157770.fb2
— Вы думаеце, прыклад бацькі прычына? — дапытваўся Туманоўскі. Ён ужо бачыў гэтага ваўкаватага, зарослага шчэццю, невядома адкуль прыйшоўшага Мачанку.
— Як сказаць. Не алкаголік Мачанка. У другіх бацькі і не пілі, і слова лішняга не сказалі, а дзеці жулікамі вырастаюць, — парторг круцянуў рулём, аб'язджаючы выбоіну на дарозе. — Яго маці вінаватыя. З малых год насілася — мой сынок, мой сынок. Ні работы яму, ні абазвацца нікому на яго, нават бацьку. Во так і вырас. У школу пайшоў — настаўнікі вінаватыя, што не вучыцца. Сама яна на свінарніку, грошай хапала. А цяпер і ка мне ходзіць, каб памог, і да міліцыі дайшло… Не знаю, што можна зрабіць. У яго ўжо нецярпімасць да людзей. Калі што не па яго… Ён сябе часам спыніць не можа.
Па лагчыне дарога ішла роўная, выцягнутая, як струна, белая на зялёным, як футбольнае поле, абшары. За лагчынаю па ўзгорках цягнулася вёска, у прысадах, у садах, быццам прывялых і прапыленых ад гарачыні.
— Меліяратары дарогу зрабілі. Добрая дарога. А тут ні праехаць ні прайсці было, — усё роўна як прачытаў думкі Туманоўскага парторг.
У вуліцу машына не заязджала. Парторг пад'ехаў да магазіна з калгаснага двара.
З'яўленне машыны зрабіла сваю справу. Адразу ж сеў у кабінку «беларуса» трактарыст, які стаяў тут жа пры трактары і нешта гаварыў з двума мужчынамі. Яны таксама паглядзелі на парторга і на Туманоўскага і рушылі па вуліцы.
Амаль што разам з трактарыстам зняўся з якара і дзядзька на падводзе, нават шлегануў лейчынаю каню па баку, азірнуўся. Парторг прытрымаў Туманоўскага за руку:
— Во, Мачанка тут як тут. Ужо ганца паслалі. Цяперашняя падвода на гумавым ходзе пакацілася
па вуліцы лёгка і весела.
— А што ён робіць?
— Пры ферме, як падсобны рабочы, ці што. Падвозіць харчы, прыбіраць памагае… Работу сваю ён робіць, нічога не скажаш. Цяпер там, дзе гной і яго прыбіраць, не надта каго і знойдзеш, хоць і плацім добра.
— І што, так ён тут без роду і племя астаўся? — Туманоўскі папытаўся проста так. Невядома, навошта вёз яго сюды парторг, каб паказаць выпівак, якія прыязджаюць да магазіна па віно?
— Не, чаму. Бацька да яго нядаўна прыязджаў.
Ён недзе ў заходняй жыве. Акуратны такі дзед. Ён тут і жыў у іх. Нават Затор яго на матацыкле вазіў. Хадзіў усюды, аглядаў. Цікавы дзядзька. Мачанка хваліўся, што ў яго яшчэ два браты і сястра, і жывуць усе добра.
— Даўно гэта было?
— Не, нейкі месяц ці больш там…
— І што далей?
— Нічога, пахадзіў тут, пажыў і паехаў… Стары-то стары, а раніцаю еду раз, гляджу, а ён на матацыкле па полі шуруе. Я вачам не паверыў: во табе і дзед. Самога Мачанку ні разу не бачыў, каб на матацыкле ехаў, а бацька яго. Пайшлі, глянем, што тут робіцца.
У магазіне было прыцемна і халаднавата. Паліцы зроблены паўз сцены.
Бліжэй да кутка сядзела за прадаўгаватым прылаўкам маладая дзяўчына ў сінім капронавым халаціку, стаялі на паліцах трохлітровыя слоікі з гуркамі і кабачкамі, кансервавыя банкі з баршчамі, салянкаю. І ўжо за прадаўшчыцаю на паліцы красаваліся бутэлькі з салодкімі вінамі, якія ніхто не браў, а таксама бутэлькі гарэлкі.
Галоўны тавар штабяліўся скрынкамі збоч ад прадаўшчыцы. І сама бутэлька з «Лучыстым» стаяла на вітрыне крыху асобна.
Прадаўшчыца адказала на прывітанне, устала. Маладая дзяўчына, з вучылішча ці з тэхнікума, якую накіравалі на работу.
— Ну, як вам тавару, завезлі? Надоўга хопіць? Парторг усміхнуўся.
— Не, паўмашыны толькі. План каб выканала, — дзяўчына прыглядалася да незнаёмых ёй людзей.
Калі выйшлі з магазіна, парторг растлумачыў:
— Мы на перыяд уборкі закрылі ў нашых магазінах продаж спіртнога. А тут як другая рэспубліка. Нашы сюды і лётаюць.
— Іван Спірыдонавіч, вы падвязеце мяне дадому?
— Чаму дадому? У мяне час ёсць, колькі трэба і куды трэба мы з вамі зможам праехаць і паглядзець, пагаварыць…
— Знаеце, я тут яшчэ буду. Праедзем з вамі не раз. А калі ў вас час ёсць, гэта самае лепшае. Паседзімо ў цяньку, пагаворым, каб не спяшацца…
— Тады, можа, у нашу баньку на азерца? Парторг не хацеў адступацца.
— Можна і ў баньку, — згадзіўся Туманоўскі. У яго было адчуванне, што галоўнае ён намацаў.
Ад магазіна паехалі па вуліцы. Недалёка ад магазіна парторг аж прытармазіў машыну:
— А во і ваш Затор тут. Паглядзіце!
Проста на вуліцы, у ценю ад старое раскідзістае ліпы, стаяў пры плоце матацыкл. Рослы кудлаты хлопец у расхрыстанай рубашцы, з закасанымі рукавамі сядзеў на лаўцы. Ён быў загарэлы і прыгожы маладой прыгажосцю. І твар рашучы, чорныя бровы аж смылелі на загарэлым твары. Не, гэты сімпатычны малады хлопец не быў падобны на таго, пра каго чуў Туманоўскі.
Побач з ім сядзеў таксама малады, коратка астрыжаны хлопец, меншы ростам, хоць і наліты сілаю ў плячах.
Абодва трымалі па бутэльцы. Яны не спяшаліся. Паміж імі на лаўцы ляжала адчыненая пачка з цыгарэтамі. Абодва курылі, смакуючы віно.
Затор, відаць, пазнаў парторга, ухмыльнуўся наравіста, усімі белымі зубамі.
— А з ім хто?
— А тут да старое аднае госць прыехаў… Сынок у яе ў горадзе. Таксама бяда горкая. Прыслаў дружна на адпачынак. Рыбак рыбака бачыць здаляка. З Заторам сышліся адразу, як хто звёў.
— Даўно?
— Не, тыдзень ці два… Разам шастаюць па вечарынках. Кажуць, гэты госць ужо ў бабкі з пенсіі пазычаць пачынае.
Туманоўскі ўжо думаў пра тое, што далей росшук яму трэба весці аднаму. Не на машыне і не з начальствам разам. Начальства ўсе ведаюць у наваколлі.
у якім зладзеі напалохалі зладзеяў і ўсё абышлося ціха.
Затор ехаў павольна. Яшчэ не пачынала брацца на досвітак. Васька на заднім сядзенні пачынаў драмаць і хістаўся з боку на бок. Тады пачынала вадзіць у бакі і матацыкл. Балела галава. Перад тым як паехаць на танцы, пілі многа, і цяпер усё, што адбывалася вечарам, пачынала злівацца ў нешта адно невыразнае, цёмнае, цяжкае. Мачанка нават не мог добра ўспомніць і твар дзяўчыны, якую ён цягнуў «прагуляцца». Памятае, што рослая, у джынсах у абцяжку. Яна так улупіла яму наводмаш, што разбіла губу. Цяпер губа распухла, павісла, як сліва. Ён не астаўся ў даўгу. Але наляцелі «курткі» — гэтак Затор зваў студэнтаў. Хоць і п'яны, але спалохаўся, зразумеў, што цяпер яму будзе так, як ніколі яшчэ не было. Ад гэтага і раўнуў: «Васька!»
І Васька выручыў. Нават сам Затор здзівіўся, як лёгка адляцелі ўбок два студэнты, потым коратка пстрыкнуў і выпрастаўся ў Васькавай руцэ нож:
— Адвалі, шантрапа!
Студэнты не чакалі такога. Васька наступаў на іх, коратка кінуў Затору: «Заводзь!» Затор кінуўся да матацыкла. І ў пару. Першая разгубленасць прайшла. Суха трэснуў выламаны з плота кол.
— Ану, шпана, аддавай нам сваю цацку!
Рослы студэнт пайшоў на Ваську, але краем вока той убачыў, што Затор завёў матацыкл, кінуўся да яго: