161182.fb2
- Прабач, што разбудзiла... Што ты кажаш?.. Падагра?.. Даруй, не ведала... Ды не, нiчога...
Голас на тым канцы лiнii быў бурклiвы. Акурат голас чалавека, хворага на падагру, якi вымушаны быў у час прыступу ўстаць сярод ночы з ложка i спусцiцца на першы паверх да тэлефона.
- Трэба, каб ты сказаў мне дакладна, цi ведаеш такога чалавека, як Марсэль Блан...
- Мне прозвiшчаў не называюць, - раздражнёна адказаў чалавек.
- Гэта неабходна... Ты разумееш?.. Марсэль...
- А што будзе, калi адкажу?
- Ты яго ведаеш?
Нi слова адказу.
- Трэба, каб ты адразу ж адказаў... Гэта вельмi важна. Апошняе, пра што я ў цябе пытаюся... Ты яго ведаеш?
- Што ён сабой уяўляе?
- Дваццаць пяць гадоў... Прыгожы малады мужчына... Брунет, элегантны... Часта апранае палiто з вярблюджай воўны, - затаiла яна дыханне, - светлае, зусiм светлае...
Зноў цiшыня.
- Ты яго ведаеш?
- А ты?
- Якая рознiца! Адказвай. Ведаеш?
- А што будзе, калi адкажу?
- Нiчога... Проста мне трэба знаць... Ты ж яго ведаеш, га?..
Ёй здалося, што нехта падымаўся па лесвiцы. Але, як выявiлася, гэта быў кот.
- Заедзь да мяне, як захочаш...
- Не кладзi слухаўку... Чакай... Што я хачу, каб ты мне сказаў, дык толькi тое, цi збiраецца ён гэтым вечарам...
- Што?
- Ты не разумееш?
- Я думаў, ты выйшла замуж...
- Але... Гэта... - Пасля некаторых ваганняў яна даказала: - Гэта мой муж.
I чаму ёй здалося, што чалавек на другiм канцы лiнii пацiснуў плячыма?
- Iдзi спаць, - толькi i сказаў ён.
Дарэмна спрабавала яна пасля гаварыць нешта ў апарат. Сто сорак сёмы жуанвiльскi абанент паклаў слухаўку.
Ужо была палова другой ночы, а Марсэль усё яшчэ не вярнуўся. На стале побач са скрынкаю з прыладамi для швiва ружавеў бясхвосты парсючок, а палiто з вярблюджай воўны ўсё яшчэ ляжала на дыване.
Раздзел другi
ГАНДЛЯР БЯСХВОСТЫМI ПАРСЮЧКАМI
Гадзiны ў чатыры ранiцы з усiх вокнаў, якiя можна было бачыць з балкона кватэры Бланаў, святло гарэла толькi ў адным, дый тое за штораю там угадвалася постаць чалавека, якi, мяркуючы па ўсiм, даглядаў хворага.
Марсэль не вярнуўся. Ён не пазванiў, не даў па сабе знаку, i роўна а пятай гадзiне Жэрмэн вырашыла зрабiць яшчэ адзiн тэлефонны званок.
- Алё... Гэта ты, Iвэта?.. Спiш, бедная?.. Не злуйся на мяне... Ну, гэта я, Жэрмэн... Але... Хочаш выручыць мяне?.. Што ты кажаш?
Дзяўчына на другiм канцы лiнii прамармытала:
- Ну, што табе?..
Iвэта працавала разам з ёю. Гэта была мажная дзяўчына дваццацi васьмi гадоў, зусiм непрыгожая. Яна ведала сваю непрывабнасць i, адкiнуўшы ўсякую зайздрасць да панаднай Жэрмэн, патрапляла заставацца лепшай яе сяброўкай сама вясёлай i зычлiвай.
- Хуценька апранайся, няважна як. А каб хутчэй паспела, закажу табе таксi. Адразу ж едзь да мяне...
Сказаўшы: "Ну, што табе?.." - Iвэта не выявiла нi здзiўлення, нi цiкаўнасцi. Праз чвэрць гадзiцы яна ўжо была ў Жэрмэн.
- Ты, мусiць, здзiўлена...
- Усякае бывае, цётка...
- Марсэля няма...
- Я i не сумнявалася. Калi б быў, ты б мяне не клiкала...
- Я табе пазней усё растлумачу... Не, скажу табе шчыра, я не змагу растлумачыць гэта, нават табе...
- Куды мне iсцi шукаць яго?.. Сказаць яму, што ты захварэла цi што стралялася?
- Гэта я выйду... Ты застанешся тут... Толькi слухай... Сядзi каля тэлефона... Пазвоняць - запiшы як след, што скажуць... Калi гэта будзе Марсэль, скажаш, хто ты... Ён цябе ведае... Скажы яшчэ, што я выйшла i хутка вярнуся... Калi ж ён прыйдзе, скажы тое самае... скажы, што я ўстрывожылася... i пайшла яго шукаць...
- Палова пятай, - заўважыла Iвэта. - I раздзявацца не варта... Можна легчы на канапу?..
- Вядома!
- Пiць у цябе нiчога няма?..
- Ёсць бутэлька каньяку ў насценнай шафе...