157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Праз дзве з паловаю гадзіны Раіса Міхайлаўна была ўжо ў сталічным горадзе, спынілася пры тэлефоне-аўтамаце, пазваніла сястры на работу.

— Алёну можна? Хто звоніць? Сястра. Выхадная?.. Дзякуй вам.

Рая здзівілася — сярод тыдня які мог быць выхадны на вытворчасці?

Дом, дзе кватаравала сястра, Раіса Міхайлаўна знайшла не адразу — ён стаяў у двары, за дамамі. Чатырохпавярховы, зроблены з блокаў, абсаджаны каштанамі, якія давалі многа ценю.

На другім паверсе Раіса Міхайлаўна пазваніла ў абабітыя дэрмацінам дзверы. Дзверы адчыніла ёй пажылая, хударлявая жанчына ў мультановым халаціку і шлёпанцах на босую нагу.

— Алёна дома?

— Не, няма. А вы сястра яе? Заходзьце. Прыхожая была вузенькая і прыцемная.

— Заходзьце ў залу, — запрасіла жанчына. — Не трэба разувацца. А я вас пазнала. Алёна гаварыла, што вы прыгожая.

Жанчына зычліва ўсміхалася. Яна была ненамнога старэйшая за Раісу Міхайлаўну, але з яе жыццё забрала шмат сілы і здароўя — жанчына і не састарэла, а завяла дачасна, як вянуць расліны, зусім яшчэ нядаўна зялёныя і свежыя.

Кватэра была чысценькая, акуратна прыбрана, абстаўлена ардынарнаю шырпатрэбаўскаю мэбляй. З-за гэтай чысціні і сціпласці праглядвала беднасць.

— Алёна ў тым пакоі жыве, з дачкой. А я тут, у зале, — паказала жанчына на суседні пакой, у які з зальчыка вялі дзверы. Раіса Міхайлаўна ведала гэтыя пакойчыкі, вузкія, як пеналы.

— Вы сядайце, — жанчына паказала на канапу, сама прысела на крэсла.

— Дзякуй, я ненадоўга. Як Алёна тут?

— Знаеце, добрая, спакойная дзеўчына. Не тое што як цяперашнія многія і з хлопцамі цягаюцца, і выпіваюць, і кураць. Не, яна акуратная. Нічога на яе не скажаш. Да яе ў мяне дзве былі, от тыя што датваралі! І ў хлопцаў прападалі, і сюды прыводзілі. Пакуль я на работу, яны сюды. Адправіла я іх. У мяне свая дзеўка ўжо вырасла.

— А дзе сёння Алёна, чаму ў яе выхадны?

— Яны ж у гэтым бары мяняюцца па днях неяк… Яна часта ў гэтае свае зямлячкі, што яе на работу да сябе ўзяла, бывае. І начуе там. Звоніць нам, праўда, каб я тут не хвалявалася.

— Зямлячка? Адрас яе вы не знаеце?

— Чаму ж, тут Алёна і тэлефон запісала, і адрас. Жанчына ўзяла ў прыхожай з тэлефоннай палічкі

звычайны блакноцік у кардонных вокладках, пагартала яго.

— Во, зараз я запішу вам.

Яна зайшла ў другі пакой, вярнулася адтуль з лістком з вучнёўскага сшытка, падала яго Раісе Міхайлаўне.

— Яна добра ўстроілася. І зарабляе добра, а калі яшчэ гэтая зямлячка яе ўстроіць за прылавак, то і саўсім добра будзе.

— Вы толькі з дачкой жывяце?

— З дачкой, — жанчына зразумела, што мела на ўвазе Раіса Міхайлаўна. — Піў мой многа. Змучыў і мяне, састарэла, ссівела за ім. Развялася, дачку пашкадавала, што свету божага за нашымі сваркамі бачыць не будзе. І ваш таксама піў? Алёна казала, што і вы развяліся.

— Развяліся. Бывайце здаровы, — развіталася Раіса Міхайлаўна.

— Можа, пазваніце Алёне, калі яна там, то яна прыедзе.

— Дзякуй, не трэба. Я на машыне. Заеду па яе, — Раіса Міхайлаўна сказала ўпэўнена, хаця сама нічога не разумела: пра які бар гаварыла жанчына, пра які прылавак, ды і пра зямлячку яна не ведала нічога.

Раіса Міхайлаўна ведала, што Алёна ўладкавалася аператарам на вылічальных машынах, што завочна яна вучыцца ў тэхнікуме. Сястрычкай яна не надта цікавілася, але чула, пра што гаварылі бацькі.

Праз паўгадзіны яна знайшла невялікі з двума пад'ездамі двухпавярховы домік, які неяк сарамліва схавалі за свае плечы сучасныя блочныя, дзевяціпавярховыя ўздоўж вуліцы. На другім паверсе было толькі двое дзвярэй.

— Ой, Рая, як ты мяне найшла? — Алёна зарадавалася і адначасна разгубілася, стаяла ў дзвярах. За ёй у прыхожай плыло, кружылася блакітнае, у ружовыя плямы святло.

— Дзень добры, сястрычка. Можа, упусціш усё ж

мяне?

— Ой, заходзь! Валя, сястра мая прыехала. Я табе

расказвала пра яе.

У прыхожую зайшла і павіталася з Раісай Міхайлаўнай маладая жанчына. Яна акінула госцю з ног да галавы хуткім позіркам, ацаніла і нібы параўняла з сабой. Раіса Міхайлаўна таксама ацаніла гаспадыню — яна была маладзейшая.

— Заходзьце.

Пакой засланы вялізным дываном. Імпартная «сценка», за шклом крышталёвы посуд. Мяккая канапа, крэслы, тэлевізар, імпартны магнітафон і ліхтары святламузыкі. І люстра, і шторы на вокнах — усё на сваіх месцах. Адчуваўся густ і дастатак.

Пасярод дывана стаяў пыласос, і Алёна хуценька адсунула яго ў кут.

— Адкуль ты, Рая?

— Табе маці нічога не пісала?

— Не.

— Сёння атрымала тэлеграму. Бацька ў бальніцы, маці сама хворая.

— Не, я нічога не ведаю.

— Я на два-тры дні адпрасілася на рабоце. А хто там будзе глядзець старых, не прыдумаю. Ты яшчэ не брала водпуск?

— Не-не.

Алёна пакруціла галавой і паглядзела на гаспадыню.

— Ты можаш паехаць. Фролаўна паходзіць за цябе на работу, а грошы тады аддасі, яна яшчэ і рада будзе.

— Ой, як добра, Валя! Рая, ты на машыне?

— На машыне.

— Тады паехалі! Ты тут, Валя, дагаворышся.