161182.fb2
Куды ж ён пайшоў? У якi квартал?
А як з ключом? Звычайна гэта праблема, вырашэнне якой патрабуе часу. Трэба дастаць ключ ад кватэры або зрабiць злепак i ўжо з яго - сам ключ.
Часу ў Марсэля на гэта не было. Жэрмэн была ў тым упэўнена. Ёй хацелася верыць, што ён нiчога загадзя не падрыхтаваў. Цэлы ж год не быў у яе бацькi!
Так цi iнакш, адчуў Марсэль агiду да гэтага занятку цi не, але ён захацеў змянiць сваё жыццё. Доказ - тое, што ажанiўся з ёю. А можа, ён зрабiў гэта толькi дзеля таго, каб цягнула на новыя замахi, бо пачаў баяцца, што зловяць?
Бывае i такое: калi ўдаюцца тры-чатыры буйныя пакражы, злодзей раптам не можа саўладаць са страхам. Тады ён звычайна кажа сабе, што дагэтуль проста iшла дзiкая лафа, што гэта не можа працягвацца бясконца i ўжо наступным разам прыйдзецца за ўсё заплацiць.
Небяспечны стан, калi менавiта ў гэты час ён надумае распачаць свой ранейшы занятак: вось тады яго i "накрываюць". Бо няма ўпэўненасцi. Падводзiць нядбаласць. "Падстаўляюцца" па-дурному, "гараць" на якойсьцi iдыёцкай драбнiцы.
Пазванiць у палiцыю яна не магла. Газеты з'явяцца толькi праз гадзiну.
Яна ўжо ўяўляла, як ён сядзiць у палiцэйскiм участку, у кабiнеце ў якога-небудзь iнспектара на допыце. Гальштук, рэмень, шнуркi з чаравiкаў ужо адабралi... А то раптам бачыла яго ў бальнiцы...
Але не ў трупярнi! Толькi гэтае слова, адно з усiх, што з'яўлялiся ў яе ў думках, выклiкала жаданне крычаць.
- Рэнуары...
Цiкава: ёй здавалася, што варта яшчэ крышачку напружыцца - i яна разгадае праўду. Чаму iмя Рэнуара - карцiны мастака былi ёй, вядома, знаёмыя развярэджвала памяць, падказвала нешта звязанае з Марсэлем, штосьцi пачутае зусiм нядаўна?..
Больш таго: яна магла паклясцiся, што менавiта Марсэль i прамовiў перад ёю гэтае iмя. Але калi? Дзе? З якой нагоды?
Таксi спынiлася, i яна ўбачыла святло ў вокнах сваёй кватэры. Пачала шукаць у сумачцы кашалёк... Грошай было вельмi мала. Пра ўсё ж думала раней, толькi не пра гэта.
- Пачакайце мяне, калi ласка, хвiлiнку. Я падымуся, вазьму грошы...
Пабегла па лесвiцы. Чырванела пры адной толькi думкi, што аддала ўчора шпалершчыку ўсе грошы, якiя толькi мела...
- Слухай, Iвэтачка, дарагая...
Ёй было сорамна, як нiколi яшчэ ў жыццi. Iвэта, якая, каб адчуваць сябе ямчэй, раздзелася да камбiнацыi, чытала, лежачы на канапе ў зале.
- У цябе ёсць грошы?
- Многа трэба?
- За таксi заплацiць... Не ведаю, колькi... Марсэля няма, а ў яго ўсе нашы грошы...
Iвэта пашукала, дастала чатырыста франкаў.
- Думаеш, хопiць? - спытала яна.
- Здаецца...
Жэрмэн спусцiлася ўнiз, размаўляючы сама з сабою: рэпецiравала размову з шафёрам. Якую ж страшэнную спляжанасць адчувала яна сёння ў душы - быццам перад усiм светам была вiнаватая.
Паволi паднялася наверх. Стамiлася ўжо, цяжка дыхала. Iвэта надзела сукенку i з капелюшом у руцэ iшла да дзвярэй.
- Думаю, я табе больш не патрэбна?
Жэрмэн хацела сказаць, што, наадварот, неабходная, што ёй страшна заставацца тут адной, але не асмелiлася.
- Дзякуй табе, Iвэтачка... I прабач яшчэ раз... Праўда, ты можаш зрабiць мне яшчэ адну паслугу... Калi а восьмай я не прыйду ў краму, будзь ласкавая, скажы тады патранэсам, што я кепска сябе адчуваю, з'яўлюся пазней, а можа, i зусiм мяне не будзе... Добра?.. Я табе калi-небудзь растлумачу... Гэта шмат страшней, чым ты думаеш...
- Усе замужнiя так кажуць!.. Дый незамужнiя таксама...
- Ты не зразумееш...
- Ведаю... Нiхто нiколi нiчога не разумее...
Пасля, надзяваючы палiто, дадала:
- Можа, хочаш, каб я засталася?
- Дзякуй... Гэта вельмi далiкатна з твайго боку... Я паспрабую крыху паспаць...
- Ну, добра... Усё будзе ў парадку... Я табе пакiнула трохi каньяку... Раю выпiць калiва...
Бледны твар, чырвоныя павекi - рыхтык клоўн, як паглядзець на яе цяпер. А грымаса, дзiўнаватая ўсмешка, якой яна, мусiць, думала падбадзёрыць сяброўку, адно павялiчвала гэтае падабенства.
- Дабранач, цётка...
Жэрмэн ледзь ужо была не паклiкала Iвэту назад, бо, толькi засталася адна, здалося, што яе клiча Марсэль, якi меў дзесьцi патрэбу ў ёй, чакаў жончынай дапамогi.
Але дзе?
Праз паўгадзiны развiднела, зазiхацелi дахi дамоў, з усiх гарадскiх комiнаў пацягнуўся ў неба дымок, ажывалi вулiцы, пад'езды, пайшлi аўтобусы, тысячы людзей рушылi на працу халоднай снежаньскай ранiцай...
Марсэль быў недзе ў гэтым вялiкiм горадзе... Жэрмэн, трымаючыся рукамi за мокрыя парэнчы балкона, глядзела ва ўсе бакi гiганцкай панарамы, нiбы спадзеючыся ўбачыць у ёй яго...
Раздзел трэцi
ВЯЛIКАЯ СЭЎРСКАЯ ВАЗА I ГРАФIНIН ДЗЯДЗЬКА
Палова восьмай ранiцы. З балкона бачны быў грузавiчок паштовай службы, якi развозiў газеты i спынiўся цяпер каля шынка насупраць iх дома. Шафёр у скураной кепачцы выйшаў на ходнiкi з тоўстым стосам пошты.
Жэрмэн збегла па лесвiцы з непакрытаю галавою. Брамнiца якраз мыла калiдор. Жэрмэн яшчэ мала ведала гэтую крыху касавокую жанчыну. Вось ужо з месяц, як яна ўлашчвала кансьержку: у Парыжы з iмi трэба ладзiць. У брамнiцы, можа, таму, што яна касавурыла, позiрк быў поўны падазрэння.
- Сёння ноччу да вас, здаецца, прыходзiлi? - спыталася яна. - Я званiла вам тры цi чатыры разы. У вас усё ў парадку, га?
Ёсць людзi, якiя проста чуюць бяду. Вось i гэтая жанчына была такая. Нельга нiчым выдаць сябе! Жэрмэн, падабраўшыся, адказала з усмешкаю:
- Гэта муж паслаў дадому сакратарку з рэдакцыi перадаць мне, што тэрмiнова адбывае ў Лондан... Там сёння сур'ёзны матч... Марсэля паслалi ў сама апошнi момант... Мне трэба было завезцi ў рэдакцыю яго рэчы...
- Дык добра!.. А то я падумала, што ў вас хто-небудзь захварэў...