163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Корзун падумаў, што размова з Праневічавай жонкай для Савачкіна была, відаць, вымушаная — напэўна, Люда яго ўбачыла першая, зачапіла. І што Савачкін таксама разумее, чым гэта можа скончыцца, і таму спяшаецца адысці.

Савачкін ужо схаваўся за выхадам на перон, а Корзун не мог адарваць позірку ад верхняга чамаданчыка. Тут, ці не? Заўважыўшы Падабеда, якога, напэўна, паслаў Савачкін, з палёгкай уздыхнуў. Можна было дзейнічаць.

— Грошы ў гэтым чамаданчыку? — як між іншым, спытаў ён у Люды.

— Што? — Да жанчыны не адразу дайшоў сэнс гэтага пытання. — Што? — перапытала яна, і жах адбіўся на яе прыгожым твары.

— З вамі пабудзе малодшы лейтэнант, — папярэдзіў Корзун. І да Падабеда: — Той?

— Не. Раман Фаміч пакажа.

Падыходзіць да Савачкіна было не след. Праўда, гэта Корзун зразумеў хвілінай пазней. А ў той момант ён не думаў, правільна робіць ці не — яму трэба было ведаць, дзе Праневіч. З Савачкіным ён перакінуўся толькі адным словам, убачыўшы ківок на Праневіча: «Бяром!» Але для насцярожанага Праневіча, які таксама выгледзеў участковага ў натоўпе і цікаваў за ім, гэта не прайшло незаўважаным. Ён пачаў павольна адступаць да пуцей.

Тым часам дзяжурны ўдарыў у звон яшчэ раз — набліжаўся скоры. Яго колы ўжо цокалі па прыстанцыйных стрэлках. Корзун падумаў, што Праневіча трэба затрымаць раней, чым поезд дасягне станцыі. Бо хто ведае, што гэтаму злодзею прыйдзе ў галаву — раптам кінецца пад колы. Корзун міжволі паскорыў крок. І тады Праневіч раптам ірвануўся цераз пуць. Перад самым носам поезда, які не паспеў яшчэ нават знізіць хуткасць.

Падсвядома Корзун адчуваў небяспеку. Але ў галаве сядзела адно: зараз поезд надоўга закрые Праневіча ад яго. І Корзун скочыў следам.

Ззаду пачуўся чыйсьці роспачлівы крык, і тут жа яго заглушылі пранізлівы і запознены гудок, жалезны гром і пругкая і гарачая паветраная хваля.

Корзун не паспеў яшчэ добра стаць на ногі, як Праневіч кінуўся да яго, ударыў у грудзі. Корзун пахіснуўся, але ў самы апошні момант, адчуваючы над галавой край вагона, перавярнуўся і, падаючы тварам уніз, ухапіў Праневіча за нагу. Бразгалі, запавольваючы ход, вагоны скорага, з прыгараднага беглі і нешта крычалі людзі, а Корзун толькі цяпер пачаў усведамляць небяспеку, якая пранеслася міма.

VIII

Позна ўвечары, калі Корзун закончыў папярэднія допыты Праневіча і Бугеды, у кабінет заглянуў Шарай.

— Як табе прыйшло ў галаву, не разумею, — шчыра прызнаўся ён.

— Вы ж мне самі параілі, таварыш падпалкоўнік, — усміхнуўся Корзун. — Помніце, сказалі, каб мы звузілі круг? Я зрабіў так і закруціўся вакол шафёра Шынкевіча. Чым далей, тым болей напрошваўся вывад, што толькі ад яго маглі выйсці звесткі пра грошы.

— Дык гэта ён навёў?

— Незнарок. Ляпнуў, што касірку павінен везці. Цану сабе набіваў, ці што? А Праневічу многа гаварыць не трэба, адразу змікіціў, што запахла смажаным. Падпаіў Гурскага, выпытаў пра вартаўніка. Ды ён сам жыў у Даманах, дзе што ў канторы, ведае. Пасля завёў Гурскага да сваяка, а заадно ключы сцягнуў і прыкінуў, як «газік» з двара вывесці. Месца там зручнае, насупраць ніхто не жыве, гароды. Малайчына Лапкоў, знайшоў-такі дзеда з бяссонніцай.

— Хутка прызналіся?

— Дзе там. Прыйшлося расказаць ім, як было, быццам я разам ездзіў. Праўда, гэта толькі Бугеду развязала язык. Праневіч усё роўна маўчыць. Думаю, больш ад злосці на нас. Здавалася, так чыста хапануў: ні слядоў, ні сведак. І збіраўся з'ехаць, маючы прыстойную прычыну — завербаваўся на лесанарыхтоўкі. Каму ў галаву прыйдзе, што гэта ён? Аднак не пашанцавала: у аддзеле не паспелі дакументы аформіць. Я і думаю — было б нам турбот, каб з'ехаў.

— Знайшлі б, — Шарай, як заўсёды, калі сутыкаўся з новымі злачынцамі, хмурыўся. — Што яго штурхнула на крадзеж?

— Разбэшчаны тып. Апошнія гады матаўся з месца на месца, шукаў, дзе праца лягчэй, а рубель даўжэй. Краў, што кепска ляжала. Даравалі. Той жа Шынкевіч. На нявінную Ганну Купскую накінуўся, а яго…

— А Бугеда?

— Пацвярджаецца старая ісціна, што гарэлка і злачынства побач крочаць. Ніколі не краў, а падпаілі — і пайшоў. І Гурскі недзе з такіх.

— Не, з Гурскім больш складана, — не пагадзіўся Шарай. — Гурскі побач з Шынкевічам вырас. Начальнік не надта сябе абмяжоўвае, і шафёр, на яго гледзячы, таксама. Дарэчы, быў ён у Тросенцы ці не?

— З Тросенкай Гурскі перастараўся. Адразу не сказаў Шынкевічу, што памяняў маршрут, свежанінай спакусіўся, а потым, як даведаўся, што грошы ўкралі, пабаяўся. Шынкевіч мог і не дараваць свавольства і ашуканства.

— Наогул, як бы там ні было, а справе — канец. Пара нам з табой і пра адпачынак паклапаціцца. Падвезці?

— Дзякуй, — устаў Корзун, — я лепш прайдуся.

Ён жыў далекавата ад аддзела, па дарозе на станцыю. Старыя, у якіх ён кватараваў, спаць клаліся рана, і яму было няёмка іх турбаваць. Але сёння не зусім звычайны дзень, нервовая напружанасць, якая ўзнікла там, на вакзальным пероне, усё яшчэ не пакідала. Корзун адчуваў, што, толькі паблукаўшы па ціхіх і свежых начных вуліцах, супакоіцца…

Па жураўля ў небе

І

Чалавек выйшаў з гасцініцы пагуляць і не вярнуўся. Дзяжурная, усё роўна як ведала, папярэджвала, што ўжо ноч, што на вуліцы завея, а ў іх гарадку і ў добрае надвор'е нічога цікавага не ўбачыш. Не паслухаўся, сказаў, што хутка вернецца. А як развіднела, яго знайшлі аж за чатыры кіламетры ад гасцініцы ў снежным сумёце, побач з пераездам цераз вузкакалейку.

— Нішто сабе прагулачка, — чмыхнуў Корзун і падумаў, што апошнім часам яму пачало шанцаваць на дадатковую нагрузку. Трэба ж было паехаць у камандзіроўку менавіта ў Лясное, без асаблівай патрэбы затрымацца на лішні дзень, якраз на той самы, у які загіне тут карэспандэнт рэспубліканскай газеты, прычым пры даволі дзіўных абставінах. Корзун зірнуў на заклапочанага пракурора Ляснога раёна Пратасеню, які па загаду з вобласці ўзначаліў расследаванне гэтага выпадку, і, стараючыся падбадзёрыць, прамовіў: — Будзем шукаць…

Шукаць належала яму, Корзуну, але адказваць за вынікі ў даным выпадку будзе не толькі ён, а і пракурор. Гэта слаба суцяшала. Непакоіла не адказнасць, адказнасці Корзун ніколі не баяўся, а сама справа. Выглядала яна, як у такіх выпадках любяць казаць яго калегі, глухой. Мог жа чалавек у цемнаце і завірусе збіцца ў незнаёмым горадзе з дарогі, забрысці на чыгуначнае палатно, дзе яго і збіў цягнік. Менавіта гэту версію пракурор і вылучыў адразу. Супадала ўсё: і час — састаў з лесаматэрыяламі праходзіў праз пераезд недзе праз гадзіну пасля таго, як журналіст выйшаў з гасцініцы, і траўма на целе нябожчыка, якую судмедэксперт вызначыў як удар тупым прадметам, і, нарэшце, месца, дзе знаходзіўся труп.

Корзун падтрымаў бы гэту версію, не паспрабаваўшы пашукаць што іншае: яна тлумачыла амаль усё, хіба толькі за выключэннем аднаго — чаму чалавек, які абяцаў неўзабаве вярнуцца, апынуўся так далёка? У кепскае надвор'е не задумаешся настолькі, каб не заўважыць, куды ідзеш. А калі ўсё-такі задумаўся, то аб чым? Але ў каго папытаеш, аб чым думаў нябожчык за хвіліну да смерці? І тым не менш Корзун не мог пакінуць гэта пытанне без адказу, а значыць, не мог і прыняць думкі пракурора.

Раней Корзуну не даводзілася працаваць з Пратасенем. У Лясным ён быў упершыню, да гэтага з пракурорам не сустракаўся і больш за ўсё баяўся, каб той не аказаўся занудай, не лез у кожную драбніцу, скоўваючы яго дзеянні. Самастойнасць Корзун любіў. Пачатак іх сумеснай працы супакоіў. Пратасеня, падобна, быў не з тых, хто падмяняе памочнікаў. Больш таго, выклаўшы Корзуну свае меркаванні, ён папрасіў не спыняцца на іх, а прыдумаць нешта іншае.

— Іншае, — усміхнуўся Корзун. — На звычайнай мове гэта азначае: шукай немаведама каго.

— Я сустракаўся з Рамейкам, — сказаў Пратасеня, — спакойны, разважлівы. І раптам — блукае поначы, як закаханы, нікога і нічога навокал не заўважаючы.

— Ён не жанаты?

— Хочаш спытаць, ці не закахаўся? — Пратасеня пагартаў пашпарт, нібы яшчэ не ведаў, што Рамейка быў халасцяком. — Адпадае. Сябры з абласной газеты, якія не адзін год ведалі яго, сказалі, што і закахаўшыся ён не забыўся б на сваё рэдакцыйнае заданне. Ён быў па натуры сухаваты, і абавязак у яго заўсёды стаяў на першым плане. Так што вывесці яго з раўнавагі мог толькі нейкі незвычайны выпадак.

— Паспрабую прасачыць увесь яго дзень, можа, гэта дасць адказ на пытанне: што аказалася мацней за яго разважлівасць?

— Наўрад, — з сумненнем паківаў галавой пракурор. — Журналісты маюць звычку ўсё найбольш важнае запісваць. А ў яго і блакнота не было. Адно лісткі, падобна, нататкі нейкага будучага артыкула: лічбы нарыхтаваных угнаенняў, прозвішчы лепшых механізатараў нашага раёна, звесткі пра насенне.

— Ну, не ўсё запісваюць, відаць, і журналісты. Блакнот не дзённік.

— І ўсё-такі, калі задумаўся, то толькі пра службовае, — не пагадзіўся Пратасеня, распраўляючы лісткі з запісамі Рамейкі.

Корзун узяў гэтыя лісткі, перачытаў. Там было толькі тое, што прыгадаў пракурор. Патрымаў пашпарт, раскрыў рэдакцыйнае пасведчанне. З маленькай фотакарткі глядзеў юнак — круглатвары, белавалосы. Здымак, відаць, быў зроблены некалькі гадоў таму назад, ці не адразу пасля заканчэння вучобы. Фатограф, напэўна, смяшыў Рамейку, і ён, здавалася, ледзьве стрымліваўся, каб захаваць сур'ёзны выгляд. А можа, Рамейка наогул быў вясёлым хлопцам, радаваўся самому жыццю? Цяпер гэта, бадай, ужо не мела значэння. Цяпер яго радасці і засмучэнні сталі ўжо нябытам. Корзун адклаў карэспандэнцкае пасведчанне і разгарнуў партманет. У адной кішэньцы ляжалі грошы, не многа, якраз столькі, колькі патрэбна на не вельмі працяглую камандзіроўку, у другой — квітанцыя з гасцініцы, аплаціў за два дні, прыбыў учора, меўся выбыць заўтра.

— Быццам усё цэлае, нічога не прапала, — Корзун паклаў грошы і квітанцыю ў партманет.

— Напэўна, — кіўнуў Пратасеня. — Праўда, на ўнутранай сценцы ёсць невыразны чужы адбітак вялікага пальца. Але ж крадзяжу няма.

У дзверы пастукалі.

— Заходзьце! — крыкнуў Пратасеня. — А-а, Кунцэвіч, сядайце. — Корзуну растлумачыў: — Райсаюзаўскі нарыхтоўшчык. Гэта ён наткнуўся на Рамейку. — І Кунцэвічу: — Зараз следчы прынясе пратакол, і вы падпішаце. Там было не да папер, — зноў павярнуўся ён да Корзуна. — Можа, хочаш што дадаткова высветліць?

Высокі, жылісты, вастраносы, падстрыжаны пад вожыка Кунцэвіч, бадай, быў падобны больш на спартыўнага трэнера, чым на сельскага нарыхтоўшчыка. Ён, напэўна, быў бы нават прыемным, каб не хітраватыя, скрытныя вочы — яны нібы адгароджвалі свайго гаспадара ад субяседніка нябачнай сцяной. У такіх людзей ніколі не зразумееш, аб чым яны думаюць, размаўляючы з табой.

— Калі ласка, — Кунцэвіч сам нагадваў, што можна задаваць пытанні, і вочы яго на імгненне пасвятлелі, засмуціліся — як бы гаварылі, што не кожны дзень даводзіцца натыкацца на нябожчыка.

Корзун усё яшчэ маўчаў, не ведаючы, пра што пытаць, — Пратасеня высветліў, што трэба. Кунцэвіч загаварыў сам:

— Хаця што я магу сказаць. З раніцы трэба было ў Пцічкавічы, гэта па той бок чыгункі. Дамовіўся з тамашнім калгаснікам Мікітам Багуком вепручка прыхапіць. Запрог каня і паехаў.— Адчувалася, што ён паўтараў гэту гісторыю не першы раз, бо словы цяклі роўна, быццам прыцерліся адно да аднаго. — Пад'язджаю да пераезда, а тым часам і развіднела. Гляджу: ці не нага з гурбы тырчыць? Не веру ні ў бога, ні ў чорта, а тут, ведаеце, рука сама пацягнулася перахрысціцца. Што за насланнё? Я да гурбы — чалавек. Ну, я ведаю парадак, нічога не крануў і адразу ў будку. Там тэлефон. А гэты, каб яго, вартаўнік сядзіць сабе і чай жлукціць…

Корзун слухаў і думаў, што гэтыя падрабязнасці ужо запісаныя ў пратаколе, маюць значэнне хіба толькі для следства. Рамейку ўсё роўна не ажывіш — Кунцэвіч знайшоў яго надта позна. Але не перабіваў: хай чалавек выгаварыцца, скіне нервовы стрэс.