157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

— Аляхновіч, ты думаеш, што выпадкова трапіў сюды? Часікі, магазін… Дарэчы, твой дружок гаворыць другое: што ты і падвучыў яго красці.

— Сволач! Заторам быў і Заторам астанецца!

— Ты куды ездзіў з Клімакіным вечарам, як ён прыязджаў да цябе?

— Нікуды.

— Дапусцім. Чаго ж прыязджаў Клімакін?

— Праверыць.

— Што праверыць?

— Ці праўда я тут, у вёсцы.

— Значыць, ён цябе адправіў з горада. То ты за ім бегаў, а то ён за табой, як за персонай. Чаго раптам? Мы ўмеем лічыць, Аляхновіч. Калі і чаму ты выехаў з горада — гэта раз, і што было, калі да цябе заехаў Клімакін, — два… Тут міліцыянер, там дзед… Потым і журналіст.

Пяткевіч бачыў, як зноў у хлопца сцяліся кулакі, ён аж прыўстаў з крэсла.

— Я п'яны быў!.. Выйшаў на двор, а ён нюхае! Гляджу — нюхае! Я раз яму!.. Я нічога не хацеў!.. Я не помню!.. Толькі пужнуць, каб больш не нюхаў. Ну што вы да мяне прычапіліся! Не чапайце мяне! Я нічога не хачу, я сам па сабе!..

У хлопца пачалася істэрыка. Пяткевіч націснуў кнопку званка — выклікаў канвой.

Маёр яшчэ нейкі час сядзеў за сталом. Прызнанне Аляхновіча пра напад на міліцыянера і той факт, што ён быў у вёсцы ў той час, калі скалечылі старога. І гэты таямнічы Клімакін таксама там… «Удар цяжкім тупым прадметам…» І тут і там. Ім можа быць і кулак, як у гэтага маладога і дужага яшчэ алкаголіка. Выходзіла, што і спекуляцыя гарэлкай, і крадзеж скаціны работа адной шайкі-лейкі, усе канцы сыходзіліся на гэтым самым Клімакіну. Калі не ён сам арганізатар усяго, то ведае, хто над усімі.

Пяткевіч зняў трубку:

— Камар? Дзень добры. Па Клімакіну ў цябе ёсць што?

— Не. Таго Клімакіна, якога шукаем мы, няма ў горадзе. І машына таксама не зарэгістравана… А што ў вас новага?

— Аляхновіч прызнаўся, што ён напаў на міліцыянера. Той выпадкова ўгледзеў, як Гарбуз выгружае гарэлку… Клімакін быў тады ў бары. Ён адправіў Аляхновіча ў вёску. Прыязджаў да яго, праверыць… У тыя дні скалечылі старога… — Пяткевіч не дагаварыў да канца. Але па напружаным дыханні ў трубку Камара здагадаўся, што лейтэнант зразумеў, што меў на ўвазе маёр. — Аляхновіча я перадам табе. Самае галоўнае — Клімакін.

Маёр паклаў трубку. Цяпер ён не сумняваўся, што такога чалавека няма. У таго іншае прозвішча. Адзіны выхад на яго, зачэпка — Алёна Рудзь. Маёр запомніў сказаныя Аляхновічам словы, што Клімакін вазіў яе да сябе на дачу.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

пра тое, як бясследна зніклі адразу два чалавекі.

Сонца засвечвала ў акно ярка, і цень ад галінкі пакалыхваўся на сцяне над самай галавой. З прачыненага акна павявала ранішнім халадком, водарам саду і лета. Мужчына не расплюшчваў вачэй, прыслухоўваўся да дачнае цішыні. Некалі, калі быў яшчэ малы, гэтаксама яму не хацелася прачынацца раніцаю, і з акна гэтак жа павявала ранішнім халадком, крышку пахла кропам. Чамусьці запомніўся яму гэты лёгкі кропавы пах з грады. Ён чуў, як збіраецца і ад'язджае на работу бацька, як лёгенька фыркае маторам ягоны начальніцу «Масквічок», як маці і бацька стараюцца гаварыць цішэй, каб не пабудзіць яго.

Яму часта ўспаміналася гэтая раніца, быццам адна яна толькі і была. Маці ў халаце, у мяккіх пантофлях, бацька, лысы, круглы, з жывоцікам, як і мае быць начальніку, па якога нават дадому прыязджае машына.

Дзіўна, цяпер маці носіць прадаваць на аўтобусны вакзал кветкі, якіх многа расце ля дома. І бацька памагае ёй — падносіць вядро з кветкамі…

Тады ён канчаў сёмы клас, здаў экзамены, атрымаў адну толькі чацвёрку. Коля Трацякоў запрасіў яго да сябе — адзначыць. Трацяковы жылі на той жа вуліцы, таксама ў прыватным, пасля вайны пабудаваным доме. Па Колевага бацьку таксама раніцай прыязджала машына. Яна не толькі прыязджала, але і ездзіла да дома цэлы дзень, падвозіла Колеву маці на базар, у магазіны, нават Колю ў школу. І Коля першы надзеў у класе вузенькія штаны-дудачкі, прыйшоў коратка астрыжаны» Гэтаму нават ніхто не здзівіўся — нават настаўнікі прызнавалі, што Колю можна тое, на што іншыя не адважыліся б.

Ён ведаў, што ісці з пустымі рукамі да Колькі нельга, яго папярэдзілі, што з кожнага мінімум па бутэльцы сухога віна. Яму тады хацелася да Колі, усё роўна як трапіць у нейкі іншы, вышэйшы свет. Ён не ведаў, як сказаць пра гэта маці, не тое што папрасіць у яе грошай. Грошы ён узяў сам, у буфеце на кухні. Два рублі. На іх купіў бутэльку чырвонага сухога віна. Ён запомніў ягоную дзіўную назву «Мельнік».

Да Колі выйшаў з дому ціха, калі пачынала вечарэць. Маці калупалася на градах і не заўважыла, куды ён пайшоў. Можа, ад таго і запомніўся густы, вільготны крыху пах кропу. У Колі ўсё было нечакана: на стол прыгатавана ў прасторнай верандзе. Стаяла гародніна, закуска, сюды ж Коля перанёс з пакоя радыёлу. Самае дзіўнае, што накрываць на стол памагала Колю маці. І бутэлька сухога віна. Коля маргнуў яму, каб прынесеную бутэльку не паказваў. Ён здагадаўся і хуценька схаваў яе за дзверы. Колева маці кончыла ставіць на стол, прыбралася сама і села ў машыну, якая прыехала па яе, — «каб не замінаць маладым», як какетліва сказала яна.

Потым пілі віно, гаварылі. Да Колі ў большасці прыйшлі старшакласнікі, таксама ў вузкіх штанах. Іграла непрывычная музыка, тая, якую ягоны бацька называў не інакш як бугі-вугі. Было весела і добра. Потым яны пайшлі ў гарадскі парк на танцы, і ён таксама танцаваў, як танцавалі Колька і яго сябры, праўда, не пасярэдзіне, а з краю танцавальнае пляцоўкі, дзе было крыху прыцемней. Ён нават паспрабаваў і курыць тады, хоць цыгарэта не падабалася яму.

Дадому вяртаўся позна, крыху ахмялелы і шчаслівы. Маці плакала дома. Бацька ў піжаме злосна тупаў туды-сюды па пакоі.

Першае, што ён зрабіў, гэта навотліў, з адцяжкаю, тры разы ўдарыў яго. Нічога не папытаўся, толькі сказаў:

— Гэта табе за грошы, якіх ты не зарабіў! Гэта табе за бугі-вугі! Гэта табе за тое, каб быў чалавекам!

Маці толькі ўсхліпвала, як па нябожчыку. Яна была амаль знішчана тым, што адбылося, і яе сын, адзіны сын, павінен быў гэта адчуць і спазнаць.

Яна потым усё ж сама давала яму грошы, употайкі ад бацькі. І штаны-дудачкі купілі яму, і вузенькі гальштук. Але пасля. Здаецца, з таго часу ён пачаў прыглядацца да жыцця, да бацькоў, да таго, як жыве Колева сям'я. Яны ездзілі на машыне, яны сустракалі гасцей, у іх было ўсё. Ягоны бацька гаварыў, што за такое трэба садзіць, выганяць з работы. Да яго ўсё гэтак жа ціхенька раніцаю прыязджаў «Масквічык», забіраў на работу, а вечарам прывозіў назад. Ён бачыў, што Колю не трэба было зубрыць, — той быў упэўнены, што здасць за дзесяць класаў і паступіць. Над ім жа сядзела маці і прымушала, як першакласніка, правярала, толькі што не ставіла ў кут. Слава богу, што хоць вучоба давалася лёгка і ён сам хацеў хутчэй паступіць, каб толькі вырвацца з дому, у якім усё правільна. Тады ён зажыве так, што не снілася нават і Колю… Ён паступіў. На другім курсе пазнаёміўся з чалавекам з невялікаю сівенькаю бародкаю. Ён лабарантам працаваў у інстытуце. А кватэрка была, як музей. Чалавек гэты здабываў грошы не толькі даўніною. Маладзенькія перакупшчыкі і спекулянты ішлі праз яго рукі. У яго можна было павучыцца, як рабіць грошы.

На трэцім курсе ён не паехаў да бацькоў па стыпендыю. Ён ужо меў сваю «жылу», да яго пайшлі грошы.

Мужчына расплюшчыў вочы, мацнуў рукою — добра было б, каб нехта драмаў побач. Гэтая думка адразу ж і ачнула яго, і вярнула ў рэальнасць.

Тонка пазвоньвалі ў лесе, які пачынаўся непадалёк ад дачы, птушкі. Мужчына больш не слухаў іх, хутка, па-вайсковаму надзеў трэніровачны касцюм, абуў кеды, на двары з рукамыйніка спаласнуў твар за ноч не астылай вадой і лёгенька, паволі пабег па сцежцы, кіўком галавы павітаўся з суседзямі.

Суседка Лідзія Яўгенаўна, у трэніровачным касцюме, які абвісаў на ёй, худой і доўгай, і муж яе, Антон Казіміравіч, круглы і пузаты, у майцы, якая была заўсёды выквацана, палолі ўжо грады. Яны праводзілі позіркамі суседа, і ён ведаў, што яны зайздросцяць яму. Лідзія Яўгенаўна зайздросціла таму, што Віктар Антонавіч працуе ў «гандлі». Хаця сусед і тлумачыў ёй, што гэта не зусім «гандаль», што проста ў яго такая пасада ў міністэрстве, якая звязана з прадажай айчынных трактароў за межы краіны. Лідзія Яўгенаўна паблажліва прытварылася, што згаджалася з ягонымі довадамі, бо лічыла, што прыбядняецца сусед па сціпласці. Джынсы ж іхняй дачцэ і самой ёй кофтачку, лічы, падарыў, капейкі ўзяў. Яшчэ яна зайздросціла таму жыццю, якім жыў Віктар Антонавіч: мець такую ўтульную дачу, машыну, такую работу… Ёй нават хацелася ўявіць на ягоным месцы свайго Антона Казіміравіча і тое, як бы яна жыла-прыпявала тады. І калі б яе муж працаваў там, дзе сусед, то яны б зараз збіраліся ехаць за мяжу, і не на год, і не на два… Але тады Лідзія Яўгенаўна ўспамінала, што ім давялося б прадаваць сваю дачу, як прадаў сусед, і дачы ёй рабілася шкода. Лідзія Яўгенаўна ачыналася і заўважала, што разам з зеллем наскубла і морквы, зірнула на Антона Казіміравіча, але той нічога не заўважыў.

— Антон, ты ж асцярожна, агуркі патопчаш усе! — прыкрыкнула яна на ўсякі выпадак на мужа, хоць той яшчэ і не наступіў на гурочнік.

Антон Казіміравіч таксама глядзеў услед суседу. Таго цялячага захаплення, якім падала ягоная Лідзія да суседа, Антон Казіміравіч не меў. Такіх хлюставатых і пранырлівых ён ведаў і недалюбліваў. Антон Казіміравіч мераў усіх на свой аршын ці аршынчык і лічыў, што калі ты не выседзеў свайго і не даслужыўся гадамі, то проста выскачка, скараспейка. Праўда, пра сябе не дапускаў і думкі, што ён даўгаспейка, ужо і пераспяваць пачынае. Антон Казіміравіч зайздросціў стройнасці і лёгкасці суседа. Гэта нагледзеўшыся на яго, і сам спрабаваў зганяць «гарбузік» з жывата. Садзіўся нават на нішчымную дыету. Але бегаць было цяжка, пачыналі балець ногі, калола ў бок, хацелася раніцаю спаць, а для таго каб бегаць і паспяваць на работу, трэба ўставаць досвіта. Да таго ж яго вечна худая Лідзія ела ўсё ўпадрад і ніяк не таўсцела, таму гатавала страву, не зважаючы на мужавы выкруткі, і пасціцца ён больш тыдня не мог. Урэшце, Антону Казіміравічу і так было добра, на дачу ён не ездзіў без свае Лідзіі ніколі, ды і машыны ў яго не было, каб прывозіць туды маладзічак, як гэта рабіў Віктар Антонавіч. Халасцяку дазволена, нават Лідзія лічыла, што такі відны мужчына можа дазволіць сабе такое.

Сёння зноў Антону Казіміравічу захацелася чамусьці быць стройным і маладым. Ён ужо вырашыў, што з заўтрашняга дня пабяжыць.

— Шкода такога добрага суседа, — уздыхнула Лідзія Яўгенаўна.

— Чаму, старыя, здаецца, таксама людзі спакойныя, — заўважыў пра новых гаспадароў Антон Казіміравіч. — А садраў ён з іх добра, твой Віктар Антонавіч! Не промах!

— Бач, якая дачка дагледжаная, як цацка! Таму і ўзяў.

— Што тут дагледжана? Сад мо раз падрэзаў. А ўсё пад траўку запусціў. Таму і прыгожа, зялёненька.

— Ты лепш гуркоў не патапчы, — перапыніла яго Лідзія Яўгенаўна. Каб гэта раней, калі яна была маладзейшая, то Віктару Антонавічу яна б закружыла голаў.

Суседзі бачылі, як вярнуўся Віктар Антонавіч з прабежкі, чулі, як плюхаў ён вадою з рукамыйніка. Потым ад ягонай дачы пацягнула цёплым і вострым водарам толькі што згатаванае кавы. Усё паўтаралася, як каторы ўжо год. Потым яны бачылі, як Віктар Антонавіч у тэнісцы-сетачцы, з невялікаю спартыўнаю сумкаю ў руцэ пайшоў сцяжынкаю цераз лес да возера купацца і загараць.

Віктар Антонавіч нечакана спыніўся на сцежцы і азірнуўся — яму здалося, што следам за ім нехта ідзе назіркам, і ён нават пачуў, як трэснула ў чалавека пад нагой сухая галінка. Нікога не было, вытаптаны прыгарадны лес праглядаўся наскрозь, і за тонкімі хваінкамі не магло затаіцца нават і дзіця, не тое што дарослы чалавек. Але адчуванне страху, праціўнае, халоднае, нейкае клейкае, не пакінула яго. Чаму яно прарвалася менавіта тут, у лесе, у цішыні, на адзіноце, ён сам не мог зразумець. Не вытрымліваюць нервы?

Віктар Антонавіч усміхнуўся, спрабуючы адагнаць страх. Усё ў яго прадумана, прадубліравана. Памылкі не магло быць. Ён даўно ўжо ўзяў сваё. Даўно пара знікаць, каб жыць, цешыцца і не азірацца ні на што і ні на кога. Ён бачыў гэтае сваё блакітнае жыццё ля блакітнага мора. Не, не распуснае, а прыгожае жыццё чалавека, які заўсёды мае грошы. Работу ён знойдзе, каб яго ніхто не папракаў, каб і часу яна не забірала.

У гэта ён верыў свята, пра гэта ён марыў. З таго часу як яшчэ студэнтам пачаў перапрадаваць імпартныя «шмоткі», грошай ён назбіраў у чатыры разы болей, чым некалі вызначыў сам сабе. Значыць, даўно павінен быць ён там, дзе сіняе мора. Паверыў, што ўсё можна, звязаўся з гэтым алкагольным хлопцам з жалезнымі кулакамі. Гэтыя кулакі і падвялі пад міліцыю. Гэтага старога завербаваў. Валя знала яго даўно. За Валю ён не баяўся. Яна са свайго не спусціць. У яе хватка ваўчыцы.

І ўсё ж дарма ён сядзіць гэтыя дні на дачы. Гэтая Алёнка, якую ён падпаіў і прывёз сюды, можа паказаць дарогу. Яна ўзненавідзела яго за тое, што ён рабіў з ёй. І Валі расказала. Ён гэта адразу ж зразумеў, калі ўбачыў, як грэбліва таргануліся Валіны губы, калі зірнула на яго.

Віктар Антонавіч выйшаў да берага возера, раздзеўся, але, перад тым як увайсці ў ваду, не стрымаўся ўсё ж, азірнуўся. Вада была цёплая, як луг, і гэтакая ж карычняватая. Плаваў Віктар Антонавіч доўга, не спяшаючыся, адчуваў, як ад вады прыходзіць у душу зноў спакойнасць і ўпэўненасць.

Праз дзве гадзіны ён вярнуўся дадому, паснедаў і выйшаў з доміка ў светлым летнім касцюме з чамаданчыкам, зайшоў да суседзяў, аддаў ключы.