157770.fb2
Яна і пажыла ў яго на дачы. Трэба было ж уладкоўваць на работу. На першым часе згадзіўся ўзяць яе да сябе «на точку» стары Дворкін, Лазар Міхайлавіч. Сівы, стройны, заўсёды ў белым халаце і ветлівы, як дыпламат. Час ад часу збываў у яго свой «тавар» і Клімакін. Не пастаянна, не той маштаб быў… Лазару Міхайлавічу спадабалася маладая памочніца. Клімакін прапісаў яе, не без яго дапамогі, Валя ўклінілася ў чаргу на кватэру і атрымала яе ўжо, калі Лазар Міхайлавіч паехаў, як гавораць, далёка і надоўга. Лазар Міхайлавіч быў чалавек магутны. Пра гэта Клімакін ведаў Яго і баяцца трэба было. Таму Клімакін не падаў і выгляду, што здагадваецца, чаму Валя раптам наляцела на дачу да Клімакіна. Гэта ад Лазара Міхайлавіча прынесла Клімакіну мянушку. Лазар Міхайлавіч меў слабасць яшчэ і разглядваць пікантныя фотаздымкі Клімакін тады падзарабляў у яго і на гэтым. Перабіраючы карткі, Лазар Міхайлавіч прыгаворваў: «А ты не злодзей, ты кныр…»
Пагарэў Лазар Міхайлавіч як адзін з удзельнікаў прадпрыемства, вынікі якога кваліфікаваліся як «крадзеж у асабліва вялікіх памерах». Пасля гэтага на яго месцы ў бары не знаходзілася чалавека, падмяніла яго Валя, а потым месца ягонае заняла і ўжо пра дыплом, які недзе астаўся ў райана, не ўспомніла. Гэта было даўно. Клімакін ужо на парнаграфіі не падзарабляў, але і на асабліва буйныя маштабы не замахваўся. Жыць і так мог на шырокую нагу. Валя згадзілася браць у яго гарэлку, але працэнт заламала, не зрабіла скідкі «дзядзьку» за тое, што ён вывалак яе з вёскі, прывёз у горад.
І насуперак усяму «пляменніца» вабіла яго.
Клімакін пачуў, як адамкнуліся дзверы, устаў, выйшаў у прыхожую.
— А ты не спяшаеш сустрэцца з дзядзькам. Я каву пастаўлю?
— Апячэшся, дзядзечка!
Валя на хаду скінула басаножкі, адчыніла бар, наліла паўфужэра каньяку і выпіла, потым адкрыла бутэльку з «Байкалам», заліла і моўчкі пасунула бутэльку Клімакіну.
— Што?
— Гаварыў мне Міхайлавіч, каб цябе адшыла! Кныр ёсць Кныр! Тавару не было. А сёння ў мяне на складзе нюхалі!
— Ну?
Чыста. Вось так, дзядзечка! Пазвоньваць мне, заязджаць болей не смей! І твая хеўра каб больш нагою ў маім бары не была! А то, глядзіш, у групавое ўляпаешся… інжынер! Пра мяне забудзь? А не сумееш, Лазара Міхайлавіча табе памогуць! Яны ўмеюць, памятаеш?
Клімакін памятаў тых дваіх, толькі ён не ведаў, што гэта ад Лазара Міхайлавіча.
Валя працягнула руку. Клімакін недаўменна паглядзеў на яе.
— Ключык, дзядзя.
Клімакін пачаў здымаць ключ з бірулькі. Рукі ў яго лёгенька дрыжалі. Валя пагардліва ўсміхнулася. Яна глядзела на яго, быццам на дробнага жуліка, якому рабіла паблажку і якога прыйшоў час выгнаць вон.
— Запомні, дзядзя, пра мяне ні слова! Што б ні было і як ні было б! А інакш… — яна не дагаварыла.
Ён не даслухаў, выйшаў і амаль подбегам заспяшаў да машыны.
Першае жаданне было паехаць туды, да Гарбуза, — даведацца, ці дома ён. Але ехаць туды нельга. Ужо спакойна ён узважыў усё і пакрысе супакойваўся: Гарбуз нічога не ведае. Яны сустракаліся ў горадзе… У твар ведаў, а больш нічога. Маршрут да бара. Гарбуз прыязджаў да бара. Міліцыянера там скалечылі, а цяпер і гэтая рэвізія… Залішне для супадзення. Добра, што «баксёра» справадзіў у вёску.
Праз гадзіну недзе ён паставіў машыну на стаянку. Прайшоў два кварталы, падняўся на пяты паверх, у аднапакаёвую кватэру, сціпла, нават болей чым сціпла абстаўленую.
пра здарэнне, якое ўстрывожыла многа людзей.
Інжынер Корбыт усё яшчэ чакаў, пакуль падыдзе чарга на гараж. Чарга падышла ў мінулым годзе, грошы ён заплаціў, але будаўніцтва ўсё яшчэ не кончылася. За час чакання яго новенькі «Масквіч» ператварыўся ў добра такі ўезджаную машыну, якую можна было смела пакідаць нанач у двары, дзе побач надзейна «ахоўвалі» яе новенькія і зайздросныя з выгляду «Жыгулі». Ды і прывык ездзіць з работы і на работу, канец квартала, часу не ставала ні на рабоце, ні дома.
Паволі ён узышоў на трэці паверх, паленаваўся даставаць з кішэні ключы, пазваніў.
— Хто? — папыталася жонка, адчыняючы дзверы.
— Я, хто ж яшчэ к табе.
— Ты? А чаго ж машына наша толькі што ад'ехала? Я думала, ты яшчэ куды…
Корбыт не даслухаў жонку, выскачыў на балкон. Машыны як і не было на сваім месцы. Ужо спакойна
пайшоў да тэлефона, набраў нумар, прадыктаваў дзяжурнаму свой адрас, нумар машыны, потым зірнуў на жонку, якая разгублена глядзела на яго. Яму хацелася легчы паляжаць.
— Ну чаго стаіш? Давай вячэраць. Як знойдуць — пазвоняць. — Як гэта?
— Сеў чалавек і паехаў. Дурань, пад суд заедзе! Пакуль інжынер вячэраў, дзяжурнаму ўжо дакладвалі:
— Сіні «Масквіч» заўважаны на Садовай. Дакладвае дзевятнаццаты.
— Дзевятнаццаты, працягваць пагоню. ПМГ блакіруюць выхады з квартала, на праспект і на кальцавую дарогу.
Дзяжурны гаварыў і глядзеў на карту. Цяпер машына нідзе не дзенецца. Выхад у горад і за горад ёй перакрыты. Злодзей нявопытны. Ад дома, дзе ўкрадзена машына, можна было вулачкамі адразу выскачыць да кальцавой. Што яму спатрэбілася на Садовай?
Патрульная машына тым часам не выпускала з поля зроку «Масквіч». На прамым адрэзку не было відаць сустрэчнага трамвая, і «козлік» выйшаў на сярэдзіну вуліцы. Завыла сірэна, сінім сполахам мігаў «маячок».
— Загадваю спыніцца! Спыніцеся!
Сяржанту Васільеву здавалася, што ягоны голас чуваць усяму гораду. Адна рука трымалася за ручку дзвярэй — каб адразу ж адчыніць і выскачыць.
Старшына Сівец, тоўсты, жывот, здавалася, дастае да самае баранкі, увесь падаўся наперад — каб успець да трамвайнага «астраўка» падрэзаць «Масквіч» і спыніць яго.
Васільеў сцяўся — калі на нейкія долі секунды спозняцца, «Масквіч» выслізне, і зноў трэба будзе даганяць яго. І тут жа заўважыў, як з завулка выскачыў «жыгуль», угледзеў міліцэйскую машыну і тармазнуў. Старшына Сівец націснуў на тармазы, і як толькі машына спынілася, амаль упрытык ля «Жыгулёў», Васільеў выскачыў з машыны.
«Масквіч» стаяў. Перад яго ўлез у багажнік «Жыгулёў». Ад «Масквіча» кінулася доўгая постаць, і Васільеў ірвануўся ўслед. Чуў, што крыху ззаду цяжка гопае чаравікамі Сівец. Чалавек перабег цераз вуліцу,
кінуўся пад арку ў двор. Калі ён паспее пераскочыць цераз бетонны плот, якім быў абгароджаны гаспадарчы двор лазні, яны не дагоняць яго. Там парк, а далей…
— Стой, страляю!
Васільеў нават не адчуў, як таргануўся ў руцэ пісталет. І хоць стрэл быў угору, чалавек, які дабег ужо да самага плота, прысеў, нібы куля прайшла над ім. Гэтага хапіла, каб даскочыць да яго.
Толькі калі вялі затрыманага да машыны, Васільеў разгледзеў, што гэта юнак ці, можа, нават падлетак, па-цяперашняму рослы.
— Даездзіўся, дурань, — Сівец цяжка соп.
Пакінутая міліцэйская машына так і стаяла пасярод вуліцы з расчыненымі дзверцамі, уключанай сірэнай і мігалкай. На месцы здарэння ўжо сабраўся натоўп. Васільеў выключыў сірэну, коратка далажыў дзяжурнаму і папрасіў выклікаць ДАІ.
Сівец тым часам абышоў пабітыя «Жыгулі». Пад імі нацякла лужына, але пахла не бензінам, а гарэлкай. Сівец націснуў на замок. І скарэжаны багажнік з палёгкай адчыніўся, як стрэльнуў усё роўна. У ім стаялі гаспадарчыя сумкі, поўныя бутэлек. У тых сумках, па якіх прыйшоўся ўдар, толькі шкляны друз пабліскваў. Сівец прысвіснуў, паспрабаваў зачыніць багажнік, але ён не зачыняўся. З натоўпу нехта гукнуў:
— Хлопцы, падстаўляй шапкі! На разліў бясплатна!
Сівец хутка ступіў да гаспадара машыны, які разгублена, неяк утрупела стаяў і трымаўся за ручку пярэдніх дзверцаў.
Невысокага росту, лысы, круглатвары, ён глядзеў на міліцыянера і нібы не верыў, што гэта наяву, а не саснілася.
— Дакументы!