157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Камар цешыўся вадою, якая цурчала паўз барты лодкі, любаваўся возерам, стракатым пляжам і цішынёй, бо ведаў, што потым Семежаў не змоўкне да канца дня.

Потым на вёслы сеў Камар, а Паша адразу ж пачаў каменціраваць пляжную публіку, у асноўным жаночую. «Коля, глянь, як хораша ляжаць, як галубочкі!.. Якая каралева!» На шчасце, Семежаў не дамагаўся, каб Камар абавязкова глядзеў туды, куды хацелася яму. Гадзіна здалася Камару бясконцай — пот засцілаў вочы, а на руцэ ўсхапіўся і лопнуў мазоль. Але толькі праз гадзіну Семежаў дазволіў Камару прычаліць да невялікага астраўка пасярод возера.

І пакуль той адсопваўся, выцягнуў на бераг лодку, разаслаў на траве коўдру. Потым яны «смажыліся», плавалі, абедалі, зноў плавалі і проста драмалі, нібы зліваліся з травой, востравам, пахам травы, вады, возера…

Праўда, пасля другога перакусвання Семежаў не вытрымаў больш, перабраўся ў цянёк і соладка засоп.

Дадому выбраліся адвячоркам, калі спала гарачыня. Цела прыемна пашчыпвала, але яно было лёгкае, пругкае, памаладзелае ад вады і сонца.

Камар нават ужо не звяртаў увагі на тое, што тараторыць Семежаў, і не здзівіўся, калі ён пацягнуў яго да дзвюх дзяўчат, якія стаялі на абочыне дарогі, чакалі спадарожную машыну.

На здзіўленне Камара, старэйшая з дзяўчат, прыгожая, загарэлая, усміхнулася Семежаву, нават першая здалёк працягнула руку. І на твары яе была шчырая радасць, жаданне бачыць яго:

— Пашка! Адкуль ты тут?

Яна нават прытулілася да яго на нейкае імгненне.

— Валька! Каго я бачу!

— А ты не мог знайсці мяне?

— Я пісаў у тваю школу. Там ніхто не ведаў, куды ты прапала. Дзе ты цяпер? У школе?

— Ну ты што? Потым раскажу.

— А жывеш як? Замуж выскачыла?

— Паглядзіш, як жыву. А замуж?.. Цябе чакаю, — пажартавала яна.

— Знаёмся, аднакурснік мой былы, Мікола. Грозны сышчык Мікола Камар.

Валя падала руку Семежаву, назвала сваю напарніцу:

— Алёна, разам робім.

Алёна была маладзейшая за сваю сяброўку, не гэтакая выгледжаная, але па-свойму прыгожая той натуральнай маладой прастатой, якой не трэба яшчэ прыхарошвацца, умець паказваць сябе.

— Ну што, у горад, дзяўчаты? А на вечар «Свіцязь» асвоім ці яшчэ што? — прапанаваў Семежаў і падхапіў Валіну сумку. Камару не асталося нічога, як узяць сумку Алёны.

— Адстаў ты, Паша, у правінцыі. Рэстаран — пройдзены этап, там як на базары. Больш далікатна цяпер весяляцца, у інтэлектуальнай кампаніі. Я запрашаю цябе ў госці, думаю, твой сябар не пакрыўдзіцца?

Валя ўсміхнулася, але на нейкае імгненне Камару здалося, што ў яе проста таргануліся вусны.

— Пра што ты, Валя?! — замест адказу ўсклікнуў Семежаў.

І Камар адчуў палёгку ад таго, што ніякія мерапрыемствы Семежава яго сёння на захопяць.

Аднак ён памыліўся. На вакзале Валя ўзяла таксі, паказвала шафёру дарогу, разлічылася з таксістам і паперадзе пайшла ў двор, абгароджаны цаглянаю агароджай. У двары ляжалі кучы цэглы, заляпаныя цэментавым растворам дашчатыя шчыты, абрэзкі рэек, водаправодныя трубы. Добра натаптанаю сцяжынкай між усяго гэтага Валя падышла да пафарбаваных карычневай фарбай дзвярэй, націснула кнопачку званка.

За дзвярыма нібы стаялі і чакалі — яны адразу ж адчыніліся. Чарнявы, хлюсткі хлопец з рэдзенькімі вусікамі мазнуў вачыма па ўсёй кампаніі, павітаўся з Валяй, і яна кіўнула — заходзьце.

Яны апынуліся ў невялікім пакойчыку, ашаляваным вагонкай. На сцяне замест вешалкі былі паўбіваны ў дошкі драўляныя кіёчкі. Вільготна пахла лазняй…

Алёна зайшла апошняй і зачыніла за сабой дзверы на шпінгалет. Яны апынуліся ў невялічкім пакойчыку, ашаляваным вагонкай.

— Валя, што гэта за падземнае царства?

— Гэта не царства. Гэта сучасны рай. Прашу паглядзець, як жыве просты савецкі чалавек. Раздзявайцеся, а мы пакуль што паплаваем у басейне. Вы будзеце плаваць потым.

Дзяўчаты выйшлі з пакоя, зачынілі за сабой дзверы.

Камар паглядзеў на Семежава.

— Павел, што гэта абазначае?

— Амаралку. Лазня разам з бабамі.

— Пайшоў ты! — агрызнуўся Камар.

— Тады раздзявайся. Выпарымся як людзі.

У наступным пакойчыку іх чакаў самавар, прасціны і махровыя палаценцы. У перадбанніку ляжалі на лаве прыгатаваныя венікі, у куце стаяла вялізная дубовая балея, напоўненая халоднай вадой.

— Бо, гэта банька!

Калі праз дзве гадзіны Семежаў і Камар дачакаліся Дзяўчат у двары, Валя не ўтрымалася:

— Вось так гегемон жыве. Гэта заводскі воднааздаравіцельны комплекс.

Камару захацелася папытацца, а якія адносіны яна мае да гэтага комплексу.

Семежаў на хаду шапнуў Камару:

— Ты правядзі Алёну дадому.

Камар правёў дзяўчыну да аўтобуснага прыпынку і развітаўся.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

пра тое, чым займаўся ў выхадны дзень Міхаль Руды і што здарылася з ім ноччу.

Міхаль спаласнуў касу ў канаве, вылез на бераг. З выгляду гэта быў не дзед, а пажылога веку дужы мужчына з сівымі, коратка астрыжанымі, густымі, як шчотка, валасамі. З касою на плячы ён прайшоў па беразе, па свежаскошанай і разбітай траве, дастаў з-пад травы прыкрытую ад сонца старую гаспадарчую сумку, замест адной ручкі ў якой прывязана аборка. У сумцы ў яго пастаянна ляжаў малаток, запасны клін, банька, мянташка. Паверх сумкі — закручаная ў анучу запасная каса. У сумку з сабою Міхаль браў літровую бутэльку малака, кавалак хлеба і сала.

Берагам канавы Міхаль выйшаў на высыпаную, высакавата паднятую дарогу, якая вяла да самае вёскі. Дарогу зрабілі меліяратары. Яны далі Міхалю апошнія гады і работу — рабіў раманцёрам на каналах, цяпер, хоць і на пенсіі, на адхонах канаў накошваў сена на карову. Рабіць сена на адхоне — гэта не на роўным месцы. Але Міхаль прывык да гэтае работы. Наогул, ён прывычны быў да любое работы і рабіў яе ўдзень і ўночы.

Ішоў Міхаль цвёрда, шырока расстаўляючы ногі. І лад у ягоным жыцці быў гэтакі ж цвёрды і пастаянны. Спаўна сваё адрабіў у калгасе, узяў добрую пенсію. Потым пабыў на канавах — цяпер мае дзе пастаянна касіць сена. Ен не хадзіў у перадавіках, але ніхто ніколі не папракнуў яго. Дома ён меў дастатак і багацце. Заслужана. І гэтым ганарыўся.

Цяпер, калі выйшлі новыя законы, Міхаль заняўся гаспадаркай. Кожнага году ён гадаваў альбо цялушачку, альбо бычка на здачу, двух кармлякоў на сябе і на дзяцей, а двух — на здачу. Дзяржаў яшчэ гусей і курэй. Здаваў многа малака ў калгас — была выгада, меў за гэта камбікорм. Да ўсяго прыкупляў мукі, падкідаў сын на машыне з горада мяшкоў колькі круп. Сын атабарыўся ў Салігорску, не так і далёка, рабіў электрыкам. Міхаль пабудаваў яму кааператыўную кватэру і дапамог купіць машыну. Сярэдняя сама добра ўстроілася — выйшла за ваеннага, мела і кватэру, і добрыя грошы, але гаварыла, што муж гуляў і піў, разышлася з ім. Не прапала адна, працавала ў магазіне і добра зарабляла. Праўда, дадому паказвалася мала, другі раз замуж не выходзіла, і гэта не падабалася Міхалю. Але яна не зважала на ягонае незадавальненне, і ён збіраўся паехаць сам да яе, ды ад гаспадаркі не гэтак лёгка адарвацца. І самая маладзейшая зачапілася ў горадзе, у сталічным. Праўда, не паступіла ў тэхнікум, але ўстроілася на заводзе аператарам на машынах, якія лічаць. Казала, што завочна паступіла ў тэхнікум. Вялікае навукі ад яе Міхаль і не патрабаваў. Цяпер не той добра жыве, хто вялікую навуку мае, а хто добрую работу сабе знойдзе і ўстроіцца жыць. Гэта ён прыкмеціў. На добры лад, сама лепш цяпер і жыць і зарабляць дома, на вёсцы, але на гэта трэба быць нейкім спецыялістам. Ды ў вёсцы, як ні круці,— гэта не ў горадзе, тут зямля, бруд былі і будуць. А дзеўцы трэба добра выйсці замуж. Алёне ў яго былі гатовыя грошы на кааператыўную кватэру, а да таго часу кончыць і навуку. Дзеўка яна ў яго з віду нічога, доўга не заседзіцца.

Міхаль думаў пра гэта, ідучы з балотаў. Яшчэ ён адчуваў стомленасць. Пахла скошанай прывялаю травой, вадой і ўсё роўна крышку балотам. Гэты пах з'яўляўся заўсёды, калі нізка на захад схілялася сонца. Ад балотнага духу не магла пазбавіцца зямля. Міхаль любіў гэты пах, цішыню, як і сваю дамоўку, — пры гэтым ён вырас, гэтым жыў. Ён ведаў, што ў горадзе ён не вытрываў бы і тыдня. Там не было прастору. Але не шкадаваў, што дзеці пайшлі ў горад.