163519.fb2 Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Левы рэйс - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Марыя на імгненне задумалася, потым хітра бліснула вачамі:

— Мы з сабой участковага Савачкіна возьмем. Спадзяюся, вы захочаце з ім пабачыцца?..

XIV

За тыя тры гадзіны, пакуль Корзун ехаў у аўтобусе, дзень паяснеў, пасвятлеў. І хаця сонца яшчэ грэла слаба — белы снег па-ранейшаму іскрыўся на цёмнай шашы, — бледна-блакітнае з залацінкай неба ўжо радасна абяцала, што вясна недзе блізка, на падыходзе.

Вуліцы Ляснога адразу ажылі — пабольшала людзей, запаволіўся іх крок. Вірлівы натоўп заўсёды вабіў Корзуна. Напэўна, таму, што сярод людзей, нават занятых нечым сваім, ён не адчуваў так востра сваёй адзіноты. Пазіраючы на вясёлыя, узбуджаныя твары прахожых, на хвіліну-другую забываў уласныя нягоды. Яму і зараз захацелася прайсціся, не спяшаючыся, па гэтым раптам пацяснелым шырокім тратуары, пастаяць дзе-небудзь на рагу, ловячы дзявочы смех, кароценькія рэплікі, выпадковыя словы, і зусім не думаць пра нагоду, якая трэці раз за апошнія дні прыводзіць яго сюды. Але не выпадала: чакаў, папярэджаны тэлефонным званком, пракурор Пратасеня.

Шчыра кажучы, Корзун не хацеў бы звяртацца да Пратасені па дапамогу. Што б там ні было, а ў колішнім пракуроравым жарце мелася доля ісціны. Усё, што ён, Корзун, хацеў даказаць, абарочвалася супраць Пратасені. Бо менавіта Пратасеня ў першую чаргу абавязаны быў высветліць усе абставіны, пры якіх загінуў журналіст, і тады немінуча выйшаў бы на Абабурку — не забойцу, дык раскрадальніка. Гэта за Пратасеню зрабіў, прытым насуперак яго думцы, Корзун. Па шчырасці, Пратасеня не павінен быць на яго ў вялікай крыўдзе. Як сумленны чалавек, ён найперш сабе не даруе прамашкі. Ён не выбіраў лягчэйшага шляху, расследваючы здарэнне. Відаць, проста сам не заўважыў, як павёў справу напаўсілы, і ўхапіўся за тое, што само прыплыло на следчы стол. Шмат гадоў пражыўшы ў Лясным, ён не хоча, не можа паверыць у наўмыснае забойства, бо ведае і раён і людзей. А можа, гэта гады вінаватыя — хватка аслабла. Праўда, яшчэ невядома, ці не спяшаецца ён, Корзун, спраўляць перамогу, толькі будучыня пакажа, хто з іх са шчытом, а хто на шчыце.

У пракурораў кабінет Корзун зайшоў, хаваючы насцярожанасць. Жадаў шчырасці, узаемнасці і баяўся непрыязнасці.

Пратасеня быў невясёлы. Корзуна сустрэў, стоячы пасярод пакоя. Напэўна, чакаючы, не адзін раз памераў, колькі крокаў ад дзвярэй да процілеглай сценкі. Павітаўся стрымана.

— Заходзь, заходзь, — пачакаў, пакуль Корзун распранецца, і павёў яго да мяккага глыбокага крэсла з падлакотнікамі, сеў сам насупраць. — Размова ў нас не кароткая. — Гаварыў ён такім тонам, што Корзун не разумеў, ці то будзе ў іх нарада, ці вывалачка яму аднаму за настырнасць. Бо гэта праз яго, Корзуна, у справе, якая, здавалася, завяршаецца, раптам узнік лішні Абабурка і цяпер можа пабурыць так моцна закляпаную канструкцыю.

На ўсякі выпадак, шкадуючы сімпатычнага яму чалавека, Корзун сказаў, чырванеючы, аднак:

— Даруйце, Аркадзь Міхайлавіч…

— Ты пра што? — ускінуў галаву Пратасеня. — Не крыві душой, так мне старому дурню і трэба, заслужыў!

У Корзуна адлягло на сэрцы.

— Вучыся хаваць пачуцці,— усміхнуўся пракурор, — спатрэбіцца. — Зноў усміхнуўся: — Добра, што хоць такую параду магу даць…

— То я ж не на допыце, Аркадзь Міхайлавіч, — Корзуну не спадабалася парада. Успомнілася свая універсітэцкая практыка. Тады папаў ён у райаддзел, у якім усе супрацоўнікі — ад начальніка да юнага інспектара — хадзілі строгія, з застылымі тварамі і халоднымі цяжкімі позіркамі. Корзуну здавалася, што нават і на яго, практыканта, паглядалі як на патэнцыяльнага крымінальніка. Напэўна, на ўсё жыццё далася ў знакі яму першая практыка, пасля якой ледзь не расчараваўся ў выбранай прафесіі. Таму зараз, успомніўшы тую практыку, загарачыўся і дадаў: — Але і на допыт неабавязкова надзяваць маску.

— Гэта у вас, маладых, цяпер псіхалогія, абыходлівасць, душэўныя кантакты з падследным, — Пратасеня быў сцішаны, сумны. — А ў наш час мы ведалі адно: не ў лялькі гуляем. — Ён памаўчаў, паўздыхаў, пакруціўся ў крэсле, нібы хацеў яшчэ глыбей уціснуцца. — Не думай, не лекцыю чытаю і не спавядаюся, просячы адпушчэння грахоў. Проста засмуціў ты мяне, прымусіў адчуць старасць. Вось і бурчу, як дзед. — Ён пацёр пальцамі патыліцу. — Ну, давай вернемся ў сягонняшні дзень. Аднак адразу расставім кропкі над «і». З Абабуркам, прызнаю, прашляпіў. Хаця, як бачыш, твой Абабурка калі і вінаваты ў смерці Рамейкі, то толькі таму, што спазніўся на сустрэчу. Што датычыць непасрэдна гібелі карэспандэнта, то тут я стаю на сваім. Пакуль не давядзеш адваротнае. Прымаеш такую зыходную пазіцыю?

— Ахвотна. Пры ўмове, што і маё і ваша будзем даказваць сумесна.

— Хітрун ты, Аляксандр Антонавіч, хітрун, — падняў Пратасеня рукі.— Загнаў у вугол і пытае, ці хачу выбрацца. Хачу, хачу. Згодзен.

— Я рады, — сказаў Корзун.

— Вось і добра, лічу дыпламатычныя перагаворы скончанымі. Пераходзім да справы. Значыцца, робім тваю версію асноўнай, рабочай. Выкладвай усё, што ведаеш, што надумаў, да самых апошніх драбніц.

Пратасеня ўстаў, перасеў у сваё пракурорскае крэсла, відаць, там адчуваў сябе больш упэўнена, і паклаў перад сабой чысты ліст паперы. Не перабіваючы, уважліва выслухаў. З прыкрасцю прамовіў:

— Улавіў маё самае слабое месца і кружыш, як коршун над квактухай з вывадкам. Ну добра, я не даказаў, як Рамейка апынуўся на пераездзе. Але ж і ў цябе адны толькі меркаванні.

— Аркадзь Міхайлавіч, — нагадаў Корзун, — мы не вашу, мы маю версію круцім.

— Помню, помню, не напамінай. Гэта я каб пераезд пакуль адкінуць. Перад тваім прыездам я перачытаў заключэнне медэксперта. Як прадбачыў твае закіды. Мог Рамейка сам дабрацца, гарачка завяла, а там страціў прытомнасць, уткнуўся носам у снег ці ў каўнер, рукаў і задыхнуўся. Гэта адзін магчымы варыянт. Другі — памаглі задыхнуцца. Верагоднасць аднолькавая. Але, калі не ўстановім, хто памог, хочаш не хочаш, прыйдзецца спыніцца на першым, маім. Кучаронка я, здаецца, праверыў па ўсіх пунктах. Тут твая праўда, на чыгунку ён не ездзіў.

— Што ж, гэта абмяжоўвае задачу. Пратасеня кіўнуў.

— Бачыш, твая настойлівасць і ва мне сякія-такія сумненні пасеяла, — падміргнуў ён Корзуну, але, нібы засаромеўшыся гэтай гуллівасці, нахмурыўся. — Твой круг з Абабуркі пачаўся, на ім і замкнуўся. Ён быў самай зацікаўленай асобай, бо яму патрэбны быў час, каб расцягаць вадвянскую ферму. Таму ці не магло быць, напрыклад, так: Абабурка ўсё-такі прыйшоў у дамоўленае месца. Убачыўшы, што карэспандэнт не ў сабе, забраў паперы. Га?

— Хапіла б з яго пісьма… — буркнуў Корзун. Перад допытам заатэхніка ён яшчэ мог пагадзіцца з такім паваротам. Цяпер — не.

— Ну-у, заадно прыхапіў і білеты з камандзіроўкай, — заўважыўшы рэакцыю Корзуна, пагадзіўся Пратасеня. — Але мы дамовіліся на час, умоўна Абабурка ні пры чым. То хто яшчэ? Выпадковы чалавек або прайшоў бы міма, маўляў, п'яны за плот трымаецца — на жаль, і так бывае, — або дапамог бы. Гэты выпадак нарабіў у гарадку шуму. Тое, што ніхто нічога не паведаміў ні ў міліцыю, ні ў пракуратуру, зноў-такі сведчыць надвае: або ніхто не бачыў, або бачыў і не хоча аб'яўляцца. Згодна з нашай умовай, спыняемся на другім…

…Пратасеня гаварыў лагічна, прадумана, нібы расстаўляў фігуры на шахматнай дошцы. Ён не кідаўся ад адной думкі да другой, як гэта апошнімі днямі часта рабіў Корзун. Ён адразу ўхапіў асноўную, адкінуўшы ўсе астатнія. Ці не наведвалі і яго сумненні, нават калі ён упарта адстойваў свае вывады?

— Такім чынам, павінен быць нехта яшчэ, хто таксама хацеў утаіць сляды. Прызнацца, выслухаўшы цябе, прыкінуўшы зробленае мною, я ўсё роўна не магу за што-небудзь зачапіцца. Не бачу, і хоць ты плач.

— Няўжо няма нават малюпасенькіх, вось такусенькіх кончыкаў? — Корзун сціснуў вялікі і ўказальны пальцы.

— Пад мікраскопам ты збіраешся іх разглядаць, ці што? — усміхнуўся Пратасеня.

— Ёсць у мяне знаёмыя электроншчыкі, Аркадзь Міхайлавіч, што хочаш на святло боскае выцягнуць: хоць малекулу, хоць атам, — Корзун жартаваў, а сам з надзеяй глядзеў на пракурора. Надта задумлівы быў той, каб не мець нечага яшчэ, акрамя версіі, якую ён так упарта адстойваў зусім нядаўна.

— Смала…

— Што-што?

— Ну, дзядоўнік, калі табе смала незразумела. Кажу, прычапіўся ты. Нюхам чуеш, ці што?

— Ага, трэніруюся.

— Ды не строй блазна, не паверу, што з цябе весялосць прэ. Ёсць быццам бы дэталька…

— Якая? — нецярпліва выпрастаўся ў крэсле Корзун, адразу пасур'ёзнеўшы.

— Неістотная ўвогуле, на мой погляд, але…

— Не цягніце, Аркадзь Міхайлавіч! Якая?

— А ты сам што думаеш?

— А якой гадзіне вярнуўся Абабурка да Кунцэвічаў — я так і не ўстанавіў. Адзін пропуск у ланцужку. З кім ён у той дзень пасля абеду бачыўся? Пра сустрэчу яны дамовіліся з Рамейкам на мясакамбінаце… Другі пропуск.

— Усё?

— Быццам бы…

— Так-так, — Пратасеня ўважліва глядзеў на Корзуна, — наклёўваюцца тут дзве няпэўныя лініі, якія перасякаюцца ў адной кропцы. Дакладней, могуць перасекчыся. Аднак я табе не дзед-мароз, сам папрацуй. На сябе ж!

— Дык я хоць зараз!

— Зараз пойдзем да мяне вячэраць, Аляксандр Антонавіч, жонка там напякла-насмажыла, пакрыўдзіцца, калі не ацэнім. Гасцініцу табе заказалі. Так што заўтра і праверыш, праўду казаў заатэхнік, называючы час вяртання да Кунцэвічаў, ці хлусіў. Лады?

Даўно Корзуну не даводзілася дзейнічаць вось так усляпую, не ведаючы дальняга прыцэлу. Ініцыятыва ў справе, якую ён хацеў павярнуць па-свойму, нечакана была перахоплена Пратасенем. Праўда, фармальна так яно і павінна быць: пракурор ёсць пракурор, а інспектар крымінальнага вышуку — толькі інспектар, якому належыць шукаць, лавіць, знаходзіць, а не весці расследаванне. Аднак Корзун любіў, каб кожнае слова, рэпліка, паварот у размове з пачатку і да канца былі вынікам яго задумы, яго волі. А Пратасеня не сказаў, што хацеў бы атрымаць ад гэтай размовы. Ці то сам яшчэ блукаў у тумане і не хацеў другога вадзіць за сабой, ці то, дрэнна ведаючы гэтага другога, баяўся, каб не падагнаў ён факты да няпэўнай здагадкі. Як бы там ні было, Корзун мусіў падпарадкавацца, хаця ў душы быў пакрыўджаны. З Юркаўцом яны працавалі як бы на роўных.

Думка, якая прыйшла пракурору ў галаву, непакоіла Корзуна. Ён не забываў на яе і вечарам, пакуль сядзелі ў Пратасені пад апекай яго гасціннай жонкі, і пасля, калі ён прыйшоў у гасцініцу. Было б някепска не толькі здагадацца, а і крыху падыграць пракурору, адплаціць і за псіхалогію, і за душэўныя кантакты. А дзеля гэтага варта паламаць галаву.

Кунцэвічава жонка ўзімку не працавала, яна афармлялася мужавай памочніцай толькі на гарачую пару нарыхтовак — канец лета і восень. Так што ці яе, ці самога гаспадара застаць дома можна было.