163406.fb2
- Нiякi я не контрык.
- Не апраўдвайся, - сказаў ён неяк злосна, - яны ўмеюць рабiць гэта добра.
"Усё, - падцiснула сэрца чорная туга, - прагонiць. Ну буханку ж дасць з сабою?"
- Лады, распранайся i надзявай халат, - пачуў я голас пекара праз бразгат формаў, патрэскванне агню ў печы, стук лапаты. Пачуў i не паверыў.
I я застаўся працаваць на той пякарнi. Працаваў там усю зiму - самую страшную i цяжкую пару для зэкаў. Палiў у печы, насiў ваду, мыў дзежы, грузiў буханкi, цягаў мяхi з мукой. Я прагнаў голад, я быў сыты, акрэп, твар мой неяк адразу пакруглеў, плечы ўшыркi раздалiся.
У пачатку сакавiка Парфёнаў вызвалiўся. Галоўным пекарам стаў не я, а другi пекар, я застаўся ў таго пекара памочнiкам. Пекарскай прамудрасцi я ўжо навучыўся i сам мог выпякаць хлеб.
Развiтаўся я з Парфёнавым са слязьмi, не мог iх утрымаць. Я абняў яго, ён паляпаў мяне па плячы, сказаў:
- Трымайся, контрык. А цябе я ўзяў таму, што ты - не блатар, не шпанюк.
Ён выйшаў за вароты, а я стаяў каля вахты i махаў яму, махаў свайму ўратавальнiку. I тады, i цяпер я ўпэўнены, што калi б не трапiў у пякарню, то зiму тую не перажыў бы, загнуўся б.
Кажуць, што ў чалавека бывае ўсё, што яму трэба, толькi не ў патрэбны час. У мяне якраз у пару тады атрымалася з маiм уратаваннем. Вiдаць, усё ж ёсць Бог, i ён мне памог. Разам з Парфёнавым.
ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ
У лагеры, акрамя начальнiкаў, уладу маюць над зэкаўскай масай i блатары-рэцыдывiсты. Гэтая блатарская поскудзь i бярэ верх над "фраерамi" палiтычнымi i бытавiкамi ўсюды: у лагпунктах, бараках, на этапах, перасыльных пунктах. Блатары спаяны, арганiзаваны, дзейнiчаюць дружна. У iх ёсць свая блатарская iерархiя. I яшчэ ў iх не iснуе чалавечых маральных межаў. Пры любым непаслухмянстве главар блатароў пахан можа забiць, пакалечыць таго, хто не паслухаўся, або загадаць гэта зрабiць сваiм памагатым. Гэтых нелюдзей у лагерах я пабачыў даволi. За iмi - забойствы, разбойныя нападзеннi, згвалтаваннi, крадзяжы, многiя з якiх засталiся следству невядомыя. За сваё жыццё яны нiдзе сур'ёзна не працавалi, не маюць працоўных прафесiй. У лагеры яны не ходзяць на агульныя работы, хоць фiзiчна здаровыя i iм прызначана ЦФП цяжкая фiзiчная праца. Яны або займаюць нейкiя пасады ў лагернай абслузе, або прымушаюць брыгадзiраў пад пагрозай смерцi запiсваць iм норму.
Людзi яны, як правiла, з жывёльна-прымiтыўнымi iнтарэсамi. Мары iх выбрацца на волю, каб зноў пагуляць, паразбойнiчаць, шыкануць, а там зноў не страшна вярнуцца ў турму i лагер. Судзiмыя яны неаднойчы, i калi б некаторым сплюсаваць вынесеныя iм прыгаворамi тэрмiны, то жыцця б не хапiла iх адбыць. У нашым бараку нейкi час жыў злодзей-рэцыдывiст, у якога было ажно дзесяць прозвiшчаў, - столькi разоў ён судзiўся пад такiмi прозвiшчамi. I калi часам на праверцы яго выклiкалi, ён ужо завучана адтарабаньваў усе свае прозвiшчы Яфiмаў, ён жа Салаўёў, ён жа Мiсюк, ён жа Барадулiн, i гэтак далей.
Любiмыя заняткi ў iх - гульня ў карты, пiць чыфiр, слухаць "романы", якiя iм расказвае нехта з "фраераў".
I тады, у свае лагерныя гады, i цяпер я лiчыў i лiчу, што гэтыя блатары не маюць права жыць нават у лагеры. Iх трэба знiшчаць фiзiчна. Грамадства вельмi шмат цярпела i церпiць ад iх. Яны небяспечныя не толькi тым, што ўчыняюць цяжкiя злачынствы, забiваюць, калечаць, гвалтуюць, крадуць, але i тым, што перадаюць свой вопыт, лад жыцця, мараль iншым, у асноўным маладым, уцягваючы iх у сваю злачынную сферу.
Пiсьменнiк з вялiкiм лагерным стажам Варлам Шаламаў у сваiх "Нарысах злачыннага свету" вельмi пераканаўча расказаў аб гэтай дрэнi. Сарваўшы маску рамантыкi з блатарскай поганi, ён прыйшоў да цвёрдага вываду: погань гэта не мае права на жыццё.
Сапраўды, ну як можна пакiнуць у жывых, скажам, бандыта, якi забiў некалькi чалавек на волi, а потым учыняе забойства i ў лагеры?
Я нiяк не разумею тых людзей, большасць з якiх належыць да творчай iнтэлiгенцыi, што нядаўна раптам паднялi ў друку, па тэлебачаннi i радыё кампанiю аб гуманiзацыi ўмоў для асуджаных за любое злачынства i аб тым, каб адмянiць смяротную кару нават за забойства. Што гэта - поза, рысоўка, спроба паказацца гэткiмi добранькiмi гуманiстамi, каб набыць аўтарытэт сярод пэўнай часткi грамадства? Думаю, што гэта - поза. Ну цi ж маральна пакiдаць у жывых забойцу трыццацi жанчын, якога нядаўна судзiлi ў Вiцебску? Зыходзячы з якiх маральных разлiкаў яго трэба пашкадаваць i не расстрэльваць? Больш таго, захаваўшы яму жыццё, перадаць потым на ўтрыманне дзяржавы, якая павiнна яго кармiць, паiць, адзяваць, лячыць. Наконт гуманiзму да злачынцаў добра напiсаў Дастаеўскi: "Той, хто шкадуе забойцу, не шкадуе яго ахвяру".
Як паказала жыццё, гэтыя "сердабольцы" выступаюць за гуманiзм да злачынцаў, пакуль самi не трапiлi ў бяду. Адзiн вядомы культурны дзеяч, актыўны змагар за адмену смяротнай кары, калi яго любiмую ўнучку згвалцiлi i ледзь не прыдушылi, падняў такi шум, такую актыўнасць праявiў, патрабуючы пакараць смерцю тых гвалтаўнiкоў, што здзiвiў нават пракурораў.
З крымiнальнай брыдотай я добра пазнаёмiўся не толькi ў турмах i лагерах, але i ў час працы суддзёй. Таму рашуча не прымаю пазiцыю тых, якiя лiчаць, што няма злачынцаў, якiх нельга было б перавыхаваць. Блеф гэта, жаданне бачыць жаданае. Перавыхаваць можна несапсаванага непаўналетняга. Саракагадоваму вуркагану i бандыту новую душу не ўставiш. Смех i абурэнне выклiкае ў мяне, калi я чытаю, як нехта ажно захлiпаецца ад радасцi, што нейкi там рэцыдывiст, на сумленнi якога не адно цяжкае злачынства, стаў на шлях выпраўлення. Ён, маўляў, цяпер працуе добра, выконвае нормы. Ну а тую кроў, якая на яго руках, як адмыць, чым апраўдаць?
Ах колькi пiсалася i гаварылася, колькi ў свет выйшла раманаў, п'ес, апавяданняў, паэм, кiнафiльмаў, прысвечаных "перакоўцы" злачынцаў. Галоўныя героi тых твораў - бандыты, забойцы, злодзеi. Помнiце хоць бы п'есу М.Пагодзiна "Арыстакраты", апавяданне нашага М.Лынькова "Баян"? Напомню i ганебную калектыўную кнiгу, напiсаную пiсьменнiкамi пра "перакоўку" на Беламорканале i расхваленую М.Горкiм, дзе праслаўляецца рабская праца нявольнiкаў. Хоць слязу пускай над замiлаваннем i расчульваннем аўтараў ад "перакаваных" забойцаў.
Блатары часта разбiваюцца на групы, i кожная iмкнецца стаць лiдэрам у лагпункце, калоне, падначалiць сабе iншыя групы. Тады барацьба даходзiць да крывi. У час службы ў Ваеннай калегii Вярхоўнага суда СССР мне трапiла на вочы справа на аднаго асуджанага, якi за вяршынства ў калонii ноччу перарэзаў горлы шаснаццацi сапернiкам з варожай групы.
Я пiшу пра ўсё гэта, успомнiўшы блатароў сваёй калоны.
Калону тую стварылi з зэкаў розных калон лiквiдаванага Бамлага. Асноўная маса бамлагаўцаў пайшла на Калыму, а нас прыгналi ў тайгу будаваць чыгунку ад Камсамольска-на-Амуры да Нiкалаеўска. Мы прабiвалi трасу, масцiлi ляжнёўку з бярвён, цягалi на сабе бярвёны для будаўнiцтва баракаў, сталовай.
Працавалi, як i ўсюды ў лагерах, не ўсе. У палатках заставалiся хворыя i адпетыя блатары. Месцаў у санчасцi, каб туды памясцiць хворых, не было, i яны ляжалi ў сваiх палатках-бараках. Да iх двойчы ў дзень заходзiлi лекар i фельчар.
Побач са мной "даплываў" на нарах зэк з Разанi. Ён быў апухлы, як тапелец, i амаль ужо не ўставаў. Што з iм было, не ведаю. Казалi, што ён знарок давёў сябе да такога стану, каб не выходзiць на працу. Нiбыта ён еў шмат солi, што i выклiкала хваробу нырак i апухласць. Думаю, што калi гэта так, то ён перабольшыў меру той солi, у час не спынiўся. Цяпер, можа, i рады б вярнуць здароўе, толькi ўжо было позна. Усе лiчылi, у тым лiку доктар, ды i сам хворы, што дажывае ён апошнiя днi, песенька яго спета i хутка дасць дуба.
- Ты хоць да цяпла дацягнi, каб зямля адтала, - гаварыў яму яго зямляк, а то хто ж табе магiлу будзе дзяўбцi.
Зямляк той ужо намецiў, што можна забраць у яго пасля смерцi.
- Кораш, я штаны твае вазьму, лады? I шкарпэткi вазьму.
Гэта была просьба не кашчунная, а звычайная практыка ў лагерным жыццi дамаўляцца з хворым зараней, што ў таго ўзяць пасля яго смерцi. Нiкога, у тым лiку i хворага, не здзiўляла гэта i не абурала.
У той дзень, не помню па якой прычыне, на працу я не выйшаў i адпачываў у палатцы. Ляжаў побач з апухлым разанцам, перакiдваўся з iм словамi i сачыў за гульнёй у карты на нарах насупраць нас. Карты былi самаробныя, лагерныя, злепленыя з нейкай кнiгi. Карцёжнiкаў сядзела чацвёра. Гулялi па два. Не ведаю, што ставiлi на кон першыя два гульцы, але гульня была не вельмi азартная. Хто з iх i колькi прайграў, я так i не зразумеў. Тое, на што гулялi, не было выкладзена. Гэтыя першыя два гульцы разышлiся без сваркi, цiха i, вiдаць, без вялiкага пройгрышу. Гулялi ў буру, распаўсюджаную ў лагерах i турмах гульню.
Потым селi яшчэ два, пахан калоны i зэк па клiчцы Барсук, што ўшыркi, што ў рост, - з тварам дробным i злымi малымi вочкамi. Лiчыўся ён гульцом моцным, хiтрым, амаль бяспройгрышным. Яго на этапе сюды ў вагоне ледзь не забiлi, западозрыўшы ў шулерстве. Аднак калi i быў ён шулер, то злавiць яго цяжка. Пахан таксама быў гулец моцны i азартны.
Гулялi на згорнутым бушлаце, ляпанне карт было чуваць ва ўсiх кутках палаткi.
Пахан гуляў на партсiгар, ацанiўшы яго пасля торгу з лаянкай у пяцьсот рублёў. Той партсiгар я бачыў яшчэ нядаўна ў колiшняга сакратара райкома, зэка нашай бамлагаўскай калоны. Пахан цi купiў яго ў сакратара, цi адабраў.
Партсiгар хутка прайграўся i апынуўся ў Барсука.
- Сука, давай яшчэ, - увайшоў у азарт пахан. - У ачко давай.
- Што ставiш? - спытаў Барсук.
Пахан дастаў з узгалоўя чорны кажушок, аблямаваны па падоле футравай палоскай. Барсук пакруцiў яго, прымераў, назваў цану - тысяча рублёў. Была лаянка, абразы, пагрозы, але сышлiся на дзвюх тысячах.
Пахан прайграў пяцьсот рублёў, потым адыграў назад, вярнуў i партсiгар, але зноў усё прайграў. Заставалiся пяцьсот i апошняя спроба ўсё вярнуць. З якой хвалюючай увагай гуляў ён у тыя хвiлiны. Вось ён узяў карту, пачаў адкрываць яе не адразу, а павольна. Гулец у такiя моманты не павiнен выдаць сябе - добрая цi дрэнная карта яму выпала i цi трэба да яе яшчэ прыкупiць карту, каб атрымаць ратавальнае ачко. Задача пахана была не паказаць, што ён узрадаваўся цi занепакоiўся. Твар яго i быў абыякавы i застылы, як маска. Пасля нейкага знешне спакойнага роздуму пахан прыкупiў яшчэ адну карту. Адкрыў ён яе не адразу, а павольна, тоячыся не толькi ад сапернiка, а i ад сябе. Адкрыў, ускрыкнуў лаянкай i шпурнуў карты на нары. Быў перабор.
Я ляжаў на нарах i працягваў сачыць за гульнёй ужо з цiкавасцю. Ах, якi ж я быў дурань, ненавучаны. А ведаў жа, што ахопленыя азартам карцёжнiкi прайграюць у карты ўсё - апошнюю кашулю, пайкi хлеба ўперад на некалькi дзён, сваю галаву i чужое жыццё. Таму зэкi i стараюцца быць далей ад карцёжнiкаў. Калi не сарвуць з цябе нешта носкае, дык i самога могуць паставiць на гульню. А я ляжаў, сачыў, захоплены гульнёй.
Пахан яшчэ нешта прапаноўваў на гульню, Барсук не згаджаўся, не хацеў гуляць i ў доўг. Тады пахан са сцiшанай лютасцю сказаў:
- На чужую галаву.
- На чыю? Вертухая?
- За яго заб'юць без следства.
I пахан застылымi, вырачанымi ад узбуджэння вачамi раптам упiўся на нас, спачатку на разанца, потым на мяне. Глядзеў i выбiраў, на каго з нас згуляць, у колькi рублёў ацанiць. Я анямеў i самлеў ад жаху. Я зразумеў, што калi Барсук згодзiцца, то камусьцi з нас - мне цi разанцу - будзе канец. I пахан прайграе, як прайграў партсiгар i кажушок.
Пахан, не адводзячы лютага позiрку ад мяне, нешта шапнуў Барсуку на вуха. Той ухмыльнуўся i пацiснуў плячамi.
Няўжо згадзiўся?
Згадзiўся, бо ўзяўся за калоду, пачаў яе тасаваць.
Я маўчаў, я не рухаўся, я ляжаў паралiзаваны, як быццам ужо над маёй галавой была паднята сякера.