163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 40

— Дзяўчыну я трэці раз у жыцці бачу. А кампанія?.. Дык яна мне нават болей падыходзіць, чым вам. Вам жа гадоў на дваццаць болей, чым любому з нас.

— Калі лічыць Міхася Карпавіча, на пятнаццаць…

— Сябруеце ж…

— Не без таго, — Кунцэвіч развёў рукі, маўляў, у каго не бывае дзівацтваў.— Маладзею з ім. За гэта і люблю.

— Дзіўная дружба, — паддзеў Корзун.

— Што так? — выпнуў падбародак Кунцэвіч. Тое, што Корзун хацеў даведацца яшчэ нешта пра Абабурку, вядома, не давала яму права ўспамінаць, мажліва, непрыемныя для Кунцэвіча моманты. Ён гэта разумеў, але размова была як паміж знаёмымі, з нейкай агульнай таямніцай, так што можна было не выбіраць выразаў.

— Вы да яго «Карпавіч», а ён…

— Ну, гэта глупства, — усміхнуўся зноў Кунцэвіч, хаця вочы яго нібы наліліся холадам. — Галоўны заатэхнік, начальства. Прывык да пачцівасці. А мне што, цяжка? Мае чыны невысокія, як пачынаў Федзем, так Федзем і скончу, хіба пракурор у пратаколе Сяргеевіч дапіша… Абы дружба была.

Кунцэвіч прамовіў гэта раўнадушна, нібы пытанне было не вартае сур'ёзнай увагі. І сапраўды, у дружбе не гэта важна, былі б вернасць, шчырасць. Корзун не меў падстаў думаць, што ў адносінах Кунцэвіча і Абабуркі няма шчырасці. Проста нарыхтоўшчык ставіўся да маладзейшага таварыша паблажліва, дараваў фамільярнасць, можа, недзе ў глыбіні душы ганарыўся дружбай з чалавекам больш высокай пасады, адукаваным, непрывычным. Мог жа Абабурка выклікаць у Кунцэвіча захапленне шырокімі жэстамі, непадобнасцю на ягоных калег, людзей, з якімі ён пастаянна сутыкаўся як нарыхтоўшчык…

— Сумняваецеся? — паўза зацягнулася, і ў Кунцэвічавым голасе пракінулася насмешка.

— Мне ён здаваўся больш тонкім, чулым. — Корзун так не думаў, Абабурка яму не спадабаўся з першай сустрэчы, але Кунцэвічу зараз зусім не абавязкова было гэта ведаць — ён міжволі мог дадаць да Корзунавага ўяўлення аб заатэхніку які-небудзь новы штрых.

— Са мной ён адкрыты: які ёсць, такі ёсць.

Гэта можна было разумець так, што перад іншымі Абабурка іграе прыдуманую ролю. Вядома, такія людзі таксама ёсць. Але навошта Кунцэвічу раскрываць яго, гэта не па-сяброўску. Не зусім абыякавы да Абабуркавай зняважлівасці? То што вымушае цярпець яе? Цікавы, шчодры сабутэльнік ці… хаўруснік?! Свіней жа Абабурка мусіў неяк збываць, і Рамейка цікавіўся на камбінаце, ці не здаюць туды закупленую жывёлу нарыхтоўшчыкі. Кунцэвіч з гэтай дзіўнай дружбы меў навар, вось і зносіў крыўду. Корзун адчуў горыч. Не таму, што Кунцэвіч мог таксама аказацца жулікам, хаця лепш бы ім не быў, хопіць аднаго Абабуркі.

Крыўдна было, што ў яго такая прафесія — як што паварушыш, няйначай, брыдоту выцягнеш.

Вярнуўся Пратасеня. Зірнуў на спахмурнелага Корзуна, паківаў галавой і нечакана спытаў:

— Фёдар Сяргеевіч, заатэхнік зялёнагорскага калгаса, як яго… Абабурка. Калі бывае ў Лясным, у вас спыняецца?

Кунцэвіч, які ўжо ішоў да дзвярэй, затрымаўся, павёў поглядам на здзіўленага Корзуна, павярнуўся да пракурора:

— А што?

— Кучаронак сцвярджае, што карэспандэнт меўся з кімсьці сустрэцца, — Пратасеня не тлумачыў, хто такі Кучаронак, аб ім у Лясным усе ведалі зараз, не таіў ён і ягоных паказанняў — той, перш чым пайсці ў пракуратуру, усё расказаў на аўтабазе, і сёе-тое магло стаць вядомым Кунцэвічу. Хай пытанне выглядае як давер. — Заатэхнік ехаў сюды разам з карэспандэнтам, то, можа, чуў што ад яго?

— У мяне, — каротка і недаўменна адказаў Кунцэвіч, паглядаючы то на Корзуна, то на пракурора.

— Вам ён нічога не казаў?

— Не, мы гэта здарэнне неяк не паспелі абмеркаваць.

Кунцэвіч быццам не прыдаў значэння пытанню. Але Корзуну здалося, што ён нібы падабраўся, напяўся.

— І ў той вечар, як загінуў журналіст, ён у вас начаваў?

— Як вам сказаць, — Кунцэвіч задумаўся.

— Як было, так і скажыце, — Пратасеня склаў папкі, засунуў іх у шуфлядку, падкрэсліваючы, што істотнага значэння пытанню не надае.

— Вярнуўся пазнавата, можа, пад раніцу — я на гадзіннік не глядзеў,— кінуў позірк на Корзуна, — справа маладая…

— У Абабуркі тут нявеста, — Корзун забаяўся, што нарыхтоўшчык здагадаецца пра іх другую цікавасць да заатэхніка, і паспяшаўся прыпыніць размову.

— Тады канешне, — згадзіўся Пратасеня. — Дзякую, таварыш Кунцэвіч, спадзяюся, да канца следства больш вас не патурбуем.

— Цяпер бачыш, — сказаў Пратасеня Корзуну, калі нарыхтоўшчык пайшоў,— твой Абабурка ніякага дачынення да справы не мае.

— Можа, наадварот? — захваляваўся Корзун. — Нявесту я наўмысля прыплёў. Не начаваў ён у гэтай дзяўчыны. Не такая яна. З Рамейкам быў Абабурка, з ім!

— Не ведаеш ты жанчын, інспектар, — паляпаў яго па плячы Пратасеня. — Ну-ну, не бычся. Высвятляй, калі хочаш, ці ёсць у Абабуркі алібі. Баюся толькі, на чужы ложак натрапіш.

Як у ваду глядзеў пракурор, хаця пра ложак і загнуў…

XII

Следчы выказаў Абабурку даволі сур'ёзныя абвінавачанні. Прыпіскі, нядбайнасць, якая прывяла да паморку жывёлы, наўмысля заблытаны ўлік. Пра Вадвянскую ферму ён пакуль не ўспомніў. Так прапанаваў Корзун, каб дачасна не насцеражыць заатэхніка. Хай думае, што гібель карэспандэнта з ім ніяк не звязваюць. Толькі папрасіў адзін з першых допытаў даручыць яму. Корзуну вельмі не хацелася б яшчэ раз сустракацца, размаўляць з Абабуркам. Гэты прайдзісвет ніколі не быў яму прыемны. Тым болей зараз, калі выявіліся яго злачынствы. Аднак падазрэнне ў забойстве — толькі падазрэнне, яго трэба або пацвярджаць, або знімаць, і Корзун мусіў перасіліць сябе. Да таго ж ва ўласнай версіі ён мог разабрацца лепш за іншых.

Арышт падзейнічаў на Абабурку. Але не так, як Корзун уяўляў сабе гэта, рыхтуючыся да сустрэчы з ім. Галоўны заатэхнік «Зялёнага Бору» выглядаў больш заклапочаным, чым разгубленым. Корзун ведаў, што на першым допыце Абабурка трымаўся агрэсіўна — не пагаджаўся, спрачаўся, даводзіў сваю асабістую невінаватасць. Следчы не ўтойваў, што яго чакае. Адных прыпісак хапала, каб не хутка вярнуцца дадому. Абабурку гэта, аднак, падобна, не палохала. Нават цяпер, калі ўжо мінула некалькі дзён, за якія можна было абдумаць сваё становішча. Ва ўсякім выпадку, Абабурка трымаўся так, нібы ўсё яшчэ быў галоўным заатэхнікам вядомага калгаса, верыў у свае магчымасці, сілу.

Корзун засмуціўся. Ведаючы ўсё ці многае з таго, што натварыў Абабурка, ён у глыбіні душы чакаў ад яго іншага. Не мог, думалася, нармальны чалавек, у якога крута і далёка не лепшым чынам ламаецца жыццё, не азірнуцца, не ўзважыць сваё мінулае. Інакш кажучы, не магло ў ім не абудзіцца сумленне — хаця б у чым-небудзь пракінуцца. У Абабуркі яно, відаць, як і раней, спала. Адзінай рэакцыяй Абабуркі, калі ён увайшоў, было здзіўленне, што ў крэсле следчага сядзіць Корзун.

— Чым гэта я зацікавіў крымінальны вышук? — спытаў ён, бадзёрачыся, нібы іх сустрэча адбывалася дзе-небудзь на вуліцы пасля нядаўняга і цёплага расстання.

— Хіба ў вашых дзеяннях няма нічога крымінальнага? — Корзуну раптам стала цікава: паядынак абяцаў быць напружаным.

— Ого, «вы»!.. Значыць, масты спалены, і мне дарогі назад няма?

— Вы не адказалі на пытанне.

— Як вам сказаць… э-э… Напэўна, я павінен гаварыць «грамадзянін інспектар»? — Абабурка яўна цягнуў час, стараючыся выбраць правільную лінію ў паводзінах, з'яўленне Корзуна азадачыла яго.

— Увогуле так. Але можна і «Аляксандр Антонавіч». Спаленыя масты заўсёды наводзяць на сумны роздум.

— Следчы лічыць…

— Міхаіл Карпавіч, — Корзун усё яшчэ не губляў надзеі, што тое добрае, якое павінна быць у кожным чалавеку, возьме верх над тым злачынным, якое чамусьці з'явілася ў Абабурку. — У такіх абставінах для вас і для нас таксама зусім не ўсё роўна, што думаеце вы.

— Чыстасардэчнае прызнанне. Так, Алесь Антонавіч? — іранічна ўсміхнуўся Абабурка. — Але ў чым? Былі прыпіскі? Былі, не адмаўляю. І ўлік заблытаны быў. Але ці мы хавалі ўсё гэта? Рэвізоры вунь з першага заходу заўважылі. Гэта адно. А другое — ці для сябе мы стараліся?

Ён выбраў-такі лінію. Маўляў, не я, а мы, і ніякае мае асабістае зацікаўленасці тут няма — усё, што рабіў, было на карысць раёну, бо і прадукцыі давалі нямала, і для іншых служылі маяком. І яшчэ ў словах, паводзінах Абабуркі было спадзяванне, што тыя, каму ад яго перападалі цукеркі, кветкі і парсюкі, нарэшце, у крыўду не дадуць. Корзун падумаў, што ўсё-такі правільна не нагадалі пакуль Абабурку пра свінаферму на хутары. Нават калі ён і не забіваў Рамейку, то не пашкодзіць выкрыць яго як звычайнага ашуканца. Паказаць яму ўсю тую шкоду — і матэрыяльную, бо калгас мог даваць значна болей мяса, і маральную, бо махінацыі, якія знаходзяць падтрымку, разбэшчваюць няўстойлівых, выклікаюць расчараванне ў сумленных працаўнікоў,— што нанёс ён сваімі нібыта клопатамі пра калгас. Аднак быў і чыста следчы момант, які раіў не спяшацца раскрываць усе карты, якімі Корзун валодаў. Свінаферма на хутары, мажліва, вяла непасрэдна да Рамейкі, і тады Абабурка будзе асабліва пільны да ўсіх пытанняў, якія так ці інакш звязаны з карэспандэнтам.

— Ну, вы таксама без прыварку не заставаліся, — Корзун у тон яму іранічна пасміхнуўся. — Я не кажу аб прэміях. А пашана! Помніце, вы, думаючы, што я газетчык, запрашалі мяне прыехаць, каб паказаць ваш вопыт? Так?

— Пра нас і без вас пісалі,— Абабурка абурыўся, і Корзун не мог уцяміць, шчырае абурэнне ці найгранае. — Той, хто пісаў, не дурны быў, нешта разумеў! — Не, абурэнне было шчырае, Абабурка з усяе сілы чапляўся за свае довады.

— І Рамейка, скажаце, таксама станоўчае ўбачыў? — Момант, каб памяняць напрамак допыту, здаўся Корзуну ўдалым. Ён узняў вочы, каб праверыць, як Абабурка ўспрымае гэта даволі хітрае пытанне.

— Ён з вашай пароды, — нахмурыўся падследны. — Прычапіўся не горш за рэвізора.