157770.fb2
— Дзякуй, іншы раз як-небудзь. Сёння мала часу.
— Рада буду бачыць. Я тут сама кончу, — кіўнула Валя на пыласос і гэтым нібыта канчаткова дазваляла Алёне пайсці.
Калі садзіліся ў машыну, Раіса Міхайлаўна заўважыла, што гаспадыня выйшла на балкон, Алёна бадзёра махнула ёй рукой.
У машыне Раіса Міхайлаўна паглядзела на сястру.
— Мне трэба заехаць дадому, сабрацца.
— А тут што ты робіш? Чаго ты тут прыбірала? Алёна замялася.
— І пра які гэта бар гаварыла твая гаспадыня? Алёна зачырванелася.
— Знаеш, Раечка, ты толькі дома не кажы нічога. Ні ў які тэхнікум я не паступіла. І на работу, думаеш, так проста без прапіскі! А тут Валя, яна з Сінілава сама. Барменшаю робіць у бары. Прапісала мяне. Пакуль што да сябе на работу ўзяла.
— Кім?
— Ну, пасуду прыбраць, сталы.
— Ясна, сястрычка!
— А што табе ясна? Думаеш, я там, як прыбіральшчыца якая? Тут я не тое, што тая аператарша на ІВЦ. а больш, чым інжынер, зарабляю! Дома, канечне, не скажаш, засмяюць. Валя абяцала мяне ўстроіць таксама барменшаю, праўда, трэба сунуць таму-сяму.
— Ну, сястрычка, не думала. Барменша-то барменша, але які-небудзь тэхнікум не памяшаў бы. Не за плячыма насіць…
Раіса Міхайлаўна недзе згаджалася з сястрою — ад навукі і ад дыплома вялікага заработку не займееш. Яе заела, што сястра гэтак сумела змоўчаць і вырашыць, ні словам не абазвалася пра сваё рашэнне.
— Ладна, там не да нас з табой. Як я зразумела, ты можаш пабыць дома колькі трэба? Бо мне на работу.
— Магу, ты ж чула, што Валя сказала.
— Гэта добра.
— А што там з бацькам? Ён жа здаровы быў, не хварэў, рабіў работу.
— Не знаю, прыедзем, паглядзім… Адвячоркам на двор старое Міхаліхі заехалі запыленыя шэрыя «Жыгулі».
Раіса Міхайлаўна ўздыхнула з палёгкай, выпрасталася, памахала рукамі. Пасля паездкі па гравійцы машына ўсярэдзіне пакрылася лёгенькім налётам пылу. І сама яна запылілася і адчувала пыл, як непрыемную пудру, на шыі, на руках.
Машыну Раіса Міхайлаўна паставіла на вуліцы, пры плоце, у цяні ад клёна.
Алёна з маці ўжо ўвайшлі ў хату, а з двара было чутно, як маці кляла свіней:
— Каб вы паздыхалі! Пачулі, што я ўжэ на двары!
Усё, што трэба было ад Раісы Міхайлаўны, яна зрабіла: звазіла маці і сястру да бацькі, Алёна аставалася пры маці. Раіса Міхайлаўна магла спакойна выязджаць у адпачынак, на бераг возера. Бацьку яна тут нічога не паможа. Тое, што ад яе залежала, яна зрабіла: дала грошы санітарцы, каб даглядала за ім. Бацька ляжаў забінтаваны і гаварыць нічога не мог. Можа, чуў, што яны гаварылі, а можа, і не. Маленькі ён такі здаўся ёй на ложку, як дзіця. Не той дужы, што ішоў, рабіў, прымушаў іх, яшчэ малых. І шкадаванне было, як да малога, які трапіў у бяду, сам не ведаючы, чаго і куды ўбіўся.
— Лена, ты вазьмі кош, прайдзі вырві зелля! — распарадзілася маці аднекуль ад хлява.
Раіса Міхайлаўна зайшла на двор, сказала Алёне:
— Утамілася я. Пайду пакупаюся, спаласнуся ад гэтага пылу.
— Ты далей па канаве прайдзі, там завоіна ёсцека.
Вада чыстая, плаваць можна, — падказала маці. Яна не збіралася даваць ёй работу. Раіса Міхайлаўна была як госця, якая зрабіла ўвагу тым, што прыехала. — Мы тут з Ленаю самі ўходзімся…
За вёскаю яшчэ асталася стужачка лазняку, вербаў. Як ні асушалі балота, а веснавая вада брала сваё. І там, дзе цёк вясновы ручай, узялася над ім лаза, і ніхто яе не чапаў. Можа, таму, што вясною з трактарамі падысці да яго нельга было.
Цяпер, летам, тут раскашавала трава, і Раіса Міхайлаўна цвёрда ступала па мяккім і густым дыване. Мяцёлкі падсеянае цімафееўкі былі вышэй калена. Ад травы пахла душна і густавата нейкім прыманлівым вільготным халадком. І крышку поплавам, балотам.
Там, дзе канчаліся кусты, парослая лазняком і чырвоным ракітнікам па берагах, ляжала затока. Яна асталася ад старое рэчкі, як лука, пасля таго, калі спрамілі рэчку. І не зацягнулася балотам, і не зарасла, як іншыя, адрэзаныя ад рэчкі, старыцы. Ёй дапамагаў ручай, дапамагалі крыніцы, і вада са старыцы тоненькім ручайком нават у самае засушлівае лета сачылася ў канаву. Абмялела, не тая глыбіня стала, але ад былое ракі ў старыцы астаўся пясчаны бераг. Вада добра награвалася ўлетку. Цяпер, калі не стала ў вёсцы моладзі, тут амаль што ніхто і не купаўся.
Раіса Міхайлаўна раздзелася, асталася ў адным купальніку, прайшла па беразе, па мяккай, доўгай і быццам слізкай траве.
Вакол ляжалі асушаныя, зазелянелыя травой палікалектары. Там, за кустамі, віднеліся крайнія вясковыя хаты. І толькі з Палянкі — так звалі ўзгорак сярод балота некалі, дзе пасвілі кароў,— значылася вузенькая, выезджаная матацыкламі і веласіпедамі, сцяжынка, па якой з дарогі тыя, хто ведаў затоку, прыязджалі сюды купацца. На Палянцы трава была рыжаватая і рэдкая.
Раіса Міхайлаўна адразу ж зайшла ў затоку, легла на ваду, паплыла, потым нырнула, не глыбока, і, як магла, доўга плыла пад вадой. Вада не халадзіла, вада была здаровая, яшчэ не перагрэтая. Потым Раіса Міхайлаўна перавярнулася на спіну і кружыла, плавала, прыплюшчыўшы вочы ад шчодрага сонечнага святла.
Плавала да таго часу, пакуль не стамілася, пакуль усё цела не стала нейкім ватным. На бераг выходзіла стомлена, адкінула з твару валасы. Здавалася, што ад стомы яе пагойдвае ў бакі. Упала на пясок, мякенькі і гарачы, раскінула рукі, цяжка дыхала, супакойвалася, прыслухоўвалася да сонечнае цеплыні, якая не толькі сагравала, але і закалыхвала.
Яна, мабыць, задрамала, бо прахапілася ад таго, што нехта быў побач, рэзка ўскінулася на локці.
— Салют, міледзі!
Збоку ад яе, прысеўшы на пясок, сядзеў хлопец. Загарэлы роўным загарам.
— Табе што?
Раіса Міхайлаўна адчула, што яе поўніць абурэнне, з-за таго, што гэты малады і нахабна ўсмешлівы разглядваў яе.
— Во, міледзі! — хлопец усміхнуўся, паказаў вялікі палец. І падсеў бліжэй.
— Ну ты! — Раіса Міхайлаўна села, азірнулася. Вакол былі кусцікі, цішыня і спакой летняга, пустога ў палях дня.
— А я думаю, хто мой пляж заняў.
Хлопец падсунуўся яшчэ бліжэй, і яна заўважыла, якія шалёныя ў яго вочы.
— Ну ты!..
Раіса Міхайлаўна не дагаварыла. Ён неяк імгненна, па-рысінаму мякка і моцна прыціснуў яе да пяску. І першае, што яна адчула, як горача б'ецца ў ім кроў, якая маладая яго скура…
Раіса Міхайлаўна зайшла ў ваду, праплыла, выйшла з вады.
— Адвярніся, нахал малады!