы атрымалі?

— Можна…

Раіса Міхайлаўна паклала трубку. Гэтага толькі ёй не хапала. Заўсёды гэты дом і гаспадарка! У душы Рая ненавідзела яе. Бацька і маці, колькі яна памятае, усё душыліся на рабоце і ўпэўнены былі, што ім, дзецям, таксама свет замкнуўся на гаспадарцы. Калі гаварыць чэсна, то і на мэблю, і на машыну сапраўды грошай далі яны. Лічылі, што гэта абавязкова.

Раіса Міхайлаўна вярнулася на кухню. Яна не збіралася траціць адпачынак на тое, каб карміць у маці свіней. Абыдзецца яна і без гэтага, без свіней і тых грошай. І дачку яна прывучыла ездзіць да Іванавых бацькоў таму, што яны, настаўнікі, не трымалі гаспадарку і прыязджаць да іх было добра. Там цякла рэчка, там можна было адпачываць і пакрасавацца.

Не спяшаючыся, Раіса Міхайлаўна паснедала. Яна ўжо прыдумала, што будзе рабіць. Праз гадзіну яе шэранькія «Жыгулі» прыпыніліся ля хлебнага магазіна, дзе Рая купіла булак, свежага хлеба, селядцоў у вялікай пляскатай бляшанцы.