161481.fb2 Дынастаманiя (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Дынастаманiя (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

- Неяк, здаецца, гэта не ваш стыль.

Яна засмяялася.

Калi я таго ж дня запрасiў Эн павячэраць, яна спытала:

- Вы прапаноўваеце павячэраць разам цi запрашаеце павячэраць з вамi?

Я папярхнуўся i адказаў нязвыкла па-даросламу:

- Разам, як культурныя людзi.

- А, - сказала яна з той жа ледзь прыкметнай сумнай усмешкай. - Не забывайце, што я вандрую са студэнтамi-медыкамi. Калi б у iх i былi грошы, яны ўсё роўна не вельмi схiльныя на выдаткi. А ў iх грошай няма, так што пытання не ўзнiкае. Тым не менш прабачце.

Эн, апранутая ў сукенку "на выхад", выглядала вельмi прыгожа. Яна была падобная на сапраўдную даму. Я перастараўся, выбiраючы рэстаран. Тыя тры месяцы я не мог дазволiць сабе часта хадзiць у рэстаран, але калi шыкануць адзiн раз, дык гэта не павiнна спустошыць бюджэт, разлiчаны на дзевяноста дзён, думаў я... пакуль не ўбачыў рахунку.

Потым, стараючыся надаць твару абыякавы выгляд i ўсё ж не вельмi весела, палез за партаманетам.

Эн не манерылася наконт рахунку. Яна, вядома ж, нiколi не манерылася. Уважлiва паглядзеўшы на лiчбу ў рахунку, якi ляжаў да яе дагары, спытала:

- Ты багаты?

- Не.

- Тады гэта жахлiва многа.

- Ага.

- Ты не шкадуеш?

I адразу ж пачуццё жалю знiкла.

- Не, - адказаў я. - Вячэра была добрая.

- Табе падабаецца добра жыць. Мне таксама, - сказала яна з сур'ёзным выглядам, кiўнуўшы галавой.

- Я б нiколi не падумаў, што для цябе гэта мае значэнне.

- Няўжо? Ну, тады ты зусiм памыляешся. Я хачу жыць добра, а на гэта патрэбны грошы. Таму, - усмiхнулася яна, - я хачу выйсцi замуж.

- Хочаш выйсцi замуж за грошы? - спытаў я, уражаны яе словамi.

- Нейкiм чынам - так, - адказала Эн. - Нейкiм чынам.

Я сустракаўся з ёю кожны дзень i кожны вечар на працягу амаль месяца. Калi дакладна, то на працягу дваццацi шасцi дзён.

Увесь гэты час мы разважалi, зразумела, пра жыццё. Прынамсi, я. Эн гаварыла мала. Яна слухала i, калi штосьцi яе закранала, часам выказвала сваю думку. Яна заўсёды была шчырая. Альбо здавалася такой. Калi яна не хацела быць шчырай, то папярэджвала пра гэта.

Калi вы яшчэ не зразумелi самi, то я вам павiнен сказаць, яна была вельмi незвычайная асоба. Вельмi незвычайная як на жанчыну. I надзiва незвычайная як на маладую жанчыну. Яна гаварыла, што думала, i думала, што гаварыла, ведала, што хоча, i старалася простым шляхам гэта самае атрымаць.

- Цi не марнуеш ты са мной часу, - спытаў я Эн, як мага стараючыся паказаць, што гавару гэта з гумарам, адчуваючы разам з тым нейкае шчымленне i ўсё большую разгубленасць у душы. (Я ўсё-такi мог дазволiць сабе ажанiцца. Нельга сказаць, што гэта было мне раз плюнуць, але бацькi з радасцю паспрыялi б адзiнаму сыну, якi цэлы i здаровы вярнуўся з жудаснай вайны... Я нiколi ёй пра гэта не сказаў.)

- Мабыць, так, - адказала Эн, не збiўшыся пры гэтым у танцы. Я танцаваў з ёю ў той вечар у "Казiно" ў Монтэ-Карла. Яна выглядала цнатлiвай i невыказна прыгожай у доўгай белай сукенцы.

- Давай сыдзем з круга.

Здавалася, яна на нейкi момант здзiвiлася, але нiколькi не збянтэжылася. Грацыёзна, не вiхляючыся, пайшла да нашага столiка.

Я сеў з такiм грукатам, што ўсё навокал страсянулася, i спытаў:

- Няўжо ты не верыш у каханне?

- Канечне, я веру ў каханне.

Такi адказ мяне здзiвiў.

- Але тым не менш ты хочаш выйсцi замуж за грошы?

- Нейкiм чынам так.

- Таму што ты нiколi не была закаханая?

- Я была закаханая.

Мяне адразу ж пачала тачыць рэўнасць.

- З кiм?

- Не з кiм, а ў каго. Не забывайце пра граматыку, сэр. У чалавека, не падобнага на цябе, у бедалагу, якi вучыцца на iнжынера. Ён не можа забяспечыць мяне цяпер i нiколi не здолее што-небудзь зарабiць. Ён слабы чалавек, я гэта ведаю, але ён, ну, як бы гэта сказаць, адпавядае. I ўсё ж ён не той, хто можа зарабляць грошы.

- Я не слабы i магу зарабляць грошы.

- Ты просiш мяне выйсцi за цябе замуж?

- Не.

- Я так i думала, што ты не папросiш. - I разам з тым яна ўсмiхнулася.

- Ты б не пайшла за мяне замуж, - сказаў я, гуляючы з агнём, якога я баяўся, але, вiдаць, ад якога не мог далёка схавацца, - хаця б таму, што ў мяне такая бандыцкая морда.

- А, гэта. - Яна не пярэчыла, толькi схiлiла галаву крыху набок i ўважлiва агледзела мяне. Потым сказала: - Гэта прываблiвае мяне.

- Як наконт таго, што я змагу зарабляць грошы? Няўжо ты мне не верыш?

- Я веру. Цалкам. Але грошы мне патрэбны цяпер. Мне дваццаць два гады. Я не хачу чакаць яшчэ трынацццаць год. Хачу, каб наступныя трынаццаць год былi поўныя такiх начэй, як гэта - калi весела, калi на мне прыгожае адзенне, калi вакол цудоўныя рэчы.

- Гэта сукенка прыгожая.

Твар яе зрабiўся непрыгожым, i я першы раз убачыў яе такой.