163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

— Вы ў яе папытайце, я за ўсіх не адказчык.

— Яна — гэта яна, — Корзун нібы не заўважыў, што ў Ліштвана затрымцелі нервы. — А вы — гэта вы…

— Старая ці не падслепаватая, кійком наперадзе мацала.

Корзун задумліва паглядзеў на Ліштвана і, не мяняючы ранейшага тону, сказаў:

— Не бег Саковіч з месца здарэння. Ён, калі старая прайшла ўжо, апынуўся ў завулку.

Сведка нечакана абурыўся:

— Не верыце! Выгараджваеце! А Васька быў бандытам і застаўся бандытам!

— Навошта лішняе? — Корзун пацёр скроні.— Сказалі б, напрыклад, што не заўважылі хлопца, а то адразу — бандыт. Дарэчы, вы што, раней сустракаліся?

— Ну… — Ліштван запнуўся быў.— Жылі ў адным доме некалі…

— Чаго ж адразу не сказалі?

— Каб не падумалі, што ў мяне з ім старое…

— Дапусцім. З Саковічам, значыць, праяснілі. Цяпер з вамі. Дзе вы ўзялі гадзіннік, той, які ўчора хацелі збыць турыстам?

А Ліштван, быццам даўно чакаў гэтага пытання, зноў адказаў без роздуму:

— Знайшоў, знайшоў. Пасля прыйшоў на тое месца і — знайшоў. У міліцыі пачуў ад дзеўкі пра гадзіннік.

— Дапусцім і гэта, — Корзун падумаў, што ўсё-такі не дарэмна ён разыгрываў сам з сабой мажлівыя Ліштванавы выкрутасы, і не без задавальнення зірнуў на ўстрывожанага Дзюбу. Потым звярнуўся да сведкі: — Аднак дапусцім і другое. Пра гадзіннік вы ведалі да міліцыі. У Шаронавай пра час пыталіся.

— Што гэта вы мне вешаеце? — спытаў Ліштван, робячы выгляд, што абураны, аднак асаблівай разгубленасці ў ім не было.

— Вы чалавек бывалы, павінны разумець, што ў нашай установе факты са столі не бяруць. Думалі нам Саковіча падкінуць, калі адчулі, што на Гурыновічы мы не спынімся? А я сцвярджаю: на Шаронаву напалі вы! А потым, сарваўшы з яе рукі гадзіннік, уцякалі па завулку назад. Бабку вы спадзяваліся абмінуць, што з старой за сведка. А Саковіч… Ён пазнаў бы вас і пазней успомніў бы… Прыйшлося вярнуцца і ўзяць ролю сведкі… Ліштван, Ліштван, няўжо турма вас нічаму не навучыла? — Апошняе, напэўна, можна было і не казаць. За такіх, як Ліштван, трэба было брацца раней, да турмы.

— Доказы, доказы давайце, — ён дэманстратыўна павярнуўся да Дзюбы, быццам на яго збянтэжаным твары спадзяваўся знайсці падтрымку сваім словам.

— На тое вы і тут, — Корзуну хацелася ўстаць, пахадзіць па кабінеце. Што б там ні было, ён цяпер таксама хваляваўся. Але расхаджваць у час допыту лічыў нетактоўным. Нават перад злачынцам нельга дэманстраваць перавагу свайго становішча. — Не маглі вы знайсці гадзіннік!

— Вы што, сачылі за мной? — нахабна пасміхнуўся Ліштван, быў упэўнены, што ніхто нічога не дакажа.

— Не сачылі, а прасачылі. Як кажуць, заднім чыслом.

— Што калом, што аб кол…

— Не зусім. Нам больш працы выпала, хто ж на вас думаў. Вось і давялося аднавіць усё, што вы рабілі і дзе былі, як выйшлі ў той вечар з райаддзела.

— Мастакі-рэстаўратары! — Ліштван пачаў задзірацца.

Корзун прапусціў выпад, быццам не заўважыў, спакойна ўдакладніў:

— З райаддзела вы выйшлі разам з другім сведкам, Сёмкіным. Селі ў пяты аўтобус, прыпынак побач з аддзелам. Размаўлялі, дарэчы, пра тое, адкуль злачынцы бяруцца. І вы і Сёмкін выйшлі на прыпынку «Гасцініца», развіталіся. Было гэта каля дваццаці адной гадзіны. Так?

— Малюйце, малюйце…

— А ўжо ж. Каб атрымалася завершаная карціна. Сведка пайшоў дадому, аднак бачыў, як вы адразу зайшлі ў гасцініцу. Каб вы дарэмна не аспрэчвалі гэта, дадам: швейцар пазнаў вас па фатаграфіі. Запомніў, бо ў вас не было пропуска. Вядома, калі спатрэбіцца, правядзём і апазнанне з вамі па ўсёй форме. Далей. Вы прайшлі ў хол на другі паверх і там, каля ўвахода ў рэстаран, прапанавалі бранскім турыстам залатыя гадзіннік і бранзалетку. Гэта таксама пацверджана пратаколам. — Корзун пагартаў папку, што ляжала перад ім на стале.

— Можа, не той! — ускінуўся Ліштван. — Гадзінніка ў вас не было і няма. — Аднак упэўненасці ў ім прыкметна паменшала.

— Узялі аднатыпны. Не спадзявайцеся, — ён падняў руку, — гадзіннікаў, як належыць, было некалькі, розных марак. От тут запісана, — Корзун зноў пагартаў паперы. — А той пашукаем. У вас дома. Раптам знойдзем. Ды і гэта не ўсё. Разумею, вас калі ўжо класці, то абавязкова на лапаткі. Каб не вывернуліся.

Ліштван больш не агрызаўся, слухаў моўчкі, стараючыся захаваць незалежны выгляд.

— Я ўсё недаўмяваў,— працягваў Корзун, — чаму гэта Шаронава не пазнала вас у міліцыі. Вы ж ёй надта спадабаліся, калі пра час у магазіне пыталіся. А потым здагадаўся: няйначай, маскарад. У тым жа магазіне паміж людзей пахадзіў, і паказалі мне «чарнільшчыка», які раптам у капелюшы зафарсіў. З вамі на шапку памяняўся, без даплаты нават. Было? Маўчыце? Ваша справа. Хаця, напэўна, супраць вас будзе яшчэ адзін немалаважны доказ. У Шаронавай рука падрапаная. На вашых пальчатках павінен быць след крыві, нават калі вы паспрабавалі яго змыць. Пакажыце пальчаткі!

Ліштван злосна зіркнуў на Корзуна, перавёў вочы на свае рукі, пацягнуўся быў да кішэні, дзе тырчалі карычневыя скураныя пальчаткі, і раптам панік.

Корзун не ўтрымаўся, яшчэ раз зірнуў на Дзюбу, ужо адкрыта, насмешліва, — гэта была яго маленькая помста і за нядаўнюю Дзюбаву знявагу, і за падколкі.

— Вы ж раней ніколі не грабілі, Ліштван, — сказаў былому сведку Корзун, калі асноўныя факты былі ўжо запісаны ў пратаколе. — Нават, казалі, з кватэрнымі кражамі скончылі. Праўда, іншыя грахі былі, былі. Аднак разбой… — Яго цікавіла і псіхалогія гэтага незвычайнага злачынства, якую, на жаль, у дакументах папярэдняга следства адлюстроўваць не абавязкова.

— Выпадак, далібог, выпадак. Асляпіла золата, замуціла галаву — гадзіннік, бранзалетка. Каштуюць колькі!

Корзун падумаў: мажліва, пазней Ліштван зразумее, што асляпіла яго не золата, а папярэдняе жыццё, у якім сумленнасці месца не было. А пакуль, падобна, усё роўна шкадуе, што не ўдалося замесці сляды, і вінаваціць няўдалыя абставіны, не было б якіх, не сядзеў бы зараз перад інспектарам крымінальнага вышуку, а прапіваў бы праданы гадзіннік…

Да канца дня Дзюба нічога не спытаў, робячы выгляд, што вельмі заняты. Толькі калі ўжо сабраліся па хатах, памуляўся і, як бы баючыся перахваліць, выціснуў з сябе:

— Спрытна ты яго…

Корзун паціснуў плячамі, зноў падумаўшы, што, на добры лад, гэту спрытнасць павінен быў праявіць менавіта ён, Дзюба. І адказаў, як адказаў бы чалавеку, далёкаму ад іх агульнай прафесіі:

— Гэта ж наша праца.

Левы рэйс

I

Пакражу заўважыла прыбіральшчыца. Яна прыйшла ў кантору раніцай, гадзіне а шостай. Спачатку навяла парадак у кабінеце старшыні калгаса, потым у агранома і заатэхніка і толькі тады ўжо накіравалася ў бухгалтэрыю. Ёй адразу нешта не спадабалася ў гэтым вялікім, застаўленым канцылярскімі сталамі пакоі. Тут к канцу дня ніколі не бывала надта чыста, нават у сухое лета. А цяпер на дварэ стаяла дажджлівая восень.

Прыбіральшчыца разумела, што вёска не горад, што тут тратуараў няма. Аднак, падмятаючы падлогу, патроху лаяла і сваю працу, якой ніколі не бывае канца, і неахайных наведнікаў канторы, якія не чысцяць ногі на ганку. Са злосці выліла на падлогу вядро вады і ўзялася саскрабаць засохлыя сляды абутку. Яна азірнулася толькі тады, калі ўсё памыла, і выцерла і… падалася назад: дзверцы сейфа, які стаяў побач са сталом касіркі, пагойдваліся, нібы нехта, схаваўшыся за грубкай, спрабаваў іх непрыкметна прычыніць. Жанчына напалохалася і, закрычаўшы, выбегла на вуліцу.

Час быў ранні, яшчэ добра не развіднела, і на вуліцы нікога не было. Але, відаць, яна моцна крычала, бо хутка да канторы прыбег бухгалтар — ён жыў пасуседству. Бухгалтар крыху супакоіў жанчыну, распытаў, зазірнуў у бухгалтэрыю, потым асцярожна прычыніў дзверы і кінуўся да тэлефона.

Аператыўная група райаддзела ўнутраных спраў прыехала ў Даманы хвілін праз сорак. Перад канторай тоўпіліся людзі — сабраліся, напэўна, усе не занятыя ў гэтую спакойную восеньскую пару на працы. Але за браму, што вяла ў будынак канторы, не зайшоў ніхто. У браме стаяў участковы Савачкін.

— Такія вось справы, таварыш лейтэнант, — разгублена і таму зусім неафіцыйна звярнуўся ён чамусьці да Корзуна, хаця ўзначальваў групу начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай. Іншым разам Савачкін абавязкова далажыў бы па ўсёй форме і каму належыць. Ён быў стары і дысцыплінаваны міліцыянер, службу ведаў і любіў. Аднак адчынены сейф, што на яго ўчастку не здаралася яшчэ ніколі, вывеў Савачкіна з раўнавагі.

Напэўна, і падпалкоўнік зразумеў стан участковага, бо, павітаўшыся, сказаў таксама не службова:

— Хадзем, Раман Фаміч, паглядзім.

Яны ўвайшлі ў кантору. З першага позірку Корзуну стала ясна, што слядоў засталося нямнога і эксперт наўрад ці знойдзе што-небудзь, вартае ўвагі.

— Вы гутарылі з прыбіральшчыцай, Раман Фаміч? — спытаў падпалкоўнік Савачкіна.