163519.fb2
— Не спакушайце. Я свайго начальніка люблю, не хачу яго, маладога, да інфаркту даводзіць.
— Балбатун, — махнуў рукой Пратасеня.
Неўзабаве Корзун сядзеў у аўтобусе. Усе месцы былі занятыя, і па салоне плыў няспешны людскі гоман. Нехта нечага звярнуўся і да яго, Корзуна. Ён нешта адказаў, хаця, каб праз імгненне спыталі — што, наўрад ці ўспомніў бы. Гэта няпраўда, што следчы або інспектар крымінальнага вышуку можа ставіцца да злачынства і злачынца як нейкая раўнадушна-аб'ектыўная машына. Крыміналіст — таксама чалавек. Ён мае звычайнае сэрца, здольнае радавацца, перажываць, балець. Толькі не ў час працы…
За акном стала цёмна. Вадзіцель уключыў верхні пражэктар, і моцны прамень святла нібы прасек у вячэрнім лесе вузкую і бясконцую дарогу. Па ёй, пакідаючы за сабой нерухомыя заснежаныя дрэвы, імчаўся хуткасны міжгародні аўтобус. І гэта імклівасць машыны-экспрэса нібы сінхранізавалася з Корзунавым душэўным непакоем, прыглушала смутак. Ён заплюшчыў вочы, адкінуў на пакатую спінку мяккага крэсла стомленую галаву. Першая горыч апала. Застаўся сум. Аб Рамейку, якога ён, Корзун, ніколі не бачыў жывым і якога, ён гэта ўжо ведаў, будзе доўга ўспамінаць, як жывога…