163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Ліштван быццам бы назваў шмат прыкмет, прычым сам, без падказкі. А ўявіць чалавека па гэтых прыкметах было немагчыма. Ці мала іх цяпер — у сініх нейлонавых куртках, і без шапак, і з доўгімі валасамі? Аднак Корзун не стаў расчароўваць сведку: надта ж старанным выглядаў той, гатовым памагчы.

— Куртка — курткай, а вось, мажліва, вам запомнілася што-небудзь такое асаблівае. У паводзінах, ці куды бег? Падумайце.

Ліштван наморшчыў лоб, нібы ўзнаўляючы ў памяці тую карціну, і раптам, глянуўшы на Корзуна, шырока пасміхнуўся:

— Гаспадарчая сумка была ў руках. Можа, у той адабраў? Імчаўся як на пажар…

У Шаронавай гаспадарчай сумкі не было. Хлопец, відаць, бег у магазін. Значыць, жыве недзе паблізу. Аднак магазін і грабёж… Хаця… Корзун не стаў дзяліцца сваімі думкамі з гаварлівым сведкам, толькі напаследак пацікавіўся:

— Чаму вы раней нічога пра хлопца не казалі?

— Не пыталі, дык і не казаў.

Магло быць і так, тады ўся ўвага скіравалася на Гурыновіча. І Корзун адправіўся да ўчастковага, у чыім раёне, як ён спадзяваўся, жыў хлопец у сіняй нейлонавай куртцы.

Корзуну пашчасціла. Участковы, не надта раздумваючы, выказаў меркаванне:

— Ці не Саковіча табе трэба? Ёсць у нас такі: Васіль Саковіч. Але…

— Падобна, не Гурыновіч, а ён напаў на Шаронаву.

— Вунь што! — участковы недаверліва паглядзеў на Корзуна. — Адкуль звесткі?

— Пакуль няпэўныя. Што ён за тып? — Корзун хацеў ведаць пра Саковіча больш.

— У тым-то і загваздка, што, на маю думку, прыстойны хлопец.

— Як так? — здзівіўся Корзун. І засмуціўся: прыстойныя хлопцы ў завулках не грабяць.

— Да арміі, праўда, павалэндаліся з ім. Было. А вярнуўся, не пазнаць стала. Ажаніўся. Працуе. Нядаўна жонка двайнят нарадзіла. Яму цяпер памалу хадзіць не выпадае, бегам бы справіцца.

— Можа, грошы пільна спатрэбіліся, улічваючы гэтых самых двайнят?

— Крута бярэш, лейтэнант, — нахмурыўся ўчастковы. — У нас на хлеб не крадуць, на хлеб усім хапае.

У словах участковага была логіка, да таго ж участковыя ў сваіх раёнах людзей ведаюць. Але Корзун заўпарціўся:

— Паглядзім… Гадзіннік быў хаця і з бранзалеткай, аднак без крылаў…

Саковіч сядзеў разгублены, раз-пораз кідаючы занепакоеныя позіркі на насценны гадзіннік, які вісеў у калідоры.

Корзун крыху паназіраў за хлопцам, а тады запрасіў яго ў кабінет. З размовай не спяшаўся, спрабуючы ў думках падабраць ключ, у якім можна было пачынаць допыт. Напэўна, быў вінаваты ўчастковы з сваім водгукам пра гэтага чалавека. Саковіч нечакана зрабіў на Корзуна добрае ўражанне. Звычайны, заклапочаны — з такімі на вуліцы сустракаешся штодня і нічога благога пра іх не падумаеш. І хваляваўся ён цяпер, падобна, зусім не таму, што выклікалі ў міліцыю, а ад нечага свайго, неадкладнага, недаробленага, відаць.

— Скажыце, — Корзун рашыў, што досыць мардаваць Саковіча, — што вы рабілі ў мінулы аўторак у завулку паміж школай і лазняй прыкладна а сёмай гадзіне вечара?

Саковіч недаўменна зірнуў на лейтэнанта:

— Я заўсёды там хаджу…

— Мяне цікавіць той вечар!

— Не ведаю, той або іншы, але я заўсёды там хаджу, — паўтарыў хлопец. — Магчыма, і тады ў магазін бег. Прыходжу з працы і адразу па малако, жонцы няма калі, двое ж малых, — апошняе ён прамовіў нават з гордасцю.

— Пастараюся нагадаць, — і хаця Корзун разумеў, што злачынца так паводзіць сябе не стаў бы, усё роўна пільна глядзеў на Саковіча, спадзеючыся нешта прачытаць на ягоным твары. — У той дзень у завулку на дзяўчыну напалі. Чулі?

— Значыць, гэта было ў аўторак? Я сапраўды быў тады ў магазіне. Вяртаўся, суседзі і расказалі.

— Дык вось, калі мы ўжо з вамі ведаем дзень, будзе лягчэй. Вы ў завулку нікога не сустрэлі?

— У завулку? — перапытаў ён. — Чакайце, ці не тады бачыў я там бабульку? Так, калі яшчэ ў магазін бег. Спачатку падумаў, што яна сляпая. Кійком перад сабой перабірала, нібы дарогу шукала.

— А за бабулькай хто-небудзь ішоў?

— Нешта не прыпомню. Па-мойму, не было нікога.

— У магазіне вы доўга былі? — Корзун усё хадзіў вакол. Ён разумеў, што хлопец непадобны на грабежніка, і таму не адважваўся задаць галоўнае пытанне. Але мусіў.— Так, так. Хто можа пацвердзіць?

Саковіч пачырванеў, сцепануўся.

— Гэта вы што, думаеце, што я! — крыкнуў ён адразу аселым голасам, а потым прашаптаў: — Валя, жонка…

Зрэшты, ці мела значэнне, што Саковіч хутка вярнуўся дадому. Жонка ж, суседзі не суправаджалі яго ў магазін. Каб пераскочыць цераз плот і ўдарыць дзяўчыну, шмат часу не трэба. Аднак Корзун вагаўся. Характарыстыка, якую даў хлопцу ўчастковы, не выходзіла з галавы — трывожыла, непакоіла. І яшчэ было пытанне: адкуль Саковіч мог ведаць, што ў Шаронавай на руцэ гадзіннік?

— Бабулька вас бачыла? — Корзун усё яшчэ не ведаў, якое прыняць рашэнне.

— Цераз плот я пераскочыў, калі яна ўжо мінула… Корзун перачытаў пратакол, напісаны паводле слоў Саковіча, даў яму падпісаць і нечакана для сябе сказаў:

— Пасядзіце ў калідоры.

— Ты што, звар'яцеў? — абурыўся Дзюба, ледзьве за Саковічам зачыніліся дзверы. — Збяжыць!

— У чалавека сям'я, — Корзун ухіліўся ад прамога адказу і раптам адчуў, што патрэбнае рашэнне нарэшце прыйшло.

— Нажывеш непрыемнасцей, зараз жа вярні! — Дзюба не на жарт занепакоіўся, і гэта крыху прымірыла з ім Корзуна.

— Няўжо ты не бачыш, што Саковіч невінаваты?

— Гурыновіч невінаваты, Саковіч невінаваты, — Дзюба не мог спакойна гаварыць. — Па-твойму, Шаронаву па галаве нябесны камень пляснуў?

— Гэта і мяне бянтэжыць, — прызнаўся Корзун. — Павінен быць, ёсць нехта трэці!

— Гонішся ты за жураўлём, Алесь, — успомніў Дзюба сваю любімую прымаўку. — Глядзі, каб сініца тым часам з рук не выпырхнула. Зразумей, бранзалетка магла расшпіліцца раней, у аўтобусе, на вуліцы. Ведаеш, які там замок! А нават сама Шаронава не пацвердзіць, што гэта не так.

Корзун слухаў Дзюбу і думаў, што, напэўна, такая ўжо асаблівасць недаказанай версіі — слабыя месцы ў ёй вылазяць быццам спецыяльна напаказ. Вось як у гэтай яго — з другім злачынцам. Таму і няма нічога неспадзяванага ў тым, што Дзюба адразу выставіў даволі слушныя контрдовады. Зрэшты, і гэта някепска. Чым болей сумненняў будзе зараз, тым меней іх застанецца пазней, тым надзейнейшы атрымаецца вынік. А правяраць узніклыя здагадкі трэба абавязкова, гэта элементарна. Толькі як правяраць? Корзун зірнуў на Дзюбу. Той, здавалася, ужо забыўся на ягоныя клопаты і сядзеў, уткнуўшыся ва ўласныя паперы, з такім выглядам, нібы выпадак з Шаронавай да яго ніякага дачынення не меў, нібы гэта і не ён пакінуў у справе белыя плямы. Корзуну стала прыкра. Сам ён не змог бы перакласці на чужыя плечы сваю ношу. Дзюба ўзняў вочы, пасміхнуўся:

— Што ты мяне вывучаеш, лейтэнант? Далібог, не я грабіў!

У словах Дзюбы гучала легкадумнасць, нават абыякавасць. Менавіта тое, чаго Корзун у справах не выносіў. Лічыў, што для жартаў павінна быць і сваё месца, і свой час. Ён нахмурыўся. Гэты губасты, круглатвары таўстун раптам пачаў раздражняць яго.