163519.fb2
Святланіна кватэра здалася нечым падобнай на сваю гаспадыню. Такая ж неўладкаваная, быццам тут не жылі, а толькі адбывалі час. Просценькая мэбля, на якую па цяперашнім часе ў магазінах і пакупнікоў няма. Ні тэлевізара, ні радыёпрыёмніка. Кнігі і часопісы мясціліся на стале, на падаконніку і нават на тумбачцы ля тахты, дзе звычайна знаходзяцца духі, пудра і шмат што іншае, без чаго жанчына нібы і не жанчына.
— Мне не падабаецца, як ты жывеш, Светка, — не ўтрымаўся Корзун.
— Я векавуха, — бадзёрачыся, адказала яна. — Дваццаць пяць… Узрост!
— Не какетнічай! — Корзун непрыкметна акінуў яе позіркам, са здавальненнем адзначаючы, што Святлана па-ранейшаму прыгожая. — Хіба тут жаніхоў няма?
— Хлопцы што, — на гэты раз у голасе дзяўчыны пракінуўся сапраўдны смутак. — Патрэбны той самы, а яго ўсё няма.
— Шмат працуеш? — спытаў ён, разумеючы, што закрануў далікатную тэму.
— Напэўна, шмат, — падобна, і ёй не хацелася гаварыць пра жаніхоў.— Але, ведаеш, калі работа падабаецца, гэтага неяк не заўважаеш.
— Газета ці што большае? — Корзун успомніў яе студэнцкія планы.
— Нарыс у мінскім часопісе надрукавала, цяпер вось над новым працую. — Святлана прыбрала са стала кнігі.— Газета шмат часу патрабуе, для сябе пішу ўначы, у выхадныя. Дзе ўжо тут пра быт думаць, — не забыла яна яго папрок.
— Хіба ў цябе адной выхадных не бывае?
— Можна падумаць, што ў цябе не кватэра, а гняздзечка, — пажартавала Святлана.
— У мяне і кватэры няма, — засмяяўся Корзун і бесклапотна махнуў рукой: — Мне і кута хапае.
— Вось бачыш. Жытла ўласнага па-ранейшаму не маеш, то, можа, хоць з такога гора віно піць навучыўся? Не? Ну, то каву прыгатую — і зерне ёсць, і млынок. Табе чорнай, з малаком?
— Давай натуральную, чорную, усё роўна мне сёння не да сну.
— Рамейка?
— Раскажы мне пра яго, калі помніш. Ён, здаецца, гады на два раней за цябе журфак скончыў?
— Таго я ведала кепска, мы ўжо тут зблізіліся. Як карэспандэнтам па вобласці стаў. Ёсць у нас, журналістаў, салідарнасць, незалежная ад пасады. Свайму брату-газетчыку ў камандзіроўцы і паможам, і падкажам, і выручым.
— Ён часам вершаў не пісаў?
— Думаеш, рыфму на пераездзе шукаў? — Святлана здагадалася, куды хіліць Корзун. — Ён быў,— яна крыху задумалася, — як бы табе сказаць, занадта рацыяналістычны, ці што. Нават нарысы ў яго атрымліваліся сухаватыя, пабудаваныя на адной логіцы. Умеў стрымліваць эмоцыі,— яна ўсміхнулася. — Гэта мяне і напалохала, а то закахалася б. — Святлана адвярнулася, пакорпалася ў сумачцы, закурыла. — Вельмі шчыры… быў. Учора разгаварыліся з ім, пытае: «Адкуль жулікі бяруцца?» У яго галаве не ўкладвалася, як гэта можна залезці ў чужую кішэню.
Цікаўнасць Рамейкі да жулікаў магла быць не выпадковай, і Корзун, каб падтрымаць у размове кірунак, сказаў:
— Напэўна, натрапіў на якога хапугу.
— Хутчэй, пачуў што ў аўтобусе… Ну, давай каву піць. — Святлана прыціснула ў попельніцы цыгарэту і пабегла на кухню. Ужо адтуль спытала — А ты як, не ажаніўся?
— Нявеста, мабыць, яшчэ не вырасла, — пажартаваў Корзун. — А ты сама калі на вяселле запросіш? — спытаў і сумеўся. Яна ж толькі што гаварыла, што не мае хлопца, і яго пытанне можа палічыць як спробу вярнуцца да былога.
Яна быццам і не ўспомніла, што ён некалі заляцаўся да яе. Наліваючы ў кубкі каву, проста адказала:
— Ёсць адзін заатэхнік, з Яснагорскага раёна. Можа, чуў — Абабурка?
— Дык што ты… Калі хлопец харошы… — ён зноў адчуў сябе ніякавата. — Бачыш, у сваты запісаўся…
Святлана і на гэта не звярнула ўвагі. Бадзёра і ад таго не зусім натуральна сказала:
— Можа, і выйду. Чалавек быццам прыстойны, у гадах, трыццаць з хвосцікам. І то, не ўсё гарбець за пісьмовым сталом… — запнулася, ледзь прыкметна пачырванела, употай зірнула на Корзуна, які нешта надта ўважліва разглядаў на дне свайго кубка, і засмяялася з палёгкай: — Не гадай на кафейнай гушчы, бадай, не пайду за Абабурку. Рамейка вінаваты. Як пачуў пра яго, зняў акуляры, працёр шкельцы насавічком, быццам хацеў мяне яшчэ лепш разгледзець, і сказаў: «Галава, два вухі, не спяшайся…» — Яна схамянулася. — Але што гэта ўсё я ды я. Сам ты як жывеш, Саша, як працуецца?
— Я што, — Корзун памуляўся, — служу…
— Ну, вядома. Зараз скажаш, што ты — як усе, што табе асабіста нічога не патрэбна. Гэта я ўжо чула.
І калі толькі ты перастанеш у цень хавацца! Думаеш, пра цябе хто іншы паклапоціцца? Не, самому таксама трэба, самому, чуеш, трэба аб сабе дбаць. — І, выгаварыўшыся, спакойна спытала: — Служба хаця падабаецца?
— Звальняцца не збіраюся, — ён не стаў спрачацца, даказваць, што не ўмее і не хоча ўмець вытыркацца наперад іншых, робячы, як кажуць, кар'еру, хапаць, дзе толькі можна. Урэшце, справа не ў гэтым. Але яе шчыры клопат быў яму прыемны. — Праца, вядома, падабаецца, хаця ў даным выпадку гэта, напэўна, не тое слова. Як можна падабацца, напрыклад, лавіць злачынцаў? А мусіш. Каб астатнім людзям жылося спакайней.
— Вось мы і вярнуліся, калі помніш, да Рамейкавага пытання: адкуль бяруцца жулікі? — Падобна, над гэтым задумвалася і сама Святлана, бо пыталася шчыра, зацікаўлена, а не толькі таму, што пад руку падвярнуўся знаёмы супрацоўнік міліцыі, з якім мусіш гаварыць на яго прафесійныя тэмы.
— Сацыёлагі…
— Э-э, кінь, — насмешліва перабіла Святлана, — тое-сёе я таксама чытаю. Ты сваё скажы. Твая думка для мяне не менш аўтарытэтная. Чаму, напрыклад, добры хлопчык прыстойных бацькоў пачынае хуліганіць, красці? Хто вінаваты: сям'я, школа?
— Складана, Света, усё гэта, адным махам па паліцах не раскладзеш. Увогуле, відаць, і сям'я, і школа. Але, здаецца, на школу мы часам залішне наракаем. Забываем, што чалавек з першага свайго дня ў сям'і расце, усімі сваімі порамі ўспрымае яе дух. І пазней, калі ў яго душу чарвінка змалку запала, ніякімі прыгожымі і правільнымі словамі яе адтуль не выкалупнеш. Ці не таму і вырастаюць дзеці: адзін моцны, як спелы яблык, што на дрэве да позняй восені пратрымаецца, другі ж, як летні ападак, ад слабага ветру пад дрэва зваліцца…
— І ты ўмееш гарачыцца! — яна пазірала на Корзуна з усмешкай. — А я думала, што ў цябе і сэрца няма. Хто ведае, можа, так яно і ёсць, як ты гаворыш, а можа, і не так. У нас нядаўна хлопца судзілі за грабеж. Бацькі — настаўнікі, на працы іх паважаюць. А сын да п'янага ў кішэню залез. Дзе ж тут дух сям'і?
Пратасеня расказваў Корзуну пра гэты выпадак, які нарабіў у горадзе шмат шуму, — настаўнікі ж заўсёды на вачах. Як і Святлана, людзі дзівіліся, што ў паважаных бацькоў вырас такі сын. І мала хто задумваўся над тым, што сама прафесія яшчэ не пасведчанне на добрапрыстойнасць. Бацька гэтага хлопца выкладаў матэматыку, маці — рускую мову. Прадметы ведалі і часу, здавалася, не шкадавалі на вучняў. У канікулы, калі іх калегі ехалі ў санаторыі, вялі выхаванцаў у турысцкія паходы, яны заставаліся дома, займаліся з тымі, хто падаваў заявы ў інстытуты. Звычайна іх выпускнікі паступалі. Гэта было як слава настаўнікам, гонар. І неяк ніхто не надаваў значэння таму, што дапамога гэта была не бескарыслівая, платная, што бралі настаўнікі грошы за ўласныя недаробкі на працягу вучэбнага года. Пратасеня не рабіў вывадаў. А як на думку Корзуна, дык у паводзінах бацькоў і сына ёсць нешта агульнае — сумленнымі не назавеш учынкі ні іх, ні яго. Але Святлане Корзун гэтага не сказаў. Домыслы — не доказ, а яму ў падобных выпадках нельга карыстацца домысламі. Ён толькі пажартаваў:
— Нездарма ў народзе ўспамінаюць пра той пуд солі…
— Ага, чужая душа — поцемкі,— не без іроніі пагадзілася Святлана.
— І гэта правільна, — Корзун усміхнуўся. — Нешта мы з табой прапіснымі ісцінамі загаварылі. Напэўна, нагаварыліся. Самы час мне пайсці, га?
Яшчэ было не позна, і Корзун рашыў прайсціся. Ён думаў пра Святлану. Сёння яна ў нечым яго расчара вала. Працавітая, здольная, шчырая, а ніяк не можа (або не хоча?) пазбавіцца свайго былога, якое Корзун некалі лічыў наносным, гульнёй.
Яму стала шкада Святлану. Заняты сваімі думкамі аб ёй, Корзун не заўважыў, як апынуўся на пераездзе. Схамянуўся, толькі калі шлях яму перагарадзіў апушчаны паласаты шлагбаум. Корзун чмыхнуў. Няйначай, магніт, пра які гаварыла Падабедава, прывёў і яго сюды. Абмінуўшы агароджу, перайшоў пуць і ля вартавой будкі лёг грудзьмі на жэрдку, да якой, відаць, улетку прыстаўлялі ахоўныя шчыты.
Ноч была марозная, ясная. Над галавой чарнела неба, усеянае бліскучымі зоркамі. Злева, на станцыі, падміргвалі чырвоныя сігнальныя агні. Вакол было ціха і пуста. Нават вартаўнік у сваёй будцы ці не задрамаў над сталом, спадзеючыся, што ў такую пару нікога не пагоніць па гэтай глухой дарозе.
Зрэшты, Корзуну не было патрэбы прыходзіць сюды, ды яшчэ ў позні час. Гэта, напэўна, ногі самі ішлі — думаў жа ён зусім не пра Рамейку. Яны са Святланай, здаецца, праз увесь вечар больш аб ім не ўспаміналі. Гаварылі пра агульных знаёмых, пра напаўзабытае ўжо студэнцкае жыццё, пра сябе. Корзун нават пазайздросціў Святланінай апантанасці, якая, бадай, адна дазваляе чалавеку нечага дасягнуць у працы. Святлане былі быццам абыякавыя і асабістая неўладкаванасць, і няўтульная кватэра. Нарыс, які яна пісала, быў, адчувалася, важнейшым за ўсе магчымыя дзявочыя радасці.
А вось ён не змог бы так. Гэта думка занепакоіла, засмуціла, бо і яму хацелася быць не проста інспектарам крымінальнага вышуку, хай сабе і абласнога маштабу, а добрым, сапраўдным сышчыкам, здольным раскрываць самыя заблытаныя справы. Але да быту ён усё роўна не застаўся б абыякавым. Калі б у яго была кватэра, абавязкова зрабіў бы стэлаж і запоўніў бы яго самымі цікавымі кнігамі. У вольную хвіліну чытаў бы аж да раніцы, запоем.
Корзун падфутболіў наском туфля лядзяк, які ляжаў побач на пратаптанай сцежцы, расшпіліў гузік на кашулі пад гальштукам, глытнуў сухога, пякучага паветра, з прыкрасцю думаючы, што з яго нічога вартага не выйдзе. У той час, калі трэба даўмецца, чаму чалавек апынуўся за ўскраінай на чыгунцы, дзе, мажліва, яго і падбіла, ён корпаецца ва ўласных і дробязных перажываннях, глядзіць на зоркі і чамусьці ўяўляе, як у такой жа начной цемры, пужліва азіраючыся на кожнае маўклівае дрэва, спяшаецца на працу ў далёкіх адсюль Даманах загадчыца фермы Марыя Апылінская.
Агеньчыкі на станцыі замігцелі, у чырвонай чарадзе ўзнік зялёны ланцужок. І адразу ж за лесам, быццам толькі і чакалі гэтага сігналу, загуў гудок, затарахцелі колы. Да пераезда набліжаўся цягнік.
У будцы дзінькнуў тэлефон. Праз імгненне рыпнулі дзверы, і з ліхтаром у руках паказаўся вартаўнік.