163519.fb2
— Галоўнае — на вуліцу выкаціць. Далей схіл аж да шашы з даманавіцкага боку, машына сама паехала. Толькі як назад вярталіся, каля школы вымушаны былі ўключыць рухавік.
Шарай доўга маўчаў, абдумваючы Корзунаву здагадку. Потым параіў:
— Высветлі, хто такія Праневіч і Бугеда, звяжыся з Савачкіным, ён павінен ведаць былога электрыка.
Гаспадары, было падобна, нядаўна павячэралі. На стале яшчэ стаялі недапітыя бутэлькі з віном і гарэлкай, міскі з недаедзенай варанай бульбай і салёнымі гуркамі. Убачыўшы на парозе чужых людзей — апранутых у цывільную вопратку Корзуна, Савачкіна і малодшага лейтэнанта Падабеда, гаспадыня замітусілася.
— Праходзьце, праходзьце, — і пачала падсоўваць табурэткі.
З бакоўкі паказаўся медзведзяваты гаспадар і закасалапіў ля стала, п'янавата ўсклікваючы:
— Госцейкі, госцейкі!
За два гады службы ў міліцыі Корзун навучыўся імгненна ацэньваць становішча. У гэтай хаце ўсё выглядала быццам натуральна: і падпіты гаспадар, якому ўсё роўна, каго частаваць, абы яшчэ выпіць, і падобная на гасціннасць мітусня гаспадыні. А Корзун адчуў за ўсім гэтым напружанасць, у яго ёкнула сэрца — у хаце не хапала, прынамсі, двух чалавек, якія зусім нядаўна сядзелі за сталом. Куды яны маглі падзецца?
— Ад'язная? — Корзун падміргнуў гаспадару.
— Ага, на дарожку, як нашы бацькі казалі,— гаспадар гаварыў, гаварыў і цверазеў на вачах. Нешта даходзіла і да яго.
— Ды сядзь ты, Бугеда! — Савачкін падвёў гаспадара да табурэткі.
Корзун нахіліўся да Бугеды і шапнуў на вуха:
— Дзе грошы?
Бугеда адхіснуўся і плюхнуўся на табурэтку. Буйныя кроплі поту, як раса, выступілі на ягоным ілбе.
— Мы з міліцыі,— удакладніў Корзун.
Бугеда непаслухмянай рукой пачаў зашпільваць гузік на расхрыстаным каўняры сарочкі. Потым ірвануўся, закрычаў:
— Няма! Няма! Шукайце!
— Не бралі мы, — кінулася да мужа гаспадыня. Яны не пыталіся, якія грошы. Корзун быў гатовы паверыць, што грошай тут няма, але гэтак жа ён быў упэўнены, што Бугеды ведаюць пра іх.
— Дзе Праневіч?
— Паехалі, з жонкай. Завербаваўся — і паехалі…— Гаспадар, здавалася, узрадаваўся перамене тэмы. Ён п'яна плёў: — Даўно, даўно, — а вочы глядзелі цвяроза і насцярожана.
— Не мані! — строга абарваў яго Савачкін. — Ён нядаўна тут сядзеў.
— Ага-ага, — загаварыла жанчына. — Праўда, паехалі. У іх сваёй хаты няма, у нас жылі. Дык завербаваліся.
«Гэтага яшчэ не хапала, — падумаў Корзун, — як бы не збеглі». Гаспадыні ён сказаў:
— Мужа забяром с сабой. А пра грошы падумайце. Калі ў вас — будзе горш.
Жанчына заплакала.
— Мы іх зможам пераняць, — у машыне сказаў Савачкін, — быў толькі адзін аўтобус на райцэнтр. Хвілін сорак назад.
Бугеду завезлі ў райаддзел міліцыі, і Корзун адразу кінуўся званіць упаўнаважанаму аддзела па выкарыстанню працоўных рэсурсаў, каб даведацца, куды і калі меўся выехаць Праневіч.
— У нас меней за паўгадзіны, — занепакоіўся ён, перагаварыўшы па тэлефоне.
Да чыгуначнай станцыі ад аддзела міліцыі было кіламетры тры. Дарога ляжала цераз гарадок. Толькі што скончыўся працоўны дзень, і на вуліцах было шмат людзей. У райцэнтрах мала хто прытрымліваецца правілаў вулічнага руху — кожны звычайна выбірае карацейшы шлях. Шафёр раз-пораз сігналіў, тармазіў, і Корзуну здавалася, што іх машына ледзь паўзе. Але не прайшло і пяці хвілін, як яны апынуліся на невялікай прыстанцыйнай плошчы.
— Раман Фаміч, — звярнуўся Корзун да Савачкіна, — вы адзін ведаеце Праневічаў з твару. Паглядзіце, ці там яны, толькі асцярожна. А мы ўваходы перакрыем.
Савачкін выбраўся з машыны і пайшоў да службовай брамкі, што вяла ў памяшканне дзяжурнага. Корзун і Падабед выскачылі следам. Падабед застаўся ля ўвахода ў вакзал з плошчы, а Корзун выйшаў на перон. Там ён прыпыніўся каля зачыненага газетнага кіёска і акінуў позіркам пасажыраў, якія тоўпіліся на асветленай пляцоўцы паміж станцыйным будынкам і чыгуначным палатном. Усе яны былі без вялікага багажу і, напэўна, чакалі прыгараднага поезда. Праневічу ж патрэбен быў скоры, які таксама прыходзіў сюды ў гэты час. Але раптам Праневічу што цюкне ў галаву, і ён захоча крыху паблытаць сляды? Да свайго месца прызначэння ён можа дабрацца і з абласнога цэнтра, калі толькі наогул не перадумае ехаць па вярбоўцы — пад'ёмныя не атрымліваў, сказаў, што возьме ў леспрамгасе.
Ніхто, аднак, з гэтых людзей, што рыхтаваліся да пасадкі, здаецца, не быў падобны на Праневіча. Людзі як людзі — заклапочаныя, вясёлыя, стомленыя… Хіба вось толькі…
На перон выйшаў дзяжурны, ударыў у звон, абвяшчаючы, што падыходзіць прыгарадны поезд. Пасажыры захваляваліся, пачалі расцякацца ўздоўж трэцяга пуці.
Мужчына, які прыцягнуў увагу Корзуна, нецярпліва зірнуў на свой гадзіннік, потым, нібы звяраючы час, падняў галаву да электрычнага, што вісеў над званом на сцяне. Корзун падумаў, што, мажліва, гэта і ёсць Праневіч, якому не церпіцца хутчэй сесці ў поезд, а мажліва, гэты чалавек проста каго-небудзь чакае. Але на ўсякі выпадак пачаў прабірацца бліжэй. І тут убачыў Падабеда, які падаваў яму знакі.
— Савачкін паслаў,— сказаў Падабед. — Ён там з жонкай Праневічавай размаўляе.
— А муж? — Корзун занепакоіўся. Прыдуманы ім план рушыўся: Праневіч убачыць Савачкіна і здагадаецца, што ўчастковы на вакзале не выпадкова. Тады шукай ветру ў полі.
— Мужа няма. Жонка кажа — у буфеце.
«А гэты мужчына?» — ледзь не вырвалася ў Корзуна, а ўголас сказаў:
— На ўсякі выпадак паназірай за ім, — і паказаў на мужчыну пад гадзіннікам.
Савачкін стаяў каля даволі сімпатычнай маладзіцы ў боціках, штучным паласатым футры і стракатай хустцы. Напэўна, ніхто і не падумае, што такой жанчынай можа цікавіцца міліцыя. Жанчына нічога не падазравала. А можа, ёй і не было чаго падазраваць? Яе твар быў спакойны, нават усмешлівы. Падобна, яна ўспрымала Савачкіна не як участковага, а проста як колішняга аднавяскоўца.
— Аляксандр Антонавіч! — узрадаваўся Савачкін, быццам сустрэча была выпадковая. — Вы куды?
— У вобласць, — Корзун адразу ўключыўся ў гульню. — А вы?
— Дачка абяцала прыехаць. Старэйшая. Ой, што гэта я? — як спахапіўся ён. — Пазнаёмцеся, мая былая суседка.
Корзун схіліў галаву, назваў сваё імя.
— Люда, — сказала жанчына, але таксама руку не падала. Яе правая рука ляжала на маленькім чамаданчыку, пад якім былі яшчэ два, большыя.
— Вы адна з такім багажом? — роблена здзівіўся Корзун, каб неяк завязаць размову.
— З мужам, ён зараз прыйдзе, — стрэліла яна вачамі ў Корзуна і затрымала позірк, як ацэньвала.
Корзун не любіў такіх позіркаў, сумеўся. Маладзіца задаволена адвяла вочы.
— Я пакіну вас на хвілінку, — заспяшаўся Савачкін, — па цыгарэты збегаю.