157770.fb2
Суседзі ведалі, што ён едзе за мяжу ў камандзіроўку на пяць гадоў, таму прадаў дачу і машыну.
— Падумаў, што да бацькоў трэба заехаць… Перад ад'ездам у мітусні можа не хапіць аднаго дня.
— А ў вас бацькі яшчэ жывыя? Вы ж ніколі не гаварылі.
— Жывыя.
— Добра, перададзім ключы, але такога суседа ў нас ужо не будзе.
Лідзія Яўгенаўна скрывіла твар, нібы збіралася нават усхліпнуць на развітанне, але Віктар Антонавіч не стаў чакаць гэтага, падаў сам ёй першы руку, потым Антону Казіміравічу, прыветна ўсміхнуўся. Потым Віктар Антонавіч пайшоў па сцяжынцы, крыху памахваючы сваім звычайным, зусім не знакамітым з выгляду, не імпартным чамаданчыкам.
Ён сам сабе ўсміхнуўся, калі ўявіў, як глядзяць услед яму суседзі. Цікава, што было б, каб яны раптам даведаліся, што гэты чамаданчык напалавіну закладзены роўнымі пачкамі грошай.
На сваю кватэру ў горадзе Віктар Антонавіч не заходзіў, не паказаўся нікуды, узяў білет, праседзеў у скверыку на вакзале і адвячоркам выйшаў з цягніка ў абласным горадзе, зайшоў у папярэднія касы, узяў білет на заўтра і толькі тады пайшоў на стаянку таксі. Па дарозе дамовіўся з таксістам, каб той абавязкова заехаў назаўтра па яго а палове шостай раніцы, шчодра заплаціў і пайшоў па вузенькай вулачцы прыватных домікаў, якія з усіх бакоў былі акружаны ўжо гмахамі дзевяціпавярховых будынін.
Калі назаўтра таксіст прыехаў у вызначаны час, пасажыр ужо чакаў яго. Ніхто ў ранішні час не бачыў, як мужчына, седзячы на лаўцы, ад няма чаго рабіць спаліў камячок паперы. Гэта былі пашпарты і на імя Клімакіна, і на імя Горскага. У кішэні ў яго ляжалі іншыя, загадзя прыпасеныя дакументы…
з пагоняй і забойствам.
Сяржант спаў, паклаўшы голаў на рукі, якія ляжалі на рулі. Заснуў салодка і не адчуваў ранішняга халадку, які пачаў пранікаць у стары, з пашарпаным тэнтам «козлік». Інспектар дарожна-патрульнай службы старшы лейтэнант глядзеў на яго і стомлена ўсміхаўся. Канчалася начное дзяжурства. Мёртва ляжала і адна, і другая шаша, на перакрыжаванні якіх на абочыне сіратліва стаяла міліцэйская машына. Дарога замерла недзе пасля паўночы, апошнімі прайшлі два міжгароднія аўтафургоны. Потым яшчэ адзінокая «Волга».
Украдзенага два тыдні назад калгаснага «уазіка» на дарозе не было заўважана за час дзяжурства — гэтак давядзецца дакладваць старшаму лейтэнанту. Машыну ўкралі ў суседняй вобласці, але на днях прыйшла арыенціроўка, што заўважылі яе ў іхнім раёне. Старшы лейтэнант не надта верыў у тое, што машына яшчэ дзе-небудзь ездзіць, а не ляжыць на дне якой рэчкі ці возера.
Праз нейкую гадзіну-паўтары дарога ажыве. Спачатку пойдуць вялікія машыны міжгародніх маршрутаў, а потым, як мурашкі, запоўзаюць раённыя: калгасныя, з аўтакалон. Але гэта ўжо будзе клопат другога. На сёння дзяжурства кончылася.
Старшы лейтэнант лёгенька патрос за плячо напарніка, і той адразу ж прахапіўся, сцепануў плячыма.
— Завядзі матор, прагрэй машыну.
Да паста ехаў «козлік». Старшы лейтэнант не падумаў нават пра тое, што гэта можа быць тая машына, якую шукае міліцыя. Здалёк кінулася ў вочы, што неяк не па-ранішняму ехала машына. Спяшалася яна занадта, ці што. Чыстая добрая дарога, ніякіх сустрэчных. Шафёру за рулём трымай хуткасць і адпачывай. А ў тым, як ішла гэтая машына, адчувалася нейкая мітуслівасць.
Старшы лейтэнант тым часам ужо выходзіў з машыны, прывычным рухам выкінуў наперад жэзл, загадваючы спыніцца. Ён ужо бачыў, што машына гэтая не з тых, якую яны шукаюць. Кузаў абабіты бляхай, не брызентавы. Машына быццам і падпарадкавалася загаду інспектара, заміргаў правы падфарнік, але хуткасці не збавіла. Старшы лейтэнант яшчэ ўспеў заўважыць, што нумары былі замазаны граззю і што зад машыны асеў.
Ён ускочыў у кабіну, коратка кінуў:
— Давай!
Тонка заспяваў стартэр, матор завёўся. Сяржант не азірнуўся на старшага лейтэнанта, толькі коратка кінуў:
— Дагонім. Яна нагружаная, а ў мяне матор новы. Старшы лейтэнант нічога не адказаў. Машына,
якая ўцякала, роўна ішла пасярэдзіне шашы. Непрыкметна, але няўмольна адлегласць скарачалася. Ад уключанае печкі пацягнула цяплом. Сяржант не звяртаў на гэта ўвагі.
Калі падышлі да ўцекачоў, старшы лейтэнант добра бачыў, што па нумары быццам знарок мазнулі граззю. Ён зняў трубку.
— Дваццаць першы… Даганяю машыну. На трыццаць другім кіламетры. Нумары замазаны. Як зразумелі? Прыём.
— Зразумеў, дваццаць першы. Дзяржу на сувязі,— зусім блізка і чыста пачуўся голас дзяжурнага.
Старшы лейтэнант ведаў, што на пяцьдзесят трэцім кіламетры таксама стаяла машына. Там на ўсякі выпадак хлопцы павінны быць гатовы.
— «Браневічок», як у сваячка майго, — коратка кінуў сяржант, уключыў далёкае святло, маргнуў некалькі разоў і напорыста пайшоў на абгон.
Старшы лейтэнант сцяўся: у любы момант тыя, каго яны пераганялі, маглі не пусціць іх наперад, падрэзаць. Але пярэдняя машына ішла роўна. Міліцэйскі «козлік» параўняўся з машынаю і паволі пачаў прыціскаць яе да абочыны.
Старшы лейтэнант бачыў за шклом суседняе машыны мардатага дзядзьку.
Машына спынілася. Старшы лейтэнант адразу ж выскачыў з машыны. Выйшаў і сяржант. Да іх, не спяшаючыся, выйшаў з машыны і той, хто ўцякаў. Здаровы дзядзька ў брызентавай робе і маленькай берэтцы на галаве.
— Ну, здароў, пляменнічак! Думаю, пазнаў свайго, аж, гляджу, даганяеш, — мужчына працягнуў руку сяржанту.
— Дзень добры, дзядзька Іван. А я гляджу, ваш нібы «бранявік»…
Старшы лейтэнант здзіўлена глядзеў на сяржанта.
З машыны выйшаў і другі мужчына, падобны на першага, гэтакі ж і круглы, і чырванашчокі, толькі меншы. І маладзейшы.
«Сын», — здагадаўся старшы лейтэнант, падышоў да машыны, ботам скалупнуў з нумара гразь і пайшоў наўкруга. Хутчэй механічна, каб нечым заняцца. Ён не заўважыў, як старэйшы мужчына, не перастаючы гаварыць з пляменнікам, насцярожана сачыў за інспектарам. Маладзейшы ступіў следам.
Старшы лейтэнант гэтак жа кароткім ударам нагі збіў камяк гразі з задняга нумара, узяўся за ручку і адчыніў заднія дзверцы, ад нечаканасці адхіснуўся.
У гэты ж час па вушах разануў ускрык сяржанта:
— Лейтэнант!..
Міжволі ён адскочыў убок, адчуў, як нешта рассекла паветра і балюча пеканула па плячы. Рука хапянулася за кабуру. Другога ўдару ён не пачуў.
Сяржант, гаворачы з дзядзькам, з жахам заўважыў, што за старшым лейтэнантам, які адчыніў дзверцы, з'явіўся дзядзькаў сын. У руках у яго ўзляцела ўгору манціроўка. Сяржант успеў крыкнуць і рвануўся на дапамогу афіцэру.
Ён не заўважыў, як з дзядзькавага рукава імгненна выслізнула швайка, і сяржант, магло здацца збоку, сам напароўся на яе, скурчыўся. Мужчына яшчэ два разы пырнуў яго кароткімі ўдарамі, пакуль асядала цела на зямлю.
Ён бачыў, як сын нагнуўся да інспектара, выцягнуў у яго з кішэні пісталет і мацюкнуўся:
— У машыну, такую…
Але сын падбег да міліцэйскай машыны, ускочыў на шафёрскае месца, уключыў перадачу і накіраваў машыну ў кювет. Выскачыўшы, сцягнуў з дарогі сяржанта, потым інспектара:
— У машыну!.. — крычаў бацька. Цяпер яму хацелася як мага далей ад гэтага месца.
— Успеем, — сын азірнуўся: дарога была пустэльная, сухая, на якой не заставалася ніякага следу.
Машына раўнула і сарвалася з месца, праз кіламетраў пяць звярнула ўправа, імчала па полі. У машыне маўчалі.
Старэйшы глядзеў на дарогу. Маладзейшы курыў цыгарэту. Трэці, калоцячыся ад усяго таго, што ён толькі што бачыў. Яму страшна было нават абазвацца. І пра яго, здавалася, забыліся.
Нарэшце машына спынілася, задам заехала ў жыта.