157770.fb2
— Каб вы падохлі! Аўсь, лезеце сляпіцаю! — пачуў ён голас жонкі, якая крычала на свіней. Потым было чутно, як пацягнула адну з іх кіем і тая аж віскнула. — Каб вы паздыхалі! Як вы мне надаелі! У магілу мяне загоніце! Аўсь!
Міхаль зайшоў у хляўчук, дзе трымаў запасы камбікорму, павесіў на цвік касу, паставіў сумку. Гэты хляўчук ён збіў на сынаву машыну, пакуль той пабудаваў гараж. Пабудова спатрэбілася ў гаспадарцы.
— Ног за дзень не чую, як калоды сталі! Каб яна здохла, плойма гэтая!
Жонка села на парог, правяла рукою па нагах.
— А я, па-твойму, гуляю, — кінуў Міхаль і, каб не сварыцца, пайшоў з двара: па цялё, якое пасвілася, прыпятае, на выгане.
Потым ён выкасіў у садзе травы карове. Пакуль жонка даіла карову, паналіваў у вёдры халоднае вады з калодзежа, каб было куды паставіць на ноч малако. Перад тым як зайсці ў хату, праверыў, ці зачыненыя хлявы, зашчапіў варотцы на вуліцу.
Вячэралі з жонкаю моўчкі пры ўключаным тэлевізары, скупа перакідваліся словамі. Абое ведалі, што рабіць заўтра, а заўтрашні дзень будзе доўгі, гэтакі, як і сённяшні.
Спаць Міхаль лёг на ложку ў сенцах — там здаравей дыхалася. Заснуў ён адразу — за кароткую летнюю ноч трэба ўспець адпачыць.
Ён і сам не мог зразумець, што пабудзіла яго. Быццам нехта штурхануў пад бок. Міхаль здзіўлена прыслухаўся і пачуў, што на двары нехта ходзіць. Потым свіння рохнула.
«Я ж, здаецца, добра зачыніў дзверы», — падумаў ён і ўстаў з ложка, выйшаў у веранду і адтуль пачуў, што за хлявом нешта нібы грукнула.
Ужо без усякіх думак ён круцянуў у замку ключ, выйшаў на парог. Свіння хадзіла па двары, дзверцы хлеўчука адчынены. За хлявом на выгане чутна ціхая мітусня.
Міхаль схапіў прыслонены да веранды кій, кінуўся туды. Ён не ўспеў вытыркнуцца за вугал хлява, як пачуў, што нешта храснула, і востры боль так працяў яго ад галавы да пят, што ён зароў немым голасам.
Ачнуўся ён ад таго, што нехта гаварыў да яго і холадна тыцкаўся ў шчаку. У галаве гудзела і трэскалася, нечым клейкім заляпіла ўвесь твар. Міхаль павярнуў галаву, і ад гэтага, здалося, у галаве заварушыліся і стукнуліся два камяні.
Адно вока не глядзела. Другім ён убачыў, што ля яго ходзіць свіння. Міхаль паспрабаваў устаць на рукі, але яны зрабіліся ватныя, і кожны рух тупа аддаваўся
ў галаве. Павольна ён папоўз назад на двор, да парога ў хату, успоўз на першую прыступку і адчуў, што далей паўзці не стае сілы.
Рукою Міхаль намацаў гузыр мяцёлкі і колькі аставалася сілы загрукаў у дзверы — разам з фанераю ў філёнкі была ўстаўлена бляха, якая павінна грымець бубнам. Кожны рух аддаваўся ў галаве болем, і хутка ён зноў праваліўся ў чорную яму забыцця…
Ачнуўся Міхаль сярод усяго белага, доўга глядзеў у столь і не мог зразумець, дзе ён і чаго.
— Колькі іх было? Вы пазналі хоць каго? — пачуў ён і ўгледзеў над сабою маладога чарнявага мужчыну ў белым халаце, нечым падобнага на ягонага Сяргея, успомніў, што з ім здарылася, паспрабаваў адкрыць рот, але ні сківіцы, ні губы яго не слухалі… І апошняе, што асталося ў свядомасці, гэта што мужчына падобны на ягонага Сяргея.
Семежаў выйшаў з палаты разам з доктарам.
— Калі можна яшчэ прыйсці да яго?
— Не ведаю. Цяжкі ўдар. Дзядзька дужы, але ж гэта галава. Усякае можа быць.
— Пазваніце мне, калі з'явіцца такая магчымасць. Пасля абеду Семежаў калаціўся ў міліцэйскім «козліку» у Забалацце. Семежаў не ведаў сам, чаго ён яшчэ раз едзе туды. Апытваць болей там не было каго. Знайшоў параненага пастух, калі ішоў выганяць калгасных кароў. Угледзеў, што свіння рыецца ў агародчыку, зайшоў на двор і ўбачыў скрываўленага гаспадара.
Семежаў спыніўся на дарозе, выйшаў з машыны і пайшоў уздоўж дарогі. Яна тут была падсыпана вышэй, і недзе з'езд тае машыны павінен застацца. Хаця даць ён нічога не мог. На сухой зямлі следу ад пратэктара не асталося. З'езду ён так і не знайшоў, бо тут ужо з'язджала некалькі машын, у тым ліку і тая, якая прывозіла аператыўную групу. Ён шукаў месца, дзе магла спыніцца машына. Бліжэй да хлява, але не пад самым ім.
Чырванаватая пляма крыві на траве не знікла яшчэ. Свінню падганялі бліжэй да машыны, значыць, яна стаяла недзе тут, ля гэтае пляміны. Пасля, калі тушу загрузілі, святла ўключаць нельга было. Машына ехала цёмначы, туды, дзе ўначы відна белая палоска дарогі, напрасткі, каб хутчэй выехаць. Семежаў пайшоў па гэтым уяўным следзе і хутка паклікаў шафёра:
— Васільеў, падыдзі сюды. Калі шафёр падышоў, папытаўся:
— Што ты мне скажаш пра ўсё гэта як шафёр?
— Машына выязджала на дарогу, што ж тут такога.
— «Жыгуль» ці «Волга»?
— Не, гэта і не «жыгуль», і не «Волга». Мой «козлік» такі след зрабіць можа.
— Чаму так дарогу развярнула коламі?
— А не — на вялікай хуткасці выскокваў на дарогу, а не — газануў пры выездзе. А што такое?
— Нічога. Гэта тая машына выязджала.
— А-а, ясна.
Шафёр таксама пачаў прыглядацца да дарогі, але яна больш нічога не магла сказаць яму.
Ужо па дарозе назад Семежаў думаў пра машыну, не пра легкавічка, якіх цяпер хапае ў людзей. Калі «козлік», то машына хутчэй за ўсё належыць нейкай арганізацыі. Як і чаго яна аказалася тут ноччу? Аднак гэта практычна нічога не давала і нікуды далей не выводзіла.
Успомніўся ранішні званок ад Камара. Семежаў пачаў, як заўсёды, жартам:
— Што, Камар, зноў ідзём у баньку з масажам? Семежаў са студэнцтва не мог прайсці міма Камаровай сур'ёзнасці і правільнасці ва ўсім. Ён памятаў, як на першым годзе Камар амаль паўгода ўсіх папраўляў, калі называлі ягонае прозвішча. Яму хацелася называцца больш сур'ёзна — Комарам.
— Банька будзе. Цяпер і табе, не толькі мне.
— Што, табе нагарэла? У цябе ж, гаварыў, гэтыя гусі ў папцы ляжалі. Умець трэба.
— Вось, вось, Семежаў, умець трэба. У мяне гусі, а Ў цябе разбітыя чалавечыя галовы, і ніякіх слядоў не знайшоў. Пяткевіч прасіў пазваніць табе і перадаць, што мы чакаем ад цябе…
— Будзе новае — далажу.
— Будзь здароў.
— Будзь здароў.
Семежаў успамінаў гаворку і яшчэ са злосцю падумаў пра Камара — знайшоўся ўмелец, толькі што штаны працірае ў абласным упраўленні. Хаця яму, відаць, нагарэла сапраўды болей, чым Семежаву.
Трэба ўмець… Семежаў аж схамянуўся: зразумеў тое, што не давала спакою і чаго ён ніяк не мог вылучыць — чаму не крычала свіння? Каб забіць яе гэтак, трэба ўмець.
Але ўсё гэта не факты і не рэчавыя доказы. І не выхад на след злачынцаў.
А наогул, чым прападаць тут у раёне, ці не сапраўды атабарыцца дзе ў горадзе? Ажаніцца з тою ж Валяй. У яе неблагая кватэра, знайсці работу дзе-небудзь, як Камар, збіраць звесткі і перадаваць даручэнні па тэлефоне. Але Семежаў ведаў, што з гэтага ў яго нічога пакуль што не будзе, ды і з Валяй яшчэ ў студэнцкія гады знаёмы быў не толькі адзін ён…
Трэба шукаць злачынцаў, гэта яго работа,
пра тое, як Туманоўскі міжволі пачынае займацца журналісцкай работай.