163519.fb2
— Ёсць!..
— Ну-ну, — працягнуў сваё любімае Юркавец, паставіў на месца стул і накіраваўся да дзвярэй.
А Корзун падумаў, што ён усё роўна пойдзе па жураўля…
Збіраючыся ў дарогу, Корзун ніколі не спяшаўся. Калі яго падганялі, жартаваў:
— Аўтобус для мяне ці я для яго? Пачакае!
І сёння, зірнуўшы на гадзіннік, вырашыў, што мае некалькі лішніх хвілін, каб зрабіць яшчэ адну важную справу — наведаць Марыю Апылінскую. Крыўда на яе хутка прайшла. Зрэшты, і падстаў не было для крыўды. Хто ён дзяўчыне? Выпадковы знаёмы. Больш ні разу не прыехаў у Даманы, не адшукаў тады ў тэатры. Дык якія могуць быць прэтэнзіі? А вось цяпер не зайсці ён проста не мае права. Бо менавіта цяпер, мажліва, ёй сапраўды патрэбна падтрымка.
У інтэрнаце было ціха, пуста. Завочнікі, відаць, параз'ехаліся, а пастаянныя жыхары яшчэ не вярнуліся з канікулаў.
Вахцёрка доўга вадзіла пальцам па спісе, шукаючы Марыіна прозвішча. Па вузкай стаптанай лесвіцы Корзун падняўся на трэці паверх, прайшоў у канец калідора, разглядаючы на аднолькавых карычневых дзвярах белыя бляшанкі з сінімі нумарамі. Перад Марыіным пакоем спыніўся, пастукаў. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ раз, мацней, потым прыхінуўся да сцяны, раздумваючы, што рабіць.
— Летуценні хоць салодкія? Корзун падняў галаву, усміхнуўся:
— Паспіш тут, не інтэрнат — а прахадны двор.
— А ўжо ж, раз'язджаемся, — Марыя апусціла на падлогу свае дзве паўнюткія гаспадарчыя сумкі.
Яна смяялася, а Корзун раптам з сумам падумаў, як правільна падмечана: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Ці не Абабуркавы ўрокі так змянілі дзяўчыну? Вясёлая, пасмялелая, нават бойкая на выгляд. Шчокі густа і не надта ўмела прыпудраны, напэўна, каб схаваць свой, натуральны румянец; вакол вачэй сінія фарбаваныя кругі. Некалі Святлана Якушава тлумачыла яму, што гэтак модна. А ён і да гэтага часу не разумеў, чаму часта дзяўчаты не берагуць тое сваё, чым іх так шчодра адарыла прырода, — натуральную прыгажосць, індывідуальнасць? Сукенку ці боты, як у сяброўкі, не надзене, а прычоску, плямы на твары — калі ласка. І не падумае, што менавіта ў гэтым яны бываюць падобныя адна на адну, як інкубатарскія кураняты.
Напэўна, ён надта прыдзірліва разглядаў яе, бо Марыя сумелася. Аднак адразу авалодала сабой.
— Вы да мяне, Саша?
— Да вас…
— Усё, — загаварыла яна, адчыняючы дзверы.
— З дыпломам? Віншую!
— Дзякую. У нас учора выпускны быў. От адсвяткавалі — жах!
— Чаму жах? — усміхнуўся Корзун. — Напэўна, наадварот.
— Не чапляйцеся да слова, — яна пасунула яму крэсла, вярнулася да дзвярэй, выглянула ў калідор. Потым не вытрымала, спытала. — Вашага сябра часам тут няма?
— Якога? — Корзун спачатку не зразумеў, пра каго яе думкі.
— Ну, майго калегі, калі хочаце, — Марыя сказала гэта з выклікам: ёй, бясспрэчна, было прыемна адчуваць сябе заатэхнікам з вышэйшай адукацыяй. — Міхаіла Карпавіча.
— А-а, — Корзун ужо і сам здагадаўся, хто дзяўчыне патрэбны, але ж не казаць ёй, дзе ён зараз.
— Абяцаў на вечары быць, грошы за яго ўнесла. А ён не прыйшоў. Як вам гэта падабаецца?
Корзун уздыхнуў: не ведаў, што больш — падабаецца яму гэта або не. Зірнуў на Марыю, хаваючы спачуванне. Была пудра, была фарба, але была і бездапаможная, праставатая дзяўчына, у якой так хутка закружылася галава. Аднак ён не папракаць яе прыйшоў сюды. Мяняючы тэму, спытаў:
— Аўтобус хутка?
— Зараз, — яна пакорпалася ў сумачцы, шукаючы білет. — Дзе ж ен? Ага, вось… Яшчэ з гадзіну маю.
— Шкада, што не ў адным кірунку едзем. А то і ў Даманах памог бы.
— Там будуць чакаць, — Марыя з сумненнем паглядзела на пузатыя сумкі, што красаваліся побач са сталом. — Падарункаў дзяўчатам набрала. Як яны там без мяне?
Марыя сказала гэта задуменна, і Корзуну раптам убачылася тая самая загадчыца фермы — простая, заклапочаная, працавітая. А на сэрцы палягчэла. Падумалася, што, урэшце, памадай карыстацца яна навучыцца, справа, відаць, не ў гэтым. Бо ў галоўным — у адносінах да працы — Марыя засталася ранейшай. Ён разумеў, што разважае, бадай, занадта прамалінейна, але ці так ужо гэта важна? Павесялелы, падхапіў важкія сумкі:
— Крануліся?
Па дарозе дзяўчына толькі адзін раз успомніла пра Абабурку. Калі Корзун спытаў, ці застанецца яна цяпер, атрымаўшы дыплом, на сваёй ферме.
— Старшыня прапаноўваў пайсці заатэхнікам-селекцыянерам, — адказала Марыя. — Пасада важная, жывёла ў калгасе ледзь не напалову беспародная. А Міхаіл Карпавіч не раіць.
— Чаму так?
— Яго зразумееш? Баламут! — Апошняе слова дзяўчына прамовіла сярдзіта.
— Проста жартаўнік, — Корзуну падумалася, што яна не можа дараваць Абабурку, які не прыйшоў на выпускны вечар.
— Гэта праўда, — нечакана спакойна пагадзілася дзяўчына. — Выдумшчык. Каб не Фёдар Сяргеевіч, ён бы немаведама што выкінуў бы. Дзіўны ён нейкі.
— Хто?
— Ды гэты дзядзька. Сядзіць, маўчыць, а часам як зыркне на Міхаіла, той і аціхне.
— Стары…
— Усё роўна непрыемны. Ён і пра вас сказаў Міхаілу: што гэта опер да нас прычапіўся? — Марыя страсянула галавой. — Ды ну яго. Не цяжка?
Сумкі былі напакаваны, як для сябе. Але Корзуну яны падаліся пушынкамі. Ён пазнаваў дзяўчыну і не пазнаваў. Аказваецца, яна ўмела назіраць, ацэньваць людзей, і Абабурка ёй не затлуміў галавы…
Яны прыйшлі на станцыю. Корзунаў аўтобус адпраўляўся раней, і цяпер Алесь шкадаваў, навошта загадзя набываў білет. Ён паставіў сумкі ля пасадачнай пляцоўкі, адкуль адыходзіў даманаўскі аўтобус, і ў гэты момант дыспетчар праз радыёдынамік аб'явіла:
«Грамадзяне пасажыры, на пятай платформе пачынаецца пасадка на Лясное».
— От, нягоднік, — пагразіў Корзун пальцам рэпрадуктару, што вісеў на слупе над іх галовамі,— і пагаварыць не дае. Адна надзея, што вы паступіце ў аспірантуру.
— Чаму? — здзівілася Марыя.
— Прыедзеце на сесію, і мы зноў сустрэнемся… Ля тэатра…
— А я культпаход арганізую! — засмяялася дзяўчына. — Усёй фермай прыедзем.
— То я не буду знаць калі,— Корзун сказаў гэта сур'ёзна.