157770.fb2 Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Чорны павой - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Мужчына дастаў з нагруднай кішэні дакументы і падаў старшыну. Той сунуў іх у кішэню курткі, нават не разгарнуў і моцна ўзяў за руку вышэй локця.

— Вам давядзецца праехаць з намі.

Мужчына паслухмяна пайшоў да міліцэйскае машыны, угнуўшыся, улез у яе, сеў побач з хлопцам і толькі тады так вылаяўся, што хлопец аж адхіснуўся ад яго, — мог жа ён, пакуль бегалі міліцыянеры, ехаць сваёй дарогай. Толькі цяпер гэта дайшло да яго.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

пра тое, як Туманоўскі набліжаецца да сваіх будучых герояў на небяспечную дыстанцыю.

Туманоўскі сядзеў насупраць сакратара партарганізацыі з блакнотам і занатоўваў з самым сур'ёзным выглядам усё тое, што той гаварыў. Наогул, Туманоўскі не прызнаваў гэтакай журналісцкай практыкі — сядзець з блакнотам над чалавекам. Тады і ён нічога не бачыць, акрамя гэтага блакнота, і гаворыць усё гэтак разумна і правільна, што потым паспрабуй зрабі матэрыял да друку з такое гаворкі.

Але сёння яму хацелася пераканаць, што толькі пытанні аб тым, як папаўняецца рабочая сіла калгаса, яго цікавяць, а болей нічога.

— Скажыце, Іван Спірыдонавіч, людзі самі прыязджаюць ці вы, як гавораць, вярбуеце іх да сябе?

— Ну, мы не такая яшчэ гаспадарка, каб пра нас ва ўсіх газетах пісалі і па тэлебачанні паказвалі… Таму мы выязджаем у тыя раёны, дзе яшчэ ёсць на вёсцы людзі. А потым ужо, як гаворыцца, ланцуговая рэакцыя. Пачынаюць і самі прыязджаць. А таму натуральна, што гэта ў асноўным маладыя сем'і, якім трэба кватэра, заробак…

— Вы даяце ім кватэры?

— Бачыце, будуем домікі. А таксама хаты, якія пустуюць, калгас купляе на вёсках і аддае прыезджым…

— А вы сам?

— Разумею… Я таксама не мясцовы, ды і наогул нават старшыня і ўсе спецыялісты не мясцовыя. Гэта не толькі ў нас у калгасе…

— Колькі вы гадоў тут?

— Я пяты год.

— А у мінулым годзе колькі памянялася галоўных спецыялістаў?

— У мінулым? Інжынер па будаўніцтву і механік…

І усё.

— На павышэнне пайшлі ці на лепшае месца пагналіся?

— Ну, як вам сказаць? Інжынер у райцэнтр пайшоў, па спецыяльнасці. Механік на рамзавод…

— А як з жыллём?

— Пабудаваліся.

— А дзе прыезджыя робяць у вас?

— Самая наша бяда — даяркі, свінаркі, механізатары. Каму ж хочацца лезці ў гной?

— Зразумела, — Туманоўскі ўсміхнуўся: усе пакойчыкі канторы заселены, як вулей, напарфумаванымі маладзіцамі. У большасці сваёй гэта жонкі галоўных спецыялістаў.

Сакратар усміхнуўся. У кабінеціку было душна, пякло сонца, і Туманоўскаму хацелася на паветра.

— Ну што ж, дзякуй, Іван Спірыдонавіч, на першы раз. Адрываю вас ад работы.

— Што вы, што вы. Мне загадана правезці вас, паказаць нашы палі. Вы ж, гаварылі, партызанілі ў гэтых балотах?

— Так, было.

— Дарэчы, калі што трэба жонцы Кухты, то скажыце, няхай заходзіць да мяне. Дапаможам. Дзед ён быў талковы. І на работу, калі што, выйдзе, выручыць. Больш бы было такіх дзядоў, можа б, і маладыя другія былі… А то хлопцы, васьмі-дзесяцікласнікі, здаравенныя лбы, на бацькоўскіх матацыклах лётаюць, хуліганяць, а на работу ў жніво не надта ідуць. Як не тут выраслі…

Сакратар змоўк, быццам спахапіўся, што гаворыць не тое. Потым невядома, што ён там напіша пра тое, на якім узроўні ў калгасе выхаваўчая работа, якую ўвагу ёй аддае кіраўніцтва калгаса, а ў першую чаргу ён, сакратар партарганізацыі, клопатам пра духоўнае выхаванне, пра «задавальненне духоўных патрэб» калгаснікаў. Цяпер пра гэта стала модна пісаць, пра клопат пра чалавека, хаця справаздачу ў раёне патрабуюць і шыю мыляць, як і мылілі не аднаму ягонаму папярэдніку, за графікі пасяўной і жніва, за нарыхтоўку кармоў…

— Я думаю, Ян Данілавіч, дагаворым у машыне. Каб не траціць часу, давайце праедзем, паглядзім, што мы маем на полі, як мы жывем.

Гэта быў не новы, але надзейны спосаб.

«Пачынаецца», — кіўнуў галавой і ўсміхнуўся сам сабе Туманоўскі.

«Ніва» бадзёра ўзяла з месца. Іван Спірыдонавіч таксама нібы адчуў палёгку, калі выйшлі з кабінета, з задавальненнем кіраваў машынай і тлумачыў:

— Наш пасёлак. Толькі пачынаецца. Калі будзе расці, месца выбрана тут добра, на цэлы гарадок хопіць.

Праз адкрытыя шклы вецер пругка хадзіў усярэдзіне машыны, і Туманоўскі слухаў, што гаварыў сакратар.

З машыны прыемна было глядзець на палі. Яны разлягаліся паабапал дарогі запалавелым, пасвятлелым разлівам збажыны: яшчэ чырванаватыя, густыя фарбамі аўсы, крыху святлейшая — пшаніца і за ўзгоркам зусім пасвятлелае, пабялелае, нібы пачало выгараць, жыта. Як аблямоўка, паўз дарогі беглі блакітныя кветкі валошкі, белыя, з жоўтымі, густымі вачыма рамонкі. Густа ляжаў пыл на жылістым лісці трыпутніку.

Лёгка гаварылася пад імклівы бег машыны, лёгка слухалася пра тое, што ўраджай маецца быць добры.

— Ну, а вось тое, што стала на месцы балот, што дае нам малако і мяса.

Сакратар спыніў машыну на пагорку. Унізе пачыналіся роўна падзеленыя на калектары канавамі ўтравянелыя плошчы. Трава шаўкавіста выгіналася пад ветрам, і ад яе павявала цёплым лугавым пахам.

— Мы ў асноўным не аром балота. Усё адпусцілі пад траву. Ды ў нас яшчэ і грудавое зямлі хапае ў калгасе, яе абрабіць як след…

Туманоўскі стараўся ўявіць замест гэтых выраўняных плошчаў тое, спавітае туманком, парослае лазою і алешнікам балота, ад якога нават улетку патыхала тванню і нечым халодным, металічным. І чамусьці не ўспаміналася балота пры сонечным святле: ні асенняе, ні вясновае, ні шэра-снегавое, устылае.

Іван Спірыдонавіч тым часам называў тоны будучага ўкосу.

За ўзгоркам, пры ляску, у невялікай лагчынцы ўтульна стаяў дамок. Ля дамка зроблена невялікая запруда, і перад ёй стала азерца.

— Ну, а гэта наша рэзідэнцыя, дзе мы прымаем шаноўных гасцей, — крыху скавана пажартаваў сакратар.

— Што, лазня? А цікава…

— Міласці прашу!

Сакратар павесялеў, узяў з машыны сакваяж. Туманоўскі не заўважыў, як і калі сакваяж апынуўся ў машыне.

Лазня была зроблена ў два паверхі. На другім стаяў стол і крэслы, буфет — усё зроблена з дошак, толькі пацягнута аліфай. Адсюль можна было сысці на першы паверх, у фінскую парылку. З яе адразу можна шухнуць у азерца. Усё на сучасным узроўні і ў сучасным духу.

— Іван Спірыдонавіч, не трэба, — спыніў сакратара Туманоўскі — Парыцца я не надта люблю, ды цяпер і на дварэ парылка.