163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Прачытаўшы дакладную ўчастковага, першыя пратаколы расследавання, Корзун адчуў незадаволенасць. Справа выглядала надта цёмнай, без ніякай зачэпкі. Або ўсе сляды знішчыла сама Сяркова, праявіўшы непатрэбную актыўнасць, або злодзей наогул не пакінуў пасля сябе нічога вартага ўвагі. Была мільгнула ў Корзуна яшчэ адна думка: а ці кралі на самай справе грошы? Але ён адкінуў сумненне. Не верыць Сярковай падставы не было. Корзун пагаварыў з тым-сім, наслухаўся процьму здагадак і меркаванняў — вёска не супакойвалася, хвалявалася — і падумаў, што ў такіх абставінах нічога не даб'ецца. А падумаўшы так, павярнуўся, не дайшоўшы крыху да Буевічаў, і пакрочыў назад у сельсавет.

Старшыня сельсавета пагадзіўся з лейтэнантавай прапановай.

Сход правялі ў той жа вечар. Людзей сабралася шмат. Корзун сядзеў побач са старшынёй сельсавета і ўвесь час лавіў на сабе цікаўныя позіркі. Людзі ўжо ведалі, што ён і ёсць менавіта той следчы, якому ў раёне даручылі разабрацца ў гэтым здарэнні з выручкай, і, напэўна, чакалі, што ён вось зараз устане і назаве вінаватага. Корзун, мажліва, расчараваў іх. Ён сказаў, што міліцыя нікога не падазрае, што Сяркова самавольнічала, і папрасіў прабачэння ў Грамакоўскай за тое, што Савачкін не змог у той дзень за яе заступіцца.

А далей, з гэтага выпадку, павёў гаворку пра сацыялістычную законнасць. І хоць сход увогуле ўдаўся — і яму, і старшыні сельсавета задавалі шмат пытанняў, Корзун бачыў, што не ўсе задаволены. Тым не меней, калі назаўтра ён узяўся за расследаванне, то адразу адчуў, што вёска стала спакайнейшая.

На сходзе Корзун не бачыў Грамакоўскай. Не прыйшла, бо ці саромелася, ці пакрыўдзілася. Таму ён не выклікаў яе ў сельсавет, дзе збіраўся размаўляць са сведкамі, а з раніцы сам накіраваўся да яе дадому.

У Кліне Грамакоўская была чужой, прыезджай і кватаравала ў бяздзетнай калгаснай даяркі. Свой візіт Корзун падгадаў так, каб гаспадыні не было дома — раніцай даярка заўсёды на ферме. Вядома, тое, што ён заходзіў да Грамакоўскай, у вёсцы хутка будуць ведаць усе. Аднак яму было важна, каб сама Грамакоўская не бянтэжылася ад чужога позірку, гаварыла з ім смела і адкрыта. Як бы там ні было, яна пакуль што заставалася сведкай.

Ён уяўляў, што размова будзе цяжкай, Грамакоўская не хутка забудзе на крыўду. І не памыліўся. Калі ён увайшоў, дзяўчына моўчкі паглядзела на яго і адвярнулася.

Корзун разумеў яе і, нібы нічога незвычайнага ў гэтым халодным прыёме не заўважыў, спытаў:

— Можа, дазволіце зайсці?

— А хіба вы ў сенцах? — пазіраючы ўбок, адказала дзяўчына.

Толькі тады Корзун убачыў у яе руцэ шарыкавы аловак, а на стале напалову спісаны лісток паперы.

— Скаргу пішаце? — вешаючы на цвік шынель, спытаў ён.

— На каго? У мяне ж папрасілі прабачэння, і я даравала…

Дзяўчына хацела, відаць, адказаць з іроніяй, але голас сарваўся і прагучаў жаласна, бездапаможна. Яна паспешліва павярнулася да Корзуна, і ён, прывыклы імгненна схопліваць усе дэталі, адразу адзначыў і яе пабялелы твар, і пачырванелыя, заплаканыя вочы, і павіслыя на лбе завіткі цёмных валасоў.

Корзун не давяраў інтуіцыі, лічыў, што верыць трэба толькі фактам. Аднак, бачачы разгубленасць дзяўчыны, падумаў, што яна наўрад ці мае якое-небудзь дачыненне да прапажы грошай. Ён яшчэ не ведаў, што прымусіла яго так падумаць: ці яе варожасць, ці, можа, просценькая — нічога лішняга — мэбля ў пакоі, якая сведчыла пра добры густ жыхаркі. Але гэта перакананасць дапамагла яму хутчэй асвоіцца ў напружанай атмасферы, якая гняла і яго, і гэтую дзяўчыну.

— Не буду больш ні прасіць прабачэння, ні ўгаворваць, — наўмысна суха прамовіў Корзун, — гэтым справе не паможаш.

Грамакоўская прамаўчала, толькі часта-часта заміргала, нібы стрымліваючы слёзы. Потым таропка кіўнула галавой.

— Разумею, зараз будзе допыт.

Ён ледзь не засмяяўся, такімі наіўнымі здаліся яе словы. Каб не паказаць гэтую раптоўную весялосць, сур'ёзна растлумачыў:

— Хто ж гэта па хатах допыты робіць? У дзяўчыны зноў задрыжалі вейкі.

Каб даць ёй час супакоіцца, Корзун сказаў:

— Пара нам пазнаёміцца. Мяне завуць Аляксандр Антонавіч, прозвішча Корзун. А вас?

— Ліда. Ліда Грамакоўская…

— Дык вось, Ліда Грамакоўская, мы разам з вамі павінны паспрабаваць высветліць, куды падзеліся грошы з магазіна. І тады вам можна будзе не пісаць заявы аб звальненні з працы, — паказаў ён на паперку, якая ляжала перад дзяўчынай. — Вы ж заяву пішаце, ці не так?

Ліда пачырванела і перавярнула паперу спісаным бокам уніз. Потым нервова выкрыкнула:

— А я тут пры чым! Не брала я тых грошай, не брала…

— Таму і прашу вас толькі аб дапамозе, — мякка перабіў яе Корзун. — Пра тое, аб чым я спытаю ў вас, буду пытаць і ў іншых пакупнікоў.

— Сяркова не хлусіць, я была ў магазіне адна.

— Дык што? — Ён надаў пытанню адценне здзіўлення. — Гэта ні пра што не гаворыць.

— Добра, — у Ліды стомлена апусціліся плечы, — пытайцеся, калі змагу, пастараюся адказаць.

— Дзякуй, — проста сказаў лейтэнант. — Вы часта бываеце ў магазіне?

— Не надта. Звычайна, калі мне што трэба, гаспадыня купляе сабе і мне. А тады яна на ферме затрымалася, ацёлы ідуць, таму да снедання і не паспела. Я прасіла яе клубнічнага джэму купіць. Люблю чай з белым хлебам і джэмам піць. — Ліда ўсміхнулася, паказала на падаконнік, дзе сярод пустых слоікаў з-пад джэму стаяў адзін напалову пусты: — Цяпер на гэты джэм глядзець не магу.

— Та-ак, — спачувальна працягнуў Корзун, — шкада, сапсуецца. — І без усякага пераходу спытаў: — Чаго яна выйшла?

— Сяркова? — здагадалася дзяўчына. — Ды па джэм. У нас тут шмат у каго свая клубніка ў агародах, на зіму сабе робяць цёртую. Попыту ў магазіне няма, таму і не трымаюць на паліцах.

— А дзе вы стаялі? — Лейтэнант спытаў і сумеўся, словы прагучалі, як на допыце.

Аднак Ліда не заўважыла гэтага, спакойна адказала:

— Як дзе? У прадуктовым аддзеле.

— Вы з прадаўшчыцай ладзілі дагэтуль?

— Не ведаю, што і сказаць. Яна ў бібліятэцы кніг не бярэ, а я ў магазін рэдка хаджу. Так, павітаемся, калі сустрэнемся, і ўсё.

— Вельмі на яе пакрыўдзіліся?

— На Савачкіна больш. А яе зразумець можна, грошы немалыя.

— Але Савачкін тут ні пры чым. Вас абшуквала яна.

— Выйдзе так, быццам я паквітацца хачу.

— Чаму, патрэбна толькі ісціна.

— Дзе тут ісціна, — стараючыся не паказаць горыч, пасміхнулася дзяўчына, — калі я нават не вельмі помню, што было. Як у тумане. Сяркова нешта патрабавала, а я не разумела. Пакуль маю сумачку не ператрэсла. Так крыўдна стала, што я сама ледзь не закрычала. Стрымалася. Напэўна, таму, што побач яе жаніх стаяў і ўсё казаў: «Маруся, не свавольнічай». А яна сваё: і па кішэнях, і…— дзяўчына сумелася, саромеючыся расказаць далей.

— А што, і жаніх там быў? — здзівіўся Корзун. Савачкін пра жаніха не ўспамінаў.

— Так, Валюжэніч. Ён пазней прыйшоў, як даведаўся. Які сорам! Не, я ўсё роўна паеду адсюль…

Корзун паклаў руку на паперу.

— Не спяшайцеся, Ліда Грамакоўская. Паедзеце зараз — знойдуцца людзі, якія скажуць, што, маўляў, каб была невінаватая, не збегла б.

Грамакоўская слухала, апусціўшы галаву. Яна быццам замкнулася ў сабе, і, як ні стараўся лейтэнант, размова далей ужо не клеілася. Яму нічога не засталося, як развітацца. І хоць справа не скранулася з месца ні кропелькі, ён быў задаволены. Грамакоўская аказалася добрай і шчырай дзяўчынай.