163519.fb2
— Зараз я табе новую напяю, — падміргнуў Галіца, — за ўсіх песняроў разам. Трымай вуха!
— Ну, што там? — Корзун раптам занепакоіўся.
— Прагуляемся? — замест адказу спытаў Галіца. Калі аддаліліся ад аўтобуса, прамовіў: — Як казаў класік, лёд крануўся. Аднак супраць плыні.
— Слухай, ты, дамарошчаны Эзоп! Умееш ты гаварыць па-людску?
— Вядомая табе фірма ліквідуе асноўныя фонды…
Корзун ухапіў сэнс, але яму было не да жартаў, і ён з'едліва спытаў:
— У вас тут што, міліцыя ці студыя мастацкага слова?
— Чалавек без гумару, што… што… — вочы ў Галіцы смяяліся. Нарэшце прыдумаў: — Што кола без спіц: круціцца можа, а да воза не прыстроіш. — І тады ўжо другім тонам дадаў: — Не крыўдуй, сам пачаў з запеўкі. А з фермай вось што: трох вепрукоў гаспадар на кані адвёз у калгасны гурт. Пры іх уліку — не падкапаешся…
— Значыць, пісьмо знайшло адрасата? — раздумліва сказаў Корзун. — Гэта я так, сам сабе, — растлумачыў, злавіўшы недаўменны позірк таварыша.
— Летуценнік! — той паківаў галавой і развітаўся. Зноў імчаў аўтобус па чыстым, як падмеценым, асфальце. Зноў за акном праносіліся лясы, пералескі і палі, а ў дынаміку гучала лёгкая музыка. Корзун нічога гэтага ўжо не заўважаў. Навіна, прынесеная Галіцам, хоць ён у прынцыпе і чакаў нечага падобнага, прагучала, як выбух у цішыні. Яна звязвала ў адзін вузел не выпадковыя і несумяшчальныя факты, а пэўныя ўжо, нават ці не запланаваныя. Няўжо Абабурка здагадаўся пра пісьмо і пачаў паляваць за ім? Але якім трэба быць акцёрам, каб забіць чалавека і паводзіць сябе як нічога ніякага! Корзун рашыў, што, як толькі прыедзе ў Лясное, адразу пазвоніць, каб затрымалі гэтага заатэхніка. Некалькі хвілін ён абдумваў варыянты допыту яго. І раптам цюкнула: адкуль Галіца даведаўся, што ён едзе гэтым аўтобусам? Няйначай, ад Юркаўца. Але гэта азначае, што і маёр ведае пра Абабуркавы захады. Загад аб арышце ён мог, каб лічыў патрэбным, аддаць і сам. І калі не аддаў, то наўрад ці толькі таму, што спадзяваўся на яго, Корзунаву, здагадлівасць. Відаць, меў нешта яшчэ на прыкмеце. Сапраўды, Корзун адразу астыў, заатэхнік нідзе дзенецца ды пакуль, мяркуючы па ўсім, і не збіраецца нікуды дзявацца. Думае пакрысе пазбавіцца ад галоўнага доказу — падпольнай фермы, а іншага ніхто і шукаць не будзе. Бо вінаваты ў гібелі журналіста ёсць — Кучаронак, шафёр.
Чым даўжэй Корзун раздумваў, тым болей супакойваўся. Нічога, зрэшты, непрадбачанага не адбылося. Ад махінацый з свіннямі Абабурка не адкруціцца.
А Рамейку да яго ўсё роўна пакуль ніяк не прывяжаш. Так што ўсё застаецца як ёсць. Незразумела адно: навошта было пераймаць яго ў дарозе? Цікава, чыя тут ініцыятыва — Галіцава ці Юркаўцова? Хутчэй за ўсё — Юркаўцова. Каб ён, прыехаўшы, ужо ведаў пра самыя апошнія падзеі. Або каб адразу пачаў звязваць Абабурку з гібеллю журналіста? Задалі яму таварышы задачку. Не толькі адказу няма, умова і тая невядомая. Бо мог жа Абабурка і тыя, хто за ім, па ўласнай задуме ліквідаваць ферму. Жывёлу не сплаўляюць на старану. Вось і круціся, інспектар, апраўдвай сваю пасаду!..
— Ну, Алесь Антонавіч, ты, няйначай, у пракуроры меціш, — такімі словамі сустрэў Корзуна Пратасеня.
— Мне і ў міліцыі няблага, — падтрымаў Корзун тон. — Хачу форму надзену, хачу — у цывільным франчу.
— Форма што, форма раз — і знасілася. А пракурорава крэсла…
— Дзень у мяне сёння, — Корзун павесіў паліто, паправіў касцюм, — як апошняя старонка «Огонька»: адны красворды. Спачатку яснагорскі калега шарады падкідваў, цяпер — паважаны ахоўнік закону. З чаго б гэта, Аркадзь Міхайлавіч?
— Не разумееш? Ай, бедалага. З хітрым і сам мусіш па крывой хадзіць. Вось мне, напрыклад, як быць?
— А што такое?
— Падкоп хто пад мяне вядзе? Ты! І не спынішся, пакуль ад мяне хіба адна макаўка на паверхні астанецца. Так?
— Калі ўдасца.
— Вось бачыш, — Пратасеня ўздыхнуў. Можа, роблена, а можа, і не зусім. — Дык што ў цябе? Краем вуха чуў, быццам вы там нешта зачапілі.
— Ёсць трошачкі,— і ён расказаў пра тое, аб чым даведаўся за апошнія дні.— Як, слушна?
— Ты маю думку ведаеш, — паківаў галавой Пратасеня. — Магу толькі паўтарыць: гэта адно з тых супадзенняў, якія часам у нашай практыцы здараюцца. Але цябе не пераканаеш, — ён пасміхнуўся, пацёр скроні,— ты ўпарты, пакуль сам гузак не наб'еш, галаву не ўтуліш. А што замест цябе другі з гузаком застанецца… Не зважай, усяк бывае, абы справе шкоды не было. Спатрэбіцца дапамога — калі ласка. Я не злапамятлівы.
Корзуну не надта падабаўся характар гэтай размовы. Не хацелася яму, каб Пратасеня крыўдзіўся. Хіба ён, Корзун, вінаваты, што Абабуркаву свінню пад пракурора падкладае? Але абяцанне памагаць абнадзеіла. Шчыра кажучы, ён баяўся, што пракурор заўпарціцца, будзе настойваць на сваім. Маўляў, свінні — свіннямі, а здарэнне — здарэннем. У яго ж ёсць такі важны козыр, як прызнанне шафёра, пацверджанае і экспертызай, і выездам на месца. А маленькая неадпаведнасць — наезд на вуліцы, а труп на чыгуначным пераездзе — сякое-такое тлумачэнне мае, яе можна пад увагу не браць. Так што справа, лічы, закончана. Аднак і Пратасеня недзе ў глыбіні душы сумняваецца, бо не спяшаецца з абвінаваўчым заключэннем. Ці не таму і згадзіўся памагаць, хаця гэта і будзе супраць яго версіі? Відаць, чалавек ён прынцыповы. Такому можна шчыра расказваць і пра планы і параду папрасіць.
— Пабуду на мясакамбінаце, пагавару з галоўным аграномам сельгасупраўлення, але раней, калі дазволіце, сустрэнуся з Кучаронкам.
— Не пярэчу, — сказаў Пратасеня. — Хаця наўрад ці што новае гэта дасць. З яго мы выціснулі, здаецца, усё. Зрэшты, пачытай спачатку пратаколы, пераканаешся.
— Але ён стаіць на сваім.
— Чапляецца. Адно — падбіў, а не забіў і сам пры гэтым прызнаўся, другое — забіў і спрабаваў скрыць сляды. Пакаранне рознае. Цяпер усе адукаваныя: кніжкі чытаюць, перадачы «Чалавек і закон» па тэлевізары глядзяць.
Корзун мог і не заглядаць у пратаколы, каб пагадзіцца з тым, што следчы выцягнуў з шафёра, бадай, усё. Усё, што меў або хацеў сказаць той. Але пракуратура працавала над адной пэўнай версіяй, і тыя дэталі, якія да яе не мелі дачынення, не выключана, прайшлі міма ўвагі следства…
Выглядаў Кучаронак кепска — няголены твар, парослы рыжаватай шчацінай, расхрыстаная, без верхняга гузіка кашуля, пакамечаны пінжак, які на яго, быццам яшчэ больш патанчэлай, фігуры матляўся што пудзіла на крыжы. Чалавек панік. Пратасеня быў упэўнены, што Кучаронак вельмі перажывае сваю віну, баіцца расплаты і вось-вось зломіцца, раскажа, як было на самой справе. Пазіраючы на Кучаронка, Корзун думаў, што такім чалавек часам робіцца і тады, калі не можа даказаць сваю шчырасць. Апатыя абвінавачанага для следчага не саюзнік, а вораг, тут і да памылкі недалёка. Трэба было неяк вярнуць шафёра да жыцця, даказаць яму, што ягоны лёс зараз залежыць таксама і ад яго самога.
— Восіп Антонавіч, — пачаў Корзун, — я чытаў вашы паказанні. Я вам веру. Але і мае, і вашы словы — толькі словы. Іх трэба падмацаваць фактамі. Дапамажыце мне і сабе. Раскажыце яшчэ раз, як было. Падрабязна, нават, калі ўспомніце, не толькі словы — свае і таго чалавека, а і інтанацыі. Вам зразумела?
— Навошта ўсё гэта, канчалі б хутчэй. Пішыце што хочаце!
— Калі вы забойца… — трэба было вывесці Кучаронка з шокавага стану.
— Не! — падаўся назад шафёр. — Як мне даказаць, што не!
— Раскажыце, спакойна, толькі праўду.
— Колькі можна?
— Пакуль мы вам або паверым, або канчаткова не паверым.
— Э-эх, — абмяк Кучаронак, — кепскія мае справы, вунь вы з вобласці прыехалі. Па маю душу?
— Па вашу, — засмяяўся Корзун, хаця смешнага было тут мала, проста яму хацелася неяк падбадзёрыць чалавека, якому чамусьці верыў.— Толькі і мне не ўсё роўна — чыстая душа ці не чыстая. Што вы расказвалі пракурору, я чытаў. Але мяне цікавіць не сам наезд, тут усё ясна, а тое, што адбылося пасля.
— Не вазіў я яго на пераезд!
— Згодзен. Таму давайце пачнём з таго, як вы, убачыўшы перад радыятарам чалавека, націснулі на тормаз і пасля выскачылі з кабіны. Што было далей?
— Чалавек, ну журналіст, падняўся на ногі і, хістаючыся, падыбаў да плота, — Кучаронак гаварыў ціха, засяроджаны ў нейкіх сваіх думках.
Корзун слухаў і непакоіўся: як дабіцца, каб Кучаронку захацелася той вечар, які ён, падобна, рады быў забыць назаўсёды, успомніць да драбніц? Можна, вядома, сказаць прама, што суд улічвае шчырасць, праўдзівасць абвінавачанага, яго дапамогу следству. Аднак раптам Кучаронак тады ўхопіцца за гэта, як за саломінку, і пачне выдумляць, нагаворваць на сябе. Пакуль ён быццам бы не маніў, Корзун яму верыць. Але прайшло нямнога часу, не выключана, што проста не паспеў звыкнуцца з нечаканым трагічным паваротам у сваім жыцці, яшчэ не ўсвядоміў, што паміж яго мінулым і будучым узнікла неадольная мяжа. І калі зразумее гэта, можа кінуцца ў другую крайнасць. Корзун пагартаў справу. Аўтабаза дала Кучаронку добрую характарыстыку. Малайцы. А то часам бывае, што трапіць чалавек пад следства, яшчэ нічога не даказана, а на яго ўжо чорных фарбаў не шкадуюць. Ды і сам факт, што Кучаронак не паспрабаваў утоіць здарэнне, хаця тады ніхто яшчэ на базе пра гэта не ведаў, таксама гаварыў многае. Ці не той гэта выпадак, калі чалавек нечакана, у выніку непрадбачаных абставін, трапляе ў бяду? І Корзун рашыўся.
— Восіп Антонавіч, — падаўся ён да шафёра. — Не хачу вас абнадзейваць. Скажу толькі, што ад нашай з вамі размовы залежыць многае. Зразумейце, у суд і так можна перадаваць справу. Але не наша мэта засудзіць вас. Так што зараз у нас з вамі адзін клопат: як мага дакладней аднавіць падзеі таго вечара. Пастарайцеся ўспомніць усё, нават тое, што вам уяўляецца неістотным, не вартым увагі. Слова, сказанае Рамейкам, жэст, рух…
Кучаронкавы вочы як ажылі, у іх з'явілася нешта падобнае на цікавасць да субяседніка. Праз імгненне яны зноў пацямнелі. Аднак гэта была ўжо не абыякавасць, а засяроджанасць. Калі ён загаварыў, Корзуну здалося, нібы перад ім не шафёр, які наехаў на журналіста, а нехта старонні, які выпадкова аказаўся на месцы здарэння і цяпер, не спяшаючыся, успамінае.
— Ён прыхінуўся да плота, — Кучаронак знайшоў над інспектаравай галавой нейкую кропку і неадрыўна глядзеў на яе. Усё-такі ён адчуваў сябе ў гэтай гісторыі зусім не староннім назіральнікам. — Я сказаў, што трэба ў бальніцу, такі парадак. Ён адмахнуўся, сказаў: «Ёсць справы важнейшыя. А ты, шэф, каці адсюль, а то бяды нажывеш. А я цэлы, нішто. Пратру акуляры і буду ў норме». Ён, — Кучаронак не мог назваць журналіста па прозвішчу, — дастаў з кішэні насавічок і зноў загаварыў. Як цяпер думаю, напэўна, быў ён не ў сабе, бо пераскокваў з аднаго на другое…
— Запомнілі?
Кучаронак доўга думаў. Паспрабуй успомні праз некалькі дзён словы, на якія і тады не вельмі звяртаў увагу.
— Вось… Здаецца… «Шкельца, каб яго, трэснула, нічога, адным вокам усё ўбачу», «каці, шэф, адсюль, каці», «прыйдзе, не прыйдзе»… А потым я паехаў…