163519.fb2
— Хутчэй — мешаніна з фактаў. Ты з Абабуркам сустракаўся назаўтра. Можаш ты сказаць, што было ў яго паводзінах, выглядзе нешта незвычайнае, ненатуральнае?
— Не.
— Вось бачыш. — Усё-такі маёр меў большы запас слоў, чым звычайна паказваў падначаленым. — А ён жа не прафесійны забойца, для якога ўсё адно: што муху забіць, што чалавека. Не мог ён, калі вінаваты ў гібелі Рамейкі, чым-небудзь ды не выдаць сябе. Ты ж быў для яго не інспектарам крымінальнага вышуку, а Святланіным таварышам, журналістам, перад якім іграць было неабавязкова. — Юркавец прыпыніўся, як бы раздумваючы, ці не многа нагаварыў, але палічыў патрэбным дадаць яшчэ: — Прыпіскі, безгаспадарчасць — гэта ў даным выпадку несуразмерна забойству.
— Слухаю вас і ўспамінаю падпалкоўніка Шарая. Ён любіў гаварыць: «Табе б у адвакаты падацца».
— Разумны чалавек падпалкоўнік Шарай, між іншым. Не толькі цытуй яго, а і ўжывай парады. Нам уменне абараняць чалавека ад несправядлівага абвінавачвання таксама патрэбнае. А тваю версію не адмаўляю. Толькі вось што. Пратасеня не з тых, хто лёгка адступаецца ад сваёй думкі, тым болей маючы моцныя довады. Таму на яго дапамогу не разлічвай, ва ўсякім выпадку, пакуль. Будзеш дзейнічаць самастойна, уласнай галавой. З абласной пракуратурай дамоўленасць ёсць. І глядзі, упэўненасць — добра, але факты — лепш. Не падганяй пад схему.
Пасля размовы з Мухінай у Корзунавай версіі Абабурка высунуўся на першы план. Аднак прад'явіць яму нешта канкрэтнае Корзун не мог. Здагадкі, асабістую непрыязь да справы не падшыеш. Патрэбны пераканаўчыя факты, і іх неабходна было сабраць. Значыць, настала пара пазнаёміцца з Абабукавым жыццём больш блізка.
Абабурка быў мясцовы, скончыў у гэтым абласным цэнтры інстытут, пасля вучобы працаваў у адным і тым жа раёне. Карацей кажучы, быў, здавалася, на віду. А ўсё роўна пайсці і прама спытаць у раённых арганізацыях, у калгасе, што за чалавек іх заатэхнік, Корзун не мог. Падазрэнне чалавека ганьбіць. Нават невінаватаму потым цяжка бывае пераканаць людзей, што ён ніколі і нічога кепскага не рабіў. Магло стацца, што і Абабурка не мае ніякага дачынення да Рамейкавай смерці. Таму Корзун наводзіў даведкі асцярожна, кружным шляхам, каб дачасна не пакласці на яго цень. Вядома, гэта патрабавала лішніх часу, працы, ды затое ніхто не здагадваўся, менавіта кім і чаму ён цікавіцца. Хаця ў адным, прынамсі, Абабурка быў вінаваты бясспрэчна — за жывёлагадоўлю ў «Зялёным Бары» ён нёс галоўную адказнасць, і заблытаны ўлік, прыпіскі ляжалі на яго сумленні. Аднак і пра гэта гаварыць на поўны голас было яшчэ рана.
Корзун няспешна збіраў звесткі і ў той жа час стараўся прыпомніць уласныя сустрэчы з Абабуркам, размовы, яго і свае словы, жэсты. На сваю памяць ён паскардзіцца не мог.
Нішто, аднак, не наводзіла на думку, што ў гэтага заатэхніка ёсць другое, нябачнае старонняму воку жыццё. Быццам бы звычайны чалавек са звычайнай біяграфіяй. Вось толькі студэнцкі перыяд…
Уступныя экзамены Абабурка здаў даволі пасрэдна, атрымаў бал, ніжэйшы за прахадны. А на заняткі прыйшоў, паступіў, аказваецца. Вучыўся не без двоек, аднаго разу хацелі нават выключыць. Не выключылі. Меў вёрткага заступніка — дзядзьку, які кіраваў мясцовым райспажыўсаюзам. Праўда, Абабуркавых здольнасцей ніхто не адмаўляў. Мог бы і добра вучыцца, каб не швэндаўся па рэстаранах. Грошай хапала, бацькі-калгаснікі не шкадавалі для яго нічога, абы вучыўся.
Як бы там ні было, але ці не гэта вось спадзяванне на добрага дзядзьку, які не дасць у крыўду, выручыць, і нарадзілі ў Абабуркавай душы несур'ёзнасць, адчуванне ўседазволенасці? Ратаваў дзядзька ад двоек, выратуе і ў больш складаных абставінах. А можа, знайшоў сабе і новага заступніка?
Неабавязкова Абабурка павінен быў стаць тым, кім стаў,— чалавекам без цвёрдых прынцыпаў, мажліва нават злачынцам. Яго праца пасля інстытута ў другім яснагорскім калгасе пацвярджае гэта. Ніхто нічога благога за ім не прыкмячаў. Быў энергічны, умеў ладзіць з людзьмі, таму і вылучылі ў «Зялёны Бор» з павышэннем. А тут асяроддзе аказалася іншым, ці што? Бо іншым стаў і сам Абабурка. І для Корзуна ўжо набывала другі, патаемны сэнс многае з таго, што ён чуў пра яго раней.
Рамейка прама не сказаў Святлане: «Не выходзь за Абабурку», проста параіў не спяшацца, калі яна, можа, какетліва, з ёй гэта бывала, спытала: «Што мне рабіць?» Мухіна назвала Абабурку гэтакім добрым дзедам-марозам, які не паскупіцца на дарагія цукеркі або сярод зімы на жывыя кветкі. Дробязь? А падумаўшы — не. Рамейка не быў закаханы ў Святлану, значыць, ім кіравала не рэўнасць, Абабурка быў яму несімпатычны не як сапернік, а з іншай прычыны. Напэўна, Рамейка не сумняваўся, што заатэхнік не надта сумленны чалавек. Мухіна называе Абабуркаву шчодрасць абыходлівасцю. Але яго падарункі небескарыслівыя, Мухіна, напрыклад, іх не атрымлівала, яны ішлі тым, хто меў магчымасць даць (і, напэўна, даваў) нешта ўзамен. І вось тут узнікае новае пытанне: ці бескарыслівы сам заатэхнік, ці са сваёй кішэні ён плоціць грошы за кветкі і цукеркі? Або ў калгасе для гэтага ёсць нейкі спецыяльны, прыхаваны ад рэвізораў фонд?
Корзун не вельмі доўга працаваў у міліцыі, аднак ужо ведаў, якімі спакуслівымі бываюць часам бескантрольныя грошы. Тое, што Абабурка мог мець у калгасе, хапіла б хіба толькі на цукеркі ды рэстараны. Праўда, Мухіна казала пра натуральны і штучны адход парасят. Шкада, што Юркавец не папрасіў удакладніць гэта. Але з другога боку… Модны, элегантны Абабурка з мехам, у якім пішчыць парася… Надта маляўнічая карціна, каб быць рэальнай.
А яшчэ праз дзень высветлілася, што смехам намаляваная Корзунам карціна, якая прынесла яму некалькі вясёлых хвілін, блізкая да ісціны. Не так прымітыўна, не ў зрэбным сялянскім мяху, а ў багажніку ўласных «Жыгулёў» прывозіў сяму-таму Абабурка падгадаваных парсюкоў. Корзун пацікавіўся людзьмі, якія з прыемнасцю прымалі прэзент, і аказалася, што выбіраў іх Абабурка не выпадкова. Адзін быў рэвізорам, другі дырэктарам маслазавода — выдзяляў за кошт іншых свежы адгон, якім кармілі свіней, трэці працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі…
Корзун пачухаў патыліцу. Дзеянні заатэхніка мелі ўсе адзнакі крыміналу, хоць зараз падавай у следчыя органы. Але ўсе гэтыя факты вялі Корзуна некуды ўбок, не надта ўпісваючыся ў прыдуманы ім круг Рамейка — Абабурка, хаця хутчэй за ўсё ў журналіста і было пісьмо пра махінацыі. Цяпер Корзун у гэтым амаль не сумняваўся.
Людзі, якім Абабурка завозіў далёка не капеечныя пачастункі, маглі саслужыць і, напэўна, саслужылі калгасу пэўную службу — падкідвалі дадатковыя кармы, павярхоўна праводзілі рэвізіі, не прыдзіраліся… Мажліва, не без іх удзелу ў раёне не заўважалі, якім чынам «Зялёны Бор» дабіваецца высокіх паказчыкаў у свінагадоўлі. Але тут галоўны заатэхнік не самая зацікаўленая асоба. Таму праўду казаў маёр Юркавец, не той гэта выпадак, калі ўзнікае неабходнасць знішчаць сведку. Абабурка і кампанія, а ў тым, што яна павінна за ім быць, Корзун не сумняваўся, дзейнічаюць так нахабна, бо разлічваюць на паблажлівасць, на падтрымку тых, каму падносіліся вепрукі. І хутчэй за ўсё адзіны вынік яго, Корзуна, працы вельмі падобны да дзвюх грэлак з самагонкай, знойдзеных некалі ім з участковым інспектарам Савачкіным у Даманах замест украдзеных з калгаснай касы грошай. Розніца хіба толькі ў маштабах знаходкі — для канкрэтнай жа справы, як тады, так і зараз, здабытак аднолькавы.
Здараецца, што звер бяжыць на лаўца, калі сам лавец гэтага яшчэ не жадае, калі ён не гатовы да сустрэчы. Нешта падобнае атрымлівалася зараз у Корзуна. Няма пра што гаварыць яму з гэтым увішным заатэхнікам. Прыпіскі і разбазарванне грамадскай маёмасці — клопат супрацоўнікаў іншага аддзела. Самы час перадаваць ім сабраны матэрыял. Корзун рашыў, што ўдакладніць яшчэ некаторыя дэталі і тады расстанецца з гэтай справай. І не будзе сустракацца з Абабуркам, не патрэбны яму гэты спрытнюга. Шкада толькі, што не мае права Святлану Якушаву прама папярэдзіць. Раптам не прыме ўсур'ёз тае Рамейкавай парады і выйдзе замуж назло ўсім і сабе. Ад гэтай думкі настрой у Корзуна зусім сапсаваўся. Ён схаваў паперы ў сейф, паглядзеў на гадзіннік і паківаў галавой: заседзеўся, хутка дзевяць.
На вуліцы Корзун спыніўся. Дадому ісці не хацелася. Гаспадару сёння на працу ў ноч. У хаце цішыня, тэлевізар не ўключаны. Чытаць — не хочацца, за дзень начытаўся, аж галава гудзіць. Лепш проста прагуляцца — бяздумна, расслаблена, адпачываючы.
Зімнімі вечарамі і ў горадзе на вуліцах народу мала. Ніхто табе не перашкаджае, ніхто не аклікае. Корзун павольна накіраваўся да цэнтра. Неўзабаве паказаўся кінатэатр. Хутка, відаць, павінен быў пачацца апошні сеанс. Перад уваходам тоўпіліся людзі, некаторыя спынялі прахожых, напэўна, пытаючы лішні білецік. Корзуну нечакана захацелася апынуцца ў гэтым вірлівым юным натоўпе — бо хто, акрамя моладзі, ходзіць на апошнія сеансы, ды яшчэ не маючы загадзя купленага білета. Ён перасек наўскасок дарогу, пасміхаючыся, што і яго зараз могуць аштрафаваць за пераход вуліцы ў недазволеным месцы. Абышлося. Познім вечарам і служба бяспекі руху, відаць, адпачывае, рэзонна спадзеючыся, што ўначы на дарозе машын паменей і парадак захоўваецца нават без яе ўдзелу.
Корзун пастаяў перад кінатэатрам, адказаў нават двум-тром хлопцам, што не мае лішняга білета, і ўжо збіраўся адысці, як раптам яму здалося, быццам ля касы, дзе найбольш стойкія аматары кіно чакалі, ці не засталося што ад забраніраваных білетаў, мільгануў белы пуховы берэцік. Зусім такі, які быў на Марыі Апылінскай у драмтэатры. Корзун узрадаваўся, пасунуўся да касы. Напэўна, таму, што глядзеў ён толькі на белы берэт, Абабурку побач з Марыяй заўважыў у самы апошні момант, калі адступаць было позна, — дзяўчына, нешта гаворачы свайму суседу, махала, як клікала, Алесю рукой.
Так, не збіраючыся, Корзун мусіў усё-такі зноў сустрэцца з Абабуркам.
— Яшчэ адзін экзамен скінулі? — Хочаш не хочаш, прыходзілася хаваць сваё расчараванне.
— Угадалі,— Марыя была ўзбуджаная, вясёлая. — Збіралася адаспацца, а Міхась, — задаволена кіўнула яна на Абабурку, — не дазволіў. І то праўда, калі яшчэ ў горад вырвуся.
Корзун з прыкрасцю падумаў, што і сам мог даўмецца да такога запрашэння. Але мусіў тут жа прызнаць: калі ўжо Абабурка возьмецца, яго не абскачаш.
— Маеш білет? — Абабурка, здаецца, быў нават здаволены, што бачыць Корзуна. Пра яго цікавасць да сваёй асобы ён, натуральна, не ведаў, а за дзяўчыну не турбаваўся, упэўнены, што менавіта інспектар сапернічаць з ім не мог. — Дарэчы, пазнаёмся, — паказаў на мужчыну, які моўчкі стаяў побач.
— Спазніўся, Карпавіч, — сказаў мужчына, — мы ўжо сустракаліся. Помніце, таварыш інспектар?
Корзун уважліва ўгледзеўся ў мужчыну, спахмурнеў: не любіў, калі памяць падводзіла, тым болей што сустрэча, відаць, была службовай, аб чым сведчыў зварот «таварыш інспектар». Але яму спадабалася, што чалавек не спяшаецца нагадаць пра яе. Разумее, што неабавязкова на кожным рагу крычаць, дзе і чым цікавілася міліцыя.
Усмешка прабегла па губах мужчыны:
— Ну дык як?
І тады Корзун нарэшце ўспомніў: нарыхтоўшчык з Ляснога, які знайшоў труп Рамейкі на пераездзе.
— Добры вечар, таварыш Кунцэвіч, — павітаўся ён і пажартаваў: — І вы ў студэнты запісаліся?
— Дзе нам. Нам не да навук… Вайна… І потым…
Ён меў за сорак, чалавеку такога ўзросту ў дзяцінстве сапраўды магло быць не да вучобы. А час ішоў. Падлетак стаў юнаком, пайшоў працаваць, завёў сям'ю. Не кожны падумае пра навуку, якая, як вядома, часам патрабуе паступіцца прывычным, наладжаным. А Кунцэвіч выглядаў сытым, дагледжаным, задаволеным жыццём. Хаця ад моднага Абабуркі адставаў. Чорная шапка, шэрае паліто з пыгейкавым каўняром, купленае ў райунівермазе… Ці магчымасці не тыя, ці наогул за адзежай не ганяўся. Зрэшты, і Корзун піжонства не прызнаваў: абы чыста і акуратна. Доўга разглядваць Кунцэвіча, аднак, было непрыстойна, і ён паспяшаўся нешта сказаць:
— А я дык міма ішоў.
— Вось і ў нас няма білетаў,— зразумеў яго Абабурка. — Якія будуць прапановы? Няма прапаноў? Тады дэмакратыю далоў, кіраваць буду я, — ён яўна дурыўся. — На дварэ холадна, на печцы цёпла. Печкі ў сучасным горадзе няма, махнём у карчму. Га? Я — за. Федя, — звярнуўся ён да Кунцэвіча. — А-а, што я пытаю, дзе гэта бачана, каб нарыхтоўшчык ад чаркі адмовіўся? Алесь?..
Звер так і пёр на лаўца.
Корзун не любіў рэстаранаў, асабліва ў чужой кампаніі. А тут яшчэ запрашаў Абабурка, якога ён падазраваў у злачынстве. Ён ужо хацеў быў адмовіцца, але, сустрэўшы пільны позірк Марыі, у якім яму ўбачылася запрашэнне, нечакана для сябе адказаў:
— Давай…
— Цудоўна. Спадзяюся, наша дама нас не пакіне? Інакш нашы палкія сэрцы будуць разбітыя і завянуць, як ружы на марозе, і мы замест марачнага рыслінгу нажлукцімся прымітыўнага чарніла. Прашу, панове, — і, падхапіўшы Марыю пад руку, накіраваўся ў бок рэстарана.
Свабодных столікаў не было. Швейцар аж вочы закаціў, замітусіўся:
— Што ж вы, шаноўны Міхась Карпавіч, не папярэдзілі.— Акінуў іх, чацвярых, ацэньваюча, позіркам і, нібы прапаноўваючы, нібы сцвярджаючы, заклапочана сказаў: — Парамі я мог бы вас уладкаваць…
— Ну, стары, — Абабурка трымаўся тут сваім чалавекам, — не расчароўвай мяне.
Швейцар задаволена закэхкаў, прапанаваў, паказваючы на далёкі кут:
— Пабаўцеся колькі хвілін, а я ўжо для вас пастараюся.
У рэстараннай зале было тлумна, накурана. Корзуну ўжо расхацелася ісці туды, нават з Марыяй, нешта вакол адбывалася не так. І ён першы накіраваўся ў гэты адносна ціхі куток, аддалены і ад рэстаранных дзвярэй, і ад гардэроба. Тут, як спецыяльна для такіх няўдачнікаў, стаялі вакол нізкага, пакрытага чорным непразрыстым шклом століка чатыры скураныя крэслы.
— Прашу, — гасцінна схіліўся Абабурка і памог Марыі апусціцца ў крэсла. Зноў ён аказаўся больш уважлівым, здагадлівым, чым Корзун, — крэслы ж былі глыбокія і мяккія, і без падтрымкі дзяўчыне ў даўгаватай і вузкай спадніцы ўсаджвацца было нязручна.
Настрой у Корзуна сапсаваўся зусім.
Абабурка прынёс аднекуль вялікую сінюю попельніцу, кінуў на стол нераспячатаны пачак цыгарэт, запалкі. Абмінуўшы Кунцэвіча, які далікатна чакаў, пакуль ён сядзе, уладкаваўся насупраць Марыі.