163519.fb2
— Вось у гэтым я і хачу ўпэўніцца.
Корзун ведаў, што начальніка ДАІ, калі ён гэтага не захоча, не пераканаеш, і без энтузіязму пагадзіўся.
— Не бядуй, я сам пастараюся высветліць, — сказаў Лапкоў, заўважыўшы яго рэакцыю, і паспяшаўся запэўніць: — Гэта не надта складана.
Аднак ужо з самага пачатку зразумеў, што ўсё не так проста. Дырэктар базы, да якога ён заехаў, нездаволена спытаў:
— А ты ўпэўнены, што ён быў п'яны?
— Ведаеш, Гаўрылавіч, — абурыўся Лапкоў,— у гэтым пытанні медыкі разбіраюцца не горш за нас.
— Грыбоўскага я з малых гадоў ведаю, — даводзіў дырэктар, — у адной школе вучыліся. Выпіць, вядома, ён мог. Але не столькі, каб сябе не помніць. І сябры ў яго такія ж, як сам. Вось каб ты пра Сіманькова ці Панфіловіча спытаў — гэтыя маглі б…
— І мне Грыбоўскі быў сімпатычны, — прымірэнча сказаў Лапкоў,— ды супраць фактаў не папрэш. А сяброў ягоных ты ўсё-такі назаві. Сам разумееш, — паспрабаваў ён пажартаваць, — міліцыя на словы не верыць.
— Гэта можна, — не прыняў жарту дырэктар.
У той жа вечар Лапкоў пабываў у сяброў Грыбоўскага. Усе яны сцвярджалі, што пасля работы адразу пайшлі дахаты. Ніхто з іх, бадай, не маніў. Лапкоў гутарыў з імі дома, размову слухалі жонкі, дзеці, якія не далі б схлусіць. Значыць, кампаніі ў Грыбоўскага не было. Але і дадому ён не прыйшоў. Чаму — жонка не ведала. Больш таго, яна ніяк не магла зразумець, што муж напіўся. Не такі ён быў чалавек, дый грошай з сабой не меў. Пра грошы, праўда, магла і не ведаць, а вось, паколькі сабутэльнікаў не знаходзілася, вывад напрошваўся сам сабой: Грыбоўскі піў адзін.
Выслухаўшы Лапкова, Корзун спачувальна сказаў:
— Ты сябе ні ў чым не можаш папракнуць. А што напіўся — дык мала што бывае.
Яны зноў уважліва паглядзелі нешматлікія дакументы, сабраныя ў папцы. Усё было ўжо добра вядома да апошняга радка. Толькі на медыцынскай даведцы Лапкоў нечакана затрымаўся. Прачытаў яе і раптам усклікнуў:
— Нічога не разумею! Сто пяцьдзесят — дзвесце грамаў. А там жа была цэлая бутэлька.
— Якая бутэлька? — не зразумеў Корзун. Лапкоў расказаў пра знаходку.
— А пры чым тут бутэлька? — здзівіўся Корзун. — Грыбоўскі бег з боку поля, а яна на пустцы.
— Як ты сказаў? — Лапкоў ашаломлена глядзеў на лейтэнанта. — А я ўсё думаю, што мяне там устрывожыла? Ты малайчына, лейтэнант. Не тое я шукаў, што трэба.
Корзун толькі чмыхнуў: Лапкоў зноў здзівіў яго. Няўжо яму мала адной асечкі? І дакорліва параіў:
— Адчапіся ты ад гэтай бутэлькі. Звычайнае супадзенне.
— І гэта хачу праверыць.
Больш ён нічога не тлумачыў, толькі сказаў:
— Бяру папку з сабой.
— Начальства цікавілася, ці хутка я закончу справу, — крыкнуў яму ўслед Корзун. Але той нібы не пачуў.
Цэлых два дні Корзун не бачыў Лапкова. Ён з'явіўся аж на трэці дзень надвячоркам, узбуджаны, запырсканы граззю.
— Давялося паматацца па раёне, — паскардзіўся Корзуну і, не даючы яму і рота раскрыць, здаволена дадаў: — І, здаецца, не марна.
У Корзуна ёкнула сэрца, а Лапкоў, не звяртаючы на лейтэнанта ўвагі, пацягнуўся да тэлефона, старанна набраў нумар:
— Дружа эскулап, ты ўпэўнены, што Грыбоўскі выпіў сто пяцьдзесят або дзвесце грамаў?
Трубка заклекатала, але слоў Корзун не разабраў. Лапкоў не адрываў яе ад вуха. Так працягвалася хвіліну-дзве, і раптам Лапкоў ускіпеў:
— Што значыць «прыкладна»? Ты мне дакладна скажы! А-а, не можаш, не ўпэўнены? Мажліва, і меней… Ну, добра, дзякуй і за гэта. Прышлі, аднак, афіцыйную даведачку, у дадатак да ранейшай. Сёння ж, — ён зірнуў на гадзіннік. — Можаш заўтра, толькі з раніцы.
— Далася табе ў знакі гэтая доза! — нездаволена сказаў Корзун. Яму вельмі хацелася хутчэй закончыць справу. Думалася, што ў аддзеле пачалі на яго іранічна паглядаць. Маўляў, не дарос ты, маладзён, да самастойных дзеянняў.
— Усё можа быць, — няўважліва, засяроджаны на нейкіх сваіх думках, адказаў Лапкоў і тут жа папрасіў: — Выкліч на заўтра Панфіловіча і Сіманькова, гадзін на дванаццаць.
Калі назаўтра Корзун зайшоў да Лапкова, Панфіловіч быў ужо там. Ён сядзеў насупраць гаспадара кабінета з пакрыўджаным выглядам, панура паўтараў:
— Я ўсё ўжо расказаў. І ўсё ў паперах запісана. Маглі прачытаць, чымся чалавека з працы клікаць.
І таму, што Лапкоў маўчаў, ён працягваў:
— Мне грошы, таварыш інспектар, ад выпрацоўкі плоцяць…
Лапкоў улавіў прыхаваную здзеклівасць, унутрана пасміхнуўся: «А ты нахабнік, Панфіловіч». Не спяшаючыся, расклаў на стале перад сабой лісткі пратакола, некалькі хвілін уважліва вывучаў Панфіловіча, затым спакойна спытаў:
— Вы чаго засталіся?
Ад абурэння Панфіловіч ледзь не задыхнуўся. Павярнуўшыся да Корзуна, быццам заклікаючы яго ў сведкі, усклікнуў:
— Я дваццаць разоў тлумачыў, вось ім, — кіўнуў ён у бок лейтэнанта. — Ну, няхай, няхай. — Панфіловіч дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзіннік і слова ў слова паўтарыў усё тое, што было запісана раней.
— А якой гадзіне гэта было? — спытаў Лапкоў.
— А хто там глядзеў на гадзіннік, — насмешліва сказаў Панфіловіч.
— Я падкажу вам, — строга сказаў Лапкоў.— У бальніцу прывезлі Грыбоўскага а палове дзесятай. Хвілін пятнаццаць — дарога. Гэта з запасам. Значыць, з чвэрткі дзесятай і да дзесяці дваццаці, калі прыехала група лейтэнанта Корзуна, вы знаходзіліся там неадлучна?
— Час не помню, а што быў там — гэта факт, — упарта паўтарыў Панфіловіч. — Спецыяльна застаўся, яны ведаюць, — зноў ён звярнуўся за падтрымкай да Корзуна.
— А куды вы паўлітэрку дзелі?
— Якую? — крутнуўся ў крэсле Панфіловіч і адразу ж узяў сябе ў рукі: — Вы што мне шыеце, інспектар?
— Словы якія ў вас крымінальныя, — папракнуў Лапкоў і растлумачыў: — Тую самую, што вы ў той дзень у краме купілі. У прадаўца Сулкоўскай.
— Выпіў! — выдыхнуў са злосцю Панфіловіч.
— Калі? З кім?
— Адзін, учора…